Чтение онлайн

на главную

Жанры

Пайсці і не вярнуцца

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Ладна. Давай жмі за мной, — сказаў ён, крута павяртаючыся ўправа, у мокрую цемру поля, з якой усё несла і несла па ветры, не зразумець ужо чым — дажджом або снегам.

Пераборваючы ў сабе лёгкую прыкрасць на Антона, які ўсё ж заблудзіўся, Зоська павалаклася следам. Хада па змакрэлым снезе адбірала апошнія сілы, снег ліпнуў да ботаў, мясцінамі яго наваліла шмат, і яна чэрпала яго халяўкамі; схаладнелыя ногі нават на хадзе ўжо не грэліся. Разважыўшы, аднак, Зоська рашыла, што крыўдаваць на Антона не трэба: пры такой завеі ды бездаражы няцяжка заблудзіць кожнаму. Ва ўсякім выпадку яна магла

наогул зайсці невядома куды, бо арыентавалася заўжды кепска і ў дзяцінстве часцяком блудзіла па лесе, калі збірала з бабамі ягады. Праўда, там можна было пагалёкаць, паклікаць мамулю або знаёмых скідзельскіх цётак, тут жа не пагалёкаеш, і ніхто табе не адгукнецца. Тут уся надзея на Антона, і добра яшчэ, што ён зразумеў памылку і ведаў, як яе выправіць.

Здаецца, ён сапраўды разумеў, куды трэба ісці далей, бо не мінула і чвэрці гадзіны, як зноў спыніўся каля нейкіх кустоў, пачакаў Зоську.

— Мабыць, нам падвязло, — сказаў ён ціха. — Пастой тут, я схаджу.

Зоська ўгледзелася ў зараснік з аблепленым снегам голлем, там зводдаль нешта чарнелася — будынак ці, можа, стог сена, падобна, аднак, — сядзіба. Адвярнуўшыся ад мокрага, са слатой, ветру, яна счакала хвіліну-другую, усё пазіраючы ў цемру і чакаючы адтуль Антона. Але замест Антона неўзабаве пачула яго прыглушаны голас:

– Ідзі сюды…

«Пэўна, нешта знайшоў», — радасна падумала Зоська, выбягаючы з хмызняку. Сапраўды, каля зарасніку на снезе выцягнулася сцяна нейкай няўклюднай будыніны з абваленым у адным канцы дахам, разламанай і напаўзавеянай снегам агароджай, нейкім інвентаром, раскіданым вакол і таксама заваленым снегам. Антон дзелавіта абышоў пабудову, зазірнуў у чорны правал шырокіх, насцеж расчыненых варот.

— Во, была сядзіба. Спалілі. Адна абора асталася.

На самай справе, гэта была старадаўняя панская абора — даўгое, змураванае з валуноў памяшканне для хатняй жывёлы з маленькімі акенцамі ў сцяне і чорным праваллем варот. Паблізу болей нічога не было відаць, толькі за аборай высілася некалькі старых дрэў ды цьмеў голы, засыпаны снегам хмызняк.

– Ідзі сюды. Не бойся, — паклікаў Антон з цёмных варот, адкуль горка смярдзела пагарэлішчам.

Нясмела ступаючы па снезе, Зоська ўвайшла за ім у страхавіта-пустэльную цемру аборы і спынілася, не ведаючы, куды ступіць далей.

— Сюды, сюды, — паклікаў ён з цемры, і толькі калі ў ягоных руках пыхнула запалка, Зоська ўбачыла ў глыбіні аборы напаўрасчыненыя нізкія дзверы і ў іх цёмную Антонаву постаць.

– Ідзі, не бойся!

Усё, аднак, баючыся, яна нерашуча пераступіла высокі парог і не паспела яшчэ што разгледзець, як запалка патухла.

— Во, харашо! — з задавальненнем сказаў Антон у глухой цемры і запаліў другую запалку, якая на некалькі секунд асвятліла закапцелую столь, змрочнае каменне сцяны і, на радаснае здзіўленне Зоські, — шырокую топку печы насупраць.

— Во, паняла? — узрадавана сказаў Антон. — Печка ёсць, цяпло будзе. Сядай сюды, на салому ці што тут… Сядай! Зараз мы расшуруем печку. Не можа быць…

Не ў сілах ужо саўладаць з дрыжыкамі, якія калацілі яе ўсё болей, Зоська апусцілася ў цемры на штось сцюдзёнае і мяккае, не стрымаўшыся, паляскала трохі зубамі. Настылыя мокрыя рукі засунула ў трохі яшчэ сухую пазуху, згорбілася,

сціснулася ў барацьбе са сцюжай, якая ўладарна ахапіла яе, і заплюшчыла вочы. Дрыжыкі люта калацілі яе, але тут не было ветру, а галоўнае, было ціха, і не трэба было ісці. Перад вачыма яе ўсё зазыбалася, паплыло ў дрымотнай знямозе, і яна сапраўды заснула — раптам і так моцна, што адразу перастала адчуваць, дзё яна і што з ёю робіцца.

Аднак спала яна нядоўга, можа, некалькі хвілін, не болей. Яна зразумела гэта, раптам прачнуўшыся ад яркай бліскавіцы агню — Антон калупаўся ля печы, распальваў нейкія абломкі дошак, і яна зноў здрыганулася ад сцюжы і спалоху.

— Не бойся! Гэта я — з пораху з патрона. Не гарыць, халера.

Прысеўшы ля топкі, ён шумна дзьмуў у яе, дашчаныя абломкі ляніва тлелі кволым агнём і густа капцілі дымам, які не хацеў ісці ў печ і кручанымі струменямі валіў у абору. Але вось Антон дзьмухнуў з усёй сілы — між дошак выслізнула некалькі язычкоў полымя, і Зоська супакоена заплюшчыла вочы…

Зноў прачнулася ад лёгкага дотыку да яе нечай рукі, але яна ўжо ведала, што гэта рука Антона, і не спалохалася, слухаючы яго падабрэлы, спакойны, амаль хатні голас:

— Чуеш?.. Давай распранайся. Будзем сушыцца.

Яна расплюшчыла вочы, з прыемнасцю адчуваючы лагодны подых цяпла — у печцы ваўсю палалі дошкі, чорныя канцы якіх няўклюдна тырчэлі з топкі, па нізкай столі і каменных, з марозным бляскам сценах гулялі агняныя бліскаўкі. Антон стаяў перад ёй на каленях у вясковым ваўняным світэры, побач, распяты на палках, сушыўся яго кажушок.

— Чуеш? Распранайся, цёпла ўжо.

Сапраўды, цесная гэта каморка поўнілася дымным цяплом, парай і цішынёй, якая парушалася хіба гулам полымя ў печы. Зоська перамагла ў сабе рэшту дрымоты і ўсміхнулася.

— Ну, сагрэлася?

— Сагрэлася.

— А гаварыла… Са мной не прападзеш, малеча, — бадзёра паабяцаў Антон і далонню піхнуў канцы дошак, заганяючы іх у топку, з якой шуганула роем іскраў у столь.

— Ой, каб пажару не было!

— Не будзе: камень. А згарыць, не бяда. Здзявай боты, мусіць жа, мокрыя?

— Мокрыя.

— Знімай куртку, усё — сушыць будзем. Тут цяпер ні душы. Самая блізкая вёска за Котрай.

Яна развязала мокрую, скамечаную хустку, якую Антон адразу ўзяўся начапляць ля кажушка, здзела сачак, хвіліну патрымала яго перад топкай, пакуль густыя струмені пары не павалілі ў печ. Боты і падол спадніцы былі мокрыя, мабыць, яшчэ з учарашняга, яна здзела боты, а затым, счакаўшы, сцягнула і свае ваўняныя панчохі. Антон умела ўладкаваў усё гэта на палках бліжэй да печкі.

— На во, сядай на кажух — ужо высах. Ого, як угрэўся! Агонь!

Яна з асалодай апусцілася на цёплую поўсць знаёмага ёй Антонавага кажушка, выткнула мокрыя расчырванелыя калені да прыемнага агню з печкі.

— Та-ак! — задаволена вымавіў Антон і падсеў бліжэй. — А цяпер перакусім. Во па кавалку хлеба і па дзве бульбіны. За памінак душы той бабусі, — пажартаваў ён і пераламаў надвая акрайчык.

На хвіліну прымоўкшы, яны ўзяліся есці хлеб з бульбай і хутка ўсё з’елі, нічога не пакінуўшы на заўтра. Вядома, яны не наеліся, але наракаць на голад не сталі, здабыць болей харчу тут усё роўна не было дзе. Належала трываць да заўтра.

Поделиться:
Популярные книги

Попаданка

Ахминеева Нина
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Попаданка

Мимик нового Мира 6

Северный Лис
5. Мимик!
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Мимик нового Мира 6

Кодекс Охотника. Книга XXVII

Винокуров Юрий
27. Кодекс Охотника
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XXVII

Разведчик. Заброшенный в 43-й

Корчевский Юрий Григорьевич
Героическая фантастика
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
альтернативная история
5.93
рейтинг книги
Разведчик. Заброшенный в 43-й

"Фантастика 2024-5". Компиляция. Книги 1-25

Лоскутов Александр Александрович
Фантастика 2024. Компиляция
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Фантастика 2024-5. Компиляция. Книги 1-25

Сила рода. Том 1 и Том 2

Вяч Павел
1. Претендент
Фантастика:
фэнтези
рпг
попаданцы
5.85
рейтинг книги
Сила рода. Том 1 и Том 2

Последняя Арена 5

Греков Сергей
5. Последняя Арена
Фантастика:
рпг
постапокалипсис
5.00
рейтинг книги
Последняя Арена 5

Обгоняя время

Иванов Дмитрий
13. Девяностые
Фантастика:
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Обгоняя время

Новый Рал

Северный Лис
1. Рал!
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.70
рейтинг книги
Новый Рал

Пушкарь. Пенталогия

Корчевский Юрий Григорьевич
Фантастика:
альтернативная история
8.11
рейтинг книги
Пушкарь. Пенталогия

Романов. Том 1 и Том 2

Кощеев Владимир
1. Романов
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
альтернативная история
5.25
рейтинг книги
Романов. Том 1 и Том 2

Кодекс Крови. Книга ХII

Борзых М.
12. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга ХII

Неверный

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
5.50
рейтинг книги
Неверный

Приручитель женщин-монстров. Том 8

Дорничев Дмитрий
8. Покемоны? Какие покемоны?
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Приручитель женщин-монстров. Том 8