Пошукі будучыні
Шрифт:
— Дзе хата Сымона Ракуцькі?
— А унь, дзе тых дрэў многа.
Чалавек глянуў на тыя дрэвы і хацеў усміхнуцца, але выйшла, што ён як бы здзівіўся. Верхняя губа яго з нізка выстрыжанымі чарнявымі вусамі ўздрыганулася.
— І я пайду з вамі да Ракуцькі, — сказаў ахвотны да ўсяго малы.
— Не, я адзін пайду.
Малы пабег шукаць іншага занятку, а чалавек той жа хадой, як і раней, падышоў да зялёнай брамкі і адчыніў яе. Двор не быў пусты, і ён астаўся стаяць у брамцы. Незнаёмы яму чалавек стаяў пасярод двара і ціха гаварыў з жанчынай. У чалавека былі сівыя валасы над вушамі. Ён падняў твар і пачаў углядацца ў незнаёмага прышэльца, які не сыходзіў са свайго месца ля брамкі. На твары чалавека з сівымі валасамі над вушамі напісалася здагадка, чаканне і нарыхтаванасць цвёрда сустрэць усялякую няўхільнасць. А той, што ўвайшоў у яго двор і стаяў цяпер ля брамкі, меў такі выгляд, як бы хацеў сказаць: ну што ж, і я гатоў да ўсяго так як яно ёсць. Мы ні ў чым не вінаваты. Гэта быў чалавек вельмі яшчэ малады, можа яму не было яшчэ і дваццаці пяці год. Але ён быў такі мажны і дужы, што, калі не глядзець на яго твар, ён мог здавацца мужчынам, які ўжо разбыўся за многія гады жыцця і працы. Верхняя губа яго была нізка выстрыжана, і гэта клала на яго твар пячаць як бы нейкага здзіўлення. Ён быў у польскім салдацкім шынялі і ў салдацкіх чаравіках з абмоткамі. З шапкі былі ўжо сарваны ўсе тыя бляшкі, якія раней паказвалі, да войска якой дзяржавы гэты салдат належаў. Ён здаваўся такі здаровы і энергічны, што дзіўна было, як ён так нерухома ўсё стаіць на адным месцы. Тут яго ўбачыла і жанчына.
— Тамаш прыйшоў! — закрычала яна і, як бы
Сымон Ракуцька аднак жа сышоў адразу з свае гатоўнасці сустрэць усялякую няўхільнасць. Твар яго перасмыкнуўся, і магло здавацца, што ён не ведае, дзе падзецца. Як бы раскрыўшы вялікую таямніцу, да якой яму раней не было доступу, ён застыў на паўкроку, калі быў ірвануўся сысці з месца. Хіба гэта Тамаш стаіць перад ім? То ж быў худзенькі хлопчык, якога трэба было шкадаваць, песціць і гадаваць, і аддаваць яму бацькаўскую ласку. Усю душу і сэрца аддаваць яму. Няма хлопчыка Тамаша, ёсць салдат чужой арміі, і хіба вядома, якая ў яго душа? Бацька ж не мог сеяць добрае насенне ў гэтай душы. Тамашова маленства ўкралі ад бацькі: жалезная нага таго страшнага злодзея зноў душыла Сымона Ракуцьку. Абкрадзены, ён стаяў перад салдатам чужога яму войска і сумаваў па худым хлопчыку Тамашу, маленства якога ўкраў страшны злодзей.
Другая частка
Вялікае скрыжаванне
Прасторны шлях, калі ж, калі
Ты закрасуеш на зямлі
І злучыш нашы ўсе дарогі?
I
Вялікі шлях з усходу на захад праходзіць каля мястэчка Сумліч, але не праз іх. Нават і не паўз самае мястэчка, а крыху зводдалеку. Гэты шлях — старая Маскоўска-Варшаўская шаша. На яе з Сумліч зроблен выезд: вузкая, як размінуцца двум вазам, дарога, брукаваная буйным каменнем. Брук гэты пакладзен год за дзесяць да цяперашняй вялікай вайны. Гэтай брукаванай дарогі хопіць на добрыя пятнаццаць хвілін шпаркай язды на найлепшым кані. Тое месца, дзе яна падыходзіць да шашы, не дазваляе ёй адразу ўліцца ў шашу. Гэта шырокае месца сярод жыта, ярыны і сенажацей, як бы вялікі круглы пляц, плошча, у якую ўліваецца адусюль некалькі вялікіх і малых дарог. Сама вялікая шаша рэжа гэтае месца напалам. Некалькі палявых дарог, крывых і вузкіх, крыжуюцца тут. Тут крыжуецца з шашою вялікі грунтавы шлях з Палесся. На поўдзень ад шашы ён ідзе на Вызну, Морач, Страхінь і Орлік і ўваходзіць у самыя Агаркаўскія балоты. На поўнач жа ад шашы, пасля свайго перакрыжавання з ёю, шлях ідзе на Семежава, Лешню, Цімкавічы, Капыль, Старыцу, Перавоз, Самахвалавічы і такім парадкам кіруецца на Менск. Так што гэтая дарога злучае два беларускія абшары, сваей прыродай, характарам і выглядам далёкія адзін ад аднаго. Крыжуецца тут з шашою і яшчэ адна, не менш вялікая дарога. Яна ідзе недзе з мясцовасці паміж Бабруйскам і Гомелем. Недзе адтуль, дзе хвоя саступае месца ясеню і дубу і дзе менш цудоўнай мяккай нахмуранасці і задумёнасці ў пейзажы, як у тых укрытых хвояй краявідах, куды яна ідзе цераз шашу. Гэтая дарога, няроўная, выкручастая і больш ціхая, чым людная, канчаецца недзе паміж Нясвіжам і Клецкам, праходзіць праз Цапру і Балвань і такім парадкам злучае і дзве разлегласці нашай Бацькаўшчыны, у кожнай з якіх наша гісторыя запісана па-свойму і своеасабліва. Калі адбылася Вялікая Рэвалюцыя і калі скончылася польская акупацыя, туды, дзе канчаецца гэтая дарога на захадзе, пабеглі з сваіх маёнткаў зямельныя магнаты, а з фальваркаў драбнейшая шляхта. І дзедзічы і пасэсары там на захадзе зраўняліся і два дзесяткі год жылі аднымі думкамі аб устанаўленні пальшчызны на ўсходзе, дзе яе няма і ў прыродзе. Касцёл для фальваркоўца аставаўся вызначэннем не веравызнання, а нацыянальнасці, а беларускую мову ён ламаў аб польскую і думаў, што гэтым жаргонам ён далучыўся да культуры, якая ўкладвалася ў яго ў словы — пан, маёнтак, фальварак. Дзеці іх, што радзіліся ў эміграцыі або малымі выехалі туды, за два дзесяткі год выраслі і знайшлі сабе свой спосаб да жыцця. Замест таго каб крычаць на парабкаў у сваім маёнтку ці фальварку, яны сталі службоўцамі ў дзяржаве, чыноўнікамі і ахавальнікамі старое, як свет, ідэі заваёўнага руху на ўсход. Іх думкі не пакідалі іх аж да семнаццатага верасня трыццаць дзевятага года. Яшчэ з маленства яны не забыліся гэтых дарог тут і памяталі нават лясныя і палявыя сцежкі.
Тая круглая пляцоўка, дзе скрыжоўваюцца з шашою вялікія і малыя дарогі, была ўся вытаптана нагамі і выезджана калясьмі. Тут былі лапіны і дзірвану з чубамі блёкату і шчаўлюку і голая, убітая зямля. Упартая піжма купчасцілася побач дробнай лазы, і чабор цвіў разам з святыянскім зеллем над густым дываном спарышу і дзяцельніку. Трыпутнік разростаўся над каляінамі. Навокал жа, пакуль да палеткаў і лясоў, ішлі роўныя паплавы. Гэта былі самыя далёкія сумліцкія сенажаці. Да калектывізацыі яны былі падзелены сумлічанамі на вузенькія палоскі, і кожны касіў сабе, як хацеў. Крайняя ад шашы палоса сенажаці належала тады гаспадарцы Канстанціна Лукашэвіча, і стары Нявада, косячы тут у адзіноце або сушачы сена, знаходзіў тут сабе вялікую разрыўку ад тае псіхалагічнай траўмы, што пачала развівацца ў яго пасля першых пасляваенных год. Расказвалі пра яго, што ён ні тое што каб сказаць астарэў вельмі. Больш таго, у добрым жыцці дома ён выраўняўся і скінуў з сябе тую лушпавіну, што нарасла на ім за час бадзянняў па чужыне і па чужых людзях. Ён здаваўся кожнаму здаровым і зусім не падобным на самога сябе тады, калі толькі яшчэ сцягваў з плеч чужацкія транты. Некаторыя казалі, што ён аднак жа насіў у сабе нейкую хваравітасць, хоць нічым ніколі і не хварэў. Як бы там ні было, але можа і сапраўды ён насіў у сабе або хворасць, або можа толькі нейкія непатрэбныя думкі, якія тачылі яго. Быў час, што ён нават з твару асунуўся, і гэтая хударлявасць дала яму некалькі новых рысаў старасці. Часамі нават ён пачынаў ні то гаварыць, ні то штосьці разважаць сам з сабою. Усе гэтыя моманты, новыя, раней не ўласцівыя яму, асабліва пачалі заўважацца ўсімі з аднаго выпадку, які адбыўся не вельмі даўно, ужо ў часы, якія могуць належаць да нашых дзён.
На тых сумліцкіх сенажацях, што былі пры дарожным скрыжаванні, сена было заўсёды змешана з мноствам скошаных аднагодніх дрэўцаў. Яны скошваліся з травою разам штогод і штогод зноў насяваліся і пасля зноў скошваліся. Без канца і меры іх рассявала тут усюды старая таполя, памераў незвычайных. Дрэва расло на самым скрыжаванні дарог. Гэта быў волат на рост і таўшчыню. Сумлічане казалі, што на ўсю вялікую акругу тут не знойдзеш другога такога вялікага дрэва. Адно на ўсю разлегласць, яно ўзнімалася над дарожным скрыжаваннем і відно было здалёку, дзе б хто ні ехаў. Кара яго пабілася на гузы, з якіх ад карэння да вяршаліны раслі парасткі, і так гэты волат на ўвесь свой рост стаяў спрэс зялёны. Хоць дрэва і было падобна на магутную скалу, але дзіва брала: як гэта яно магло даваць гэтулькі насення. На сенажацях штогод густа вылазілі з зямлі скрозь маладыя дрэўцы і гінулі пад касою. На навакольным полі плугі выварочвалі іх сотнямі. На абочынах дарог іх тапталі пешаходы. Разам з травой іх усюды з’ядала жывёла. Іх ламалі дзеці дзеля забаўкі. А праз год іх зноў было густа, і зноў усё ішло намарна. Але крокаў за дзвесце ад самога дрэва быў куток, дзе не ездзілі з калясьмі, і куды не дабівалася жывёла, і дзе не хадзіла каса. Год за дзесяць да Айчыннай вайны, да гэтых дзён, калі завяршыліся і дайшлі да новых сваіх ператварэнняў справы, крыўды, прыкрасці і радасці тых людзей, пра якіх я тут расказваў, з Сумліч да шашы забрукавалі выезд і ў адным месцы клалі мост цераз лог, даволі-такі вялікі. Падымалі насыпам дарогу і зямлю на гэта бралі з таго месца, што крокаў за дзвесце ад вялікага дрэва. Там стварылася вялікая яма і два дугаватыя равы — як дзе капалі. З самай вясны тут стаяла вада, і ўвосень таксама. Берагі да вады былі крутыя, к таму ж асталося тут скрозь бітае каменне, кучамі і рассыпанае, і ў гэтым месцы патомства вялікага дрэва за дзесяць год густа ўзялося. Мацнейшае дрэва глушыла слабейшае і само ішло ўгару, а пад ім слабейшае гнулася ў каржак, пускала рост у бакі і глушыла суседа, які таксама выбіраўся голлем у разлегласць. Такім парадкам за дзесяць год тут стварыўся куток з густым зараснікам. Зараснік аблямоўваў яму і спускаўся на самае дно яе і хаваў
Косячы тут раз на гэтых сенажацях, Нявада падлічыў, колькі ён адным махам касы зрэзвае маладых дрэўцаў. Выйшла нешта больш дзесятка. Ён тады перасадзіў з сенажаці некалькі самых большых дрэўцаў бліжэй к вялікаму дрэву. Калі ён назаўтра паглядзеў на іх, убачыў, што нечыя ногі паспелі ўжо стаптаць іх. Ён зноў перасадзіў некалькі дрэўцаў, але ўжо ў іншае месца. Праз два дні ён выразна ўбачыў: і гэтыя былі стаптаны нечымі ботамі з шырокімі абцасамі. З таго часу ён наглядаў і бачыў: кожнае перасаджанае дрэўца тапталася. Сляды паказвалі, што дрэўцы тапталіся і ботамі, і лапцямі, і босымі нагамі, і жаночымі абцасікамі. Гэтыя таптуны хадзілі тут кожны дзень. Кудысьці яны ішлі ўсё гэтымі дарогамі. За працаю ў полі і на сенажаці Нявада пачаў кідаць вачыма на дарогі і глядзець на гэтых людзей. Гэта ўсё быў той невядомы і шматлікі, хто таптаў яго дрэўцы. Абочынай шашы ён ішоў і ў лапцях, і ў ботах. Адзін з торбай за плячыма, другі з чамаданчыкам у руках і ў капелюшы. Часамі таптун з’яўляўся ў вобразе падарожнай жанчыны, часам у выглядзе маладога франта, часам гэта быў прысутулены абарванец. Вельмі часта ён садзіўся ці лажыўся пад вялікім дрэвам на скрыжаванні і спачываў там. Нявада нават забыўся на доўгі час перасаджваць дрэвы. Ён пакідаў у памяці на доўгі час кожнага падарожнага. Ён бачыў, як шафёры спынялі машыны і ішлі пад дрэва піць і закусваць, фурманшчыкі папасвалі сенам і аўсом тут коні. Можа і многа ўжо часу прайшло, як Нявада сачыў за падарожнымі. Можа ўжо не сотні, а тысячы перавярнулася іх перад яго вачыма. Раз, у дзень сухой хмурнасці і ветру, Нявада ўбачыў, як на скрыжаванні спынілася грузавая машына. Малады шафёр з зайздроснай усмешкай высадзіў галаву з кабіны і сачыў, як з самога грузавіка злезла зусім маладая дзяўчына. Яна скланілася яму, быццам дзякавала ці развітвалася, а ён нехаця схаваўся ў кабіну і паехаў далей проста шашою на ўсход, а ехаў ён з захаду. Дзяўчына асталася адна. Яна была такая з постаці, што здавалася маладзейшая за свае гады. Як толькі машына знікла, яна вельмі шпарка пайшла назад шашою, пасля рушыла ў палескую дарогу, пасля вярнулася і беспарадна азірнулася. Позірк яе даўжэй за ўсё затрымаўся на вялікім дрэве, яна як бы дзівілася, што бачыць перад сабою такога волата. Неспакойныя вочы яе ўбачылі Няваду. Ён глядзеў на яе і думаў: няўжо яна, такая дасціпная, лёгкая, спрытная, зараз стопча дрэўца, якое ён у гэты ж самы дзень, зранку, перасадзіў. Не больш як паўгадзіны таму ён глядзеў: дрэўца расло як мае быць. Дзяўчына была ў цёмным гарнітуры і густавалосая. Нейкая малая яна здалася Няваду, хоць адзежа яе была дарослай жанчыны. Быццам адумаўшыся, яна раптам зменшыла сваю рухавасць і моцна, каб чутно было здалёк, сказала да Нявады:
— Да бліжэйшай станцыі на чыгунцы? Як ісці? Далёка?
— Унь туды. На Цімкавічы… Не. Недалёка.
Яна падзякавала яму і яшчэ акінула вачыма скрыжаванне дарог. Густы зараснік над ямай і равамі ўзяў на сябе яе ўвагу. Яна падышла туды. Нявада з непакоем глядзеў, ці зараз стопча яна яго дрэўца. Яна не дайшла да яго, а адразу села на траву пад першым веццем. Яна сядзела на ўдзірванелым капцы, над якім і навокал якога дробна траслося на ветры таполевае лісце, абаперлася локцем на траву і адразу задрамала. «Ага, яна стамілася за вялікую дарогу», — думаў Нявада і пачаў шукаць вачыма свайго таго дрэўца. Яно не было блізка ад соннай дзяўчыны. Паўгадзіны таму яно было на сваім месцы і ў добрым сваім стане. Але ці гэта яму здалося, ці сапраўды? Унь ён бачыць яго, утаптанае ў зямлю. Яно ляжыць бокам і тырчыць угару адной галінкай. Незразумелая трывога разанула яго. Калі ж ён паспеў быць тут, той невядомы падарожны? Нявада падышоў да дрэўца. Яно ўсё было ўвагнана ў зямлю ботам з здаравенным абцасам. След ад абцаса быў глыбокі і шырокі. Незразумелая трывога павялічылася і ўжо межавалася са страхам перад тым невядомым. Калі ён паспеў прайсці тут і куды знікнуць?
Дзяўчына сапраўды-такі спала, прыпаўшы галавой на руку. І яго душа страсянулася. Як быццам ён сумысля шукаў болю на сваю рану, якую не мог да канца залячыць час. К таму ж — трывога і неспакой, што тут хадзіў нейкі невядомы. Ужо адразу яго ўяўленне і думкі нарысавалі карціну: такая яна маладая і нейкая адзінокая на гэтых вялікіх дарогах. Куды яна спяшае, да чаго так нястрымна імкнецца? І тут ужо адразу з гэтай карціны паўстала другая, як злая наканаванасць, як смутак яго душы. Ён жа не бачыў і не ведаў калісьці, як Волечка, так як цяпер гэтая невядомая, можа, так жа адна спяшалася дарогамі і ў стоме падала на прыдарожную траву. Волечка, не цяперашняя жанчына, а тая дзяўчынка паўставала перад ім. Яна, тая Волечка, жыла ў яго душы, як вечны застылы вобраз, ці то ў мінуўшчыне, ці то ў сучаснасці, ці то ў будучыні. «Што было, тое прайшло», — мог бы прыдумаць ён сабе ўцеху. Але ж не. Дзе ўжо там да Волечкі! Ужо не Волечка, а другая, вельмі цяпер на тую Волечку падобная, стаяла перад ім. Яна, як кропля вады на кроплю, удалася ў сваю маці і, як жывое ўвасабленне той Волечкі, была перад вачыма. Заўсёды ён думаў: гэтай не трэба будзе шукаць сабе шчасця для будучыні. Яна будзе жыць так, як будзе жыцца, а жыцца будзе добра. Ён гэта бачыў па сваёй Волечцы і па маленстве гэтай. І яго мучыла крыўда за Волечку, якая ўведала гора, а гэтая радзілася адразу на шчасце. «Тая варта большага замілавання, чым гэтая, што будзе думаць аб жыцці, як аб вясёлым свяце». З цяжарам на душы, з трывожным адчуваннем, што нешта жудаснае неўзабаве адбудзецца, ён аж прыгнуўся над увагнаным у зямлю дрэўцам, дзе вельмі выразна вызначаўся вельмі глыбокі след ад абцаса. Ён не мог больш быць у адзіноце і нарыхтаваўся ісці ў Сумлічы. Калі ён зрабіў першы крок, пачуў, што сонная дзяўчына глыбока кашлянула. Ён бачыў: яна прачнулася і прыўзнялася з локця. «Кашляе, захаладзілася на вільготнай зямлі, дзе ж, у нейкім клопаце, на дарозе, можа, за светам ад свайго месца». Ён быў схілен бачыць усюды самае горшае. «Мусіць у мяне выгляд дзіўны, што яна на мяне так глядзіць». У высокіх ботах, у выцертым плашчы і чорнай кепцы з гузікам наверсе, ён рашуча зрабіў колькі крокаў да дзяўчыны, быццам бы маючы да яе самую найпільнейшую справу. Пячаць асцярогі лягла на дзяўчынін твар. «Яна мусіць хацела адпачыць адна — і далей у сваю дарогу». Але было позна ўжо моўчкі прайсці паўз яе.
— А вы далёка куды едзеце?
— А я і сама не ведаю, ці гэта далёка адсюль, ці блізка.
— Дзе гэта?
— Туды, за Бабруйскам, у бок Гомеля. («Не, яна вельмі ахвотна і ветліва гаворыць».) Ужо з учарашняй раніцы ў дарозе.
— Вы дадому едзеце ці з дому?
Ён бачыў: яна як бы сумелася. Перш за ўсё яна сапраўды ўпала ў задуму. Яна думала над тым, што зараз скажа. Гэта было не зусім звычайна. Пасярод дарогі, упершыню, на адну можа хвіліну, яна ўбачыла незнаёмага ёй Няваду. Тут бы абы-што адказаць, таксама як і ён абы-што пытае. А яна думае. «Чыстая, справядлівая душа, яна цэніць сваё слова». Нявада аж ступіў яшчэ крок бліжэй.
— Я-то еду дадому, але таксама і з дому… Я еду з дому да бацькі.
— А дзе ж ваш бацька жыве?
— Дома.
— А вы едзеце да яго з дому?
— З дому.
— Гм… значыцца…
Слова за словам, маўчанне пасля слова і перад ім, яна расказала яму гісторыю, і хто яго ведае, больш тут было суму ці радасці? Калісьці даўно, калі яе яшчэ на свеце не было, бацька яе паставіў сабе новую хату на панскай зямлі і з панскага лесу. Скончылася там права рэвалюцыі, і ён сюды пайшоў і жыў па гэты бок граніцы, а хатаю заўладаў пан. Калі скончылася і гэтая граніца, пан раптам убачыў, што, каб мець шчасце, даволі мець адзін дом, а тым больш панскія пакоі, і не канешне ўладаць у дадатак яшчэ сотняю хат, пастаўленых калісьці простымі людзьмі.