Палескія рабінзоны
Шрифт:
– Ну і ліха з імі! – раззлаваўся Віктар і ўскінуў на спіну зайца. – Хадзем лепш дахаты.
– А што рабіць з гэтай дурной савой?
– Вядома, браць. Гэта ж добры ўлоў. Зробім чучала і паставім у нашым прыродазнаўчым музеі з надпісам: «Злоўлены ў Палескай пушчы героямі-падарожнікамі і даследчыкамі Міронам Бажком і Віктарам Калягам уласнымі рукамі, без ніякай зброі». Нават і зайца я згодзен ахвяраваць для навукі і славы.
І яны пайшлі ўздоўж возера ў той бок, дзе павінен быў знаходзіцца іх
III
«Па-а марам!» – Усё направа ды направа. – Зайцаў абед. – Зноў на тым самым месцы.
Шпарка ішлі яны наперад па сухім бары. Злева час ад часу выблісквала возера. Бярозы, алешыны, вербалоз з маленькімі светла-жоўценькімі лісточкамі атачалі яго, нібы мярэжкі. Елкі і сосны на гэтым фоне здаваліся зусім чорнымі. Вясёлае веснавое сонейка шнырала паміж дрэў і цешыла і расліну, і птушку, і ваду, і нашых хлопцаў.
Прырода, вясна і маладосць напоўнілі іх жыццярадаснасцю. Нават на голад забыліся.
– Па-а марам, марам, марам, мара-ам! – зацягнуў Віктар.
– Сёння тут, а заўтра там! – падхапіў Мірон.
А ў адказ ім загуло ў лесе: «А-а-ам!»
– Ведаеш што? – звярнуўся Віктар да Мірона. – Я ўжо шкадую, што мы накіраваліся дадому. Я ахвотна згадзіўся б пажыць тут некалькі дзён. Тут табе і мора, і першабытны лес, і звяроў можна рукамі лавіць.
– Ды і я нічога супраць не меў бы, – усміхнуўся Мірон, – але есці няма чаго.
– А гэта што? – пакруціў Віктар зайца над галавой.
– А якім чынам яго засмажыш?
– Здабудзем агонь, як гэта робяць дзікуны, – і ўся табе музыка.
– А хлеба, солі дзе ўзяць?
– Булкі, чаю, каўбасы! – перадражніў Віктар. – Эх ты! А як жа эскімосы ды папуасы жывуць увесь век без гэтага? А ты і некалькі дзён баішся пражыць.
– Пачакай, яшчэ, можа, давядзецца і супраць нашай волі пажыць тут, – прамовіў Мірон, калі глянуў наперад.
Там мясцовасць паніжалася, пераходзіла ў балота, а за ім далёка зноў блішчала вада.
– Бачыш, і там вада. Значыцца, трэба зварочваць.
Павярнулі направа. Цяпер пайшла ўжо нізіна; пад нагамі чвякала і пырскала вада. Густы ельнік яшчэ болей перашкаджаў ісці. Яны стараліся скарыстаць кожную магчымасць, каб пасунуцца ў свой бок, налева, але кожны раз павінны былі адступацца назад.
Знайшлі былі больш-менш сухую невысокую граду, якая цягнулася на поўдзень, але хутка выявілася, што гэта быў толькі клін, які ўпіраўся ў возера ці балота, – хто яго цяпер разбярэ! Прыйшлося вяртацца назад.
Гэтак ішлі яны гадзіны са тры. Настрой у абодвух даўно ўжо сапсаваўся. Не толькі ў Віктара ў чаравіках, але і ў Мірона ў ботах хлюпала вада. Змарыліся хлопцы страшэнна, а голад пачаў так дапякаць,
– Гэтак, чаго добрага, і другую ноч давядзецца начаваць тут! – у роспачы сказаў Віктар.
– Ты ж толькі што казаў, што хацеў бы пажыць тут некалькі дзён, – упікнуў Мірон.
– Ану цябе! – махнуў рукой Віктар.
Потым ён схіліўся і пачаў скубці ды есці нейкую траву. Прыгледзеўся Мірон і ўбачыў светленькія далікатныя круглыя лісточкі так званай «заечай капусты».
– Значыцца, будзем абедаць? – сказаў ён.
Палажылі сваю здабычу і пачалі «пасвіцца».
Доўга яны жывіліся, змарыліся яшчэ болей. Нарэшце Мірон спыніўся і сказаў:
– Годзе ўжо, а то яшчэ захварэць можна.
Пасля «абеду» захацелася піць. Вада ў возеры была мутная. Трэба было шукаць лужыны, дзе яна адстаялася. Гэтая вада і была іх адзінай ежай за апошнія суткі.
Было гадзіны тры-чатыры пасля поўдня.
– Ідзём цяпер на захад, можа, там выберамся, – сказаў Мірон.
Пайшлі на захад. Мясцовасць была некаторы час даволі высокая. Пайшоў прыгожы сухі бор. Але хутка зноў уткнуліся ў балота. Прыйшлося паварочваць направа.
Віктар раззлаваўся:
– Гэтак мы абыдзем навокал і зноў прыйдзем на старое месца. Скідай штаны! Трэба чаго б ні каштавала вырвацца адсюль. Тым болей што з гэтага боку возера няма, а толькі балота.
Яны адважна рынуліся ў багавінне. Трэба аддаць справядлівасць нашым хлопцам: паказалі яны сябе тут сапраўднымі героямі. Праціскаліся, караскаліся, скакалі з купіны на купіну, загразалі, выцягвалі адзін аднаго, пакуль… зноў не ўбачылі возера!
– Значыцца… мы на востраве?! – амаль шэптам сказаў Віктар.
– Невядома яшчэ, – запярэчыў Мірон. – Па-першае, мы не ведаем чацвёртага боку, а па-другое, бачыш, з вады вытыркаюцца кусты і нават дрэвы. Значыцца, гэта толькі паводка. Пойдзем хутчэй назад, каб паспець да вечара агледзець апошні бок.
Непрыемная была справа наогул, але цяпер больш за ўсё было крыўдна, што дарэмнымі аказаліся ўсе іх гераічныя намаганні. Хлопцы прасунуліся досыць далёка, і цяпер столькі ж трэба было ісці назад.
Выбраўшыся на сухое месца, яны зараз жа, нават не памыўшыся, накіраваліся на поўнач. Тут менш было клопату: адразу пераканаліся, што выйсці нельга. З гэтага боку яшчэ загіналася і возера, а між ім і берагам залягала на два-тры кіламетры балота.
Калі надышоў вечар, хлопцы стаялі каля таго самага дрэва, якое дало ім першы прытулак…
– Ну, што скажаш на ўсё гэта? – звярнуўся Віктар да Мірона.
– Скажу, што наша становішча ў тысячу разоў лепшае, чым у тых, хто трапіў на пустынны і бязлюдны востраў сярод акіяна. А мы не раз зайздросцілі ім, калі чыталі пра гэта ў кнігах.