Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9
Шрифт:
Ягонае з’яўленне ў гэтай цеснай, падобнай на катух камеры, відаць, кагось зацікавіла:
— Адкуль будзеце? — зважліва папытаўся, мяркуючы па ціхманым голасе, немалады чалавек, што мясціўся недзе ў куце.
— З вакзала, — проста адказаў Камандзір.
— Го, з вакзала! — нядобразычліва адазваўся Блатняк. — На вакзале яны і бяруць!
— Чакаў цягніка… — працягвае Камандзір.
— Ну і дурань! Чакаць на вакзале… Ля семафора трэба чакаць і на хаду садзіцца. Цяпер так робяць.
— Наўрад
— Яны і з магілы паднімуць, — прашапялявіў недалёкі сусед. — Чэка!
— Чэка! Гэта табе не царская паліцыя, што спала на хаду, — сказаў Блатняк. У яго голасе разам з бояззю чулася стоеная павага да ЧК.
— Ну, не заўжды спала. Бывала, давала і яна дыхту. Асабліва на катарзе, — кажа Шапялявы.
— Хіба што на катарзе… — згаджаецца Блатняк.
— Такога яшчэ не было ў Расеі! — пакутна загаварыў у куце Пажылы. — Былі смутныя часы, бязладдзе. Але такога ачмурэння не было! Бедная, няшчасная Расея…
— Рэвалюцыя, што ж вы хочаце? — даволі бадзёра шапялявіць іншы. — Рэвалюцыя без ахвяр не бывае.
— Пайшла яна на хер, твая рэвалюцыя! — рэзка кінуў у адказ Блатняк. — Ад яе адзін сіфіліс, ад вашай рэвалюцыі!
Шапялявы:
— Не скажы! Калі ёю правільна распарадзіцца…
Блатняк:
— Хто, хто правільна распарадзіцца?.. Троцкі?.. Ленін?..
Шапялявы:
— Ат, што ты разумееш?..
У камеры наступае цішыня…
Камандзір, абапершыся плячамі да сцяны, моўчкі слухае гэту спрэчку, нарэшце пытаецца:
— Даўно вы тут?
— Як хто, — адказвае Пажылы ў куце. — Я чацвёрты дзень.
Ён во — два, іншыя — хто колькі.
— Тут доўга не трымаюць! — са значэннем сказаў Блатняк.
— Што — адпраўляюць? А куды? — пытаецца Камандзір.
— Гэ — куды? Вядома, куды!.. У Гунькін роў! — адказвае Блатняк.
— Толькі ж, мабыць, павінны хоць дапрасіць, вынесці нейкі прысуд, хай сабе і фармальны, — сказаў Камандзір.
— Які прысуд? Які прысуд? — гаворыць Шапялявы. — Цяпер могуць і без усякага прысуду, у імя рэвалюцыі!
Камандзір трохі памаўчаў… Потым кажа, як быццам сам сабе:
— Вось… прыехаў! А адсюль да маёй станцыі шэсцьдзясят вёрст…
Пасля нядоўгага маўчання са змроку зноў пачуўся ўпэўнены шапялявы голас:
— А што ж вы хацелі, грамадзяне? Пралетарыят абараняе сваю ўладу. А кожная ўлада павінна ўмець сябе абараніць!
— Яно, можа, і так, — не адразу, мякка пагадзіўся Пажылы ў куце. — Тое вядома з часоў Французскай рэвалюцыі. Толькі вы мне скажыце, чаму гэткая неадэкватная абарона? Напрыклад, я не выступаў супраць іхняй улады. Я нейтральны чалавек, абывацель.
— Вы не абывацель! — запярэчыў Шапялявы. — Вы прадстаўнік чужога варожага класа!
— Ну, добра, я — чужы клас! — памяркоўна сказаў Пажылы. — Вы ж, пэўна, не чужой клясы чалавек?
— Затое, я чужой партыі! — адказвае Шапялявы. Пажылы:
— Але ж таксама сацыялісты? Шапялявы:
— Сацыяліст-рэвалюцыянер! Заўважце розніцу! Пажылы:
— Невялікая, аднак, розніца, як я разумею. І тыя, і другія супраць манархіі.
Шапялявы:
— У тэарэтычным сэнсе так. Але ў тактычным — мы як неба і зямля! Мы, эсэры, нязгодны з бальшавікамі.
Пажылы ўсміхаецца:
— Даволі сумніцельна…
Камандзір некаторы час прыслухоўваецца да іх размовы, потым пытаецца:
— А за што вас, прабачце, сюды?
Шапялявы:
— А ні за што! Выйшла непаразуменне…
— Гэ, непаразуменне! — нервова заварушыўся ля ног Камандзіра Блатняк. — У іх непаразуменняў не бывае. Ім трэба як мага больш шлёпнуць!
— Шлёпнуць, гэта, канешне, — пагадзіўся Шапялявы. — Можа, толькі спярша пакормяць. Павінны ж яны карміць!
Блатняк:
— Не кормяць і не страляюць! Чакаюць, калі самі ногі выцягнем!
Шапялявы:
— Такога царскія сатрапы не дапускалі! Я катаргу прайшоў, ведаю.
— Не кормяць, значыць, трэба думаць, не зацікаўлены ў нашым жыцці! Усё надта лагічна, — уздыхнуў Пажылы.
— У іх там няпраўка выйшла — аўтамабіль сапсаваўся, — зазначыў Блатняк. — Як адрамантуюць, напэўна, адразу…
У Гунькін роў…
Тым часам недзе недалёка ў калідоры пачуліся галасы:
«Выходзь! Быстра, тваю маць!..» І брыдкая салдацкая лаянка… Падобна, там усчалася тузаніна ці нават бойка… Чуецца тупат шматлікіх ног… Нешта моцна выцяла ў сцяну — аж здрыгануліся прыхінутыя да дзвярэй плечы Камандзіра… Усе насцярожана прымоўклі, чакаюць…
Потым тупат і тузаніна сталі чуваць далей…
— Цяпер ці не наша чарга… — паныла сказаў Шапялявы.
Яму ніхто не адказаў, усе маўчаць…
Пасля маркотнае паўзы першы загаманіў Блатняк:
— А я, якраз перад тым… Ну, у ранку, як сцапалі, не даеў гуляш… — паведаміў ён, як пра нешта важнае. — Такі быў смачны гуляш!.. Вялікая талерка… А я не даеў, дурань!
— А я дык галадаў болей! Каб што не даесці, такога не памятаю… Асабліва хлеб… Найлепшы прысмак! — сказаў Шапялявы.
— Ды і сухар няблага! Калі з квартай кіпятню… Ахвіцэр, у цябе там сухарыка не завалялася? — павярнуўся да Камандзіра Блатняк.
Камандзір усміхнуўся:
— Не завалялася…
— Трэба было даваць дзёру, я ж казаў! — сцішана буркнуў Блатняк, звяртаючыся да іншых. — А то давядуць, што ног не пацягнеш!.. Калі да таго не стрэльнуць…
— Я не супраць, — адгукнуўся Шапялявы.
З кутка разважна азваўся Пажылы:
— Вы думаеце, гэта магчыма? Гэта ж вельмі рызыкоўна, мабыць…