Чтение онлайн

на главную

Жанры

Пошукі будучыні

Чорны Кузьма

Шрифт:

— Вы чуеце, як яго ўжо точыць чарвяк, што ён так ірвануўся душой? От бо нямецкая душа! Ніякіх там парываў, а ўсё павінна быць вылічана: колькі аршын радасці, колькі ўдзячнасці, колькі сяброўства і колькі дабра другому, каб не перадаць лішне. А можа ён яшчэ і з жывога гэтага Паліводскага здымаў, якое там к чорту знімаў! Здзіраў тое золата! Дык тады пісара пры ім не трэба было, каб запісваць, колькі немец скур з чалавека здзярэ. А вось калі душа яго на момант зварухнулася на справядлівую ўдзячнасць, дык ён адумаўся, што не паставіў пры душы таго пісара, які б падлічыў і запісаў, ці не залішне ён перадаў да чалавека ўдзячнасці, не гаворачы ўжо аб простым, бескарысным пачуцці. О, я немцаў ведаю. Яшчэ калі быў малады, служыў пры вялікім доктары, і ён мяне браў з сабою ў Германію, калі ездзіў паказваць свой спосаб, як рак вырэзваць… Ну, ты там, за комінам! Калі толькі адагрэешся добра, то злезеш

і дасі ёй паесці, і пабольш каб яна піла, цёплага і гарачага. Бывайце і праўцеся, галубчыкі мае, унь Трыбуховіч пад’ехаў, дзякуй Богу, што на пагоду выбілася!

І ён пайшоў з хаты. Праз колькі хвілін ён знадворку прыклаў твар да шыбы і гукнуў:

— А калі ёй праз дзён два-тры не будзе рабіцца лепш, дык падскоч зноў да мяне, я прыеду банькі паставіць.

І пасля гэтага колы загрукацелі па вуліцы. У хаце стала зусім ціха. Кастусь быў рад, што гаваруна ўжо не было ў хаце, аднак жа штосьці нядобрае, ці як бы трывожнае павісла над ім. Яму рупела, што і конь на двары склее на холадзе, і што золата, знятае немцам з графа Паліводскага, ляжыць недзе тут у шуфлядзе, і што яму трэба яшчэ чакаць нейкага поту, і што яму не можна адразу ж устаць і пачаць гаспадарыць. Але самае большае — тыя гадзіннікі і пярсцёнкі як бы душылі яго. Чамусьці яны пасля фельчаравай гаворкі сталі яму страшнымі і агіднымі, што да іх дакранацца нядобра было. Так ён ляжаў, ляжаў, чакаў поту, але яму не было ўжо холадна. Ён не вытрымаў, збрыкнуў з сябе нагамі кажух і паволі сышоў з печы. У галаве злёгку кружылася, але ці мала што калі здараецца — ён прайшоў па хаце, пераабуўся, абмацаў на сабе рубашку — ужо яна была зусім сухая. «Дзякуй табе, Божа, абышлося і без патоў». З радасным пачуццём ён рушыў у свой даўно прыспелы занятак. Перш за ўсё ён напхаў у печ дроў і падпаліў. Праз дзесяць хвілін ужо была падоена карова, хвіліна спатрэбілася на тое, каб вывесці з аглабель вымучанага каня і ўвагнаць у хлеў. Яшчэ праз хвілін дзесяць ён нясмела глядзеў у Волеччын твар і ўсё ўгаворваў яе падняцца і напіцца гарачага малака. Ён прыўзняў яе, падтрымаў за плечы і напаіў, і яна сказала:

— Трэба, каб у хаце было зусім-зусім ціха, дык я засну. — Тады ён адзеўся ў тую сваю, што яшчэ з дому, суконную жакетку і ціхом выйшаў. Тым часам і дзень блізак быў да вечара. Надвор’е зусім расчысцілася, і свяціла сонца. На душы ў яго стала лягчэй. Ён выцер саломаю каня, акінуў вокам двор і ціха ўвайшоў у хату. Хоць і ціха, але Волечка прачнулася. Шпарка і яшчэ цішэй ён выйшаў з хаты і зірнуў у акно. Відна была Волечка на пасцелі. «Ну, цяпер яна спіць. Доўга не пайду ў хату, няхай спіць, не буду будзіць». Ужо захад згарэў чырвоным полымем і патух, і ўжо зоры загусціліся ў небе, ужо і шырокі серп месяца ўзышоў, а ён усё баяўся ісці ў хату. Пахаваў у пуню пад салому ўсе тыя хваёвыя бервеньчукі, разоў некалькі падкладаў коням сена, перачакаў ужо і позні вечар, змерз, многа разоў зазіраў у акно і Волечкі не мог убачыць, а ў хату не ішоў. «Няхай спіць». Стаяў гадзінамі, тросся з холаду, а не ішоў. І яму было добра берагчы яе сон. Нарэшце пайшоў. Так адчыняў дзверы, быццам гэта ён нёс на галаве паўнюткую шклянку вады, не вады, а дарагой вадкасці, або яду, кропля якога прапаліць навылёт яму галаву. Якая ж была яго радасць, калі ён нарэшце апынуўся ў хаце і ўбачыў, што Волечка спіць. Але яна не спала, а бачыла, як ён увайшоў і стаў каля яе.

— Дзе ты быў дагэтуль? Ужо табе нікуды больш не трэба ісці? Нейк адной нядобра, сумна…

Адчуванне вялікага шчасця апанавала ім. Ён будзе тут! Каля яе! Усю ноч ён не будзе спаць! А вартаваць будзе яе сон і спакой!

— Не, не пайду, толькі трэба дзе гэтае золата схаваць, няхай яно агнём пойдзе.

— Вазьмі ў шуфлядзе медны ключык, адамкні ў клеці куфар і ўкінь туды, хай яно прападзе, няхай бы лепш немец яго панёс з сабою, а то…

— Праўда, праўда.

Калі ён адамкнуў куфар і паклаў у прыскрынак золата, быццам з душы яго спала што цяжкае. У хаце ён пачуў ад Волечкі:

— Добра, што ўжо няма ў хаце, гэты фельчар, як пачытаў тыя пісьмы… Божачка, што той немец перажыў, як ён мучыўся! Не ідзі ўжо нікуды, а будзь тут і спі, ужо ноч…

— Добра, а за клопат вазьмуся можа нават і заўтра.

— А за які клопат?

— Ну, каня табе змяніць, рэштку бервеньчукоў перавезці з лесу, падабраўшы ноч, шулы паставіць, браму зрабіць, жыта ў млын, змалоць…

І пайшла тая ноч, месячная, добрая, ціхая, а к раніцы зноў схмурнела неба і пачаў падаць мокры снег. Тады пад раніцу яны, кожны па-свойму, саснілі нейкага высокага чалавека ў чорнай адзежы і з заплюшчанымі вачыма. Ён не спаў, а быў нежывы — гэта ў яе, а ў яго — рагатаў і танцаваў, але вымагаў, каб яму аддалі боты і кашулю. Гэта быў граф Паліводскі.

Кастусь прачнуўся і думаў, ці сапраўды гэтакі мог быць той невядомы Паліводскі, а Волечка прахапілася з енкам і крыкам: «Ой, ой, Божачка!»

— Што, што? — абазваўся ён.

— Ой, ой, Паліводскі!.. А хто гэта тут у хаце?

— Гэта я, — крыкнуў Кастусь.

— Хто?

Яна яшчэ не адвыкла ад свае адзіноты і не прывыкла да яго. Ён падбег да яе і ўбачыў, што яна дрыжыць.

Колькі раз, жывучы ўжо адна, без бацькі, яна так прачыналася раніцамі ад непрыемных ці страшных сноў! І прывыкала ў адзіноце сваімі сіламі гнаць ад сябе цяжкае ўражанне ад кашмараў. Цяпер жа яна падумала, што недзе каля яе ёсць ён. Як лёгка і адразу згінуў сон, і яна ўсміхнулася, яшчэ з заплюшчанымі вачыма.

— О так, а то крычыш немаведама чаго. Гэта ж сон.

І па яе твары ён здагадаўся, што яна ачуньвае.

— Уночы я выходзіў глядзець коней, ужо на дзень ішло. Мокры снег гразі даў. А конь твой ужо ані нічога не з’еў — нават і не зачапіў сена. Ты нічога не думай. Мой конь зусім малады. Ведай, што гэта твой. Ты толькі папраўляйся.

— Я ж папраўляюся. Хіба ты не бачыш?

— А на дварэ ўжо і апошняе лісце з ігрушы асыпалася за ўчарашні дзень. Чорнае, як сажа, ляжыць мокрае.

Праз два дні ён пачаў карміць худога каня паранкаю, не адыходзіў ад яго, рабіў яму нейкае адмысловае пойла, а праз два тыдні сказаў Вольцы, што конь крыху абгладзіўся і ўжо льга яго збываць. Аднойчы ўдосвецця ён накрыў каня мяшком і сеў зверху. Конна выехаў ён з двара. Торба з акрайцам хлеба была ў яго руках. На конным рынку ў дробным гарадку, вёрст за сорак ад Сумліч, ён, як спрактыкаваны конскі перакупшчык, расхвальваў старога і худога каня, бажыўся і падпускаў часам заядлую лаянку. «Без гэтага каня не прадасі», — думаў ён і запрашаў усіх паглядзець каню ў зубы. «Галоўнае — смела казаць, каб глядзелі ў зубы, дык ніхто і не гляне, і павераць, што конь малады». Стары і высокі цыган, які тут жа побач прадаваў яшчэ мусіць старэйшага каня, сказаў:

— Ты, чалавеча, прасі, каб глядзелі твайму каню не ў зубы, а ў хвост, тады хутчэй усіх ашукаеш.

Навокал зарагаталі, і Кастусь, праклінаючы гаты дзень, адвёў свайго каня ўбок, але і адтуль два перакупшчыкі прагналі яго. Скончылася так, што ён вярнуўся на ранейшае месца. За гэты кароткі час цыган паспеў прадаць ужо таго каня, купіць другога і ўжо гэтага расхваліць. Кастусь прадаў свайго каня перад самым вечарам, вельмі затанна, але ён быў рад, што развязаў рукі. «Волечка не будзе ў крыўдзе, я ж ёй аддаю свайго каня». Якое было яму шчасце цэлую асеннюю ноч ісці дадому. Ён адчуваў сябе так, быццам вырваўся на волю. Яшчэ на выходзе з горада ён убачыў вясковую бабу, якая трымала пад пахаю пеўня.

— А ці добра спявае? — некалькі разоў пытаўся ён у бабы.

— Галубчык мой, — адказвала кожны раз баба, — гэта не певень, а музыка. Пад яго песню можна цэлы вечар танцаваць.

Ён купіў пеўня і падумаў: «Прыйдзецца ж зімаваць. Няхай спявае сабе. А калі Вольцы не спадабаецца — я ёй грошы вярну». Яшчэ не пачынала світаць, калі ён быў дома. Пеўня ён укінуў у пуню і ўсё прыслухоўваўся, ці скора той заспявае. І толькі цяпер ён падумаў аб сваёй віне перад Волькай: «Я ж задарма аддаў каня». Пакуль развіднела, ён, не заходзячы ў хату, выкаціў з пуні два бервеньчукі з той сухой хвоі і стаў часаць. «Пакуль зіма не ўмарозіла зямлю, я яшчэ пастаўлю шулы на браму». І душа яго ачысцілася ад прыкрасці. Раптам у пуні заспяваў певень. І гэта як бы хто сказаў яму радасную навіну. Ён пакінуў часаць бервяно і стаў над ім. Цадзіўся дзень позняй восені. У хатніх вокнах засвяціўся агонь. «Волечка ўстае. А можа пайсці ў хату?» Волька выйшла на ганак і ўбачыла яго над бервяном. І загаласіла:

— А братачка, чаму ж ты надумаўся ўночы бярвенне часаць? Ну як жа табе ўчора там паводзілася?

— Ну, каня прадаў, пеўня купіў… спявае, ліха яму, як на скрыпцы грае… А над лесам, учора падвечар, вельмі хмара ссінела. Мусіць, неўзабаве ляжа сапраўдны снег.

Снег, вецер, галасны певень, пах сена з пуні, крык зімовай птушкі, счарнелы ад прымаразкаў лісток з саду на ветры, ясны захад сонца, пах свежага хлеба ў хаце, вымалачаны колас, узняты ветрам на бязлісты куст бэзу, зорнасць марознай ночы, бесперапынная плынь часу — дзень за днём, дзень за днём, — і пайшло яно, з вялікай радасцю аб тым малым, што толькі і патрэбна чалавеку. Ні зайздрасць і ні сквапнасць, ні злое нездаваленне, ні прыкрая паняверка, што ўсё мала і трэба больш, ні горач, што нехта вышэйшы за цябе ростам… Тут не бытавала пустое імкненне немаведама куды. Колер і пах свежага абчэсанага хваёвага бервеньчука гаварыў душы больш за тое золата ў куфарным прыскрынку, страчанае невядомым і таемным графам Паліводскім і набытае, і таксама страчанае Густавам Шрэдэрам.

Поделиться:
Популярные книги

Мир-о-творец

Ланцов Михаил Алексеевич
8. Помещик
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Мир-о-творец

Виконт. Книга 4. Колонист

Юллем Евгений
Псевдоним `Испанец`
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
7.50
рейтинг книги
Виконт. Книга 4. Колонист

Титан империи

Артемов Александр Александрович
1. Титан Империи
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Титан империи

Запретный Мир

Каменистый Артем
1. Запретный Мир
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
8.94
рейтинг книги
Запретный Мир

Ты предал нашу семью

Рей Полина
2. Предатели
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Ты предал нашу семью

Цеховик. Книга 2. Движение к цели

Ромов Дмитрий
2. Цеховик
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Цеховик. Книга 2. Движение к цели

Сила рода. Том 3

Вяч Павел
2. Претендент
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
6.17
рейтинг книги
Сила рода. Том 3

Проданная невеста

Wolf Lita
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.80
рейтинг книги
Проданная невеста

Волк 7: Лихие 90-е

Киров Никита
7. Волков
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Волк 7: Лихие 90-е

Падение Твердыни

Распопов Дмитрий Викторович
6. Венецианский купец
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.33
рейтинг книги
Падение Твердыни

Приручитель женщин-монстров. Том 9

Дорничев Дмитрий
9. Покемоны? Какие покемоны?
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Приручитель женщин-монстров. Том 9

Ночь со зверем

Владимирова Анна
3. Оборотни-медведи
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.25
рейтинг книги
Ночь со зверем

Я – Орк. Том 6

Лисицин Евгений
6. Я — Орк
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я – Орк. Том 6

Совок-8

Агарев Вадим
8. Совок
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Совок-8