Чтение онлайн

на главную

Жанры

Пошукі будучыні

Чорны Кузьма

Шрифт:

— Дзеткі мае, малыя мае, перацярпіце да канца, я павязу вас на ваш ратунак. Ціха, няхай вашы вочы засвецяць скора шчасцем.

Ні адна жанчына больш не застагнала. Жаночае сэрца робіцца вялікае, як свет, калі яно чуе боль знявечанага дзіцяці. Нявада ўжо ўзяўся за лейцы, як раптам убачыў перад сабою таго самага маладога чалавека. Ён як з-пад зямлі раптам вырас тут і сказаў да Нявады:

— Немцы ўжо занялі Менск і Бабруйск. Слуцак гарыць, а Баранавічы і Вільня ўжо спалены. Чырвоная Армія ўжо за сенняшнюю ноч разбіта і разбягаецца. Сталін і Молатаў невядома дзе дзеліся з Масквы.

— Што ты гаворыш, дзе ты чуў! — крыкнуў Нявада, бялеючы як палатно і халадзеючы сэрцам.

— А вось я прачытаў тут, — адказаў той, даючы Няваду такую ж паперку, якую раней прыбіў да вялікага дрэва.

— Ты рад гэтаму? Што ты тут мне гаворыш! — крыкнуў Нявада, гатовы цяпер накінуцца на ўвесь свет.

— Ужо няма ні Чырвонай Арміі, ні Сталіна, ні ўлады, і ўжо немцы ідуць і ідуць наперад. Яшчэ колькі дзён — і немцы зоймуць усё. Трэба гэта ўсім казаць, каб усе загадзя ведалі і падрыхтаваліся спаткаць немцаў як сваіх, і каб лавілі і аддавалі немцам кожнага, хто бальшавік. Немцаў ніякая сіла не возьме. Перад імі ўжо ляжыць увесь свет.

Нявада, як стаяў, хапіў у сябе з-пад ног нейкі гнуты прэнт з раструшчанага грузавіка і з першага размаху апусціў яго на галаву маладога чалавека, які так добра ўсё ведаў і так складна гаварыў. У наступны момант Нявада тузануў лейцы і пайшоў побач воза. Страшнае месца ён пакінуў за сабою і не бачыў, як той, каму ён апусціў на галаву жалеза, пахістаўся з момант на месцы і ўпаў на шашу як скошаны. Сонца пякло моцна, і парывамі ўзнімаўся вецер і гнаў па шашы пыл. Малады чалавек ляжаў як непрытомны. Калі дзьмуў вецер,

яму было як бы лепш, ён ляжаў спакойна. Калі вецер сцішваўся і мацней пякло сонца, ён неспакойна абмацваў каля сябе зямлю, а пасля пачаў скуголіць тонкім перарывістым голасам. Але яго голас тануў у енках і стогнах няшчасных людзей з-пад абломкаў машын. Некалькі разоў ён чуў, як гулі ўгары самалёты, як дзесьці поблізу праходзілі машыны, як у старане гаварылі людзі, як далей бухалі ўзрывы. Але ён не паднімаў галавы. Як бы сто пудоў жалеза было навалена на яго, як ён быў прыкован да таго месца, на якім ляжаў. Ён быў як бы на мяжы свайго выхаду з навакольнага свету. Там, дзе пачынаецца абыякавасць, там недалёка гібель. Так праходзіў дзень, а ён усё ляжаў з заплюшчанымі вачыма. Што-нішто адбывалася тут каля яго, але да яго гэта не даходзіла. Калі сонца зрушыла з паўдня і пайшло ніжэй, вецер перамяніўся, і як бы прыхаладала. Тады з-пад самага споду абломкаў, трупаў і жывых знявечаных пачала выпоўзваць тая самая дзяўчына, Лізавета, што так многа чакала на скрыжаванні машыны. Яна ледзьве перасоўвала рукі і ногі, і страшна было б глядзець, як ёй цяжка вызваляцца з-пад таго цяжару, які прыдушыў яе да зямлі. Вельмі доўга яна траціла апошнія сілы на свой ратунак. Сонца ўжо вісела зусім нізка, а ногі яе яшчэ ўсё аставаліся пад цяжарам. Яна вызвалілася толькі тады, калі паветра зусім ахаладала і вецер сціх. Сонца блізка было да захаду. Яна доўга ляжала пасярод шашы, і нарэшце да яе свядомасці пачаў даходзіць вялы голас: час ад часу падаваў енк мужчына. Яна паспрабавала свае сілы сесці і ўбачыла, што сонца зайшло. Светлая палоса ішла цераз увесь захад і ападала кудысьці за далягляд проста над шашою. Толькі цяпер, седзячы тут, на дарозе, яна ўбачыла, што было блізка пры ёй. Тут, у гэтым страшным награмаджэнні, яшчэ жылі людзі. Смутак здушыў ёй сэрца. Ёй было горна думаць аб мінулым, а наперадзе стаяла сцяна страшнай невядомасці, праз якую не пачуць і не пабачыць. Нават найбліжэйшая будучыня губілася ў гэтай страшнай невядомасці.

— Хто тут? — ледзьве магла яна адцягнуць голас. І ніякага адказу ёй не было. Гэтае маўчанне было тым страшнейшае, што ў вышыні бесперапынна рваўся гул самалета. Яна пачала спрабаваць падняцца і ўбачыла, як постаць мужчыны ўстала поблізу яе і, хістаючыся ў бакі, знікла пры шашы ў полі. Больш ужо не чутно было мужчынскага стогну. Настала ноч, з цішынёй і зорамі. Дзяўчына ўстала і пайшла абочынай дарогі ў той бок, у які стаяла тварам. Ледзьве трымаючыся на нагах, яна дайшла да скрыжавання дарог і села пад вялікім дрэвам. Росная трава была пад ёю. Рух па шашы і на іншых дарогах павялічваўся. Машыны раз-поразу праходзілі скрыжаваннем паўз вялікае дрэва. Часам некаторыя спыняліся на хвіліны, шафёр выходзіў з кабіны, штосьці папраўляў і зноў гнаў машыну. Спакою тут не было. Раптам зноў гул нямецкіх самалётаў і страляніна зверху. Вогненныя істужкі падалі з неба. Яна пайшла назад на шашу і села на яе абочыне. Зноў усё стала ціха, і зноў пайшлі машыны дарогаю. Але яны ішлі з патушанымі фарамі, і ніхто не бачыў, што вельмі доўга перад кожнай машынай дзяўчына паднімала руку. Абяссіленая, яна адышлася ў бок ад шашы і села на мокрую траву ў жудаснай дрымоце. Чэрвеньская ноч была кароткая. Неўзабаве пачало світаць. Цяпер яе могуць убачыць. Яна зноў выйшла на шашу паднімаць рукі. Толькі цяпер яна ўбачыла, што рабілася на шашы і каля яе. Машыны і людзі, жанчыны і дзеці, маладыя і старыя, параненыя і здаровыя. Ішлі і ехалі і ўсе глядзелі ўгару. На самым скрыжаванні спынілася машына. З яе выйшаў Сымон Ракуцька.

— Дык бывайце здаровы і дзякуй, што падвезлі, — сказаў ён да шафёра.

— А дакументы вашы прыйдзецца паглядзець, — сказаў лейтэнант з перавязанай рукой, які сядзеў поплеч шафёра. Ракуцька паказаў дакумент.

— Дык вы дадому? — сказаў лейтэнант, разглядаючы дакумент.

— Дадому.

— А што вы там рабілі, адкуль едзеце?

— Адкуль я еду — я там радзіўся і вырас. Я там завёў сям’ю. У мяне там радзіліся дзеці. У рэвалюцыю я там паставіў сабе новую хату. Калі скончылася там права рэвалюцыі і зноў нахлынула туды панства, мяне выгналі з хаты, хату прысвоілі сабе, і я падумаў: што ж чакае маіх дзяцей у будучыні? Я перабраўся на гэты бок граніцы і завёў сабе тут такую дамоўку, што толькі бедаваў, што дзеці мае не бачаць яе. Цяпер зноў там стала права рэвалюцыі. Я забраў назад сваю хату і зацверджваў гэта дакументамі, а дачка мая пазаўчора выехала адтуль сюды. Меўся і я сёння выехаць. А тым часам учора нямецкі пярун спаліў маю хату. Цяпер я да сябе ў дамоўку, дачка Лізавета ўжо там. Каб як Бог даў мне дабрацца. Далёка, туды немец не павінен дакаціцца. Там і жонка, і сын Тамаш…

Лейтэнант ледзь даслухаў і сказаў шафёру ехаць.

— Таварыш дарагі, — сказаў яшчэ Ракуцька, — яшчэ дзякую вам і за шклянку гарэлкі, калі я ў страшэнным утрапенні сядзеў на дарозе. Спішыце з майго дакумента сабе мой адрас. Калі што якое — да мяне, як к сабе дадому.

Машына неўзабаве пайшла шашою на ўсход. Ракуцька ж звярнуў з скрыжавання на грунтавы шлях і падаўся ў роўную, але шпаркую хаду. Лізавета з шашы бачыла яго прысутуленую постаць, але яна так мала з ім разам яшчэ жыла, што не здагадалася адразу, што гэта ён там пайшоў у гэты ранні час і на гэтай далёкай і незнаёмай дарозе. Сумуючы і ў непакоі аб яго лёсе, яна наважыла, як бы там ні сталася, спыніць машыну. Яна стаяла на шашы, падняўшы руку, і чакала. Раптам гул і жалезны скогат. І жах агарнуў яе. На апусцелай і прыціхлай шашы, проста на яе, ішлі чатыры нямецкія танкеткі. Яна не заўважыла дзе, але выразна бачыла перад сабой чорную свастыку. З шашы яна спаўзла высокім адкосам і прыпала да яго ўсім целам. Яна чула, як танкеткі прайшлі над ёю і пасля ўсё сціхла. Калі яна глянула на шашу, убачыла, што ўжо не было таго страшнага награмаджэння знявечаных людзей і машын. Усё адразу расплылося, раструшчылася і ўвагналася ў зямлю скогатным ходам танкетак. Боль яе сэрца і смутак душы перавысіў вялікую слабасць яе цела. Агорнутая бядою і горам, яна пакінула гэтае сумнае месца. Ісці ёй было цяжка. Яна хісталася ў бакі, і так постаць яе злілася з прасторам поля і дарогі. Пачало ўзыходзіць сонца. Успамінаючы пасля гэтыя часы, яна казала, што ў моманты адыходу ад страшнага месца на шашы яна больш за ўсё мучылася думкамі пра бацьку. Цяпер яна была ўпэўнена, што гэта яго прысутуленая постаць прагойдалася па грунтовай шырокай дарозе, скрыжованай з шашою. Гэтая сям’я сабралася зноў і пажыла разам каля паўтара год, і Лізавета ведала з бацькавых расказаў, як ён мучыўся тут адзін па іх усіх і асабліва па Тамашу. З гэтага і Тамаш цяпер здаваўся ёй больш родным, а бацька здольным на пакуту за яе, Тамаша і маці. Яна скіравалася на тую ж дарогу і ішла ўсё, ішла, пытаючыся ў падарожных людзей, але без надзеі дагнаць бацьку. І гэта больш за ўсё мучыла яе. Сіл у яе ледзьве хапіла, каб не зваліцца з ног да захаду сонца. Захад сонца гэтага дня ўжо не быў падобен да ўчарашняга. Хоць яна ўжо і была даволі далёка ад шашы, аднак жа бачыла, як толькі пачало цямнець і сцямнела, што на шашы, і, мусіць, на ўсю ноч, пачалося пекла. З неба ліўся агонь істужкамі з вузламі. Зямля ўзнімалася ўгару, і неба спускалася нізка. Тонка свістала і гулка выла і суха грымела і ўздрыгвала на ўвесь свет. Людзі дабягалі сюды з шашы і яшчэ аднекуль з поля, з цемені ночы, стагналі, гаварылі, пагражалі і ішлі. Уздоўж шашы ішоў бой. А яна ўсё не спыняла сваю хаду. Нервовае ўзбуджанне гнала ранейшую слабасць. На ўсходзе запалавела неба, а грымучае пекла не мела ўнімку. Калі паднялося сонца, вялікая цішыня запанавала на зямлі. І гэта падбадзёрыла дзяўчыну. Яна скранулася з месца і рушыла зноў у дарогу. Яна ўбачыла ў траве мёртвага чырвонаармейца. У старане чуўся гул танкаў. Уночы чырвонаармейская часць боем ссадзіла немцаў з шашы, і яны цяпер ірваліся стараной. Не спаткаўшыся з імі, дзяўчына ішла далей паўз дарогу, увесь час трымаючыся кустоў, жыта і дрэваў. Сонца пякло моцна, і ў траве блішчэла раса. І яна неўзабаве выйшла з той зоны, у якой уночы адбыўся бой. Немцы вялікім кругам абыходзілі гэтае месца. На поўдзень ад скрыжавання, за жытнім прасторам, быў рэдкі хваёвы лес, невысокі і без падлеска. Паўз гэты лес, палявою дарогаю, і браліся цяпер на ўсход немцы. Спачатку там прайшлі танкі, пасля пайшлі грузавыя машыны з салдатамі, а пасля — дарога то пусцела, то пройдуць грузавікі, то легкавая машына, то зноў грузавікі, то зноў пуста рабілася. Пад каржакаватаю хваінай, непадалёку ад дарогі, увесь у сухім моху і хвойных голках, ляжаў той самы малады чалавек. Выгляд яго быў

страшны. Бледны твар з крывавымі падцёкамі, парваная адзежа. Відно было, што ён перажыў страшную ноч. Ці то ён бягой ратаваўся з зоны бою, ці, можа, якая іншая з ім здарылася прыгода, але ён цяпер ляскаў зубамі, і вочы яго бегалі ад дрэва да дрэва. А можа ён яшчэ не адышоў ад таго, што Нявада даў па ім гнутым жалезам. Тым часам падышла легкавая машына і спынілася. З яе выйшлі два нямецкія салдаты і афіцэр з біноклем і картай. Салдаты стаялі, як на варце, а афіцэр глядзеў у поле праз бінокль. Малады чалавек узвалокся на ногі і пайшоў проста на афіцэра. Салдат наставіў на яго аўтамат. Ён падняў рукі ўгару і па-нямецку прывітаў афіцэра і яшчэ дадаў нейкае слова, ад якога афіцэр пільна на яго паглядзеў. Яны пачалі гаварыць нямецкай мовай.

— Ці няма тут бальшавіцкіх салдат? — запытаў афіцэр.

— Няма. А ці даўно заняты немцамі Баранавічы? І ці ўстанаўляецца ўжо ў занятых немцамі месцах цывільная нямецкая ўлада?

— Устанаўляецца.

— Ці пастаўлены ўжо высокія начальнікі акругаў, абласцей. І, можа, сярод іх або сярод іх памочнікаў ці вялікіх службоўцаў чуцён дзе граф Паліводскі?

Афіцэр падазрона і з непаразуменнем паглядзеў на абшарпанага маладога чалавека, і той зноў сказаў нейкае тое слова. Афіцэр паціснуў плячыма і сеў у машыну.

Малады чалавек папрасіў есці. Афіцэр кінуў у перацёрты на пыл дарожны пясок пачак галетаў, і машына зрушыла з месца. Малады абшарпанец падняў галеты і, жуючы іх, падаўся глыбей у гэты непрытульны лес без ценю і травы і лёг на хвойныя голкі, апанаваны прыступам слабасці. Тым часам па ўсёй гэтай мясцовасці не спыняліся то дробныя баявыя сутычкі, то рух машын, то разрывы авіябомб у розных месцах, то людзі ішлі, і так, і натоўпамі з дзецьмі, і чырвонаармейцы ішлі на ўсход, тулячыся дзе якое ўкрыццё было — лесам ці полем. За тыя дні немцы далёка ўвайшлі на ўсход ад дарожнага скрыжавання. Таксама і на поўдзень ад усходу. У Сумлічах гаварылі, што немцы ўжо мінулі Бабруйск. Сумлічы асталіся цэлыя. Пажар ад авіябомбы ў той першы страшны дзень сумлічане патушылі. Агонь з’еў усяго паўвуліцы. Першыя нямецкія калоны ў мястэчка нават не заходзілі: Сумлічы ад шашы былі ўбаку. Артылерыйская кананада і авіяцыйныя налёты аддаляліся, і, дзень за днём, настала часіна, калі ў вулічных закутках было чутно, як дзе-небудзь, дзе на сонцы спёка і бляск, загудзе муха. І птушыны шчэбет чуцён усюды. Ужо многа станавілася цішыні, і чалавечая душа магла ўтапіць у ёй сваё ўтрапенне.

Тры новыя вуліцы пашырылі мястэчка Сумлічы на поўдзень яшчэ ў першыя гады пасля рэвалюцыі. За ўсе ж апошнія гады гэтае месца яшчэ разбудавалася, і тут стварылася як бы новае мястэчка пры старым, усё ў маладых, яшчэ невысокіх дрэвах, тады калі над старым мястэчкам узнімаліся ў неба купчастыя вяршаліны магутных стагодніх дрэў. Хаты старога мястэчка саступілі месца дамам і дамкам новага мястэчка, дзе маляваныя вокны і дзверы прасвечваліся праз зяленіва кустоў, скрозь панасаджваных ад вуліцы і ў дварах. Тут быў адзін дом, сцены якога, з смольнага кругляка, ужо ад часу пацямнелі, але не так яшчэ, каб скрыць свае годы. Яшчэ ўсюды відно было, што дом гэты новы. Дрэвы навокал яго яшчэ толькі ўбіраліся ў сілу. Яшчэ і смала на бярвенні не выветрылася і нават не высахла, а блішчэла сваёй празрыстасцю, так як выступіла з дрэва год, можа, якіх пятнаццаць таму назад. Дом гэты ўвесь скрываўся ў маладых дрэвах. Вузенькая брамка вяла з вуліцы ў сад за задняй сцяной дома. Брамка ўціснута была ў таўшчэзныя шулы, вымаляваныя зялёнаю фарбаю. Здавалася, што гаспадар меў перад сабою мэту паставіць будынак і абгарадзіць яго навек. З гэтага боку мястэчка пачыналіся паплавы, найбольш груд, а месцам прыбалочаныя. Даўжэзная, можа на кіламетры, сцежка ішла з далёкага поля праз гэтыя паплавы да самага мястэчка. Сцежка канчалася паміж выгараджаных дубовым коллем завулкаў, вулачак, двароў і закуткаў. Доўгая вулачка паміж платамі была працягам гэтай сцежкі і праходзіла паўз сад пры тым бярвенчатым доме. Сад быў абгароджан стаячым плотам з кароткіх аполкаў, па якіх зверху цягнуліся, адна над другой, дзве калючыя драціны, дзе-нідзе з шкуматамі з адзежы тых малых смелякоў, што мелі ахвоту бываць без патрэбы гаспадару ў гэтым садзе, у якім не было аніводнага старога дрэва. Усё маладыя яблынькі і ігрушы. Вішняк ужо аж плот, здаецца, глушыў, так ён разростаўся тут кустамі на ўсю даўжыню саду, і куры павыгрэбалі пад ім да самага пяску гнёзды на дрымоту гарачым поўднем. У гэтым скрытым вішняком плоце адзін аполак быў сарваны з цвікоў і так стаяў на сваім месцы, прыстаўлены да жэрдак. Да гэтага месца раз перад вечарам з паплаўной той сцежкі падышоў Нявада. Ён быў такі ж самы, як і тады, калі павёз на шашы параненых дзяцей: у высокіх ботах, у выцертым і злінялым плашчы, з сукаватаю палкаю. На палку ён апіраўся і злёгку накульгваў. Спачатку ён хацеў увайсці ў брамку з вуліцы, але яна была ўзята на засаўку з сярэдзіны. Нявада пастукаў і, не прычакаўшы адказу, пайшоў да адарванага аполка. Прыгнуўшыся, ён улез праз дзірку ў вішняк і хістануўся назад ад нечаканасці: проста перад ім, на перагрэбенай курамі зямлі, пад запыленым вішняком, ляжаў незнаёмы яму чалавек, і як бы нават нежывы. Нявада адумаўся не адразу. Можа хвілін пяць ён стаяў, сагнуўшыся ў дзірцы, і глядзеў на чалавека. Барада яго была задрана ўгару, і левая рука адкінута. Дробная птушка спусцілася на гнуткай галінцы да самага яго твару і паляцела. Нявада пасмялеў і прайшоў у двор паўз чалавека. Яго ўразіла жудасная цішыня ўсюды. Свіронак быў адчынены, і на парозе яго спакойна сядзеў пацук і шморгаў пярэдняй лапаю сабе па носе. Хвост яго звісаў з парога на самы ганак. Верабей напрамілы Бог крычаў перад ганкам і дабіваўся таго, каб пацук ачысціў яму дарогу ў свіран. Гэты малюнак кальнуў Нявадаву душу мацней, як выгляд нежывога чалавека пад вішняком. Тут ужо было не чалавечае ўладанне, тут ужо няма чаго рабіць чалавеку. Апанаваны бадай што містычным жахам, Нявада ўбег у хату. Дзеля гэтага ён адарваў замок ад прабоя. Замок быў зусім немудрашчы і пагнуты. А сапраўдным замком, добрым, была замкнута брамка з сярэдзіны, з двара. Брама ж была забіта цвікамі. Усё было зроблена сталым парадкам і па-гаспадарску, і гэта ўвяло Няваду ў раўнавагу: значыцца, яны пакінулі дом у добрым одуме, могучы агледзецца. У гэтым ён і цяпер быў упэўнен. А ці дабегла тады малая дадому? Напэўна, бо унь сярод двара валяецца жоўты чаравік з той пары, у якой яна тады ехала з ім. А як усё адбылося і ці разам усе яны? А чаму ж ім не быць разам? Дзіўная рэч, але ў часе гэтых сваіх меркаванняў ён нават і не падумаў, што гэта за мярцвяк і чаму ляжыць у яго ў двары. Можа ён за гэтыя дні, пакуль вёз дзяцей і назад дадому дабіраўся, нагледзеўся ўсяго і ўтупеў на ўражанні як мае быць, а можа, натуру меў такую, але цяпер ён разважаў сам з сабою і азіраў усе куткі, як бы развітваўся з імі. «О, яны сапраўды добра выйшлі адсюль: шафы пустыя і вешала пустое. Адзежу ўсю пабралі. Вось і куфар стаіць, пусценькі, як ёсць. Нават адчынены. І мае новыя боты забралі. Маладцы. Але ж куды яны выбраліся? Што ж, я ў гэтых старых чаравіках буду? Яшчэ калі я іх і дзе знайду?»

Ён быў упэўнен, што ў адчыненым куфры і прыскрынак пусты, але, пакідаючы, і (хто ведае), можа, назаўсёды, свой дом, ён адкінуў у прыскрынку вечка ўгару. Цэлы жмут панчох, як і заўсёды. Зялёныя рукавічкі. Ён адгроб з месца гэтую драбязу і бадай што не крыкнуў: «Дык яны ж у неспакоі пакідалі дом! Бо не пакінулі б яны тут усяго гэтага». Вялікае ўтрапенне ахапіла яго. Ён выграб з прыскрынка гадзіннікі, пярсцёнкі і крыж, з бразгатам спусціў усё гэта ў кішэні свайго пінжака пад плашчом і пакінуў дом. Як бы яго хто гнаў адгэтуль. «Божа мой, іх можа ўжо і жывых не быць». Зноў ён прайшоў паўз нежывога чалавека і выйшаў з сялібы праз дзірку. Нідзе не было ні душы. Сонца стаяла над захадам. Нявада абстукаў хат дзесяць, і ўсюды панавала ціхая пустэча. «Няма і дазнацца ў каго, дзе яны». Ён ішоў пустымі вуліцамі і нідзе не спаткаў ні душы. Рой мошак віўся перад яго тварам. Вялікая жудасць ад гэтай пустэчы ўладала ім. Няўжо ён дажыўся да поўнай адзіноты на сваю старасць? Пустое паселішча страшней за ноч над пустыняй. Ён пачаў выходзіць з мястэчка і на самым выхадзе ўбачыў выклееныя аб’явы. Адна была на вялікім лісце паперы, астатнія — на меншых. Усе яны ліпелі на сцяне самай крайняй хаты, малой і старой. Было падобна, што той, хто выклейваў аб’явы, баяўся ўвайсці глыбей у мястэчка і, абы-як прыткнуўшы да першай сцяны паперу, даў ходу з вулічнай пустэльні. Нявада пачаў чытаць аб’явы. Самая большая была аб тым, як павінна трымаць сябе насельніцтва ў занятых нямецкім войскам вобласцях, а значыцца, і ў тутэйшай акрузе, і дзе па акрузе ўстанаўляюцца камендатуры, воласці і паліцэйскім цэнтры. Пасля там гаварылася аб абавязку кожнага, хто не хоча быць расстраляным або павешаным, вывіжоўваць армейскіх камандзіраў, камісараў і камуністаў. Аб’ява, ці, праўдзівей сказаць, загад быў выдрукаваны густымі літарамі, а ўнізе чорнымі літарамі стаяла: «Акруговы камісар цывільнай нямецкай улады Густаў Шрэдэр». А ўпоперак цераз увесь загад сінім алавіком размахнулася рэзалюцыя: «Пацалуй сабаку ў сківіцу». Побач гэтай была другая, меншая аб’ява. Валасны бургомістр загадваў усім сумлічанам вярнуцца ў мястэчка і ўзяцца кожнаму за сваю работу, а калі гэтага не будзе, то…

Поделиться:
Популярные книги

Курсант: Назад в СССР 10

Дамиров Рафаэль
10. Курсант
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Курсант: Назад в СССР 10

Вернуть невесту. Ловушка для попаданки 2

Ардова Алиса
2. Вернуть невесту
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.88
рейтинг книги
Вернуть невесту. Ловушка для попаданки 2

Законы Рода. Том 3

Flow Ascold
3. Граф Берестьев
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 3

Любимая учительница

Зайцева Мария
1. совершенная любовь
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
8.73
рейтинг книги
Любимая учительница

Девятый

Каменистый Артем
1. Девятый
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
9.15
рейтинг книги
Девятый

Вперед в прошлое 2

Ратманов Денис
2. Вперед в прошлое
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Вперед в прошлое 2

Калибр Личности 1

Голд Джон
1. Калибр Личности
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Калибр Личности 1

Совпадений нет

Безрукова Елена
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.50
рейтинг книги
Совпадений нет

Кодекс Крови. Книга Х

Борзых М.
10. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга Х

Авиатор: назад в СССР 14

Дорин Михаил
14. Покоряя небо
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Авиатор: назад в СССР 14

Последний Паладин. Том 4

Саваровский Роман
4. Путь Паладина
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Последний Паладин. Том 4

Не грози Дубровскому!

Панарин Антон
1. РОС: Не грози Дубровскому!
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Не грози Дубровскому!

Кодекс Охотника. Книга XXIV

Винокуров Юрий
24. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XXIV

Средневековая история. Тетралогия

Гончарова Галина Дмитриевна
Средневековая история
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
9.16
рейтинг книги
Средневековая история. Тетралогия