Пайсці і не вярнуцца
Шрифт:
— Ну, са Сцяблёўкі мы, — пацвердзіла маладзіца. Прымак маўчаў, насуплена, з-пад ілба вывучаючы няпрошанага ляснога госця.
— А ён таксама са Сцяблёўкі? — запытаў Антон, кіўнуўшы ў ягоны бок.
— Таксама, ага. Мужык мой, — заўсміхалася маладзіца, і спакуслівыя ямкі азначыліся на яе ружаватых шчоках.
— I даўно мужык?
— Не-а. Вунь на спаса ажаніліся.
— Панятна, — сказаў Антон і, зірнуўшы на прыкрытую палой кажушка зрэбную сумку з харчамі, падумаў: пачастуюць ці не? Хаця, напэўна, пакуль не вызнаюць, хто ён — пан ці таварыш, — пачастунку не будзе.
Але ён не спяшаўся вызначаць сябе, ён глядзеў на маладзіцу з сімпатычнымі ямкамі на шчоках і на яе мужычка, зусім яшчэ маладога хлопца, які, калі б не вайна і некаторыя звязаныя з ёй абставіны, напэўна, яшчэ пачакаў
— Ну еш, еш, Пецечка. На во табе з любавінкай, — хатнім галаском прымаўляла маладзічка перад сваім Пётрам. Антон адвярнуўся.
— А Сцяблёўка гэтая ваша дзе? У якім баку? — запытаўся ён у барадатага.
— А во акурат на ўзлессі. Во тут недалёка.
— А туды што будзе? — кіўнуў ён у той бок, дзе знікала не кранутая санным следам дарога.
— А туды Замошша, Гузы… Пасля гэта, як яе… — забыўся барадаты.
— Ну, Суглінкі яшчэ, — падказала маладзіца.
— Ды не, не Суглінкі, Суглінкі вунь дзе, убаку. А туды Загладзіна, во!
— I Загладзіна, і Суглінкі, і Астравок — усё ў тэй старане, — настойвала на сваім маладзіца, не злазячы з саней. Яе прымачок пачаў моўчкі жаваць хлеб з салам, усё яшчэ кідаючы засцярожлівыя позіркі на Антона. Антон зразумеў ужо, у якім напрамку трэба было ісці, і, каб не выдаць свайго намеру, пра вёскі перастаў пытацца. Запытаўся аб іншым:
— Чужыя ў вёсцы ёсць?
Барадаты з прымаком зірнулі адзін на аднаго, маладзічка кальнула яго недаўменным позіркам.
— Так ета, знаеце, пан-таварыш, — пачаў барадаты. — Ета як палічыць. Калі… Калі немцы, дык няма бытта, а паліцэйскія бываюць. I парцізаны бываюць…
— Панятна, — сказаў Антон. — Далі б хлебца, ці што.
— Ай, дык жа ў саміх мала, — зазірнула ў сумку маладзіца, але дастала акраец і, адрэзаўшы ад яго невялікі кавалак, падала яму.
— А сальца не будзе?
— Ну якое яшчэ вам сала! Самім во па кавалачку.
— Маня, дай чалавеку, — з добрасцю падказаў барадаты, і Маня, не вымаючы рук з сумкі, адкроіла там даўгаватую лусту белага сала.
— Во цяпер дзякуй, — сказаў Антон.
– Ізвіняйце. Мы гэта самае… Думалі, — пачаў і няпэўна замоўк барадаты.
Ні чарта вы не думалі, падумаў Антон, пашкадавалі проста. Не патрабуеш, дык і не дадуць, гэта ён засвоіў даўно. Ён зняў рукавіцу і запхаў хлеб з салам у кішэню кажушка. Барадаты, невялічкага росту мужычок знізу ўгару адкрыта, без страху пазіраў на Антона, відаць па ўсім, не супраць паразмаўляць са свежым чалавекам у лесе. Ён толькі не мог, пэўна, даўмецца, хто гэты чалавек і як трэба весці размову. Нарэшце мужычок не стрымаўся:
— Вы гэта ізвіняйце, аднак жа цікава: парцізан вы ці, можа, з паліцыі будзеце?
— А чаму цябе гэта цікавіць? — здзівіўся Антон некалькі просталінейнаму ў такіх абставінах пытанню.
— Ну, бачу, аружыя ў вас. Аружыя, яно, канешне, у модзе цяпер, але…
Антон машынальна сунуў руку за пазуху, далей запіхнуў рукаятку нагана. Усе трое з недажаванымі кавалкамі ў роце чакалі яго адказу.
— А я — чалавек. Чалавек проста. Гэта што — кепска?
— Яно не кепска. Але, знаеце… Цяпер так не бывае.
— Вось ён жа, напэўна, таксама не парцізан? — паказаў Антон на прымоўклага прымака. — I быццам не паліцай яшчэ. А жыве ж? I, бачу, жыць збіраецца, калі надумаў падрубу мяняць.
— Эт! — грэбліва махнуў рукой барадаты і локцем саўгануў штаны. — Якая гэта жысць! Хіба гэта жысць! Удзень бойся, уначы бойся…
— А чаго ж ён не возьме вінтоўку? Ды не пойдзе ў лес? Каб не ён, а яго баяліся?
— Во, во, во! — раптам нядобра закудахтала ў санях маладзіца і саскочыла ў снег. Адставіўшы ўкормлены зад, сварліва выпнулася перад Антонам і замахала рукамі. — Во! Во! Я так і знала, агітатаршчык! Ён яго спакушаць будзе! I слухаць не слухай яго! Ого! У лес! А можа, у яго характар не той! А можа, ён забіваць нікога не хоча? Ён ціхі, ён курыцу не абідзе, а то ў лес!
— Ды ладна ты! — ляніва прамовіў прымак, і шчокі яго запунсавелі, напэўна, ад гэтага няпрошанага яе заступніцтва.
— А во і не ладна! Тожа мне парцізаншчык найшоўся! — усё болей раз’ятрывалася маладзіца. — Сам, як недабіты воўк, па лясах шастае і другіх яшчэ зманьвае. I яшчэ хлеба яму дай… Ідзі, адкуль прыйшоў!
— Ма-аня, ды сціхні ты! — зноў памкнуўся ўціхамірыць яе прымак. — А то во вазьму і надумаю…
Маня на момант збянтэжылася, але тут жа з яшчэ большай ярасцю накінулася на мужа:
— Ах ты, неданосак! Паспрабуй мне! Я табе надумаю! Я табе пакажу! Даўно цябе ад Параскі адвадзіла, дык цяпер у лес.
Пачыналася сямейная звада, слухаць якую Антон не меў часу, павярнуўся і пайшоў ранейшым следам назад. Яны там усё сварыліся, чуўся жаночы лямант, але ён не азіраўся, ён думаў: дзіўная гэта справа — вайна. Ён даўно ўжо не чуў такога вось сварлівага бабскага крыку і адвык ад усякіх сямейных клопатаў, амаль забыўся, як некалі вярэдзілі яго душу частыя сваркі маці з жонкай старэйшага брата, з якім яны некалі таксама рамантавалі сваю старую хату ў мястэчку, мянялі гэтую самую падрубу і перакрывалі адзін бок даху дранкай. Апошнія перад вайной гады Антон дома бываў не часта, ездзіў па вёсках, спаганяючы з сялян падатак, зарабляў не так многа, але на хлеб і гарэлку хапала. У яго было мноства знаёмых у раёне, не было адбою ад дзяўчат, кожная з якіх, мабыць, з радасцю пайшла б за яго замуж. Але жаніцца ён не спяшаўся, яму хапала іх без жаніцьбы, думаў, яшчэ паспее. Дома з невялікай гаспадаркай, кароваю і гародам упраўлялася турботная, працавітая маці, пераначаваць і паесці ён мог у кожнай знаёмай вёсцы, работай сваёй увогуле быў задаволены, хаця яна і задавала яму клопату, але ён адчуваў, што прыспеў да яе характарам, не размякаў, як іншыя, калі трэба было паказаць цвёрдасць і спагнаць з разгільдзяяў у карысць дзяржавы столькі, колькі той належала па закону. Палёгкі ён не даваў нікому, і за гэта яго паважала начальства ў раёне, калгаснікі таксама паважалі ці, можа, пабойваліся, але для яго гэта было ўсё роўна. Горш было з тымі знаёмымі, якія ад яго не залежалі і над ім не стаялі, такія чамусьці яго недалюблівалі і міналі на вуліцы, хаця яму было на іх напляваць, з імі ён не вадзіўся. Ён меў неблагую галаву на плячах і не горш за каго разумеў, што добра, а што кепска. Не тое каб ён лічыў, што сам не дужа разумны, — проста ён ведаў, што патурбавацца за агульную справу знойдуцца дзесяткі іншых, а вось клапаціцца аб ім не будзе ніхто, калі ён сам за сябе не паклапоціцца. Таму ён рабіў так, як разумеў, наколькі гэта, вядома, было магчыма, і не любіў, калі яго вымушалі рабіць насуперак яго волі. Праўда, з пачаткам гэтай праклятай вайны ўсё пайшло не так, як заўсёды і як бы таго хацеў ён, ды тут нічога не зробіш. Пачалося з таго, што неяк на зыходзе мінулай зімы ў акно хаты Галубіных ціхенька пастукалі ноччу, Антон расчыніў дзверы, у кухню ўвайшло чалавек шэсць пры зброі. У пярэднім ён не адразу прызнаў раённага начальніка НКУС, з якім да вайны быў трохі ў сяброўстве і думаў, што той цяпер недзе далёка на ўсходзе. Але ён аказаўся паблізу і ў той свой прыход прапанаваў Антону ўступіць у партызанскі атрад. Антону гэта не надта каб спадабалася, ён ужо прымерваўся да новай працы, механікам на лесапільні, але, учуўшы, што ў атрадзе многа знаёмых, наважыўся, спакаваў «сідар» і праз некалькі дзён быў у патрэбным месцы пад лесам. На першым часе ён займаўся рамонтам зброі, сабранай на палях баёў з немцамі, а пасля сам узяў у рукі вінтоўку. I пайшло-закруцілася: стаў камандзірам узвода, целаахоўнікам у камандзіра атрада і во дакаціўся да радавога, што, нібы згаладнелы воўк, як сказала маладзіца, шастае па цёмных лясах, не даючы спакойна спаць людзям.
Ён спорна крочыў між соснаў да рова, і ў ім усё расла, падступала да сэрца туга па самым звычайным, шэранькім, як ва ўсіх ці ў большасці, мірным сялянскім жыцці пад дахам, сваёю сям’ёй, з такой вось порсткай маладзічкай побач, каб без страху, вайны — у добрасці і міры.
Але ён толькі безнадзейна ўздыхнуў — так гэта было далёка і так недасяжна. Добра гэтак марыць таму, у каго ёсць хоць якая-небудзь гарантыя адносна жыцця наогул — у яго ж не было жаднай гарантыі наогул. Ён ні на што не спадзяваўся, бо ведаў, што не сёння, дык заўтра гарачая куля распластае яго на снежнай траве і справе канец.