Пошукі будучыні
Шрифт:
— А хто ж табе на жыта ўзараў?
— Я сама.
Ён і не падумаў пра гэта. Якая яна маладзец! Ворыва ж у яго ўяўленні заўсёды звязвалася з вобразам здаровага мужчыны. Калі яны прыйшлі ў хату і запалілі агонь, ніхто з іх не хацеў есці каўбасы.
— Ты малаціў цэлы дзень!
— А ты арала можа цэлы месяц!
Каўбаса так і асталася на стале, і толькі назаўтра зранку яны з’елі яе ўдваіх, кусаючы, як згаварыўшыся, многа хлеба і мала каўбасы, каб надалей расцягнуць прыемнасць. Тры дні ліў дождж. Кастусь толькі і займаўся тым, што зранку малаціў, а адвячоркамі ўкошваў травы коням нанач. На чацвёрты дзень падзьмуў вецер, і шэрыя засцілы восеннага неба падняліся ўгару. Уночы зырка ўзышлі зоры, і пачаліся дні з ціхім сонцам і жаўталісцем на дрэвах і пад дрэвамі. «Можа я рассеяў жыта і не вельмі мерна, але затое добра забаранаваў. Зерне ў зямлі, то яно ўзыдзе». Так думаў ён. І на душы ў яго было лёгка: ён жа скончыў такую важную работу! «А цяпер ужо хутка можа прыйдзецца і ехаць куды-небудзь». І ён узяўся адпасваць у дарогу свайго каня. Ён важдаўся з параю коней і днямі і начамі. То карміў іх, то пасвіў.
— Можа, ты мне паможаш на зіму дроў навазіць?
Трэба думаць, што яна адчувала яго смутак перад невядомасцю будучыні. Часамі яе агортаў одум. Яна думала пра яго і шкадавала яго. Можа гэта ўжо фармавалася жаночая душа, у якой многа месца для чужой бяды. Ёй было вялікай радасцю бачыць, як ён шчасліва ажывіўся і ўхапіўся за прычыну яшчэ тут астацца. Яна ўжо разумела яго навылёт. І гэта пачалося куды раней, чым ён пачаў угадваць яе думкі і патрэбы. Кожны дзень яны пачалі ездзіць у лес. І так засталі іх ужо добрыя прымаразкі. Рэчка з берагоў пачала прымярзаць, вада ў ёй стала чыстая, і на сонцы дно прасвечвала ў ёй усюды. Гэта былі дні апошняга смутку Кастуся Лукашэвіча. Раней смутак з’яўляўся ў яго парывамі. Цяпер ужо час прайшоў, востры боль душы прытупіўся. Час лячыў душу. Смутак аб бацьку, аб родным кутку, аб усім тым, што страцілася і што ўжо вярнуць было цяжка, і на гэта надзей не было — смутак аб гэтым ападаў і зменшваўся, і аставаўся без выбухаў і болю. Ужо з’яўляліся ў душы першыя адзнакі таго, што ўжо тут, на гэтым месцы, душа знойдзе радасць быць у сваёй радасці. Ясныя былі дні, і марозлівыя, і, як заўсёды ў тую восень, ціхія. Цішыня і спрыяла ўраўнаважанню яго душы. Гэта была мясцовасць, дзе як бы сышлося ўсё, да чаго ён прывыкаў некалі ў маленстве. На даляглядах сінелі лясы. Вялікія дрэвы раслі пры дарогах, і чым вышэй яны ішлі ў неба, тым неба здавалася вышэйшым. Мерзла і нікла трава, але над вадою яна стаяла зялёная і тырчэла з прыбярэжнага лёду. З дзікіх ігруш на межах і выганах ляцела ў вецер счарнелае лісце. Камень пры дарозе абростаў імхом, уночы абзываўся воўк у пушчы, на вялікую разлегласць грукацелі колы па мерзлай зямлі, кожны дзень на ўсходзе і захадзе неба доўга палала ясным хараством, і не было той ночы, каб зырка не свяцілі зоры. Гэтымі начамі Кастусь не спаў моцна і глыбока, як гэта бывала з ім раней. Не нуда і не смутак ужо, а руплівая ўзбуджанасць падкрадалася да яго ў гэтыя ночы. Ён паднімаў галаву і прыпадаў тварам да шыбы. Яшчэ далёка было да світання. Увосень ночы доўгія. Так па некалькі разоў на ноч ён выходзіў слухаць, ці ядуць коні. Але найбольш еў адзін конь, яго. Волеччын жа быў зусім стары. З’едзенымі зубамі ён склычваў сена ў мокрыя камякі і, утаміўшыся, стаяў над ім. Кастусь падкладаў яму свежага сена і ішоў дасыпаць ночы, каб аднак жа яшчэ ўстаць некалькі разоў. Душа яго чула і вочы бачылі, што стаіць хараство зорнай ночы і восень позняя пагодная, але аднак жа цяпер ужо сталасць заклапочанага чалавека панавала над усім у яго душы, і гэта было яго шчасце, бо ён не аддаваўся голым пачуццям, а паўнаце жыцця, якое яно ёсць. І гэта ратавала яго ад хваравітых парываў, якія навек могуць сапсаваць маладую натуру. Шчаслівасць укрывала ад гэтага і Волечку. Цэлымі начамі яна ціха і глыбока спала і ўставала тады, калі пачынала цадзіцца світанне. Пры лучыне абое яны рыхтаваліся, як толькі развіднее, выехаць у лес. Дровы вазілі на Кастусёвым кані. Волеччын ніяк не правіўся, а яшчэ больш худнеў. Волечка раз была сказала:
— Яшчэ тата казаў, што трэба перамяніць каня.
— Я табе яго перамяню, — адказаў ён ёй на гэта, і яна не прыняла яго адказу за пустыя словы. Незаўважна ні для кога з іх яна пачынала адчуваць у ім нейкі для сябе аўтарытэт. Дзень за днём, і куткі Волеччынага двара былі ўжо завалены галлём і тонкім сухастоем. Ужо на зіму даволі будзе апалу. Але што гэта за дровы! Калі везлі з лесу апошні воз, Кастусь нагледзеў у гушчырні, у баку ад дарогі, добрую хваёвую сухастоіну.
— Я яе ўночы спілую і за дзве ночы перавязу. Вось гэта дык будуць дровы! На самыя маразы, і хлеб пячы. А з самага камля пастаўлю шулы ў браму, а то двор не зачыняецца.
— Як жа яе спілаваць? А ляснік звон пачуе.
— Не пачуе. Трэба вышэй пілы камель шчыльна абкруціць кажухом і цесна перавязаць, а тады пілаваць. І ніякага звону не будзе. Толькі кажуха няма.
— А вон жа! — ускінула яна ўгару плячыма: яна была ў старым, на яе велікаватым кажушку. — Толькі хіба можа ён малы будзе.
— Якраз добра.
Яна ацаніла яго руплівасць. У гэтыя часы свайго жыцця, калі яна многа думала пра бацьку, яна была абыякавая да шулаў і да продажу старога каня, але ёй было шчасце мець каля сябе такога блізкага ўжо і аўтарытэтнага Кастуся Лукашэвіча. Усё, што ён скажа — усё добра. З якой ахвотай яна будзе пілаваць з ім уночы гэтае сухое дрэва! Гэтая гаворка зноў зрабіла іх як бы нейкімі змоўшчыкамі. Яна сядзела наверсе воза, а ён ішоў збоку і павярнуў каня на кругавую дарогу:
— Зробім круг, але паглядзімо, як узышло жыта, — сказаў ён.
Ён хітрыў перад ёю. Ужо разоў некалькі ён хадзіў глядзець жыта, а цяпер таму і павёз сюды Волечку, што яно ўзышло добра. Як сявец ён вытрымаў экзамен як найлепш. Волечка саскочыла з воза і стала над сваім палеткам. Густа і роўна стаяла над прымерзлай зямлёй рунь. Кастусь аж падкінуў каню сена, каб Волечка не спяшалася і як трэба ўгледзелася ў яго работу. У яго быў такі выгляд, як бы гэта ён сам выдумаў на свеце, што раней сеюць, а пасля пасеянае ўзыходзіць. Волечка змерзла стоячы. Раней у іх былі думкі задаволення аб тым, што двор завален дрывамі, пасля некалькі дзён думалася аб добра пасеяным жыце. А пасля надышла чарга той сухой хвоі. Так і праходзілі ў іх дні. Ноч, калі трэба было ехаць спілоўваць хвою, выбрала яна. Ён сумысля маўчаў.
Не кажучы больш адзін аднаму ні слова, яны, адзетыя, пасядзелі ўпоцемку, паслухалі, як гудзе на дварэ вецер, паглядзелі, як стаіць сярпок месяца, і выехалі з двара. У вышыні лесу гуло і трашчала, быццам над лесам цяглося што гулкае і неспакойнае. Ён адразу знайшоў патрэбнае дрэва. Яшчэ тады, удзень, ён вымеркаваў, у які бок яно павінна ўпасці. І цяпер ён вобмацкам прыставіў пілу. «Няхай сабе звініць, — думаў ён, — абы хутчэй». Але яна не вытрымала. Яна скінула з сябе кажушок, і ён зразумеў яе трывогу. І ў яго душа ныла. Скінуў ён і з сябе світу. Калі кажушком і світай, згамтанымі разам, ён абкруціў дрэва вышэй пілы і перацягнуў сваёю папружкай, звон і сапраўды стаў глушэйшы. Як ні стараліся яны цягаць пілу, прайшло даволі многа часу, пакуль дрэва лягло.
— Пачалі — дык трэба канчаць, — сказала яна, і ён з-за ветру ледзьве пачуў яе. Пакуль яны распілавалі хвою на кавалкі, з абаіх ішоў пот, і вецер працінаў іх.
— Садзіся хутчэй на воз і накідайся паверх кажуха маею світай, — цвёрда скамандаваў ён. — А я хуценька завязу цябе дадому, бо захалодзішся.
— Тут жа недалёка, я шпарка пайду.
— Садзіся! — крыкнуў ён, і яна паслушна села. Дома ён загадаў ёй класціся спаць, а сам зноў пагнаў каня ў лес. Калі ён вярнуўся дадому, ужо спявалі пеўні. Разгрузіўшы воз і паставіўшы каня, ён увайшоў у хату ціхенька, каб не пабудзіць яе, і ўбачыў, што яна не спіць, а стаіць ціха, прыпаўшы да аконнай шыбы. Узбуджана яна сказала, што з трывогай чакала яго і баялася якой-небудзь злой прыгоды.
— Не стой, а кладзіся і каб ты мне да раніцы выспалася! А я пайду ставіць каня і прыхаваю ў пуньку бярвенні.
З хаты ён выйшаў не раней як тады, калі яна лягла і сцішылася. Ён доўга важдаўся на двары і ў пуні. Ужо цадзіцца пачынала кастрычніцкае рассвітанне; пеўні галасілі, здавалася, па ўсім свеце. «Ці спіць яна, такая клапатлівая?» Увайшоў у хату і прыслухаўся. Яна цяжка, не так, як заўсёды, дыхала. А ў яго балелі плечы, нылі ногі, цяжэла галава і хіліла на кашаль. З вялікай сілай яго цягнула ў пасцель. Шпарка ён запаліў лучыну і падышоў да Волечкі. Ён здзівіўся — такі чырвоны і неспакойны быў яе твар. Ён стаяў над ёю. Яна раскрыла вочы, і абыякавасць да ўсяго была відна ў іх. Гэта была небывалая ніколі раней рыса ў яе, і ён жахнуўся:
— Волечка, што з табою. Табе што-небудзь баліць?
— Нічога, толькі ў грудзях.
— А больш?
— Больш не, толькі галава.
— А больш нічога не баліць?
— Нічога, толькі ў горле.
— Ну а яшчэ дзе баліць?
— Ані нідзе.
— Дык ведаеш што? Ты ляжы сабе, а я цябе зараз гарачым напаю і памчуся па таго самага фельчара. Ён практык. Той немец вось які хворы быў, а ён яго, як бачыш, падняў. А ты не бойся, хутка ўстанеш.
— А я не баюся. — Бледная ўсмешка прайшла па яе губах. Ён лепш акрыў яе і пайшоў у рух. Перш за ўсё ён падпаліў у печы і зрабіў гарачае ёй выпіць. Пасля, надаваўшы ёй сотню наказаў — ляжаць і не ўставаць, грэцца і чакаць яго з фельчарам, ён зазірнуў ёй у твар і жахнуўся. Няўжо яна так адразу заснула?! Абыякавая да ўсяго, яна зноў цяжка дыхала, твар яе яшчэ больш гарэў, і вочы заплюшчыліся.
— Я буду ляжаць і чакаць, — ледзьве вымавіла яна, і ён, увесь уздрыгануўшыся, выскачыў на двор, дрыжачымі рукамі ледзьве патрапляў перавязваць і перакрыжоўваць вяроўкі, вымошчваючы сядзенне ў возе, запрог свайго каня, свіснуў пугаю і рынуўся ў дарогу. Цяпер конь яго ўжо не быў той здарожанай, хоць і маладой, худзізнай. Гэта быў ужо выгладжаны бягун, і імчаўся ён на злом шыі, аднак жа яшчэ ўсё чуючы над вушыма свіст пугі. Кастусь даімчаўся так да мастка над неглыбокаю рэчкай і раптам убачыў, што вада, пасля былых дажджоў, яшчэ ўсё стаяла даволі высока і сарваны ёю масток толькі палавінай сваёй трымаецца пад той бераг, а бліжэйшая палавіна расплылася бярвеннямі. Ён павярнуў каня берагам паўз рэчку, выглядаючы броду. Паплаўны бераг замакрэў — пачыналася адліга. Колы клалі след на вялістай траве. Конь замакрэў, а ён усё гнаў яго. «Божа мой, спазнюся!» І вось ён убачыў пратву. Плыткая вада дробна білася ў пясчаны бераг. Ён нацягнуў ляйчыну і ўвагнаў каня ў ваду. Усё больш падаючыся ў рэчку, ён ужо стаў на ногі, пасля стаяў на сядзенні, каб вышэй быць над вадою. А вада ўсё паднімалася. Вада ўжо ў яго ў халявах і вышэй кален. Сэрца яго разрывала грудзі. Але як выбрацца з рэчкі? Той бераг вельмі круты. А Божа, як жа ён павязе так цераз ваду фельчара? Ён пачаў заварочваць каня назад і ледзь выехаў назад на плыткі бераг. Вада з яго лілася цурком, а на лбе стаялі кроплі поту. Тузаючы лейцы і круцячы пугай, ён доўга гнаў каня берагам, выглядаючы новага броду. І такі ўбачыў: нават след чужых калёс вёў у ваду. Адным махам ён пераскочыў рэчку і аж да самага мястэчка не даў каню перадыхнуць. Ён жа і так колькі часу праваждаўся ў гэтай вадзе! Тады ў вадзе яму было горача ў галаву, цяпер ён дрыжэў з холаду. Здавалася, мокрая адзежа яго лубянее на ветры. Да фельчаравага дома ён даскочыў тады, калі ўжо на небе цяжка валакліся хмары і збіваліся ў адзін на ўсё неба засціл. Імгла зацярусілася густа. Фельчар, з раскудлычаным сівым кліночкам барады, выскачыў на двор насустрач мокрай фурманцы. Вельмі можа быць, што ён не ведаў, за што ўзяцца ў такі нудны дзень, і таму быў такі рухавы, калі ўбачыў праз акно, што нехта пад’ехаў. У яго пасярод двара стаяла карова і ела з кучы капуснік. Певень хацеў умасціцца на мокрую жэрдку і з крыкам саскочыў на зямлю. Божа, як непрытульна і нудна! Але ўсё гэта глупства, бо ёсць самае важнае: «А можа, там Волечцы яшчэ горш стала? Хутчэй трэба, хутчэй!» Мокры хлапец сам сябе падганяў. Як падстрэлены кінуўся ён да фельчара: