Палескія рабінзоны
Шрифт:
– Нічога не будзе. Ніякіх адзнак, можа, і зусім нічога няма, – адказаў Віктар і збянтэжана ўсеўся на галіне.
Памаўчалі крыху.
– Вось што! – крыкнуў раптам Віктар. – Гэты бок дрэва тонкі і спарахнелы. Падай мне які-небудзь кол, я ім здолею развярнуць дзірку так, што нават і сам улезу.
Мірон зламаў тонкае дрэўца і падаў Віктару. Засунуў Віктар палку, націснуў – і зараз жа пасыпаліся трэскі і труха. Праз некалькі хвілін замест дзіры была доўгая шчыліна, і нарэшце Віктар мог дастаць гняздо.
– Ёсць
– Што? Што? – захваляваўся Мірон.
Віктар яшчэ папоркаўся, а потым як гаркне на ўсё горла:
– Арэхі! Шмат арэхаў!
Напхаў поўныя кішэні, потым пачаў сыпаць за пазуху, а там усё яшчэ было.
– Сып на зямлю, я ўсё падбяру! – крычаў Мірон.
Пасыпаліся арэхі, буйныя, поўныя, усе як на падбор. Нарэшце запасы скончыліся, і Віктар нават выцягнуў і пусціў па ветру гняздо.
– Навошта ты гняздо разбурыў? – закрычаў Мірон. – Хай бы ў падзяку хоць гнязда не чапаў!
– Усё роўна яна больш не будзе тут жыць, – сказаў Віктар і злез з дрэва.
Калі сабралі ўсе арэхі, то іх набралася кілаграмы са тры.
– За здароўе гэтага мілага стварэння! – сказаў Віктар, лузгаючы арэхі.
Панапхалі сабе арэхаў дзе толькі можна было і весела накіраваліся «дадому».
Праз некалькі крокаў Віктар спыніўся.
– Глянь! – крыкнуў ён. – Нібы грыбы нейкія. Можа, і іх можна скарыстаць? Але, здаецца, яны воўчыя.
Мірон нахіліўся. Ён убачыў бурыя грыбы, – нібы сушаныя грушы, панатыканыя вострымі канцамі ў зямлю. Безліч тонкіх, далікатных зморшчак надавала ім нейкі асаблівы выгляд.
– Гэта смаржы, – сказаў Мірон, калі ўважліва разгледзеў іх.
– А іх можна есці?
– Можна, і нават яны вельмі смачныя, але гэтыя занадта старыя. Смаржы – першыя нашы грыбы. Яны з'яўляюцца зараз жа пасля таго, як растане снег.
– Калі можна есці, дык няма чаго перабіраць, старыя ці маладыя.
– Ну, не. Старыя небяспечныя, атрутныя. Ды ў гэтых дробных зморшчках столькі пяску і рознага бруду, што іх і вымыць нельга.
– Пашукаем тады маладзейшых.
– Пашукаем.
Пачалі шукаць, але справа была вельмі марудная, бо амаль для кожнага грыба даводзілася складаць «камісію», каб вызначыць, стары ён ці малады. Пад пагрозай атруты выкінулі нямала і добрых грыбоў, але ўсё ж такі знаходзіліся і надзейныя. Вось ужо зараз будзе поўная шапка…
Але тут на шыю Мірона капнула некалькі кропляў дажджу.
– Дождж! – закрычаў ён не сваім голасам, нібы гэта капнула гарачая смала, кінуў шапку і паляцеў на сваіх цыбатых нагах так, што Віктар адразу згубіў яго з вачэй.
Адчуў некалькі кропляў і Віктар, але, зірнуўшы ўгору, убачыў, што вялікай небяспекі няма: лёгкія хмаркі хоць і пакрапалі крыху, але вялікім дажджом, здаецца, не пагражалі. Ён ухапіў Міронаву шапку і пабег за ім. Праз некалькі крокаў ён заўважыў на зямлі арэхі, спачатку невялікую палоску, а потым і спорную кучу. А кроплі болей не капалі.
– Стой! Назад! Арэхі рассыпаў! – закрычаў Віктар і пачаў збіраць арэхі.
Праз некалькі хвілін вярнуўся і Мірон.
– Чаго ты паляцеў, нібы звар'яцелы? – накінуўся на яго Віктар. – Бачыш, дабро парастрасаў! Дажджу ж няма.
– А ты забыўся, як мы баранілі агонь? – адказаў той. – Хочаш яшчэ раз рызыкнуць? Добра, што так абышлося. А бегчы тады, калі вялікі дождж пайшоў бы, было б позна.
Шукаць да апошняга арэха было марудна, знаходзіліся ж яны блізка ад сваёй стаянкі, – таму вырашылі рэшту арэхаў падабраць другі раз.
Да стаянкі было не болей, як паўкіламетра. Агонь захаваўся добра. Памылі смаржы, кінулі ў агонь. Грыбы зморшчыліся так, што нават не было чаго есці. Ды яшчэ попелу набралася ў зморшчкі столькі, колькі было дабра ў самім грыбе. Але ўсё ж такі страва выйшла досыць смачная.
– А ведаеш што? – сказаў Мірон. – Я лічу, што гэты попел з поспехам заменіць нам соль. Я недзе чытаў, што ёсць на зямлі куткі, дзе людзі наогул ужываюць попел замест солі.
– Ну і еш на здароўе, гэтага дабра хопіць, – адказаў Віктар. – Вось толькі шкада, што другой стравы няма, а прыходзіцца адразу прымацца за трэцюю, за арэхі.
– Затое наогул сёння наш абед – панскі. Далікатны і смачны.
Пасля абеду зараз жа ўзяліся будаваць сабе «хату». Доўга меркавалі, як гэта без сякеры і нажа ўзяцца за працу, і, нарэшце, знайшлі добры выхад. У тых кустах, дзе злавілі зайца, яны выбралі мясцінку, а над ёй звязалі дрэўцы, што раслі побач. «Зруб» выйшаў дасканалы, моцны. А пераплесці яго, зрабіць страху было зусім няцяжка.
Хата выйшла на славу. Каб чысцей было, падлогу засыпалі пяском, а ложкі зрабілі з леташняга чаротніку. Радасць хлопцаў была бязмерная. З якім замілаваннем яны аглядалі сваю пабудову, затыкалі кожную шчыліну, абламвалі кожную лішнюю галінку, цешыліся і знадворку, і з сярэдзіны! Гэты зроблены іх уласнымі рукамі будан здаваўся ім найлепшым памяшканнем у свеце.
– Цяпер я згодзен жыць тут хоць усё лета! – цешыўся Віктар.
– Вось тут арэхі паложым, а ў гэтым куту – сухія дровы, каб падтрымліваць агонь у час дажджу, – гаспадарыў Мірон.
Калі будан (або «юрта», як казаў Віктар) быў гатовы, прыступілі да ўпарадкавання агню. Галоўную базу для яго выбралі ў той ямцы пад коранем дрэва, дзе было іх логава.
– Трэба выкапаць ямку глыбей, каб жар у ёй доўга захоўваўся, – меркаваў Віктар, – ды пусціць яе пад корань, каб вада не дабралася.
– Гэта было б добра, – сказаў Мірон. – Але ж мы гэткім чынам сапсуем вялікае каштоўнае дрэва.
Зірнуў Віктар на дрэва – высокае, магутнае, вельмі прыгожае. Лепш было б пад пнём ссечанага дрэва, але такога не відаць.