Чтение онлайн

на главную

Жанры

Пайсці і не вярнуцца

Быкаў Васіль

Шрифт:

Ён прысеў перад печкай, працяг да агню скорчаныя ад сцюжы рукі, і Зоська падумала: як жа ён іх пераправіць у такі ледаход? А раптам аб лодку стукнецца крыга, і яны апынуцца ў вадзе. Але Нёман — не балотная рэчка, адсюль не так проста выбрацца на бераг. Яна са страхавітым клопатам пазірала на Петракова і хлопца, якія быццам і не думалі аб тым. Барматухін, усё трымаючы ля агню настылыя рукі, павярнуў да яе востранькі, з пасінелым носам, тварык і нібы падміргнуў нават.

— На сувязь? У разведку?

— Барматухін! — са зморанай строгасцю прыкрыкнуў Петракоў. — Табе што? За чым нада, за тым і ідуць.

— А! — расчаравана выдыхнуў

хлопец. — Бытта няведама, па што за Нёман ходзяць. Абы варочаліся.

— Як-небудзь пастараемся, — сказала Зоська.

— Во-о! Так усе гавораць. Толькі не ўсе варочаюцца. У нядзелю перавозіў шасцярых, два разы лодку ганяў. А ўчора вяртаюцца трое. I то адзін нежывы. Застрэлены.

— Барматухін! — зноў спыніў яго Петракоў. — Памаўчы лепш.

— Ды я — калі ласка, — з гатоўнасцю пагадзіўся падлетак і ўстаў. — Ну дык пайшлі хіба?

Ямчэй захінуўшы на грудзях свае надзетыя адзін на адзін пінжачкі, ён тужэй падперазаўся брызентавай, ад вайсковых штаноў, папружкай і нагой піхнуў лёгкія дзверы. Яны адзін за адным выйшлі на вузенькую прыступку каля парога. Зоська, азірнуўшыся, сказала Петракову:

— Як-небудзь папраўляйцеся, дзядзька.

— Ды дзякуй, — без асаблівай удзячнасці азваўся Петракоў.

Пасля дымнага цяпла зямлянкі на дварэ іх адразу ж ахапіла сцюжай, пранозліва дыхнуў з ракі вецер, Зоська дробненька здрыганулася. Але Барматухін ужо бег па сцяжынцы да берага, і яны рушылі следам. Зоська ўся ўнутрана сцялася, пазіраючы на ледзяны крыгалом на рацэ, цераз якую ім трэба было пераправіцца.

Барматухін тым часам з хрупасткім шоргатам абламаў тонкі ледзяны закраек ля берага, спіхнуў з водмелі пласкадонку і прытрымаў яе за драўляны нос.

— Залазьце.

Антон лёгка і ўпэўнена сігануў цераз борт, падаў руку Зосьцы, і тая са страхам няспрытна ўлезла ў лодку, на дне якой плёскалася вада і плавалі празрыстыя кавалачкі лёду.

— Праходзьце далей. Адзін на карму, другі на сярэдзіну. I сядайце, сядайце! Стаяць не можна! — звыкла распараджаўся Барматухін. Калоцячыся ад сцюжы і страху, Зоська апусцілася на мокрую папярэчыну, Антон прысеў на карме. Барматухін паднатужыўся, адпіхнуў лодку ад берага і ў апошні момант спрытна ўскочыў у яе сам.

Зоська ледзьве жывая сядзела на папярэчыне, з усяе сілы трымаючыся рукамі за мокрыя бакавіны лодкі, якая пагрозліва зазыбалася, выцялася носам аб крыгу, але на дно не пайшла і нават не зачэрпнула вады. Стоячы на карме, Барматухін спрытна працаваў вяслом, ва ўсе бакі круцячы сваёй круглай у кепцы галавой. Паволі лодка паплыла ад берага, пасля яе імкліва падхапіла цячэнне і, на вялікі страх Зоські, хутка панесла між крыгаў. Але Барматухін таксама тут не шманаў — размахваючы вяслом, то гроб, то адштурхоўваўся ад цяжкіх крыгаў, адпіхваючы іх далей ад лодкі. Разы два крыгі ўсё ж здорава грукнулі ў борт, вада ў лодцы плёхнулася, Зоська яшчэ мацней учапілася ў дошкі бартоў, у яе кружылася галава, а лодка здавалася такой ненадзейнай, што проста дзіва было, як яна яшчэ трымаецца на паверхні ў гэтым калаўроце крыг і вады. Але лодка трымалася, і Барматухін яшчэ неяк кіраваў ёю — наўкось да процілеглага, у лазняках, берага. Пераадолеўшы першы спалох, Зоська нясмела азірнулася — нізкі пясчаны астравок і лясны бераг з прамоінай прыкметна аддаляліся, ужо ледзьве стала відаць сцяжынка на абрыве, і зусім прапала за выступам Петракова зямлянка, наўкола шырока разлёгся вадзяны прастор, і бясконцыя чароды крыг

імкліва праносіліся міма. Але ўрэшце і сярэдзіна ракі засталася ззаду, лодка ўвайшла ў болей спакойную ўзбярэжную плынь. Тут крыг стала меней, яны ледзьве плылі, раскручваючыся амаль на адным месцы, і ў Зоські палягчэла на сэрцы. Рухава распіхваючы лёд вяслом, Барматухін прывёў лодку ў хмызняк, дзе яна супакоена торкнулася нарэшце ў падмыты край берага.

— Фу! — з палёгкай выдыхнула Зоська. — Ну і нацярпелася страху.

— Які тут страх? — здзівіўся Барматухін. — Хіба тут страшна?

Антон першы выскачыў на бераг, дапамог выйсці Зосьцы.

— Ну, перавозчык, дзякуй табе, — сказаў ён.

— Няма за што, — бойка і, мабыць, звыкла адказаў Барматухін. — Вы, гэта самае, направа не хадзіце, там вёска. I па беразе не ідзіце: небяспечна па беразе.

— Гэтак? Ды што ж нам — па паветры, ці што? — здзіўлена пажартаваў Антон.

— Не, не па паветры, — сур’ёзна адказваў Барматухін, стоячы ў лодцы і старанна хукаючы на свае скалелыя рукі. — Вунь на дрэва трымайце. Там скора лес будзе.

— Ну што ж, пойдзем на дрэва, — пагадзіўся Антон.

— А будзеце вяртацца, во тут у лазе лодку знойдзеце.

— Ясна.

Яны палезлі ад ракі на некруты, але слізкі ад снегу бераг, а Барматухін, трохі адплываючы ў ціхай вадзе, усё дзьмуў на свае азяблыя пальцы.

— А як завуць цябе? — азірнулася з абрыву Зоська.

— Барматухін.

— А імя, імя як?

— А, імя… Ды Валодзька імя.

«Дай Бог табе вырасці, — падумала Зоська. — I яшчэ перавезці нас на той бок».

8

Нёман застаўся ззаду, яны нядоўга паазіраліся на яго, ідучы полем, хаця ракі ўжо не было відаць. Амаль не стала відаць на тым беразе і лесу; знік, патануў між берагоў Астравок; памаячыла здаля і прапала нейкая вёсачка ніжэй вострава. Пайшоў снег. Шэры палявы прастор навакол усё болей цямнеў, затканы бялявай смугой завеі. Неўзабаве амаль нічога не стала відаць, трэба было добра напружыць зрок, каб за мільготкаю сеткай сняжынак згледзець які-небудзь прыцьмелы ў полі куст ці адзінокае дрэўца на ўзмежку. Усчаўся вецер. Часам яго шалёныя парывы так моцна шыбалі ў грудзі, што забівалі дыханне, і Антон на хвіліну адварочваўся, падстаўляючы ветру шырокую, у кажуху спіну.

— Во, халера, як раз’юшыўся!..

Зоська паднімала насустрач расчырванелы ад ветру твар з наліплымі да яго мокрымі сняжынкамі, якія заляпілі таксама ўсю яе хустку, пасму валасоў на лобе, густа замуравалі касмылявую шчэць яе плюшавага сачка. Яна спрабавала ўсміхнуцца, хістка заграбаючы ботамі ў снезе і не трапляючы ў шырокія Антонавы сляды.

— От жа халера! Ішлі па лесе, дык ціха было. А ў голым полі як задуло! — пракрычаў праз вецер Антон. — Замерзла, малеча?

— Не-а, — сказала Зоська і ўсміхнулася астыглымі вуснамі.

— Табе калі трэба ў Скідзель? Заўтра?

— Сёння ноччу.

— Сёння не выйдзе. Адсюль да Скідзеля кіламетраў шаснаццаць.

— Так далёка? — здзівілася яна, таксама павяртаючыся спіной да ветру. I праўда, увесь час ісці полем было пакутай, а дарогі яны абміналі, усё ж тут — не на тым баку Нёмана. Тут ваўсю гаспадарылі немцы і іхнія халуі паліцаі. У адным, аднак, ім пашэнціла — завея памагала прайсці незаўважна і гладка раўняла ззаду сляды. Калі б толькі не гэты шалёны вецер.

— Нічога, датупаем, — бадзёра сказаў Антон, павяртаючыся тварам да ветру.

Поделиться:
Популярные книги

Курсант: Назад в СССР 10

Дамиров Рафаэль
10. Курсант
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Курсант: Назад в СССР 10

Вернуть невесту. Ловушка для попаданки 2

Ардова Алиса
2. Вернуть невесту
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.88
рейтинг книги
Вернуть невесту. Ловушка для попаданки 2

Законы Рода. Том 3

Flow Ascold
3. Граф Берестьев
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 3

Любимая учительница

Зайцева Мария
1. совершенная любовь
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
8.73
рейтинг книги
Любимая учительница

Девятый

Каменистый Артем
1. Девятый
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
9.15
рейтинг книги
Девятый

Вперед в прошлое 2

Ратманов Денис
2. Вперед в прошлое
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Вперед в прошлое 2

Калибр Личности 1

Голд Джон
1. Калибр Личности
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Калибр Личности 1

Совпадений нет

Безрукова Елена
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.50
рейтинг книги
Совпадений нет

Кодекс Крови. Книга Х

Борзых М.
10. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга Х

Авиатор: назад в СССР 14

Дорин Михаил
14. Покоряя небо
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Авиатор: назад в СССР 14

Последний Паладин. Том 4

Саваровский Роман
4. Путь Паладина
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Последний Паладин. Том 4

Не грози Дубровскому!

Панарин Антон
1. РОС: Не грози Дубровскому!
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Не грози Дубровскому!

Кодекс Охотника. Книга XXIV

Винокуров Юрий
24. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XXIV

Средневековая история. Тетралогия

Гончарова Галина Дмитриевна
Средневековая история
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
9.16
рейтинг книги
Средневековая история. Тетралогия