Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9
Шрифт:
А яны: дык ці ж гэта мы пачалі? Гэта ж такі закон у Піцеры выйшаў — свабода! Расея гіне, трэба хапаць, пакуль іншыя не расхапалі! Пакуль свабода! І разрабавалі, і папалілі — і палац, і службы! А старога Красоўскага святар ледзьве ўратаваў ад п’яных!.. А вы кажаце — свабода! Паглядзіце, хто нас сюды папрыводзіў, хто страляць будзе. Хіба то не людзі з народа?
А тыя, што ў ЧК сядзяць, хіба не за народ? Хоць бы на словах.
— Во, менавіта на словах! — загарачыўся Шапялявы. — А па сутнасці — гэта шкурнікі! Прыстасаванцы
— Якая ідэя, такія і да яе прыстасаванцы! — упарта пярэчыў у куце Пажылы. — Калі ідэя дазваляе гэтак да яе прыстасоўвацца, значыць, дэфектная ідэя!
Шапялявы:
— Ну, пра ідэю так не кажыце! Ідэя роўнасці і брацтва — святая ідэя! З часоў Французскай рэвалюцыі!
— Святая, святая, — няпэўна кажа Пажылы. — Пад гэтую ідэю столькі ўжо крыві пралілося, а ў свеце таго брацтва ні на алтын не прыбавілася! І, мусіць, не прыбавіцца… Адно жаданне — адабраць і падзяліць, тая ж барацьба класаў і саслоўяў!
Шапялявы:
— Мэта нашай рэвалюцыі — з гэтым пакончыць! Раз і навек!
— Э, не, браценька! Як бы ні стала так, што рэвалюцыя — толькі пачатак! Працяг яшчэ будзе… — кажа Пажылы.
Шапялявы:
— Пачатак, можа, і не надта… Затое працяг павінны быць, што трэба!
— Які пачатак, такі і працяг… — адказвае яму Пажылы. Камандзір усё гэтак жа моўчкі слухае размову, але відаць, што думкі ў яго нейкія свае…
— А вы, афіцэр, скуль будзеце? — запытаўся Пажылы. — Ці са сталіц?
— Не, не са сталіц… З-пад Полацка…
— З фальваркоўцаў?
— З дваран, — падумаўшы, адказвае камандзір.
— Ну, дваране, і яны розныя бываюць, — зазначыў Блатняк. — Ёсць і нішто…
— Яны, можа, і нішто! — запярэчыў Шапялявы. — Але як клас — варожыя рэвалюцыі! Контра!
У куце заварушыўся Пажылы:
— Ну вось, вы ўсё вялікімі катэгорыямі: клас, народ! Гэта палітыкі ды царадворцы маюць у жыцці справу з класамі ды народамі, а мы, абывацелі, болей то з суседам, то з работнікам, то з гандляром. І кожны з іх, паасобку, не падобны да іншага. Як можна так абагульняць? Схаластыка!
— Не класавы ў вас падыход! — без злосці сказаў Шапялявы.
— Не класавы, праўда. Боскі!.. Усё ж Бог стварыў чалавека па сваім падабенстве. Гэта д’ябал падзяліў чалавецтва на класы, саслоўі, на паноў ды нявольнікаў! — кажа Пажылы.
— Каб зручней было ўпраўляць! Каб адно адным паганялі! — як заўжды з’едліва, сказаў Блатняк і папытаўся з выклікам: — Праўда, Маўчун?
— Можа, і праўда… — прагучала з цемры. Голас быў густы і ціхманы, падобна, крануты нутраным надломам спакутаванага чалавека.
Блатняк:
— А цябе завошта сюды, калі не сакрэт?
— За цара, — ціха адказаў Казак. Блатняк:
— Што ты — ягоная радня якая? Казак:
— Не, не радня… Ва ўправе служыў… Вартаўніком… А яны прыйшлі партрэт скідваць… Дык гэта… Я ўзяў тапор…
Блатняк:
— І пасек іх?
— Не-а… Аднаго толькі… Галоўнага…
— Да-а… — кажа Шапялявы. — Кепскія твае справы!
— Кепскія, ага, — паныла пагадзіўся Казак.
Начная цішыня ў сутарэнні зноў парушылася нейкімі невыразнымі галасамі ў тым канцы калідора, пачулася лаянка, падобна, некага білі… У камеры ўсе прыціхлі, услухваючыся са страхам…
Камандзір пасунуўся ад дзвярэй убок, дакранаецца да нагі Блатняка:
— Значыць, так. Расчыняць — і я кідаюся. За мной — вы! Адразу ж — астатнія!
— Тады трэба перасесці, — сказаў Блатняк. — Маўчун не пойдзе, дык ён каб у канцы. Хай перасядзе з вучыцелем.
Камандзір агледзеўся ў цемры:
— Правільна. Хай перасядуць!
Маўчун, глуха стогнучы, падняўся са свайго месца і палез у кут да Пажылога. Той таксама нешта мармыча сабе пад нос, мабыць, чымсьці незадаволены…
— Аднак, знясілелі мы, чорт пабяры! — сказаў Блатняк. — У мяне ўжо кішкі да хрыбта прысохлі ад голаду!
— Сволачы! — коратка рэзюмаваў Шапялявы.
Камандзір уважліва прыслухоўваецца… Рух у калідоры заглух…
У камеры ўсталявалася трывожная начная цішыня… Ужо нехта ў цемры пачаў пасопваць… Нехта нешта паціху мармыча сам сабе…
Камандзір, не ўстаючы, сцягвае з сябе шынель і кладзе яго пад сябе. Выбірае найболей зручную позу, каб адразу ўскочыць…
Дрымота між тым пачынае агортваць і яго… Але ён, страпянуўшыся, ціха гукае іншым:
— Не спаць!.. Нікому не спаць!..
І тады ў цемры трохі нехта варухнецца, і зноў усё сціхае… Камандзіра таксама цягне на сон, і трэба было немалое намаганне, каб адолець дрымоту. І тады ён зноў ціха гукаў:
— Не спаць!.. Нікому не спаць!..
І зноў у цемры варухнуцца цені… І зноў становіцца ціха… Камандзір усё ж задрамаў… І раптам аж скалыхнуўся ад нечаканага крыку, што раздаўся па той бок дзвярэй:
— Пад’ём! Падгатовіцца: прыём пішчы!.. Пад’ём!.. Прыём пішчы!..
У камеры разам спалохана заварушыліся…
…падскочыў і сеў побач Блатняк…
…санліва ўзняўся Шапялявы…
…прыўзняўся Пажылы…
…Казак у куце нават не варухнуўся…
У сцяне, насупраць Камандзіра, цьмяна азначылася невялічкае закрачанае акенца…
Сталі відаць плечы… галовы… шэрыя твары арыштантаў… Камандзір упершыню бачыць людзей, з якімі прабыў ноч… Крык у калідоры чуецца далей…
— Чуеце? Жраць дадуць!.. Чуеце? — збянтэжанасць на твары Блатняка імгненна змянілася бадай што дзіцячай радасцю.
Шапялявы з прагнай увагай імкнуўся злавіць гукі з калідора, і яго запалыя, аброслыя шчэццю шчокі ды разяўлены ад увагі рот, з выбітымі наперадзе зубамі, выдавалі слабасільнага, змардаванага жыццём чалавека…
Крыху далей, у рэдзенькім сяйве святла з акенца, блішчэла лысая галава старога настаўніка з зусім белым пушком — рэштаю валасоў над вушамі…