Чтение онлайн

на главную

Жанры

Пошукі будучыні

Чорны Кузьма

Шрифт:

— Пакідаю яго табе, — сказаў Тамаш да бацькі і паказваючы на соннага Акаловіча. — Каб ён нам не нашкодзіў. — Яны абняліся і пацалаваліся, і Тамаш адразу рушыў у дарогу. Ракуцька штурхануў Акаловіча. Той шпарка заварушыўся і ўстаў, нейкі занадта рухавы.

— Мне трэба ісці зараз, — сказаў Ракуцька.

— І я пайду, — узбуджаным тонам абазваўся Акаловіч.

— Куды?

— Я з’яўлюся да Паліводскага і вазьму яго за горла.

— А чаго ты такі трапяткі сёння стаў? Учора ты быў вялы, як п’яўка.

— Мне сёння лягчэй. І на душы лягчэй, калі я скінуў з яе камень гаворкаю з вамі. Мне можна ісці?

— Пачакай, пачакай. Я цябе павінен тут раней прыкончыць, а ты сабе ідзі куды хочаш. Гэта ж і ты абкрадаў мяне, калі ад мяне ўкралі маіх дзяцей!

Сымон Ракуцька дастаў з-пад жакеткі рэвальвер. Акаловіч пабялеў і астаўся стаяць. Ракуцька прыгнуўся ў куст і развязаў торбу.

— На і ты жуй, выварак чартоўскі!

Сонца яшчэ не дайшло да паўдня, як Акаловіч папрасіўся ў Ракуцькі,

каб той дазволіў яму ляжаць. Ракуцька кіўнуў галавой. Акаловіч быў, мусіць, вельмі абыякавы да свайго стану, бо, як толькі лёг, адразу заснуў, зноў носам у ствол паваленага дрэва. Ракуцька паглядзеў на яго і сеў каля свае торбы. Чалавек, які доўга быў толькі сам з сабою, можа мець прывычку гаварыць сам сабе. Сымон Ракуцька мыляў губамі і шаптаў сабе пад нос:

— Як сонца ніжэй сплыве — пайду ў дарогу, каб ісці да позняй ночы. А што з гэтым безгалоўным прайдзісветам рабіць, перуны яго ведаюць. Можа застрэліць падлу?.. — Ракуцька абмацаў свой рэвальвер і ўбачыў, што Акаловіч спіць, як уліплы ў зямлю. Ракуцька паглыбіўся ў свае думкі і сцішыўся. Лёгкая дрымота агарнула яго, а пасля ён і прыснуў трохі. І можа нават больш як трохі, бо, прахапіўшыся, убачыў, што сонца ўжо куды ніжэй стаяла. Шпарка ўстаў ён і з раптоўнай трывогай убачыў, што торбы з хлебам каля яго не было. Машынальна кінуў ён вачыма да паваленага дрэва. Ніякага там Акаловіча таксама не было, адно прымятая трава сведчыла, што на ёй ляжаў чалавек. Ракуцька ўтрупянеў. Азірнуўшыся на ўсе бакі, ён у момант сабраўся ў сваю дарогу. Месца гэтае асталося пустое і аставалася так, можа, больш за тыдзень. За гэтыя дні з бярозы нападала на дарогу многа жоўтых лісткоў. Кожны раз надвечар, калі яснае сонца перад захадам сваім прабівалася праз вяршаліны лесу і свяціла на дарогу, жоўтае лісце вельмі яскрава выбівалася з зялёнага колеру травы. Аднойчы ў гэты час дня да гэтага месца падышоў Нявада. Ішоў ён роўнаю і размеранаю хадою, і адзежа на ім, той самы выцерты плашч і ўсё іншае, абтрапалася, абшморгалася аб зямлю і траву. У вялікай адзіноце ён стаяў пасярод дарогі над жоўтым лісцем і некалькі разоў уздыхнуў: «Божа мой, Божа, восень». Пасля той жа ранейшай паходкай рушыў далей і скрыўся ў прыдарожных дрэвах. Яшчэ праз колькі дзён гэтай лясной дарогай прайшлі два нямецкія танкі і густа абстралялі лес паабапал дарогі. А пасля гэтага назаўтра тут праехалі чатыры грузавікі, паўнюткія нямецкімі аўтаматчыкамі. Следам за грузавікамі ішла лёгкая машына. У ёй сядзеў нямецкі афіцэр, узросту сярэдняга і такой жа афіцэрскай годнасці. Аўтаматчыкі таксама абстралялі лес паабапал дарогі. Пасля гэтага яны праскочылі праз лес назад і паімчаліся шляхам на захад. Даехаўшы да Вялікага скрыжавання, яны выкіраваліся на шашу і спыніліся на абочыне. Афіцэр закамандаваў чакаць. Салдаты паселі на адкосах, гаварылі, смяяліся і курылі.

У той жа самы дзень ранішнім цягніком з захаду ў Бараванічы прыехала пара пажылых немцаў, ён і яна. Яна яго называла Густавам, а ён яе Гертрудай. Кожнаму з іх было год пад шэсцьдзесят. Паважна гэтая пара выйшла на пляц перад ганкам Баранавіцкага вакзала, і ён некалькі разоў пільна азірнуўся, а да яго ўжо ішоў з роўнай выпраўкай плячысты і разам з тым тонкі ў стане, з вясёлым тварам, і, здаецца, вельмі жыццярадасны чалавек у вайсковай форме, але, можа, ён і не быў чыстым вайскоўцам, бо некалькі чалавек цывільных чыноўнікаў абкружвала яго. Ішла за ім і вайсковая ахова — салдаты з аўтаматамі і з іншаю зброяй. Гэта быў нейкі паважны чын, з усяго было відаць. Ён подбегам падышоў да таго, каго Гертруда звала Густавам, і яны абняліся і пацалаваліся. Сама Гертруда з роўнай усмешкай на сціснутых губах абняла санавітага чалавека і назвала яго таксама Густавам. А той адказаў старой жанчыне доўгім пацалункам і пад руку падвёў яе да машын, што стаялі з левага боку ад ганка. Ён пасадзіў Гертруду і Густава ў адну з машын, і побач шафёра сеў аўтаматчык. Сам ён з двума аўтаматчыкамі сеў у другую машыну. Гэтыя дзве машыны пайшлі следам за трыма грузавікамі з салдатамі, а за імі пайшлі яшчэ тры грузавікі з салдатамі. Так усе гэтыя паязджане выехалі з Баранавіч на Сіняўку і далей проста імчаліся па Маскоўска-Варшаўскай шашы, на ўсход. Ехалі яны доўга без прыпынку і толькі спыніліся на Вялікім скрыжаванні. Пакуль шафёры правяралі машыны і надзімалі шыны, Густаў старэйшы высунуўся з машыны і ўглядаўся ў вялікае дрэва. На твары яго ляжала пячаць здзіўлення, напружання думак і як бы смутку, але пасля твар яго запаланіла рыса ўпэўненасці, спакою і разам з тым цікаўнасці і халоднай разважлівасці. Было падобна, што на яго найшло многа жыццярадаснай самаўпэўненасці ад санавітага Густава маладзейшага, які ў гэты час праходжваўся па шашы, а пасля падышоў да старэйшага Густава. Зноў, як на Баранавіцкім вакзале, пачулася паміж імі нямецкая мова. Маладзейшы Густаў гаварыў так, быццам захлёбваўся. Старэйшы гаварыў спакайней. Ён выказаў думку, што яго агортвае неспакой душы і што яго мучыць трывожнае ўражанне, што ён ужо калісьці бачыў гэтае дрэва. Як страшны кашмар пануе ў ім над усім выразнае ўяўленне гэтага велічэзнага дрэва. Больш таго. Нават дома, у Германіі, праз добрыя два дзесяткі год, часта яго душылі начамі цяжкія сны, і ў кожным сне заўсёды, над усім хаатычным і кашмарным, узвышалася

гэтае дрэва і унь той нават сук з палявым каршачком на ім. Божа, як усё выразна, дакладна і ясна! Унь жа на суку сапраўды сядзіць каршачок! Стары Густаў аж уздрыгануўся. Гертруда хапіла яго за руку і сама скаланулася. Густаў маладзейшы стаяў прыбянтэжаны.

— Нічога дзіўнага няма, — сказаў ён, каб падбадзёрыць і падвесяліць старога. — Бывае, што сны што-небудзь такое пакінуць у галаве і пасля здаецца… Сны яшчэ не даследаваны навукай.

— Не, — адказаў Густаў старэйшы, — гэтае дрэва я сапраўды ўжо раз бачыў. На гэтым самым скрыжаванні дарог я тады ўпаў хворы, калі ў тую вайну мяне расейскі салдат вёў у палон. Божа мой, зноў лёс прывёў мяне сюды!

Гертруда ўздрыганулася і прыліпла да пляча свайго Густава. Губы ў яе дрыжэлі і голас перарываўся:

— Я ведаю, чаму мы да канца дарогі не едзем цягніком, а перасядалі ў машыны. На цягнікі нападаюць невядомыя.

— Няма нічога дзіўнага, — строга сказаў стары Густаў. — Цяпер вайна, а мы ў заваяванай краіне. Ты ж бачыш, што на машыне нас ахоўваюць грузавікі з салдатамі.

— Ты баішся, што я зноў пачну нашу старую спрэчку? Дык ведай: больш я ніводным словам не папікну цябе, але доўга тут не буду і назад у Германію паеду. Заваяваную краіну павінны асвойваць салдаты, а не жанчыны. Куды ты вязеш мяне?!

Яна ўжо гатова была плакаць. Густаў выйшаў з цярплівасці. Ён схмурнеў і шпарка прагаварыў:

— Ты немка, ці ты не дачка вялікай Германіі?!

— А ты, — аж затрэслася яна, — хіба заўсёды быў немцам? Нават у лепшыя маладыя годы ты размякнуць мог, як гліна, і аддаваў чужаземцам і ворагам Германіі тое, што павінен быў бы прынесці ў Германію! А ты мяне папікаеш? Тады б мы не шукалі шчасця ў гэтай невядомасці, а мелі б шчасце дома.

Стары Густаў аж пазелянеў і сціснуў зубы. Маладзейшы Густаў сказаў да Гертруды:

— Мама, мы заваявалі гэтую краіну вялікай Германіі. Праз пяцьдзесят, праз сто, праз дзвесце год тут стане карэнная Германія. І не трэба ператвараць наша падарожжа ў дакляраваную нам лёсам зямлю ў падарожжа вечных валаводнікаў, якія едуць з суда.

— Сын мой, але ж мне страшна, мы не можам ехаць без такой моцнай аховы.

— Гэта нічога. Яшчэ месяц, яшчэ два, і ўсё ўвойдзе ў норму. Тут жывуць не людзі, а казюлі з нявольніцкай псіхалогіяй. Яны створаны, каб быць слугамі. Павесь над іхнімі галовамі меч, дык яны адразу ўверуюць, што гэта не меч над імі, які кожны момант можа загубіць іх, а што гэта вісіць найвялікшая справядлівасць усей светабудовы, і пачнуць з удзячнасцю лізаць боты ў таго, хто павесіў над імі гэты меч. Вось хто насяляе гэтую зямлю. Так што ты, бацька, сапраўды тады дарэмна быў перад імі паддаўся парыву радасці і не захаваў да канца сваю нямецкую вытрыманасць. Хіба хто калі будзе дзякаваць курыцу за тое, што яна глынула муху, якая кусала цябе? Ад курыцы бяруць яйкі і ні за што яе не дзякуюць. А ты да таго быў страціў сваю нямецкасць, што аддаў ім здабытае на вайне. Чаму? А толькі з-за таго, што заварушылася душа. Германію зробіш вялікай не душой, а жалезам.

Відаць было, што Густаў маладзейшы ніяк не мог забыцца на нейкую памылку, зробленую калісьці Густавам старэйшым. Як бы там ні было, але гэтым самым ён давёў да спакою Гертруду. Яна больш не скардзілася і не сціскала губы, а з цікаўнасцю пачала паглядаць наабапал дарогі. Машыны і грузавікі з салдатамі рушылі далей. Яны пакінулі за сабой Вялікае скрыжаванне, з’ехаўшы на шлях кірункам туды, куды раней пайшоў быў Сымон Ракуцька, калі следам за ім гналася вайна. Так што праз малы час машыны, едучы бесперапынна, нікуды нідзе не зварочваючы з шляху, уехалі ў лес і неўзабаве апынуліся ў тым месцы, дзе не вельмі даўно Акаловіч спавядаўся Сымону і Тамашу Ракуцькам і дзе праходзіў кудысьці да свае мэты стары Нявада. І цяпер было ціхае гэтае месца, толькі машыны парушылі яго спакой. Бяроза ўсё так жа кідала на вецер жоўтыя свае лісты. Іх ужо было многа на дарозе і ў траве. Сонца асвятляла іх, птушкі пырхалі крыллем над гэтым месцам, і цягнула пахам прыгрэтай сонцам травы і смалы. Стары Густаў і Гертруда высунуліся з машыны тварамі і аглядалі дрэвы і зямлю.

— О, колькі гною, — прыйшоў у захапленне Густаў. — Колькі гектар зямлі можна ўгнаіць лісцем з сотні такіх бяроз?

— Я думаю, што нямала гектар, — адказала Гертруда, і паміж імі зноў усталявалася згода. Машыны неўзабаве зніклі з гэтага месца, і зноў тут стала ціха. Змрокам таго дня на гэтым месцы зноў з’явіўся Сымон Ракуцька, і не адзін. З таго самага боку, адкуль шляхам праз лес праехалі нямецкія машыны, ён вёў за сабою многа людзей. Усіх было, можа, крыху менш як паўтары сотні. Яны ішлі ўсе адзіным гуртам, калі сабраліся на гэтай лясной дарозе. Збіраліся яны яшчэ з учарашняга дня на прылессі, і некаторыя з іх бачылі тут нямецкія і танкі, і машыны. Адзін за адным яны ішлі, расцягнуўшыся бадай што на кіламетр. Самы пярэдні ішоў Сымон Ракуцька. Далей вялікай бярозы на шляху праз лес ён не пайшоў. З сярэдзіны ланцуга выйшаў убок Кастусь Лукашэвіч у той жа самай рудой жакетцы і ботах, як тады апошні раз гаварыў з Нявадам. Усе людзі збочылі з дарогі ў лес, спускаючы з плеч свае аўтаматы і вінтоўкі. На дарозе пасталі вартавыя. Кастусь Лукашэвіч і Сымон Ракуцька селі на ствол таго самага паваленага дрэва і доўга так сядзелі моўчкі. Ужо і зоры высвецілі, а яны ўсё сядзелі і маўчалі.

Поделиться:
Популярные книги

На границе тучи ходят хмуро...

Кулаков Алексей Иванович
1. Александр Агренев
Фантастика:
альтернативная история
9.28
рейтинг книги
На границе тучи ходят хмуро...

Кодекс Охотника. Книга III

Винокуров Юрий
3. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
7.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга III

Последний попаданец 11. Финал. Часть 1

Зубов Константин
11. Последний попаданец
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
рпг
5.00
рейтинг книги
Последний попаданец 11. Финал. Часть 1

Книга пяти колец

Зайцев Константин
1. Книга пяти колец
Фантастика:
фэнтези
6.00
рейтинг книги
Книга пяти колец

Поступь Империи

Ланцов Михаил Алексеевич
7. Сын Петра
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Поступь Империи

Купидон с топором

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
7.67
рейтинг книги
Купидон с топором

Наследник в Зеркальной Маске

Тарс Элиан
8. Десять Принцев Российской Империи
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Наследник в Зеркальной Маске

Совок 5

Агарев Вадим
5. Совок
Фантастика:
детективная фантастика
попаданцы
альтернативная история
6.20
рейтинг книги
Совок 5

Аномальный наследник. Том 1 и Том 2

Тарс Элиан
1. Аномальный наследник
Фантастика:
боевая фантастика
альтернативная история
8.50
рейтинг книги
Аномальный наследник. Том 1 и Том 2

Теневой путь. Шаг в тень

Мазуров Дмитрий
1. Теневой путь
Фантастика:
фэнтези
6.71
рейтинг книги
Теневой путь. Шаг в тень

Попаданка в академии драконов 2

Свадьбина Любовь
2. Попаданка в академии драконов
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.95
рейтинг книги
Попаданка в академии драконов 2

Гром над Империей. Часть 2

Машуков Тимур
6. Гром над миром
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.25
рейтинг книги
Гром над Империей. Часть 2

Ритуал для призыва профессора

Лунёва Мария
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.00
рейтинг книги
Ритуал для призыва профессора

Измена. Осколки чувств

Верди Алиса
2. Измены
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Осколки чувств