Порт у тумане (на белорусском языке)
Шрифт:
I як толькi ён высунуўся з люка, двое наверсе заткнулi яму рот, а Ланэк i Луi звязалi рукi i ногi.
Цяпер шхуна, пэўна, далёка ад зоны тэрытарыяльных водаў, якую аддзяляюць ад берага толькi тры мiлi. Калi толькi яны не зойдуць у якiсьцi французскi порт, што малаверагодна, затрымаць iх будзе ўжо немагчыма.
Мэгрэ не варушыўся, бо пры кожным руху пад палiто цякла вада.
Прыцiснуўшы вуха да зямлi, ён чуў розныя гукi, пазнаваў iх адзiн за адным. Так ён пазнаў шум помпы ў Жарысавым
Значыць, Жулi ўстала. Надзела сабо i пайшла пампаваць ваду, каб памыцца. Але ўсё роўна дзяўчына нiкуды не пойдзе з дому.
Крокi... Нейкi чалавек перайшоў мост i ступiў на мураваны пiрс... Iшоў ён павольна... Кiнуў нешта ў лодку, мусiць, звязку вяровак...
Рыбак?.. Мэгрэ з цяжкасцю павярнуў галаву i ўбачыў яго метраў за дваццаць ад сябе. Чалавек збiраўся спусцiцца па жалезнай лесвiцы, што вяла ў мора. Нягледзячы на кляп, камiсару ўдалося цiха прастагнаць.
Рыбак азiрнуўся, убачыў чорную груду, доўга i недаверлiва пазiраў на яе, нарэшце рашыўся падысцi.
– Што вы тут робiце?
Ён, вiдавочна, чуў пра меры засцярогi, неабходныя пры выяўленнi злачынства, бо памяркоўна сказаў:
– Мусiць, трэба спачатку пашукаць палiцыю.
Але кляп усё ж такi выняў. Камiсар пачаў тлумачыць, што з iм здарылася, i рыбак не надта ўпэўнена стаў развязваць вяроўкi, лаючы таго, хто завязаў такiя мудрагелiстыя вузлы.
У шынку служанка расчынiла аканiцы. Мора па-ранейшаму было неспакойнае, хоць вецер i сцiх. Але яно ўжо не шумела так раз'юшана, як ноччу. Хвалi з адкрытага мора дасягалi на пясчаных водмелях трох метраў вышынi i разбiвалiся з глухiм грукатам - стваралася ўражанне, што трасецца зямля.
Рыбак, невысокi, зарослы барадою стары, усё яшчэ глядзеў на Мэгрэ з недаверам, не ведаючы, што рабiць.
– Трэба было б усё ж паведамiць пра вас у палiцыю.
– Ды кажу ж вам, што я сам палiцыя - толькi ў цывiльным!
– Жандар у цывiльным?
– перапытаў стары.
Яго позiрк слiзнуў па паверхнi мора, прабег па лiнii гарызонта i спынiўся раптам на нейкай кропцы справа ад пiрса, у кiрунку Гаўра. Праз якую хвiлiнку стары перавёў спалоханыя вочы на Мэгрэ.
– Ну, што там такое?
Рыбак быў такi ўсхваляваны, што не адказваў. Камiсар усё зразумеў, як толькi глянуў на небакрай.
Вiстрэамская бухта абязводнела. На адлегласцi больш чым мiлi скрозь вiднеўся пясок, колеру спелага жыта, i толькi недзе ўдалечынi бушавалi яшчэ белыя ад шуму хвалi.
Справа ад пiрса, прыкладна з кiламетр, сядзела на мелi нейкае судна. Адна яго палова ляжала на пяску, другая заставалася ў вадзе. Хвалi з сiлаю разбiвалiся аб яго корпус.
Дзве мачты, адна з якiх - квадратная. Шхуна з Пэнполя. Вiдаць, "Сэн-Мiшэль".
У тым баку ўсё было мярцвяна-бледнага колеру: мора i
У гэтай шэранi вылучалася чорнаю кропкаю судна, якое села на мель.
– Надта позна выйшлi ў мора пасля прылiву, - заўважыў уражаны вiдовiшчам рыбак.
– Такое часта бывае?
– Здараецца! Вада ў праходзе стаяла нiзка. Вось iх i выкiнула цячэннем ракi на водмелi "Чорных кароў"...
Наўкол - панурая цiшыня. У iмжыстым дажджы паветра здавалася ватным. Гледзячы на судна, якое выступала з вады, цяжка было ўявiць, што яго экiпажу пагражала якаясьцi небяспека.
Але калi яно села на мель, мора яшчэ даставала да дзюнаў. Не менш дзесяцi радоў раз'юшаных хваляў!
– Трэба папярэдзiць начальнiка порта...
Дробная дэталь: рыбак машынальна павярнуўся да Жарысавага дома, пасля паволi вымавiў:
– Праўда што...
I пайшоў у другi бок. Шхуну, мабыць, прыкмецiлi з iншага месца, хутчэй за ўсё з царкоўнага цвiнтара, бо да iх наблiжалiся капiтан Дэлькур i яшчэ трое. Начальнiк порта пацiснуў камiсару руку, не прыкмецiўшы нават, што той прамок да нiткi.
– Я ж iм казаў!
– Яны папярэдзiлi, што выходзяць?
– Не. Але калi я ўбачыў, як яны тут швартуюцца, дык падумаў, што яны не будуць чакаць прылiву. Ну, i параiў Ланэку сцерагчыся цячэння...
Iшлi па пяску, па лужынах, ногi загразалi па шчыкалаткi. Дабралiся з цяжкасцю, страцiўшы шмат часу.
– Гэта iм небяспечна?
– спытаўся Мэгрэ.
– Iх ужо няма на борце! Iнакш яны падавалi б сiгналы трывогi, узнялi б флаг бедства, - адказаў Дэлькур.
I раптам заклапочана дадаў:
– Вось толькi шлюпкi ў iх не было... Памятаеце?.. Калi параход прывёў шлюпку, яе паставiлi ў шлюз...
– Ну i што вы думаеце?
– Значыць, дабралiся да берага плывам... Цi хутчэй за ўсё...
Дэлькур адчуваў сябе нiякавата. Яго нешта трывожыла.
– Дзiўна, што яны не паставiлi шхуну на падпоры, каб яна не легла на борт... Калi толькi адразу не перавярнулася... Ну i ну!..
Падышлi блiжэй. Камiсар канчаткова зразумеў, у якой бядзе апынулася судна. Бачны быў зялёны кiль, да якога прылiплi ракаўкi.
Маракi ўжо разглядвалi шхуну з усiх бакоў, шукалi пашкоджаннi, але нiчога не знаходзiлi.
– Проста селi на мель...
– Нiчога сур'ёзнага?
– З блiжэйшым прылiвам буксiр выцягне - не сумняваюся... Не разумею толькi...
– Чаго вы не разумееце?
– Чаму яны пакiнулi судна... Хлопцы не з баязлiвых... Дый ведаюць, што шхуна многае можа вытрымаць... Вы паглядзiце толькi, што гэта за судна!.. Гэй, Жан-Бацiст!.. Схадзi пашукай лесвiцу...
Без лесвiцы немагчыма было залезцi на шасцiметровы борт нахiленай шхуны.