Чтение онлайн

на главную

Жанры

Пайсці і не вярнуцца

Быкаў Васіль

Шрифт:

Кепска, канешне, што яны не разлічылі свой шлях, змарнавалі час на пераправе праз Нёман і сёння не маглі дабрацца да Скідзеля, куды з самага ранку так імкнулася Зоська. Зрэшты, Зоську можна было зразумець: у яе заданне, розныя тэрміны і дзе-небудзь у ціхай напаленай хаце — самотная адзінокая маці. Але не меней, чым Зосьцы, Скідзель патрэбны быў і Антону, хаця ў яго не было там ні маці, ні якога-небудзь задання. Праўда, з нейкага часу там аб’явіўся ягоны стары, яшчэ барысаўскі сябра Жорка Капыцкі, хуткая сустрэча з якім цяпер не на жарт хвалявала Антона. Ведама, яны былі сябрамі, і Антон меў нейкую надзею на яго, але хто ведае, які стаў Капыцкі за тыя пяць або шэсць месяцаў, каторыя яны не бачыліся. Мабыць, маючы нейкую ўладу ў Скідзелі, ён, калі б схацеў, мог бы памагчы Антону. Але ці паможа — во ў чым загвоздка. Тым больш што той з’явіцца

да яго не адзін, а з гэтай во сімпатычнай малышкай, на якую ў яго былі свае планы. Антон ужо разумеў, што ў жахлівую пару вайны людзі, як ніколі раней, здольны крута мяняць свае погляды, і ўчарашні сябра вельмі нават проста можа аказацца ворагам. Гэта дурань Антон, некалі зважаючы на старое сяброўства, памог Капыцкаму ўладкавацца ў сакрэтную спецгрупу, якую фарміравалі для засылкі ў дальні тыл немцаў, і яны разам прыбылі на Беласточчыну. Праўда, пасля іх шляхі разышліся, але тут ужо Антон ні пры чым, тут ва ўсім вінаваты Капыцкі.

У тым, што яго цяперашні шлях так здатна супаў з Зосьчыным выхадам, Антон гатовы быў бачыць шчаслівы знак свайго ваеннага лёсу. Іх сённяшняя пераправа праз Нёман, якая болей за ўсё іншае турбавала Антона, прайшла ўвогуле добра, на заставе не спатрэбілася нічога тлумачыць, памагла Зоська. Мабыць, для Зоські ён штосьці ўжо значыў, калі яна паставілася да яго так прыязна, асабліва пасля іх малапрыемнай размовы каля бабровай запруды. Зоська — не Капыцкі, думаў Антон, маючы амаль цвёрдую ўпэўненасць, што яму пашэнціць з гэтай разведчыцай. Яшчэ ніводная дзеўка, на якую ён кідаў вокам, не грэбавала ім, Антон ведаў сілу сваёй прывабнасці і ўмеў пакарыстацца ёю, калі толькі гэта было яму трэба. Цяпер Зоська стала яму надта патрэбнай, і Антон спадзяваўся, што калі пастараецца, дык усё задуманае ім збудзецца. Толькі б не падвёў Капыцкі.

Прыкідваючы кірунак у полі, ён упарта ішоў супраць ветру і думаў, што калі да Скідзеля сёння ім не дайсці, дык трэба паклапаціцца аб начлезе. Тым больш што кароткі дзень памалу канчаўся, неба на ўсходзе змерклася, здаецца, пачынала цямнець. Яны спусціліся ў лагчынку з кустоўем, Антон трохі ўзяў у абход, каб не лезці ў калючы гушчар, цяпер у голым полі было зручней. Нямоцны ўдзень марозік пад вечар пачаў зусім адпускаць, на хадзе стала цяплей, нават душна пад кажушком. Але Антон з непрыемнасцю заўважыў, што вецер усё болей паварочваў з захаду, адкуль ён заўжды прыносіў адлігу і непагадзь. Сухія крупчастыя сняжынкі ў паветры сталі бухматыя і раставалі на твары, рукавы і полы кажушка хутка зачарнеліся ад вільгаці. Антон зачэрпнуў з долу жменю свежага снегу, пакамячыў у далонях — снег ужо ляпіўся, і ён падумаў, што ноччу, мабыць, ударыць адліга, якая дашчэнту спляжыць іх палявы шлях. Як бы не давялося выходзіць на дарогу.

Ён азірнуўся на схіле — Зоська ўсё адставала і калі дагнала яго, Антон ціха сам сабе засмяяўся — так яе пераўтварыў снег, што паналіпаў на галаву, грудзі і плечы. Антон пачаў моўчкі змятаць яго з Зоські, і тая, паварочваючыся, слушна падстаўляла сябе пад нямоцныя ўдары яго далоні.

— Замарылася?

— Трошкі…

Увесь дзень Антон наважваўся загаварыць з ёй, падбіраў зручны момант, настрой і прыглядаўся да абставін, каб сказаць ёй тое галоўнае, дзеля чаго ён апынуўся з ёй разам. Але, як наліха, абставіны мала спрыялі такога роду гаворцы: замінала то небяспека паблізу, то прысутнасць чужых людзей побач. Ён мусіў перапыняць сябе на паўслове і чакаць болей спрыяльнага моманту. I Антон чакаў, з затоенай трывогай пазіраючы на спадарожніцу — то заклапочаную, то спалоханую, а цяпер во яшчэ і змораную гэтай снегавой дарогай. Яны пратупалі ад Нёмана, можа, кіламетраў дзесяць, нідзе не напаткаўшы жылля, і Антон не мог даўмецца, дзе тут магла быць якая-колечы вёска. Гэты лесавы раён на паваротцы Нёмана ён быццам ведаў някепска, летам выездзіў яго ўдоўж і ўшыркі, але цяпер не пазнаваў нічога — так змяніла яго завея. Праўда, сам ён не надта стаміўся і мог бы ісці доўга, аднак яму шкада было Зоську. Хаця тая і не наракала на стому, але Антон бачыў, як нялёгка даводзілася ёй на ветры, у лёгкай вопратцы і мокрых з той ночы ботах.

Тым часам неяк раптам зрабілася цёмна, дзень неўпрыкмет скончыўся. Праўда, ноч абяцала быць відная ад свежага снегу на зямлі, але завея ўсё не сціхала, і нічога не было відаць. Можа, так яно і лепш, думаў Антон, ніхто іх не ўбачыць у гэтым завейным полі. Але і яны не шмат маглі згледзець і брылі амаль што навобмацак, кожную хвіліну

рызыкуючы наткнуцца на нечаканасць.

Усё напружана ўзіраючыся наперад, Антон убачыў у мільгаценні завеі некалькі тэлеграфных слупоў паблізу — пэўную адзнаку дарогі. На іх шчасце, дарога ляжала пустая, яны таропка перабеглі яе па слізкім пад снегам бруку, стараючыся адысціся як мага далей. Але за дарогай пад нагамі аказалася засыпаная снегам ралля ці, можа, ускапанае бульбяное поле, ісці па якім было пакутай, і Антон павярнуў наўкось ад ранейшага свайго кірунку. Калі наперадзе зацьмела нешта шырокае, ён падумаў, што наткнуўся на ўзлесак, але падышоў бліжэй і ўбачыў шэраг нахіленых у розныя бакі вербаў, што стаялі на гаці..Прыглядаючыся да іх, Антон міжвольна пацяг у сябе носам і разам са звыклым пахам мокрага снегу адчуў смачны пах ежы.

— О, сала! — сказаў ён, спыняючыся ў некаторым нават здзіўленні. — З цыбуляй…

Зоська таксама спынілася, яны памаўчалі, прыслухаліся, і Антон зразумеў, што не памыліўся. Сапраўды, вецер хутка данёс і пах дыму, значыць, дзесьці ў тым баку была вёска ці, можа, хутар, напэўна, яны б далі прытулак. Антон крута павярнуў да вербаў.

Толькі яны ўзышлі на невысокі насып пад вербамі з белаю гладдзю сажалкі побач, як раптам зусім блізка наперадзе ўбачылі купу будынін: пад нізкім аснежаным дахам цямнела сцяна хлеўчука, заснежанае голле дрэў угары. Трошкі далей за плотам цьмела, напэўна, хата, страха яе была вышэй, чым хлеўчукова, з бліжэйшага да вугла акенца выбівалася слабая плямка святла; данёсся дзіўнаваты ўночы, нейкі рыплівы гук. Калі гук паўтарыўся на болей высокай ноце, Антон здагадаўся, што гэта іграў гармонік. Засцярожліва варухнуўшы рукой да Зоські, ён спыніўся за дуплістым камлём аблепленай снегам вярбы. Пах дыму стаў тут выразней, але гармонік, здаецца, прыціх; данёсся і абарваўся зводдаль нечы прыглушаны смех.

— Ану пачакай. Я зараз, — ціха кінуў Антон Зосьцы, а сам асцярожна скіраваў да хаты, беручы трошкі ўбок, каб наблізіцца да яе з гарода.

У твар ляпіў снег, які не даваў як след разгледзець жытло, ды ўжо Антон здагадаўся, што ў хаце ідзе гульбішча, значыцца, немцаў у вёсцы няма. Але ці ўдасца тут неўпрыкмет прыдбаць дзе начлег, ён не ведаў. Мабыць, трэба было спаткаць каго-небудзь з тутэйшых ды пагутарыць з ім. Або хоць бы дазнацца, як завецца вёска і якая абстаноўка ў іншых вёсках паблізу.

На двары, аднак, не было нікога, на хвіліну ён стаіўся за вуглом хлеўчука, услухаўся ў прыглушаны гоман у хаце. Адначасова чулася некалькі мужчынскіх галасоў, зрэдку між імі раздаваўся жаночы смех, але пра што ішла гамана, зразумець было немагчыма. Счакаўшы хвіліну, Антон асцярожна перабег ля паркана і прыцяўся спіной да шурпатых бярвенняў хаты.

Праз адталую шыбку ў дол падала расплывістая пляма святла, у якой белымі матылямі несліся з цемры і асядалі сняжынкі. Галасы за сцяной сталі гучнейшыя, ён ужо злавіў некалькі ўрыўкаў фраз (да некага звярталіся, называючы яго «пан Юзік»), і зноў зайграў гармонік. Раптам святло ў акне прыцьмела, амаль знікла, на снезе пад акном засталася толькі касая яго палоска, якая то шырылася трошкі, то зусім знікала. Антон зрабіў крок ад сцяны і асцярожна зазірнуў у акно.

За рамай на падаконніку цьмяна паблісквала шкло, пэўна, пустой бутэлькі, побач стаялі міскі з закускай, за імі чарнелі нечыя шырокія мужчынскія плечы. Гэтыя плечы раптам хіснуліся, падаліся ўбок, і ў акне, прыкрыўшы святло, з’явіўся на падаконніку локаць. Антон міжвольна адхіснуўся ад гэтага блізкага за шклом руху, у апошні момант ухапіўшы позіркам штосьці знаёмае на рукаве… Зноў зазірнуўшы з-за ліштвы, ён ціха пра сябе вылаяўся — на цёмным рукаве паддзёўкі святлела знаёмая паліцэйская павязка.

Антон прыхінуўся да бёрнаў сцяны, паглядзеў за вугал. Ісці ў гэты двор не мела ўжо сэнсу, мяркуючы па ўсім, там пілі паліцаі або нехта з удзелам паліцаяў, што таксама не лепей. Трэба было шукаць іншае месца.

Па сваіх, ужо ледзьве прыкметных у снезе слядах ён хутка перайшоў за хляўчук і пад прыціхлыя гукі гармоніка пакрочыў да недалёкіх вербаў. I раптам ён ярка прыпомніў, што некалі ўжо бачыў гэтыя пахілыя вербы і сажалку, мабыць, у верасні яны праязджалі тут з Кузняцовым, Антон яшчэ хацеў напаіць каня ў сажалцы, але Кузняцоў спяшаўся і не даў спыніцца. Праўда, ён не ведаў, як называецца вёска, але цяпер ужо і так зарыентаваўся і прыпамятаў, што недалёка быў лес, а наўкось ад яго ручэй і далей хутар, да якога вяла з вёскі абсаджаная бярозкамі наезджаная палявая дарожка.

Поделиться:
Популярные книги

Перестройка миров. Тетралогия

Греков Сергей
Перестройка миров
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Перестройка миров. Тетралогия

Пятничная я. Умереть, чтобы жить

Это Хорошо
Фантастика:
детективная фантастика
6.25
рейтинг книги
Пятничная я. Умереть, чтобы жить

Внешники

Кожевников Павел
Вселенная S-T-I-K-S
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Внешники

Барон ненавидит правила

Ренгач Евгений
8. Закон сильного
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Барон ненавидит правила

Идеальный мир для Лекаря 10

Сапфир Олег
10. Лекарь
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 10

Паладин из прошлого тысячелетия

Еслер Андрей
1. Соприкосновение миров
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
6.25
рейтинг книги
Паладин из прошлого тысячелетия

Релокант 9

Flow Ascold
9. Релокант в другой мир
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Релокант 9

Аристократ из прошлого тысячелетия

Еслер Андрей
3. Соприкосновение миров
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Аристократ из прошлого тысячелетия

Три `Д` для миллиардера. Свадебный салон

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
короткие любовные романы
7.14
рейтинг книги
Три `Д` для миллиардера. Свадебный салон

Инквизитор Тьмы 2

Шмаков Алексей Семенович
2. Инквизитор Тьмы
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Инквизитор Тьмы 2

Я тебя не предавал

Бигси Анна
2. Ворон
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Я тебя не предавал

Земная жена на экспорт

Шах Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.57
рейтинг книги
Земная жена на экспорт

Лорд Системы 7

Токсик Саша
7. Лорд Системы
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Лорд Системы 7

Идеальный мир для Лекаря 2

Сапфир Олег
2. Лекарь
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 2