Порт у тумане (на белорусском языке)
Шрифт:
Мэгрэ нiбыта мiж iншым увайшоў у канторку старога. Гэта быў сцiплы пакой, адчувалася, што наведнiкаў тут не бывае. Затое стол быў завалены папкамi. Сярод iх ляжалi загорнутыя ў паперу бутэрброды. На спiртоўцы дымiўся маленькi кафейнiк.
– Вы тут i абедаеце, пан... Вось табе i на, забыў раптам ваша iмя...
– Бернардэн... Але ўсе завуць мяне "дзядзька Бернар"... Я жыву адзiн, так што i на абед дамоў хадзiць няма чаго... Вось... А пан Эрнэст запрасiў вас з нагоды дробнага крадзяжу на тым тыднi?.. Трэба было яму
– Мы пра гэта яшчэ пагаворым... Прашу вас, не звяртайце на мяне ўвагi, абедайце... Словам, вы былi даверанай асобай спачатку пана Шарля, а потым ужо яго сына, пана Эрнэста...
– Спачатку я быў касiрам... Тады ў iх яшчэ не было галоўнага касiра... Можна нават сказаць, што гэтую пасаду ўвялi спецыяльна для мяне...
– Пан Эрнэст адзiны сын у пана Шарля?
– Але, адзiны. Была яшчэ дачка, якая выйшла замуж за прамыслоўца з Лiля, але яна памерла пры родах разам з дзiцёнкам...
– А пан Раймон?
Стары здзiўлена ўскiнуў галаву.
– Як? Пан Эрнэст казаў вам?..
"Дзядзька Бернар" адразу ж насцярожыўся.
– Ён не належаў да гэтай сям'i?
– Стрыечны брат. Таксама Гранмэзон... Только спадчыны ён не атрымаў... Яго бацька памёр недзе ў калонiях... Такое ж часта здараецца ва ўсiх сем'ях, праўда?..
– Ва ўсiх сем'ях!
– пацвердзiў не маргнуўшы вокам Мэгрэ.
– Бацька пана Эрнэста ўсё роўна як усынавiў яго... Карацей кажучы, знайшоў тут яму месца...
Мэгрэ патрабавалiся факты больш дакладныя, i ён перастаў хiтраваць.
– Хвiлiнку, пан Бернар! Дазвольце, я збяруся з думкамi... Заснавальнiк "Ангельска-Нармандскай кампанii" - пан Шарль Гранмэзон, так?.. У пана Шарля Гранмэзона - адзiны сын, пан Эрнэст, сённяшнi дырэктар кампанii...
– Але...
Стары зноў разгубiўся. Яго бянтэжыў такi дапытлiвы тон.
– Так! У пана Шарля быў брат, якi памёр у калонiях, таксама пакiнуўшы адзiнага сына - Раймона Гранмэзона.
– Але... Я не...
– Чакайце! Ды ешце, прашу вас. Пана Раймона, сiрату без грошай, прымаюць у дом дзядзькi, даюць месца ў кампанii. Якое?
– Гм, - запнуўся стары.
– Яго назначылi ў аддзел фрахтавання нейкiм начальнiкам.
– Так! Пан Шарль памiрае i пакiдае спадчыну пану Эрнэсту. Пан Раймон усё яшчэ тут.
– Але.
– I раптам яны сварацца. Хвiлiнку! У момант сваркi пан Эрнэст быў жанаты?
– Не ведаю, цi магу я...
– Я раiў бы вам гаварыць, калi вы не хочаце мець на старасцi гадоў непрыемнасцi з правасуддзем.
– Правасуддзем? Пан Раймон вярнуўся?
– Няважна. Пан Эрнэст быў ужо жанаты?
– Не. Яшчэ не быў.
– Так! Пан Эрнэст - дырэктар кампанii. Яго стрыечны брат - начальнiк
– Я не думаю, што маю права...
– Я даю вам гэтае права.
– Такое бывае ва ўсякiх сем'ях... Пан Эрнэст быў чалавек сур'ёзны, як яго бацька... Нават у тым узросце, калi яшчэ робяць звычайна глупствы, ён быў такi, як цяпер...
– А пан Раймон?
– Поўная процiлегласць!
– Ну i?..
– Пра гэта ведаю толькi я i сам пан Эрнэст... Былi выяўлены парушэннi ў справаздачнасцi... Сур'ёзныя парушэннi...
– I?..
– Пан Раймон знiк... Iнакш кажучы, замест таго каб аддаць яго ў рукi правасуддзя, пан Эрнэст папрасiў яго выехаць за мяжу...
– У Нарвегiю?
– Не ведаю... Я пра яго больш нiчога не чуў...
– Пан Эрнэст ажанiўся неўзабаве пасля таго?
– Але... Прайшло колькi месяцаў...
Уздоўж сцен цягнулiся палiцы з папкамi непрыемнага зялёнага колеру. Стары клерк еў без усялякага апетыту. Ён быў устрывожаны i злаваўся на сябе, што мiжволi столькi ўжо расказаў.
– Калi гэта здарылася?
– Чакайце... Гэта было ў той год, калi пашыралi канал... Пятнаццаць гадоў таму... Не, крыху меней...
Ужо некалькi хвiлiн над галавою чулiся чыесьцi крокi.
– Гэта ў сталовай?
– спытаў Мэгрэ.
– Але...
Раптам крокi сталi больш частыя, пачуўся глухi ўдар, гук цела, якое падала на падлогу.
"Дзядзька Бернар" збялеў, як папера, у якую былi загорнуты яго бутэрброды.
ХIII. ДОМ НАСУПРАЦЬ
Мэр быў мёртвы. Ён ляжаў на дыване. Яго цела здавалася велiзарным: галава - каля ножак стала, ногi - каля акна. Крывi амаль не было. Куля прайшла памiж рэбраў акурат у сэрца.
За некалькi сантыметраў ад Гранмэзона ляжаў рэвальвер, якi выпаў з яго рук.
Панi Гранмэзон не плакала. Яна стаяла, абапiраючыся на масiўны камiн, i глядзела на нябожчыка, быццам не разумела яшчэ, што здарылася.
– Усё!
– сказаў Мэгрэ, выпростваючыся.
Пакой был вялiкi i сцiпла абсталяваны. Праз цёмныя шторы на вокнах прабiвалася шызаватае святло.
– Ён гаварыў з вамi?
Яна адмоўна пакруцiла галавою. Пасля з цяжкасцю прашаптала:
– Калi мы вярнулiся, ён усё хадзiў узад i ўперад... Два-тры разы павярнуўся да мяне, i я падумала, што ён збiраецца нешта мне сказаць... А потым раптам стрэлiў, але я нават не бачыла рэвальвера...
Яна гаварыла так, як гавораць вельмi ўсхваляваныя жанчыны, калi iм цяжка сачыць за ходам сваiх думак. Але вочы ў яе заставалiся сухiя.
Было вiдаць, што яна нiколi не кахала Гранмэзона, ва ўсякiм разе сапраўднага кахання памiж iмi не было.
Яна была яго жонкаю i выконвала свой абавязак. Прывычка, сумеснае жыццё ў нейкай меры зблiзiлi iх.
Але нясцерпнага гора, якое звычайна ахапляе людзей у момант смерцi па-сапраўднаму блiзкага чалавека, яна перад целам мёртвага мужа не адчувала.