Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9
Шрифт:
Друкуецца ўпершыню паводле машынапісу, які захоўваецца ў Архіве В. Быкава (Гродна).
Можа быць датавана 1972 г.
В. Быкаў ніколі публічна не прыгадваў той факт, што напісаў кінасцэнарый па аповесці «Сотнікаў», які быў створаны па просьбе кінарэжысёра І. Дабралюбава. Праца была пачата ў першай палове 1972 г., на гэта ўказвае ліст галоўнага рэдактара к/с «Беларусьфільм» М. Лужаніна ад 22 мая 1972 г.: «Посылаем договор на „Сотникова“. […] Просим сообщить время окончания работы. Желательно всячески ускорить сдачу сценария».
Сцэнарый падрыхтаваны не пазней ліпеня 1972 г., ва ўсялякім выпадку гэта вынікае з тэлеграмы І. Дабралюбава: «…экземпляр сценария взят сценарной коллегией студии находится мной Новополоцке Таран обещал сообщить мне срок заседания редколлегии „Сотникова“ необходимо запускать этом году […] Добролюбов». І тады ж, у ліпені, В. Быкаў атрымаў яшчэ адну тэлеграму
Між іншым заўважым, што І. Дабралюбаў хваляваўся, што нехта з рэжысёраў таксама звернецца да В. Быкава з аналагічнай прапановай — ён пісаў: «Чует сердце, что после появления целого каскада статей про тебя и про твое творчество к тебе полетят нарочные и предложения по сценариям. Верю, что „Сотникова“, кроме меня, делать никто не будет. Верю тебе и твоему слову. Какого авторитета и силы бы ни были кинематографические предложения». І ўжо значна пазней прыгадваў: «Давным-давно […] я прочел только что опубликованную в журнале повесть Василия Владимировича Быкова „Сотников“. Потрясенный, я тут же сел в свою машину и помчался в Гродно к Василию Владимировичу. Приехал, встретились друзья-товарищи.
— Хочу снимать, — говорю.
Я так волновался, что, как сказал Вася, у него на кухне „поставил мировой рекорд“ по количеству выпитого кофе. А он спокойно сказал:
— Ладно, напишу сценарий. Лично для тебя напишу.
И через некоторое время появляется оглушительный сценарий — „Сотников“.
Я с ним туда — меня оттуда, я сюда — меня туда. Водили здесь по всем кабинетам, вплоть до самого верха, в Москве — по Госкино, и кто-то такой ловкий, гадкий, мерзкий лейбл приклеил: мол, это сценарий не о Великой Отечественной войне, а „о гражданской войне в период Отечественной“. Вот так.
В общем, выгнали отовсюду, не дали снимать, не вышло у нас с Быковым ничего.
Вскоре звонит мне Вася и сообщает, что ленинградский драматург с московским режиссером будут делать картину по этой повести. Решение Госкино. Вот и все. Оторвали у меня кусок сердца и отдали в другие руки».
Заўважым таксама, што В. Быкавым былі падрыхтаваны, як мінімум, дзве рэдакцыі кінасцэнарыя — на гэта ўказваюць не толькі істотныя праўкі ў сцэнарыі, але і тэлеграма А. Асіпенкі, які, змяніўшы на пасадзе галоўнага рэдактара студыі М. Лужаніна, у сярэдзіне верасня запрашаў аўтара «Сотнікава» прыехаць на кінастудыю для «разговора о сценарии», а таксама наступны яго ліст: «Учитывая Вашу просьбу, киностудия „Беларусьфильм“ продлевает срок сдачи сценария „Сотников“ до 25 октября 1972 года». Ужо ў лістападзе А. Асіпенка паведамляў: «Ваш сценарий „Сотников“ направлен на утверждение в Главное управление художественной кинематографии 21 ноября 1972 г.». Такім чынам, другая рэдакцыя сцэнарыя напісана не пазней лістапада 1972 г.
Адзначым таксама, што пратаколы абмеркавання сцэнарыя В. Быкава не захаваліся. У Архіве В. Быкава (Гродна) зберагаецца толькі ліст І. Дабралюбава, з якога вынікае, што сцэнарый не выратавала нават умяшальніцтва сакратара ЦК КПБ А. Кузьміна:
«Вот уже несколько дней, как стало известно, что Госкино закрыло нашего „Сотникова“. Письма-заключения они еще не прислали, так что я не знаю и не могу тебе точно сообщить ту формулировку, которую пристегнули к сценарию. Да и в этом ли дело? Какая бы ни была формулировка, а сценария в производстве нет и картины не будет.
Насколько я огорчен, один бог знает.
Знаю, что к Ермашу ходил Александр Трифонович, но и из этого ничего не вышло. Видно, где-то в более высоких инстанциях произошли какие-то изменения. По отношению к сценарию».
Назва кінасцэнарыя, мяркуем, невыпадковая: вядома, што назва «Сотнікаў» дадзена аповесці ў рэдакцыі часопіса «Новый мир», аўтарская ж назва — «Ліквідацыя». Былі і іншыя варыянты, якія В. Быкаў пакінуў на апошнім аркушы аўтапераклада аповесці на расийскую мову, у тым ліку — «Две судьбы». Да таго ж, па словах А. Пяткевіча, пісьменнік гаварыў, што адна з папярэдніх назваў была «Двое ўначы»: «Я яшчэ сказаў Быкаву, — распавядаў А. Пяткевіч, — што гэта добрая назва, паколькі тут адзначана, што абодва — і Сотнікаў, і Рыбак — аднолькавыя» (між іншым, быў яшчэ адзін варыянт, па сутнасці, з той жа самай унутранай матывацыяй — «Рыбак і Сотнікаў»). Хоць, безумоўна, такая назва падаецца не зусім арыгінальнай, бо выклікае асацыяцыі з вядомай аповесцю рускага пісьменніка Э. Казакевіча «Двое в степи» (1948).
Экзэмпляр сцэнарыя захаваўся ў Архіве В. Быкава (Гродна) — 67 машынапісных і 2 рукапісныя старонкі са шматлікімі праўкамі, рукапіснымі і машынапіснымі ўклейкамі. На першай, машынапіснай старонцы пазначана імя аўтара, ніжэй назвы «Двое в ночи» — «Киносценарий по повести „Сотников“». На другой, уверсе, двойчы напісана сінімі чарніламі — «Двое в ночи», ніжэй ідуць перакрэсленыя чарнавая і затым чыставая рэдакцыі ўступу: «Это древняя, как мир, история…» і г. д. па тэксце.
Сцэнарый значна папраўлены В. Быкавым, аднак у першую чаргу звяртаюць на сябе ўвагу праўкі, на якія пісьменнік хутчэй за ўсё вымушаны быў пайсці, бо асобныя месцы ў сцэнарыі адзначаны алоўкам (вертыкальнай лініяй побач), і малаверагодна, што гэта зроблена В. Быкавым — магчыма, рэдактарам з кінастудыі, бо наўрад ці аўтар такім чынам самацэнзураваў свой твор; да таго ж практычна ўсе праўкі і ўстаўкі зроблены В. Быкавым сінім чарнілам двух адценняў, аловак жа для гэтай мэты ім практычна не выкарыстоўваўся. Падругое, сустракаюцца праўкі відавочна нелагічныя. Гэта тычыцца раптоўнага з’яўлення ў сцэнарыі вялікай колькасці немцаў, якія замяняюць перакрэсленых аўтарам паліцаяў (колькасць якіх, адпаведна, адразу памяншаецца), што падчас прыводзіць да нестыкоўкі асобных планаў сцэнарыя. Так, напрыклад, на двор да Дзёмчыхі, згодна з першай рэдакцыяй, прыходзяць тры паліцаі (10-ы раздзел), аднак В. Быкавым выпраўлена — «несколько немцев» і праз тры абзацы: «немцы уже вошли в сени». Паліцаі тут нават не згадваюцца, аднак размову «немцы» вядуць на рускай мове, і нават вядома імя аднаго з іх — Стась (праўда, далей у гэтым жа раздзеле В. Быкаў не выправіў «паліцаяў» на «немцаў»). Таксама паспешліва ўпісаны ў эпізод «гер Будила», пазнейшая характарыстыка якога («здешний палач. Это был буйволоподобный двухметрового роста детина с обезьяньей мордой и длинными руками») выкрэслена, відаць, з той прычыны, каб прама не ўказваць на «тутэйшасць» ката. Новыя персанажы-немцы з’явяцца і ў далейшым (напрыклад, падчас допыту Сотнікава Партновым у канцылярыю ўвойдзе шэф СД і паліцыі бяспекі), хоць іх няма ў аповесці і не было ў першай рэдакцыі сцэнарыя. Гэтае, падчас нічым неапраўданае, умяшальніцтва ў драматургічны твор было б цяжка матываваць, калі б ні прыведзенае вышэй сведчанне І. Дабралюбава:
«…кто-то такой ловкий, гадкий, мерзкий лейбл приклеил: мол, это сценарий не о Великой Отечественной войне, а „о гражданской войне в период Отечественной“».
Відаць, менавіта наяўнасць паліцаяў і ўказвала цэнзарам на матыў грамадзянскай вайны ў сцэнарыі. Трэба думаць, з-за гэтага аўтар і пачаў «пазбаўляцца» ад паліцаяў. Заўважым, што яшчэ падчас падрыхтоўкі аповесці да друку і ў прыватнасці пры яе абмеркаванні на рэдкалегіі часопіса «Полымя» 17 жніўня 1970 г. І. Пташнікаў закінуў аўтару «Сотнікава» папрок, быццам у творы «занадта многа нашых. Мала немцаў», а А. Вялюгін адзначыў, што «ў Б[ыкава] змаганне з 3[-яй] сілай як у грамадзянскую вайну — быў Камінскі, быў Гіль […]». Але ў той раз падобныя прэтэнзіі не мелі сур’ёзных наступстваў, хаця П. Кавалёў і І. Пташнікаў, абагульняючы заўвагі па аповесці, звярталіся да яе аўтара: «Хацелася, каб Вы абавязкова паказалі больш галоўных віноўнікаў усёй трагедыі — фашысцкіх захопнікаў, а не мясцовую паліцыю: вядома, што паліцаі былі толькі фашысцкімі паслугачамі і г. д.». І хаця В. Быкаў побач з гэтым пунктам пазначыў алоўкам «болей немцаў», аднак колькасць немцаў ён павялічыў толькі ў сцэнарыі.
Што тычыцца заўваг кінацэнзараў, дык не выключана, што менавіта яны прымусілі пісьменніка пазбавіцца і ад аднаго з эпізадычных персанажаў: паліцая па прозвішчу Тарасюк (замест яго паўсюль упісаны паліцай Стась). Справа ў тым, што ў сцэнарыі (таксама як і ў аповесці) ёсць ужо адзін адмоўны персанаж з украінскім прозвішчам — усё той жа Стась Гаманюк. Пасля публікацыі ў 1966 г. у «Новом мире» аповесці «Мёртвым не баліць» В. Быкаву працяглы час ставілі ў віну «пространные намеки с попыткой противопоставить украинцев белорусам, утверждение, будто бы все украинцы чуть ли не с раскрытыми объятиями встречали гитлеровцев». І таму, па сведчанні былога прадстаўніка Галоўліта СССР У. Соладзіна (у 1961–1991 гг. узначальваў аддзел па кантролю грамадска-палітычнай і мастацкай літаратуры), «у прозе Васіля Быкава асабліва адсочваліся суадносіны „станоўчых“ і „адмоўных“ герояў па нацыянальных прыкметах: колькі і якіх рускіх, беларусаў, украінцаў». У. Соладзін прызнаваўся: «По „сигналу“, поступившему из украинского Лита, ЦК посадил наш Главлит „на подсчет украинских фамилий в повестях Василя Быкова. И что вы думаете, — сидели, считали!..“». І калі ў аповесці «Сотнікаў» галоўлітаўскія цэнзары ці не даглядзелі, ці проста пакінулі без ўвагі ўкраінскія прозвішчы адмоўных персанажаў, дык у кінасцэнарыі цэнзура, відаць, праявіла большую пільнасць: Тарасюк аўтарам быў выкраслены.