Пайсці і не вярнуцца
Шрифт:
— Ну во і паначуем. А што? Лепш, чым у якой-небудзь хаце, — сказаў Антон і яшчэ бліжэй пасунуўся да Зоські, жартоўна таўхануў яе локцем. — Удваіх, ніхто не замінае. Праўда?
Яна не адказала і не адсунулася, толькі смяшліва зірнула. Яно, можа, і лепш, падумала Зоська, а можа, і не. У гэтай іх адзіноце было многа прыемнага, але нешта і палохала, хаця яна старалася не думаць аб тым. Цяпер ёй было добра, цёпла і нават супакоена на душы. Сапраўды, над галавой быў дах, у печцы гарэў агонь, а побач сядзеў той, хто ўжо столькі дапамог ёй. Хацелася думаць, што ён і далей будзе побач і ўсё абыдзецца добра.
— Во сядзіш, а маці, пэўна, і не сніць, што яе дачка каля Котры начуе.
— Мама, напэўна, даўно
— Ну, гэта яшчэ нічога не значыць, — суцешыў Антон. — Людзі ўсё роўна скажуць. Бачылі ж, мусіць, цябе знаёмыя дзе ў вёсках, маглі перадаць.
— Можа, і бачылі, — пагадзілася Зоська, не ведаючы яшчэ, як думаць пра гэта — добра ці не, што бачылі яе сярод партызан. Добра, калі перадалі маці, але маглі перадаць і каму не трэба, тады яе партызанства магло кепска адгукнуцца для маці.
— Мая во іншая справа, — сказаў раптам Антон. — Няма каго баяцца. Ніхто тут мяне не ведае, ніхто за мяне не турбуецца.
— А ўжо ўведалі, мабыць. З Кузняцовым жа ты ўсе вёскі аб’ездзіў.
— А ў весках хто мяне дзе прыкмеціць? Прыехаў і паехаў. Партызан, як усе.
— Не скажы. Дзяўчаты прыкмецяць. Прыкметны. Антон з лёгкай усмешкай зазірнуў ёй у вочы.
— У гэтым сэнсе згаджаюся. Прыкметны. Але што мне дзяўчаты! Я сам запрыкмеціў адну.
— Дзе? — трапятнулася Зоська, павяртаючыся да яго тварам.
Антон лёгенька пацепаў яе цяжкой рукой па плячы.
— А ў атрадзе. Разведчыцу адну. Слаўненькую такую малечу.
— Ай, няпраўда, — знарок з недаверам сказала Зоська, адчуўшы, аднак, як соладка зашчымела ў яе грудзях.
— Не, праўда. Сама ж разумееш, на што пайшоў. I дзеля каго. Засятка ты мая…
Ён узіраўся ў яе ўжо без ценю іроніі. Крамяны яго твар з трохі зашчаціненым падбародкам зрабіўся сур’ёзны і наблізіўся да яе твару. Зосьцы стала ніякавата, яна не ведала, як адказаць, і, сумеўшыся, узяла яго левую руку, што лягла ёй на калені, далікатна паціснула яе.
— За гэта дзякуй. Толькі…
— Не трэба цяпер пра гэта. Тут справа ў тым, — сказаў ён і, сціхлы, асцярожна, быццам у роздуме, абняў яе. Яна лёгенька здрыганулася, напружылася і маўчала. — Справа ў тым, што…
Яна напружана чакала, замершы ў яго дзіўна хвалюючых абдымках, а ён раптам закінуў да сябе яе галаву і з нейкім адчаем рэзка пацалаваў у вусны.
— Антон!..
— А што я магу зрабіць? — усхвалявана выдыхнуў ён, не аслабляючы на ёй сваіх учэпістых рук. — Пакахаў я цябе.
— Праўда? — здзіўлена прашаптала яна, збянтэжаная гэтым яго прызнаннем. Ніхто яшчэ не казаў ёй гэтага слова ды яшчэ такім сур’ёзным, амаль роспачным голасам; яна ўся замерла ад жаху, у абсалютным, ні з чым не зраўняным шчасці.
— Во! Знаеш, цяпер я гатовы на ўсё, — яшчэ болей рашуча сказаў ён дрыготкім голасам. Яна нерухома сядзела ў яго цёплых, утульных абдымках, са здзіўленнем слухаючы, як моцна загрукала яе сэрца.
— Вось я сказаў табе ўсё. Ведай. А ты што мне скажаш? Зоська маўчала, стараючыся зразумець свае адчуванні.
Ёй было вельмі не проста так вось у самыя вочы сказаць пра ўсё, што яна адчувала да гэтага чалавека, і нават самой да канца зразумець свае да яго пачуцці. Было ёй і прыемна, і радасна, і адначасова страшна чагосьці, і яна не ведала, якое з гэтых адчуванняў галоўнае і нават якое праўдзівае. Але, здаецца, у гэтую хвіліну ён разумеў яе лепш, чым яна самую сябе.
— Ты ж мяне тожа, я знаю… Кахаеш?
— Знаеш, я тожа, — ціха сказала яна. — Слаўны ты…
— Ну во і дзякуй, — горача выдыхнуў ён ля самага яе вуха і зноў пацалаваў у шчаку, у пераноссе, а пасля — доўгім рашучым пацалункам у вусны.
— Ой, так не можна! — задыхнулася Зоська.
— Можна… Можна…
Печка з агнём хіснулася ўбок, Зоська адчула блізкую цеплыню кажушка і дзіўна завалодаўшую ёю мужчынскую
— Антон!.. Антоша…
— Усё добра, усё добра, малышачка, — прашаптаў ён.
— Не трэба, Антон… Не трэба…
Ён, аднак, ужо не адказваў, і яна з выразнаю безнадзейнасцю зразумела ўсю няўхільнасць яго ўладарнай сілы. Яе ж сіла і воля зніклі, утапіліся ў яе страху і цёплай асалодзе яго абдымкаў. Яна толькі адчувала, што так не трэба, што яна робіць кепска, затуманенай свядомасцю яна добра зразумела, што гіне, але ў гэтай пагібелі была магутная зваблівасць, а галоўнае, было ўсведамленне, што гінула яна разам з ім. То было галоўнае яе апраўданне і яе суцяшэнне, а можа, і вялізнае яе шчасце.
Яна не памятала, што было потым. Магчыма, настаў сон або дзіўнае ўсепераможнае небыццё, калі прападае памяць і адчуванні, на некалькі доўгіх гадзін яна перастала адчуваць сябе ў гэтым свеце, быццам прысутнічала ў ім, страціўшы прытомнасць… Прачнулася яна таксама, як і заснула, — раптам, ад нейкага трывожнага штуршка знутры і, баючыся паварушыцца, расплюшчыла вочы. У цеснай каменнай каморцы было цёмна, але некалькі шчылін у заткнутым саломай акенцы ўжо світальна блішчалі, канцы саломін ля шчылін ціхенька ляскаталі ад ветру. Было сцюдзёна, у чорным квадраце топкі не свяціўся ніводзін вугольчык, цьмяна шарэў абшкрэбаны бок печкі, і злавесна чарнелі закапцелыя куты каморкі. Не варухнуўшыся, Зоська абвяла іх страхавітым позіркам, здагадаўшыся, што некалі тут была кубавая ці, можа, кацельная, дзе запарвалі корм і грэлі для жывёлы ваду. Пасля яна перавяла позірк ніжэй, адчуваючы на сабе знаёмае цяпло кажушка і цёплыя шырокія плечы Антона, яго мернае дыханне побач. Антон спаў, і Зоська баялася паварушыцца, каб не пабудзіць яго. Ёй трэба было трошкі часу, каб разабрацца ў сваіх невясёлых думках, зразумець, што з ёй здарылася. Здарылася, канешне, кепскае, яна была вінаватая і дакарала сябе, як магла. Хоць яна разумела таксама, што позна дакараць сябе. Таго, што здарылася, не паправіш. I, разважыўшы так, яна суцешылася адзіна правільнай у яе становішчы думкай, што з кожнай дзяўчынай гэта павінна калі-небудзь здарыцца. Можа, праўда, не так — інакш, прыгажэй, але цяпер усё ў жыцці не так, як прынята спрадвеку, і горш, таму што цяпер — вайна. Зноў жа, ад кастрычніка ёй пайшоў дваццаты, яна ўжо не дзяўчо, так нядоўга састарэць у дзеўках або загінуць, не пазнаўшы кахання. Ва ўсякім выпадку, трохі паляжаўшы і разважыўшы аб сваім становішчы, Зоська супакоена ціхенька ўздыхнула з адчуваннем таго, што яе, здавалася б, непапраўнае гора нібыта абарочвалася хаця і нечаканым, але, можа, яшчэ не найгоршым чынам. Адно бясспрэчна: на яе нялёгкім, поўным шмат якіх страхаў шляху паявіўся гэты рашучы сімпатычны мужчына. Хай не назаўжды, не надоўга. Але што цяпер назаўжды і надоўга?
Згарнуўшыся абаранкам у лагодным цяпле Антонавага кажушка, яна зноў уздыхнула: што ж, чаму быць, таго не мінуць. Вядома, было дзіўнавата і незвычайна ўсё, што адбылося з ёй за гэтыя дзве ночы. Яна сустрэла на балоце свайго суджанага, спалохалася, узрадавалася, падзяліла з ім свой поўны небяспекі шлях, які ўрэшце і прывёў іх да гэтай адзінокай начной аборы. Але што ёй, знясіленай і мокрай, яшчэ заставалася? Ён увогуле слаўны, прыемны на выгляд мужчына, смелы і не нахабнік, а ў тым, што ў іх здарылася, мусіць, пэўная віна падае і на яе таксама. Відаць, у тым воля выпадку. Зоська ўжо чула ад разумных людзей, што з таго дня, як усчалася вайна, у свеце запанавалі выпадковасці, адна з каторых, відаць, выпала і на яе долю. Таму ці варта празмерна перажываць, ці не лепш спакойна перажыць усё, што з ёй здарылася, і прадаўжаць сваю справу — выконваць заданне, якое, адчувала яна, яшчэ прынясе ёй шмат нечаканак, і сярод іх гэта, можа, не самая горшая.