Палескія рабінзоны
Шрифт:
Можа, з гадзіну цягнулася навальніца і ішоў такі праліўны дождж, што, здавалася, мог заліць які хочаш пажар. Хлопцы даўно ўжо прамоклі да апошняй ніткі, здубянелі ад холаду, але нічога гэтага не адчувалі. Толькі напружана сачылі за ветрам і дажджом і па ветру нахілялі сваю заслону.
Маленькі агеньчык бесклапотна гуляў пад вопраткай, нібы малое дзіцяня, і зусім не думаў пра небяспеку, ад якой яго бароняць.
– Ура! Перамога! – закрычаў Віктар, калі дождж скончыўся.
«Малое дзіцяня» хутка вырасла ў вялікае вогнішча,
– Паддавай! Яшчэ, яшчэ! – насіліся яны па лесе, сцягвалі галлё, якое цяпер нават мокрае гарэла, бо вогнішча распалілі страшэннае.
Дым ад яго, здавалася, запоўніў увесь лес. А калі галлё згарэла, дык жару ад яго хапіла, каб высушыць адзежу: хлопцы ледзь паспявалі падстаўляць то адзін, то другі бок.
Спаць у гэтую ноч болей не давялося – так і дачакаліся сонца.
VI
Мяса знікла. – На паляванне з голымі рукамі. – Здзекі ад зайцоў. – Вавёрка выратавала. – Дарэмны перапуд. – Абед з трох страў без другой. – Будаўніцтва з дапамогай дваццаці пальцаў.
На гэты раз з бяды выкруціліся. Трэба было брацца за будаўніцтва, каб забяспечыць сябе не толькі хатай, але і агнём.
– Прыйдзецца пабудаваць вялікую юрту, – казаў Віктар, – каб усярэдзіне і спаць можна было б і каб для агню хапала месца.
– Не забывайся, што апрача дваццаці пальцаў, у нас ніякага інструмента няма, – заўважыў Мірон.
– А пра нож забыўся?
– Які там нож! – махнуў рукой Мірон. – Спачатку зробім павець, пад якой можна было б хаваць агонь у час дажджу. Нават не для вогнішча наогул, а для маленькага запаснога агеньчыка. Вунь там, напрыклад, між карэннямі можна.
– А калі так, то маленькі агонь можна і ў будане трымаць.
– Дым будзе, ды і месца для яго лішняе трэба.
Пачалі спрачацца.
– Калі так, то будзем галасаваць! – крыкнуў Віктар па прывычцы.
– Давай! – засмяяўся Мірон.
Віктар схамянуўся і таксама пакаціўся ад смеху. Гэты смех спыніў спрэчкі.
Яны ўбачылі, што і спрачацца не было чаго. Ніхто не перашкаджае падтрымліваць агонь і там і тут. Абы толькі сачыць і пільнаваць. Нарэшце згадзіліся перш будаваць хату.
– Толькі трэба спачатку падмацавацца, – сказаў Віктар і павярнуўся да ўчарашняга мяса.
Шась сюды, шась туды – няма мяса!
– Што ж гэта такое? – развёў рукамі Віктар. – Можа, ты з'еў?
– Ну-ну! – абурыўся Мірон і таксама пачаў шукаць.
За некалькі крокаў знайшлі невялікі абгрызены кавалак.
– Значыцца, нейкі звер сцягнуў. Ах, каб яго разарвала! – вылаяўся Віктар. – Відаць, тут шмат звяр'я шнырыць, а мы пра гэта і не падумалі. Яшчэ на нас хто-небудзь нападзе.
– Такіх драпежнікаў у нас няма, каб самі нападалі на людзей. Хіба ваўкі ўзімку, ды і то зграяй. А што нашу апошнюю
Становішча адразу павярнулася да іх другім бокам.
Не толькі шкада было гэтага мяса, але паўстала пытанне: як быць далей? Не кожны раз будзеш лавіць рукамі зайцоў, а што яшчэ можна зрабіць без зброі?
Віктар зусім апусціў рукі. Наколькі хутка і моцна выбухала ў ім энергія, настолькі хутка яна і знікала.
– Гэтак зусім прыйдзецца тут загінуць, – пахмура прамовіў ён. – Пойдзем лепш зноў шукаць броду. Калі яшчэ вада спадзе – невядома.
– Не, браток, гэтак нельга, – разважліва сказаў Мірон. – З роспачы кідацца ва ўсе бакі – апошняя справа. Трэба што-небудзь прыдумаць, каб спажывы дастаць, а тады ўжо шукаць броду.
– Што тут зробіш з голымі рукамі? – безнадзейна махнуў Віктар.
– Пойдзем пакуль на паляванне, а там пабачым. Відаць, і будаўніцтва прыйдзецца адкласці.
– Бадай, прыйдзецца і за пугача ўзяцца, – уздыхнуў Віктар. – Усё ж такі смажаны пугач павінен быць не горшым за сырога зайца.
Мірон узяў і па-гаспадарску агледзеў пугача. Пукатыя вочы, крывая дзюба нават цяпер пужаюць. Панюхаў яго Мірон і скрывіўся.
– Можа, яшчэ і нічога, але неяк верне ад яго. Пагледзімо, што будзе далей, – сказаў Мірон і палажыў пугача пад дрэвам.
Падклалі ў вогнішча таўсцейшых дроў і пайшлі «на паляванне». Накіраваліся ў сярэдзіну лесу, дзе яны яшчэ дагэтуль не былі. Па іх меркаваннях, яны тады прайшлі навакол кіламетраў дваццаць, значыцца, можна было лічыць, што невядомая ім мясцовасць мае кіламетраў шэсць упоперак. Прастора немалая.
– Ліха яго ведае, што там хаваецца, – казаў Віктар. – Можа, нават і небяспечнае што-небудзь для нас, бяззбройных. Разводдзе зрабіла гэты лес востравам, на якім павінны ратавацца ўсе жывёлы, што жывуць у гэтых месцах.
І сапраўды, праз некаторы час спудзілі зайца, потым другога. Яны шмыганулі пад самым носам, але нашы «паляўнічыя» нічога не маглі ім зрабіць.
– Якая прыкрасць! – гарачыўся Віктар. – Гэтак яны хутка пачнуць здзекавацца з нас. Хоць бы лук які зрабіць.
– Мусіць, яно так і прыйдзецца, – адказаў Мірон, – а пакуль што хоць бы якую спажыву знайсці, каб можна было ўзяцца за будаўніцтва. Зірні, вунь каля таго дупла круціцца вавёрка. Кажуць, што часам у іх можна пажывіцца.
– Пэўна, можна! – павесялеў Віктар і мігам пачаў караскацца на дрэва.
Вавёрка спалохана крыкнула, пераскочыла на верхавіну і пачала там трывожна мітусіцца.
Дупло было не надта высока, каля яго ад ствала адыходзіла вялікая сухая галіна. Віктар хутка ўзлез, ёмка прыладзіўся на галіне і запусціў у дупло руку. Мірон выцягнуў сваю доўгую шыю і затаіў дыханне.
– Ну, што? – нецярпліва запытаўся ён.
– Нічога нельга дастаць, рукі не хапае, – азваўся Віктар.
– Давай тады я палезу: мае рукі даўжэйшыя.