Чтение онлайн

на главную

Жанры

Пошукі будучыні

Чорны Кузьма

Шрифт:

— Хто можа біцца?! Хто хоча зброю?!

А пасля Тамаш сказаў усё невядомым Лізе людзям:

— Кіруйцеся вы на гэты маёнтак, дзе немец, забірайце ўсе коні і вазы і назад сюды! Тут многа хворых.

У гэты момант толькі яшчэ заружавела неба на ўсходзе. Калі ж узышло сонца і паднялося так, што цень ад хвоі быў толькі напалову даўжэйшы за яе, людзі ціха пачалі выходзіць адусюль з поля і збірацца ў адным месцы за старым паркам. Нямецкі салдат ляжаў там у дрэвах з прабітымі штыхом грудзьмі. Густаў Шрэдэр старэйшы чакаў у гэты дзень прыезду свайго сына. Ён хадзіў навокал дома. Калі грунуў першы залп з вінтовак і закрычаў каманду сваім падначаленым старшы паліцай, Шрэдэр выйшаў за глухую сцяну дома і ўбачыў многа людзей паміж стайнямі і свірнам. Душа яго заныла, і ён пачаў беспарадна азірацца. Як і кожны дзень, у Гертруды быў дрэнны настрой. У незашнураваных чаравіках яна хадзіла па пакоі і падлічвала, праз колькі гадзін можа прыехаць яе сын. Ёй здалося падазроным, што па малым дворыку перад домам нешта занадта часта прабягаюць людзі. Залп з вінтовак яе ўстрывожыў не больш як і заўсёды: салдаты і паліцаі тут часта практыкаваліся ў стральбе. Яна зазірнула ў памежны пакой, дзе павінна была быць служанка, тутэйшая жанчына, ціхая і працавітая, якая ўсё тужыла аб сваім мужу, які мабілізаваўся ў армію ў першыя дні вайны. Яна збіралася прасаваць і ладзіла ля акна прасавальную дошку. Гертруда сумна на яе глянула і, цераз дзесятае ў пятае трапляючы на пакалечаныя расейскія словы, папрасіла жанчыну пайсці даведацца, чаго па двары ходзяць людзі. Жанчына нічога не зразумела, але выйшла сама, з свайго жадання. Гертруда асталася чакаць адна ў пакоі. Раптам у дзвярах паказалася служанка. На злёгку васпаватым твары яе было штосьці падобнае да ўсмешкі.

— Партызаны! —

крыкнула жанчына, ідучы далей у пакой.

Гертруда закруцілася па пакоі, не могучы нават падаць голасу. Жанчына хапіла прасавальную дошку і дала ею Гертрудзе ў плечы. Гертруда пабегла ў дзверы, чуючы за сабою рогат жанчыны. Збягаючы з ганка, яна пагубіла з ног незашнураваныя чаравікі і босая, колючы з непрывычкі ногі і абдзіраючы іх, выбегла за дом і ўбачыла там салдата на зямлі з доўгім і тонкім нажом у жываце. Тронак ад нажа высока тырчэў над мёртвым салдатам.

— Густаў! — закрычала Гертруда і адна пабегла ў поле дарожкаю паўз сад. Многа галасоў чула яна за садам. Там ужо людзі запрагалі ў вазы коні. Густаў дагнаў Гертруду ў чыстым полі, у вельмі нізкай лагчыне, падобнай на яму. Высока па яе краях рос крушыннік, зрэдку было яшчэ на ім жоўтае лісце. Гертруда плакала і малілася. Густаў моцна трымаў яе пад плячо. Ступені яе ног былі ўжо спрэс у крыві. Доўга ўзыходзілі яны на край лагчыны, з кожным крокам усё аддаляючыся ад жудаснага для іх месца на заваяванай зямлі. Так дайшлі яны да вузкай грады лазы і ядлоўцу. Да гэтага моманту ў іх ужо і заваду не было пачуцця страху. Іх толькі прыгнечвала адчуванне гібелі. Была прага, каб адбыўся цуд і каб перад імі з’явіўся іх сын, у якога яны верылі. Яны не ведалі і не хацелі ведаць, што ў гэты дзень рабілася ў маёнтку, уладанне якім ператварылася так хутка ў горкі здзек над іх марай пакінуць быць арандатарамі. У гэты дзень людзі выгналі з маёнтка жывёлу і вывезлі запас хлеба і садавіны. Вялікі абоз на маёнткавых конях выехаў адтуль у той час, калі Гертруда і яе Густаў сядзелі ў лазе і аддыхваліся. Абоз даехаў да Перабродскага лагера і там доўга не затрымаўся. Пасля таго, калі на фурманкі паклалі і пасадзілі хворых, абоз рушыў на вялікі шлях, і ўсе, хто быў тут, пайшлі следам. Нават хто і жыў паблізу Перабродскага лагера, пакідалі свае хаты і таксама пайшлі следам за тымі і разам з імі, хто прыйшоў сюды ратаваць забраных у лагер. Увесь гаты людскі рух прайшоў скрозь па вялікім грунтавым шляху цераз малое скрыжаванне і далей паўз скалечаны танк, дзе людзі закрывалі далонямі раты і насы: там патыхала трупным духам. Людскі рух мінуў вялікую бярозу і кіраваўся далей у бок Вялікага скрыжавання.

Гертруда і Густаў у той самай лазе дабылі да ночы, і, як сцямнела, імі апанаваў адчай. Якое было шчасце, што ў тую страшную раніцу Густаў спацыраваў са скручаным парасонам у руках! Парасон так і астаўся ў яго. Ён зняў з сябе пінжак і камізэльку і надзеў усё гэта на Гертруду. Ён быў вінават перад ею. А яна ўзводзіла яго віну ў найвышэйшы стан. Яна вечна сцвярджала, што ён вінават перад усей Германіяй. Ён распусціў парасон, і, прытуліўшыся адзін да аднаго, яны ўсю ноч прастаялі пад парасонам, і гэта была ілюзія, што яны не зусім у чыстым полі. На мокрай і прымерзлай зямлі яны сядзець не маглі. Нервовае ўзбуджэнне было ў іх такое вялікае, што ні ў яго, і тым больш ні ў яе, за ўсю ноч нават не прыжмурыліся вочы. З першым дзённым святлом, калі яно яшчэ толькі пачало цадзіцца, яны рушылі далей. Куды? Абы далей ад гэтага месца. Абы далей! А збавенне будзе. Бо тут жа заваяваная зямля, тут жа нямецкае войска і ўлада, і іх сын! Раптам — ці гэта было сапраўды, ці можа толькі галюцынацыя, але адзінокі вінтовачны стрэл прагучаў вельмі выразна. Гертруда крыкнула: «Густаў!» Густаў шпарчэй пацягнуў яе. Узбуджанне іх расло больш. Ужо яны не заўважалі, ці гэта дзень, ці гэта ноч. Далей ад гэтага месца! Бліжэй да ратунку, які сам падбае пра іх. Не ногі, а нервы вялі іх нейкаю палявою дарогаю. Не еўшы, не спаўшы, нават не сядзеўшы нідзе, яны сцішылі хаду толькі тады, калі прыйшоў час адчуць ім адзеравянеласць ног. Тады яны пайшлі быццам спацырам. І тут скончылася іх надзея на ратунак. Дзьмуў у полі вецер, поблізу гаманіў лес, Гертруда пакідала крывавы след ад сваіх ног. Шырокі свет з сонцам, з ветрам, з пахам дажджоў і зіхаценнем дзён стаў цесным склепам. Не толькі гадзін, а нават і дзён яны ўжо не маглі лічыць. І невядома, ці гэта змяркалася, ці гэта світала, калі штосьці ў полі зачарнелася перад імі. Усё роўна што гэта, абы толькі што-небудзь каб было наперадзе! Не сыходзячы з дарогі, яны праз колькі гадзін дацягліся да чагосьці маўклівага і нерухомага. Гэта быў «сухі дзюб». Вялікі камень мог здавацца ўвасабленнем магільнага маўчання. У адным месцы пад ім, дзе адна старана яго навісала як бы столлю, зямля была сухая, чысты белы пясок і ні саломіны, ні травіны на ім. Раптоўная радасць цюкнула Густава, як бы гэты сухі пясок быў знойдзеным сэнсам светабудовы. Ён хацеў зняць з сябе якую-небудзь адзежыну, каб разаслаць на пяску і пакласці Гертруду. Але ён быў толькі ў адной, упушчанай у нагавіцы, кашулі і з чорным гальштукам на шыі. Гертруда лягла на голы пясок і адразу заплюшчыла вочы. Побач яе пад каменнай навіссю лёг і Густаў. Вецер шастаў незазябленым іржышчам і абвакольваў гулам камень. Раптам Гертруда расплюшчыла вочы. Яна штурханула яго локцем, быццам бы правяраючы, ці тут ён. І тады ён пачуў яе голас, упершыню пасля выгнання з маёнтка. Раз-поразу аблізваючы сухія губы, ледзьве адцягваючы голас, яна гаварыла, і гэты слабы голас гучэў яму, як гнеў помслівага лёсу:

— Ты раскрыў быў сваю душу перад чужаземцамі. У цябе перад імі нарадзіліся добрыя пачуцці, і ты не астаўся халодны, а пайшоў на сардэчнасць перад тымі, у каго нават далёкія продкі не мелі і заваду германства. Гэта лёс Германіі за цябе расплачваецца з намі! Гэта ты згубіў мяне! — Яна ледзь не задушылася апошнімі словамі. Памаўчала і зноў пачала, але павальней і цішэй: — Я ўміраю, а з таго, што ты аддаў быў немаведама каму, яны, тыя, шчасліва пражылі дзесяткі год… Божая рука ў нашай гібелі…

Апошнія яе словы ён ужо ледзьве разабраў і з жахам усхапіўся. Яна маўчала і адно бесперастанна варушыла губамі і з кожным момантам павальней. Акамянелы, аслупянелы, анямелы, ён стаяў над ею, аж пакуль думка, што яна ўжо мёртвая, не з’явілася ў яго. Гэтая думка не страсянула яго, так многа ён перажыў ужо. Ён нагнуўся і дакрануўся яе твару. Гертруда ўжо сканала. Ён распусціў парасон і паставіў яго над яе тварам. Але тут ён падумаў, што парасон здалёку могуць заўважыць і згарнуў парасон. І зноў (сапраўды ці галюцынацыя?) вінтовачны стрэл здалёку. Ён падняў галаву. Пачыналася новая квадра яго пошукаў ратунку: без Гертруды. Ён пачаў азірацца, а пасля цвёрдая думка, што сляза мёртвага не падніме, выразна пачала авалодваць ім. Ён выцягнуў з-пад Гертруды свой пінжак, адзеўся ў яго, паглядзеў на Гертрудзіны ногі і неўзабаве рушыў па той самай дарозе. Праз колькі кіламетраў ён азірнуўся і больш як хвіліну глядзеў, як чарнеецца ўдалечыні «сухі дзюб». Пінжак абагрэў яго, і звечара ён нават падрамаў у полі на пакіненым пярэбірку гнілой грэчкі. Але хутка ён пайшоў далей, ратуючыся ад холаду. Досвіткам ён дайшоў да поля, дзе стаялі мэндлікі нязвезенага жыта. Ён ушыўся ў снапы і пачаў церці счарнелыя пад дажджамі каласы. Ён наеўся гнілога зерня і зноў рушыў у дарогу. Ні надзеі, ні якіх бы там планаў у яго яшчэ не было, але ён ужо ачомаўся пасля першага дня выгнання і Гертрудзінай смерці. Так перайшоў ён малое скрыжаванне і ўвайшоў у лес. І сам ён не ведаў, колькі дзён ён ужо вандруе. Можа было ўжо больш за тыдзень, а можа паўмесяца — ён не мог бы сказаць. І так дайшоў ён да скалечанага Ракуцькавай Лізаветай танка. Голад з’ядаў яго. Чырвоныя вочы яго часта міргалі, і твар уздрыгваў. Ён так прывык ужо не заўважаць, на чым ён ляжыць, што есць і што нюхае, што адразу не ўзяў на ўвагу трупнага духу, які панаваў у гэтым кутку лесу. І самога танка ён спачатку не заўважыў. Пінжак на ім быў ужо расшастаны на шматкі, і абутак злазіў з ног. Калі дзе траплялася, ён выграбаў рукамі з зямлі бульбу і еў яе сырую. Скура каля пазногцяў на яго пальцах паздзіралася, пазакасвалася і крывавілася. Барада і вусы выраслі пукамі, і вочы пачалі западаць. Раптам яго ўвагу ўзяла на сябе чорная птушка. Гэта быў груган. Ён сядзеў на дрэве, на вытырклай сухой галіне і пільна ўглядаўся ўніз. Здавалася, што птушка гэта ёсць увасабленне самай найвялікшай на свеце ўвагі. Густаў інстынктыўна спусціў свой позірк з птушкі ўніз, куды яна ўглядалася і чаго, здаецца, пабойвалася. І сапраўды, мусіць зроду не бачыла яна такога мерцвяка. Гэта было нейкае страшыдла, нахіленае набок, але пахла яно па-сапраўднаму, па-мярцвяцкаму. Густаў падышоў да танка і адчуў на сабе раўнівы позірк агіднай птушкі. Ён падняў твар, і позіркі іх спаткаліся. Густаў махнуў рукамі, але птушка нават і не зварухнулася. Тады Густаў, перамагаючы ў сабе страх, палез у танк і, нічога спачатку там не

разабраўшы, пачаў абмацваць па кутках рукамі. Божа! Галеты! Цэлы нячэпаны пачак! І другі! І тут ён адчуў, што можа задыхнуцца ад трупнага духу. Ён прыціснуў галеты пад паху і пачаў вылазіць з танка, шмаргануўся каленам аб жалеза і ўпаў тварам на смярдзючыя грудзі мёртвага танкіста. Ахоплены жахам, ён выскачыў з танка і на ўсе жылы даў ходу. Трупны дух ужо ішоў з яго ўласнай барады, носа і рук і мучыў яго. Ідучы, ён абціраўся то тыльным бокам рукі, то рукавом. А гадзін праз дзве пачаў жаваць галеты. І ўсё яму здавалася, што на ім ляжыць урачысты позірк гругана. На другі дзень усё яшчэ цягнуўся лес. А ён усё ішоў. Некуды ж прывядзе гэтая дарога, тым больш што ішла яна як бы ў супроцьлеглы бок ад усходу. Ён заўважыў гэта аднойчы раніцаю. Перад самым выхадам шляху з лесу, ён пачуў нейкі роўны скрып. Трывожна ён азірнуўся і ўбачыў: галіна аднаго дрэва на самай дарозе адцягнулася ўніз, надламалася пры ствале, пагойдваецца і паскрыпвае. На дрэве вісеў чалавек, у ботах, у тутэйшай адзежы і з дошкаю на шыі, на якой было напісана: «Я партызан». Павешан ён быў крукам пад сківіцу, і шыя і плячо яго былі ў крыві, ужо закарэлай. У гэты момант у Густава і з’явілася думка, якая ажывіла яго і ратавала ў далейшым яго падарожжы. Ён аж затрапятаўся, так натхніў яго ўбачаны ім малюнак. Значыцца, тут жыве германская ўлада! Тут ратунак і тут смерць тым, што ператварылі ў здзек над ім яго ж мару. Тут, можа, і сын яго дзе. Але каб вытрымаць, каб перахавацца, каб не трапіць ім у рукі! Ён пацягнуў, як толькі мог, павешанага чалавека за ногі. Галіна адламалася, і труп упаў на зямлю. Добрага паўдня прайшло, пакуль Шрэдэр зняў з трупа боты і ўсю адзежу і пераадзеўся ў яе сам. Цяпер ён быў крыху падобен да якога-небудзь тутэйшага няшчаснага, які вылузаўся з якой-небудзь бяды і цягнецца ў свой бок. Ён паддаў ходу як толькі маглі вытрымаць яго аслабелыя ногі. Ён ішоў дзень за днём, і дзіўная рэч, нідзе ён не напаткаў ніводнай нямецкай машыны і ніводнага нямецкага салдата. Неспакой усё большы выростаў у ім. І ніводнай нідзе жывой душы. Кожны дзень ён сачыў за ўсходам і заходам сонца — ці не кіруецца хаця ён у супроцьлеглы ад захаду бок? Раз на дарозе ён спаткаўся з жанчынай і запытаўся, ці далёка да Баранавіч.

— А ты хто? — адказала яму запытаннем жанчына, чуючы яго ламаную мову. — Ты можа чэх?

— А тут ёсць чэхі? — хітра запытаў ён.

— Немцы везлі кудысьці чэхаў, дык яны ўзбунтаваліся, паўцякалі і бадзяюцца па дарогах, — сказала наіўная старая.

— Я чэх, — адказаў Шрэдэр.

— Дык на Баранавічы ідзі проста шляхам да скрыжавання, а там па шашы.

Цяпер ён пачаў ісці начамі, а днём сядзеў дзе-небудзь у зацішку. Ужо зямля ўмерзла, і ночы сталі доўгімі вельмі. Бульба на полі была ўжо мерзлая. Але непрыбранае збожжа добра высыпалася з каласоў і многа зерня было нацярушана. Часам высвечвала сонца і яшчэ крыху грэла. Тады зямля пачынала раставаць і чарнець. У ім сфарміраваўся свет вялікай адзіноты. І вось шлях дайшоў да такога месца, дзе Шрэдэр спыніўся і выразная думка аб блізкай гібелі стала ў яго цвёрдай і выразнай. У гэты дзень сеялася мокрая імгла, але к вечару выяснілася і заход сонца быў чысты. Ружовасць ляжала на небе, і вочы маглі цешыцца з адзінокай травіны, якая дзе-нідзе праз нейкі цуд захавалася на ржышчы. Так дзень пачынаў згасаць, калі Шрэдэр убачыў проста на дарозе абломкі машын і мноства трупаў нямецкіх салдат. Патрушчаныя галовы, паадрываныя ногі і рукі і ўсюды высахлая кроў. Шрэдэр мінуў гэты жах, і яшчэ не змеркла, калі ён убачыў перад сабою велічэзнае дрэва. Божа! Ён ужо два разы бачыў яго! Ці гэта сон, ці гэта страшная сапраўднасць?! Калісьці ён упаў тут хворы, і канвойны расейскі салдат узяў яго пад руку і павёў далей, дзе пры дарозе стаяла ў полі адзінокая хвоя. Мілы Божа! Тады яго паклалі на воз і павезлі. Ён сеў на край нейкай труны… Яму хацелася заплакаць. Але ж ён тады, ад слабасці свае, не вытрымаў і адчыніў сваю душу перад тымі, хто ратаваў яго і нахіляўся над ім з ясным позіркам. І тое, што ён аддаўся патрэбе свайго сэрца, згубіла Гертруду і цяпер губіць яго. Ці здолее ён цяпер быць цвёрдым да канца і не сказаць сустрэчнаму: «Хоць ты і не немец, але не буду я цябе ненавідзець. Пашкадуй мяне». У страшным утрапенні ён прайшоў яшчэ крокаў дзвесце і ўбачыў: збоку пры самай дарозе насыпана зямля, на насыпе ўбіты ў зямлю кол і на ім дошка з надпісам: «Тут закапана сто семдзесят шэсць немцаў, якія навалакліся сюды таптаць нашу зямлю і на гэтым самым месцы падохлі ад партызанскіх куль. Гітлераўцам сабачая смерць. Чытайце, немцы, і вучыцеся». Шрэдэр прачытаў і зноў рушыў далей. Перад ім была брукаваная паваротка і надпіс на слупе: «На Сумлічы. Шэсць кіламетраў». Нічога гэты надпіс не сказаў яму. Але ногі яго захісталіся, і ён сеў, а пасля лёг на зямлю. Усё цела яго ныла, галава кружылася, і кашаль пачаў ірваць яму грудзі. На Вялікім скрыжаванні ён ляжаў, і раптам страшная думка цюкнула яму: «А ці не ступіў я ўжо на дарогу за сваёй Гертрудай?» Ён падняў галаву. Надпіс на слупе ўжо ледзьве вырысоўваўся ў змроку ранняга вечара. Ён устаў без жадання і волі. Прыпёрся плячыма да вялікага дрэва і звяў. І толькі кашаль час ад часу вырываў яго з забыцця. Божа, якая доўгая была ноч! Тая чвэрць веку, якую ён пражыў з таго, калі ўпершыню ўбачыў гэтае дрэва, была карацейшая за гэту ноч. Ён сядзеў з усходняй стараны дрэва і, калі ўзышло сонца і паклала на яго страшны твар праменне, ён паварушыўся і падняўся. Надпіс на дошцы зноў стаяў перад яго вачыма: «На Сумлічы». Тут ён раптам уздрыгануўся. Божа, які дзіўны лёс! Гэтае слова ён пісаў калісьці свайму малому Густаву, калі думаў, што памрэ сярод чужых людзей. Там была дзяўчынка з яснымі вачыма, тая, што паіла яго малаком. Ён не вытрымаў. Цяпер ужо слова «Сумлічы» пранізвала яго вострым болем і смуткам аб нечым навек страчаным і апаганеным. Ахоплепы дзікай думкай, ён рушыў у брукаваную паваротку. Каля Сумліч жанчына везла воз дроў. У першай сумліцкай вуліцы дзяўчынка несла вядро вады. Яна азірнулася на прысутуленую дзіўную постаць, якая ледзьве грабла нагамі. Стаялі дрэвы без лісця, і дым ішоў з аднаго коміна. Тут жылі людзі. Шрэдэр падышоў да дзяўчынкі. Ламанай мовай ён сказаў:

— Гэта Сумлічы?

— Сумлічы.

— А немцаў не чуваць тут?

— А ты хто?

— Чэх.

— Немцаў няма, тут нашы. Пасля таго як па шашы пачалі душыць немцаў, дык яны сюды і носа не ткнуць. Трасцы!

— Партызаны ўсюды?

— Немцы толькі па гарадах асталіся.

Зноў адчай і трывога выгналі з Шрэдэравай душы нядаўняе жаданне сказаць першаму сустрэчнаму чалавечае слова. Тут падышла другая дзяўчынка, і новае пачуццё ажыло ў Шрэдэра. Гэта быў страх. А страх пачаў зменьвацца слабасцю волі і думкі. Аднак жа думка яго працавала даволі цвёрда. Разам з тым зноў пачало варочацца да яго імкненне да чалавечага слова кожнаму, хто натрапіцца на яго дарозе. Настрой яго зменьваўся кожную секунду. То хацелася яму крыкнуць: «Густаў, сын мой! Дзе ты? Дзе твае салдаты і слава фюрэра?» То хацелася сказаць: «Пракляцце табе, фюрэр, за тое, што ты павёў мяне туды, куды я прыйшоў!» — і цалаваць гэтых дзяўчынак.

— Гэта чэх, — сказала дзяўчынка з вядром той, другой, якая толькі што падышла.

— Дык чаго ж ты стаіш, — сказала Шрэдэру новая дзяўчынка. — Калі ты чэх, дык ідзі папрасіся ў людзей у хату. Ты ж ледзьве стаіш.

Вось і чалавечае слова! Яго моцна ўразіла. Ён аж хістануўся на нагах. Раптам ён успомніў. Дастаў з кішэні запісную кніжачку і хутка знайшоў запісанае яшчэ ў Германіі, калі збіраўся сюды. Запісана было рукою Гертруды, перапісана з яго пісем. Яна пісала з нядобрым пачуццём да яго і з пэўнай думкай. Гледзячы ў гэты запіс, ён сказаў:

— Дом Нявады.

— Мы завядзём, — сказалі ў адзін голас дзяўчаткі.

— А ты праўда чэх, ці можа немец? — сказала адна.

— Чэх, — адказаў ён.

І яны павялі яго на край мястэчка, дзе радзей стаялі хаты і відно было поле. У хату яны ўвайшлі разам з ім і ў адзін голас сказалі:

— Гэта чэх, хоча есці і спаць.

І выйшлі з хаты. Ён пераступіў з нагі на нагу і ўбачыў: на лаве ляжаць вінтоўка і патроны, на табурэце сядзіць чалавек, пасярод хаты стаіць жанчына і ў пасцелі ляжыць дзяўчынка. Падлогі ў хаце няма, а ўбітая зямля. Гэтая зямля і ўразіла яго перш за ўсё. Гэта ж зямля гэтая так была тады асветлена сонцам, калі ён тут скінуў з сябе хваробу і раскрыў перад людзьмі душу. І вось ён пачаў пазнаваць у гэтай хаце ўсё. А дзяўчынка! Яна ляжыць і, мусіць, хворая. Бо такі худы і жоўты яе твар. Можна падумаць, што яна цэлыя годы праседзела ў турме. І зноў яму душу сціснула новае ўражанне. Вочы ў гэтай дзяўчынкі. Гэта ж тыя самыя вочы. Можна падумаць, што гэта тая самая, што так даўно, калісьці, паіла яго малаком. Ён пачаў калаціцца.

— Ну дык садзіся, чэх, — сказаў чалавек, — зараз цябе накормім.

Шрэдэр сеў, і думкі яго зноў аслабелі. Яго хіліла да забыцця. І смутак, вялікі смутак аб усім свеце і аб сабе здушыў яго.

— Садзіся бліжэй да стала, налью табе есці, — сказала жанчына.

Ён сеў за стол і сказаў, хоць ломанай, але расейскай мовай. Відаць, ён як мае быць рыхтаваўся ехаць сюды, каб тут пакінуць быць арандатарам.

— Я некалі падараваў быў вам золата. Гадзіннікі, пярсцёнкі, крыж. У тую вайну я быў хворы і палонны. Яно пайшло гэтаму дому на карысць?

Поделиться:
Популярные книги

Кровь Василиска

Тайниковский
1. Кровь Василиска
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
4.25
рейтинг книги
Кровь Василиска

Венецианский купец

Распопов Дмитрий Викторович
1. Венецианский купец
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
альтернативная история
7.31
рейтинг книги
Венецианский купец

Сопряжение 9

Астахов Евгений Евгеньевич
9. Сопряжение
Фантастика:
боевая фантастика
постапокалипсис
технофэнтези
рпг
5.00
рейтинг книги
Сопряжение 9

На три фронта

Бредвик Алекс
3. Иной
Фантастика:
фэнтези
рпг
5.00
рейтинг книги
На три фронта

Авиатор: назад в СССР 11

Дорин Михаил
11. Покоряя небо
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Авиатор: назад в СССР 11

Санек

Седой Василий
1. Санек
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
4.00
рейтинг книги
Санек

Лорд Системы 8

Токсик Саша
8. Лорд Системы
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Лорд Системы 8

Мерзавец

Шагаева Наталья
3. Братья Майоровы
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
короткие любовные романы
5.00
рейтинг книги
Мерзавец

Игра топа. Между двух огней

Вяч Павел
2. Игра топа
Фантастика:
фэнтези
7.57
рейтинг книги
Игра топа. Между двух огней

Провинциал. Книга 2

Лопарев Игорь Викторович
2. Провинциал
Фантастика:
космическая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Провинциал. Книга 2

Идущий в тени 6

Амврелий Марк
6. Идущий в тени
Фантастика:
фэнтези
рпг
5.57
рейтинг книги
Идущий в тени 6

На границе империй. Том 9. Часть 4

INDIGO
17. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 9. Часть 4

Крестоносец

Ланцов Михаил Алексеевич
7. Помещик
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Крестоносец

Идеальный мир для Лекаря 10

Сапфир Олег
10. Лекарь
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 10