Чтение онлайн

на главную

Жанры

Пошукі будучыні

Чорны Кузьма

Шрифт:

— Дык гэта і добра. Ідзі туды, зрабі там пад дрэвам, чаго добрыя людзі не робяць, і скажы, што я ведаю, з якога боку і калі падысці да лагера. Я павяду ўсіх. Няхай ідуць сюды, адгэтуль бліжэй і зручней. Я пайду і прывяду сюды людзей. І мы тут спаткаемся, каб разам ісці на Перабродскую Злыбяду.

— Добра.

— Я толькі падрамлю тут, і заўтра зранку разыдземся кожны ў свой бок.

— Ну, а Лізаветы нідзе так і не чуваць?

— Няма.

— Божа мой найвышшы, як жа так брыдка павярнулася ўсё.

— Чакай, давай лепш паямо з мае торбы і падрэмлем. Дзе тут каб зацішней.

Тамаш страсянуў сваю торбу на руцэ і ступіў крокаў тры ў гушчар. І адразу спыніўся як аслупянелы. Там сядзеў малады абарванец з вялым позіркам. Каб не празмерная хударлявасць яго твару і каб не смуглявая загарэласць Тамашовага твару, можна было б адразу сказаць, што яны аднагодкі.

— Што ты тут робіш, хто ты?! — абрывіста і моцна сказаў Тамаш.

Абарванец паволі крутнуў направа і налева галавой, і за яго адказаў Сымон Ракуцька:

— Божа мой, я забыўся, што ён тут сядзіць, а мы ўсё гаварылі!

— Хто

ён такі?

— Каб жа я ведаў. Дарогаю ішоў. Паспаць папрасіўся.

— Гэта ж не хата, што каб начаваць прасіліся! Хто гэта ў каго просіцца спаць пад куст!? Э ты, ну абзывайся, не маўчы, кажы, хто ты такі?!

— Есці дайце, — сказаў невядомы.

— На табе хлеба і сала, — Тамаш падсунуў яму яду, — але кажы, хто, адкуль? Куды цягнешся, да каго? Каму служыш? Каму служыш, немцам ці людзям? Ну, чаго ж ты жуеш моўчкі?! (Тамаш падняў кулак.) Расказвай усё чыста! А то зараз больш не дажджэш на зямлі сядзець! Калі што ўтоіш — на месцы палажу! (Тамаш выцягнуў з кішэні пісталет.) Спавядайся!

Малады абарванец зварухнуўся. Па яго твары пайшла хваравітая грымаса. Ён наморшчыў лоб і пачаў:

— Я ўсё чуў, што вы паміж сябе гаварылі. Я ведаю, хто вы, і кажу вам: і я ненавіджу тое і таго, што і каго вы ненавідзіце. Але я скончу есці і тады пачакаю і раскажу ўсё пра сябе. Бо я так згаладаўся і аслабеў, што ледзьве сядзець магу, ні тое, каб доўга гаварыць.

— Так і кажы, што гаварыць не хочаш!

— Не, не, я сам хачу паспавядацца, тады з мае душы спадзе цяжар, які душыць мяне.

— Скажы коратка: па кім-небудзь у цябе душа баліць?

— Па самім сабе.

— І нікога ў цябе няма? — выйшаў з панурасці Сымон Ракуцька.

— Няма.

— Дзе ж ты ўсіх патраціў?

Той маўчаў. Тамаш стаяў над ім і не спускаў з яго вачэй. Сымон Ракуцька пачуваўся так, быццам зараз лясне над ім гром. Малады абарванец так увайшоў у сябе і думкамі сваімі і пачуццямі, што, здавалася, ён і позірк вачэй сваіх паставіў у сярэдзіну самога сябе. Вочы яго і сапраўды ў гэты момант глядзелі самі ў сваю глыбіню. Пачалося маўклівае чаканне. Невядомы раптам ірвануўся: на ногі, адзін момант пастаяў і сеў на паваленае дрэва. І як толькі сеў, з першай жа секунды пачаў гаварыць:

— Я завуся Люцыян Акаловіч. Спавядаюся вам ад сэрца, бо можа я ў свае двадцаць год ужо дажываю апошнія дні свайго жыцця. Я радзіўся там, дзе і вырас, гэта дробны фальварак паміж Клецкам і Нясвіжам, бліжэй да Клецка. Гэты фальварак мой бацька арандаваў з дзевяцьсот дваццаць першага года. А ў дваццатым годзе мой бацька, разам з маею, цяжарнаю мною, маткаю, выехалі туды, пад Клецак, следам за польскім войскам, якое адыходзіла з усходняй Беларусі на захад. Мой бацька пакінуў пад Бабруйскам свой невялікі маёнтачак, дзесяцін на сто. У гэтым маёнтку датуль і праходзіла яго жыццё. Мой бацька меў многа польскіх грошай і каля Клецка адразу заарандаваў фальварак, мог бы яго і купіць, але ён меў думку, якая не дазваляла яму рабіць гэтага. Думка яго была такая, што ён належаў да тых небагатых землеўласнікаў, якія былі ў блізасці з вялікімі тутэйшымі зямельнымі магнатамі цераз польскую думку. Спачатку гэтая думка была такая, што Польшча павінна быць ад мора і да мора. А калі прыйшлося ўсім выехаць на выгнанне ад бальшавікоў, то думка гэтая стала такой: ад мора да мора як сабе там хоча, а самае важнае, каб Польшча стала шырэй — ад Нясвіжа да Бабруйска, каб хоць так, тады можна будзе вярнуцца ў свае маёнткі. Тады пачалася мара аб пашырэнні Польшчы на ўсход хоць на малую разлегласць. Арандуючы фальварак пад Клецкам, мой бацька толькі і думаў, што аб звароце ў свой маёнтачак. А дзеля гэтага ідэя пашырэння Польшчы на ўсход стала яго як бы мэтай у жыцці. І ўсё сваё жыццё ён гэтага чакаў. Раней ён проста жыў, а з гэтага часу пачаў ненавідзець усё, што не польскае. Радзіўся і пачаў расці я. Мне бацька і прышчапіў свае жаданні. Яго думкі сталі маімі думкамі, калі я даростаў ужо да свайго юнацтва. Я вырас з думкаю: калі-небудзь адбудзецца паход на ўсход і Польшча асталюецца па ўсёй усходняй Беларусі. А з слова «Беларусь» мы смяяліся. Ніякай Беларусі няма, а ёсць Польшча! Гэта была і мая вера. Я скончыў гімназію і праходзіў факультэт у Віленскім універсітэце і мог стаць высокаасвечаным юрыстам, ды шчасця не было ў душы маей. Бо я вечна думаў пра тое, што недзе каля Бабруйска ёсць месца, якое чакае мяне і дачакацца не можа і што там гучыць мова такая, якая там ёсць, і гэта маё няшчасце, бо мне трэба, каб там анічога (нават і шум ветру) не чулася, а толькі каб з таго месца, а не з Варшавы каб гучэла толькі польская мова. Я любіў той фальварак пад Клецкам, але ён жа быў і маёй атрутай. Там ёсць нізкае і шырокае дрэва, клён, які ўрэзаўся ў маю душу змалку, але і ён мне здаецца нечым несапраўдным, хоць мне і цяжка ведаць, што можа ўжо я ніколі там не буду і гэтага дрэва не ўбачу. «Усё гэта так сабе, а сапраўднае там, на ўсходзе, дзе павінна стаць Польшча». Так мне здаваўся ўвесь свет, і я жыў як сярод прывідаў і зданяў. Тым часам у нас пачалося расчараванне, бо ніякага паходу на ўсход не было, а годы ішлі, і мой бацька стаў старым чалавекам. Мы пачалі думаць супроць нашага ўрада, бо ён яшчэ ўсё не скамандаваў войску рынуцца на ўсход. А тут з’явіўся стары афіцэр пагранічнай службы Паліводскі, які дзеля сваіх мэт перавёўся з усходняй граніцы на граніцу з Германіяй. Мэты яго былі такія: ён быў у змове з нямецкімі агентамі і стаў завярбоўваць нашу моладзь для ўдзелу ў тым паходзе на ўсход, які падрыхтоўваўся ў Германіі. Служачы на германскай граніцы, ён сам накіроўваў нас у Германію праз граніцу, а там нас аддавалі ў школы шпіёнаў, змоўшчыкаў, агітатараў і дэсантнікаў. Я пайшоў на гэта вельмі ахвотна,

мой бацька благаславіў мяне ў дарогу і сказаў, што Паліводскі не які-небудзь адзінокі авантурыст і што яго добра ведае нават такая высокая асоба, як міністр Бэк. Адным словам, я пакінуў, як цяпер сам бачу, бацьку і матку, клён у фальварку і замілаванасць да навукі ў Віленскім універсітэце, сваю маладосць і жыццё будучае маё ў сталасці, сціснуў зубы і рынуўся, як мы ўсе думалі, насустрач нашай будучыні, якую мы спадзяваліся знайсці, трымаючыся за абцас нямецкага бота. Паліводскі быў нашым шэфам. Ён наведваў нашы школы і казаў нам, што служыць Германіі цяпер — гэта значыцца, дбаць аб Польшчы. У тыя часы ён ужо зусім пакінуў службу ў польскім войску, а служыў і жыў недзе ў самой Германіі. А тым часам нас вучылі не толькі шпіёнству, а і ўлівалі ў нас па кроплі атруту спачатку абыякавасці, а пасля і непрыязні да Польшчы. Ужо тады я пачынаў задумвацца над усім гэтым, але трымаўся, зацяўшы душу, бо спадзяваўся на прыход будучыні, калі мы паможам Германіі пакласці пад польскія ногі ўсходнія землі. Восень дзевяцьсот трыццаць дзевятага года нас пратрымалі пад пільным наглядам, і, калі Польшчы ўжо не было, мы вытрымалі экзамен на гатоўнасць да вялікага паходу на ўсход. Нарэшце гэты паход пачаўся. Больш як за месяц да яго я перайшоў ля Берасця граніцу і пабраўся сюды, прайшоўшы праз той мой фальварак каля Нясвіжа і Клецка. Бацька, маці і старая жанчына, мая былая нянька, і цяпер благаславілі мяне. Бацька мне сказаў: «Як толькі Германія знішчыць Савецкую дзяржаву на ўсходзе, то Польшча зноў устане». Я не задумаўся, адкуль бацька ведае гэтакую праўду, і рушыў далей на ўсход. Я бадзяўся па полі і лесе, адзічэў і чакаў. Калі Германія рынулася на ўсход, я калаціўся ад радасці. За гэтую радасць нейкі чалавек на дарозе даў мне жалезам па галаве. Я зваліўся і некалькі тыдняў качаўся каля дарог, баючыся кожнага чалавека і разам з сабакамі і свіннямі едучы траву і ўсялякае паскудства ў ямах і канавах. Мяне апанавала крываўка. Я ляжаў тры тыдні пад кустамі і вылечыўся голадам. Але лежачы так, я захаладзіўся і, мусіць, перанёс запаленне лёгкіх. Дык я пачаў лячыцца сонцам. І вось ужо трэці дзень, як цягнуся пакрысе. Зайсці куды да людзей мне няма як. Мяне могуць забіць, калі дазнаюцца, хто я такі. Але мне цяпер ужо ўсё роўна. Будучыня мая прыйшла, вось яна якая! Як валачашчы сабака, адзін і без нбраду, без надзеі і веры. Пазаўчора я яшчэ думаў дабрысці як-небудзь да таго фальварка, ужо ішоў у той бок і напаткаў на дарозе жанчыну адтуль, яна шукае сваіх дзяцей. Ад яе я дазнаўся, што маю матку немцы спалілі жывую ў доме, а бацьку павесілі перад домам з падазронасці, што яны нібыта кагосьці хавалі. Я спрабаваў прыстаць да немцаў, якім я ўжо зрабіў сваю справу. Але ж я і не немец, і не паляк, а тутэйшы, з-пад Клецка. У душы ў мяне так жа пуста, як і ў кішэнях. За плячыма ў мяне ганьба, а перад вачыма пустэча. Немцы мяне страляць хацелі, я ледзьве выратаваўся.

— Бо ты, — абазваўся Сымон Ракуцька, — па-сабачы спадзяваўся на сваё шчасце. Няхай бы ты зерне сеяў і хлеб жаў, а то ты бачыў сваю радасць у тым, што нехта пойдзе, як ты кажаш, на ўсход, чалавечыя косці трушчыць і кроў ліць. Як свет стаіць, то яшчэ не было вядома каб на нянавісці вырасла шчасце, а радасць на чужой бядзе.

— Дык куды ты цяпер маеш ісці? — панура запытаўся Тамаш. — А ці ведаеш ты, што калі разабрацца, то я сам павінен быў бы табе адразу галаву зняць за тое, што я вырас без права чалавекам звацца на сваёй роднай зямлі!

Акаловіч змоўчаў, а пасля адказаў:

— Куды маю ісці? Мне цяпер трэба, каб хто павёў мяне за руку. Але ў мяне ажывае і ўжо гарыць прага расквітацца з Паліводскім. Ён згубіў мяне. І не толькі мяне аднаго ён пацягнуў на гэтую сцежку.

— А Паліводскі хіба чуцён дзе!? — ажывіўся Сымон Ракуцька.

— Паліводскі начальнік акругі. І цяпер бывае часта ў тым сваім маёнтку, які калісьці прагуляў у карты, калі мяне яшчэ на свеце не было. Я спатыкаў тут нашых, а яны ведаюць. Гэты маёнтак тут, па гэтай самай дарозе, мне казалі, там ідуць радзей хваёвыя лясы. Маёнтак захаваўся цалкам, і дом, і паркі, і сады, і ўся будоўля. Але пакуль Паліводскі ўспомніў пра маёнтак, ваенны начальнік акругі абгледзеў яго і хоча сабе прысвоіць. Паліводскі жыве ў маёнтку і спрачаецца з ваенным немцам.

— Але куды ты ідзеш?! — крыкнуў Тамаш.

— Я іду ў той маёнтак. Можа мне там пашанцуе расквітацца з Паліводскім!

— А тады што?

— А тады куды закіне вецер, або хоць канец.

— А дзе табе жалезам галаву растаўклі?

— У Вялікім скрыжаванні.

— Ты там доўга быў?

— Я там перабыў усе свае хваробы.

— Што там чуваць? Каго ты там баяўся?

— Немцаў баяўся, ім стараўся на вочы не трапляцца. Яны і слухаць не хацелі, што я ім служыў. Тамашніх людзей баяўся. Там нейкі Лукашэвіч чуцён: якраз на Вялікім скрыжаванні, калі я яшчэ ў тым баку быў, ён напаў на цэлую калону нямецкіх грузавых машын, і ўсе яны там на дарозе і асталіся. Я дрыжаў, каб і яны мяне не ўбачылі дзе. Вось я, як голы, тут перад вамі, я нічога не ўтаіў і нічога не выдумаў. Я даўно ўжо так не еў, як цяпер з вашых рук.

— У цябе зброя ёсць?

— Аніякае.

— А чым жа ты з Паліводскім квітацца будзеш?

— Я там на месцы што-небудзь прыдумаю, а так мне смялей ісці.

— Выверні кішэні і пакажы пазухі.

— Добра… Добра…

— Ну вось так. А цяпер скажы, як на споведзі: уночы не ўцячэш, калі цябе не вартаваць?

— А куды мне ад вас уцякаць?!

— Ну дык кладзіся на траву і спі, бо ўжо вечар нахапіўся. Яшчэ пакуль сонца зойдзе, можаш выспацца.

Акаловіч скруціўся ў жмут і стаў густа дыхаць у ствол паваленага дрэва. Бліжэй к дарозе лёг Тамаш. Сымон Ракуцька прыпёрся плячыма да бярозы і задрамаў. Ноч прайшла, як адзін момант. Першы прахапіўся Сымон Ракуцька і штурхануў Тамаша.

Поделиться:
Популярные книги

Курсант: Назад в СССР 10

Дамиров Рафаэль
10. Курсант
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Курсант: Назад в СССР 10

Вернуть невесту. Ловушка для попаданки 2

Ардова Алиса
2. Вернуть невесту
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.88
рейтинг книги
Вернуть невесту. Ловушка для попаданки 2

Законы Рода. Том 3

Flow Ascold
3. Граф Берестьев
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 3

Любимая учительница

Зайцева Мария
1. совершенная любовь
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
8.73
рейтинг книги
Любимая учительница

Девятый

Каменистый Артем
1. Девятый
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
9.15
рейтинг книги
Девятый

Вперед в прошлое 2

Ратманов Денис
2. Вперед в прошлое
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Вперед в прошлое 2

Калибр Личности 1

Голд Джон
1. Калибр Личности
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Калибр Личности 1

Совпадений нет

Безрукова Елена
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.50
рейтинг книги
Совпадений нет

Кодекс Крови. Книга Х

Борзых М.
10. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга Х

Авиатор: назад в СССР 14

Дорин Михаил
14. Покоряя небо
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Авиатор: назад в СССР 14

Последний Паладин. Том 4

Саваровский Роман
4. Путь Паладина
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Последний Паладин. Том 4

Не грози Дубровскому!

Панарин Антон
1. РОС: Не грози Дубровскому!
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Не грози Дубровскому!

Кодекс Охотника. Книга XXIV

Винокуров Юрий
24. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XXIV

Средневековая история. Тетралогия

Гончарова Галина Дмитриевна
Средневековая история
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
9.16
рейтинг книги
Средневековая история. Тетралогия