Чтение онлайн

на главную

Жанры

Пошукі будучыні

Чорны Кузьма

Шрифт:

Дзень за днём і месяц за месяцам. Зіма за восенню. Нарэшце буйная кропля вады ўпала марозлівым і сонечным днём са страхі. Неба было такое ж сіняе, як і высокае. Але пад ім яшчэ на ўсе палявыя прасторы ляжалі вышэйшыя за рост чалавека пласты перамерзлага снегу. І да вясны і да лета яшчэ далёка было. А яшчэ далей да зорнага мігцення на вераснёвым небе. Тады будзе год, як ён, гэты ціхманы Кастусь Лукашэвіч, асталяваўся тут, у Сумлічах. Але сонца ішло ўжо высока, і здавалася, што вось неўзабаве над бліскучай разлегласцю снягоў цвыркне першы жаўранак. Начамі свяціў месяц, поўны і даўгавечны. У такія ночы, кажуць, ведзьма, натанцаваўшыся з вечара да поту, ратуецца ад гарачыні тым, што кладзецца спаць на голым таку, а пад дзень мерзне і накрываецца бараной. Колькі разоў Кастусь гаварыў на досвітку Вольцы, каб яна ішла на ток грэцца пад барану, ведзьме пад бок! І колькі разоў яна называла яго за гэта ведзьмаком! Гэта не былі жарты сталых людзей, бо вельмі многа тут было дзіцячай наіўнасці. Але і дзіцячага тут было мала. Мала было і сталага. Для іх яшчэ не прыйшоў час знайсці сваю сталасць у іхняй блізасці адзін да аднаго. У той меры, у якой ішоў час, ён рабіўся больш маўклівы, чым гаваркі. Яна ж любіла, калі ён жартаваў, і рагатала яшчэ загадзя. Можна было падумаць, што гэта фармуецца натура вясёлая і нават легкадумная. Аднак жа ён бачыў, што нешта як бы ляжыць у яе на душы і што ў вачах яе вялікая задума. Раз яна сказала:

— А ўжо вельмі доўга вайна

цягнецца, а ад бацькі ні разу пісьма не было. Я ўжо ведаю, што яго няма жывога.

Адкуль жа яна можа ведаць? Вось ён дык ведае, што яго бацькі ўжо няма!

Як гояцца раны зямлі! Ззяе ямінамі разварочаная рыдлёўкамі зямля. Або ляжыць перад чалавечымі вачыма земляное калецтва, калі пройдзе па ёй, як гэта сёння, у нашы ганебныя для чалавецтва дні, ганьба чалавечага генія, танк — стварэнне чалавека дзеля смерці чалавека. Або крывавыя раны зямлі, прабітыя бомбамі. Чорная зямля па краях і дзеля напамінку чалавеку, што ён горш за звера і жывёлу, — травіна, прыліплая да земляной раны. Сонца сушыць скалечанае месца, палошчуць дажджы, абвяваюць вятры. Ідзе час. І няма калецтва: ужо ўсё зарасло травой, ужо і дрэўца пасеялася і ўзышло. Расце ўсё вышэй і ўжо здалёк відно. І на месцы, дзе ззяла рана, красуе хараство, і, здаецца, ніякае ўтрапенне не кране тут жыцця прыроды і чалавека. Вялікі доктар — час — спакойна і безупынна ідзе па свеце і лечыць, і гоіць.

Скруха і смутак тупелі і ўсыхалі. Яны ішлі да свайго поўнага знікнення. Кастусь і сам стараўся гнаць ад сябе думкі аб нядаўным мінулым. Праца ўраўнаважвала яго душу. Цяпер ён рыхтаваў немудрашчую Волеччыну гаспадарку да вясны. Льга думаць, што ён, у гэты час свае маладосці, вельмі мала закідаў думкі далёка наперад. Вельмі можа быць, што тут і пачыналася яго шчасце: прынамсі цяжкая паняверка не гняла яго душы і не сеяла ў ёй смутку. Чалавек меў радасць ад усяго таго, што рабіў кожны дзень. Так гартавалася і яго дужасць. Ён браў у пуні на плечы цэлы мех збожжа і сумысля праносіў перад вокнамі хаты, каб Волечка бачыла, што ён за чалавек. Тая ж Волечка быццам бы старалася патрапляць яму ў тон: ён не любіў, калі яна бывала нудная:

— Ты зноў расскоглілася? Баба дурная! Бацька пісем не шле, а возьме і сам калі-небудзь з’явіцца ў хаце. Лепш бы пайшла паглядзець карову, можа яна цяліцца скора будзе.

— А хіба я магу пазнаць, калі яна там будзе цяліцца?!

— Дык навучыся пазнаваць, калі хочаш быць добрай гаспадыняй!

А хіба яна хацела ці не хацела быць гаспадыняй? Яна жыла так як жылося. Так жа было і з ім. Яны абое належалі да таго пакалення, якое не ведала сапраўднага маленства. Але затое перад імі стаяла ўжо іхняя маладосць. А каб хто ім сказаў, што другое пасля іх пакаленне (іх дзеці) ужо і маладосці мець не будуць, што іх маладосць з’есць чужы прышэлец? Хіба была б у іх вера ў гэта? Яны ж так моцна якраз цяпер пачыналі адчуваць блізасць усемагутнай маладосці!

Прыйшла і прайшла вясна. Кастусь узараў усё і пасеяў. Грошы за таго Вольчынага каня ляжалі ў прыскрынку, разам з тым золатам. Прыйшло лета. Удваіх з Волькаю яны жалі дзень пры дні. Ужо аднекуль з лесу ці з саду на ржышча пад свежы сноп заляцеў жоўты лісток. Першая яна заўважыла яго:

— Глядзі, глядзі, восень! — І ўздыхнула. Ён адагнуўся ад жніва і сказаў:

— Калі я сюды прыехаў — восень была пазнейшая.

Каб хто бачыў, як яны паглядзелі адно аднаму ў вочы! «Добра, што прыйшла восень. А яшчэ лепш, што ўсё мае свой час». Пасля жніва ён пачаў угаворваць яе не шкадаваць тых грошай за каня і набраць крамніны на плацце. Доўга ішлі гэтыя ўгаворы, а нарэшце, ужо-такі ў сапраўдную восень, ён убачыў яе ў новай сукенцы. Гэта праўда, што чалавек упрыгожвае рэчы і свет. Але і яны не так сабе існуюць навакол чалавека. Трэба было паглядзець збоку, як ён акідаў яе вачыма! Цяпер нават ён як бы і пабойваўся яе. Яна, сваім жаночым пачуццём, угадала гэта і старалася быць пры ім у тым старым зношаным адзенні. А пасля стала ўгаворваць яго набраць і сабе новай крамніны — грошы яшчэ былі. Як гэта, ён сам не здолее прыадзецца? Гэта не быў пусты гонар. Гэта ён ужо адчуў у сабе мужчыну. Якія яны аднак жа сталі за гэты нядоўгі яшчэ час! Усю восень ён наймаўся на чужую работу з канём, а ранняй зімой выфранціўся сам, купіў ён блучковую хустку і чаравікі і пачаў саромецца глянуць ёй у вочы. І зноў было нядобра. Яна адчувала, што яна першая павінна нешта такое сказаць ці зрабіць, каб усё зноў стала на сваё месца. Але як і што? Гэта была пакута. Надыходзіла новая пара ў іхнім жыцці. Яны не спяшаліся ёй насустрач. Яно само ўсё ішлося, а яны мелі радасць ад свае кожнадзённасці. Зноў вясна, зноў ён араў і сеяў. Пасля вясны будзе лета… Так і новыя падзеі прыйшлі. Канчалася вайна, а з-пад Сумліч згінулі паны. Кастусь вазіў з панскага лесу дрэва не таму, што надумаўся на месцы старой Нявадаўскай хаты або дзе інакш будаваць новую, а таму, што ўсе вазілі дрэва. Ён складаў яго на вуліцы, і к лету перад вокнамі Нявадаўскай хаты навалена было бярвення да самых гэтых вокан. Так ён пакінуў быць выгнанцам і бяздомнікам і стаў тубыльцам тут. Ужо яму здавалася, што ніколі і не было такога часу, што ён жыў дзе-небудзь інакш. Поле добра радзіла. Нават ужо і клянок, пасаджаны ім дзеля забаўкі на Нявадавым двары ў першы год прыезду сюды, рос і ўкараняўся. Прыйшло юнацтва і сталасць натуры. Волечка была ўжо мажная і павальнейшая ў рухах. І калі ён называў яе не «Волька», а «Волечка», яна чырванела і бянтэжылася. Тым жа летам гэтая саромлівасць паміж імі дайшла да найвышэйшага свайго пункта. Ці не сам лёс прывёў яго сюды, каб ён дзеля яе і клён каля бацькаўскай хаты пасадзіў, і поле ратаваў ад дзікай травы, і падтрымаў яе ў тым яе адзінокім сіроцтве, і сам пачаў тут станавіцца на ногі? Нашто ж было ім дзе-небудзь інакш шукаць тае невядомасці замест ужо знойдзенага шчасця? Канчалася лета. І хоць далёка яшчэ было да верасня месяца, але зорная ноч была падобна на тую, калі ён тады прыехаў сюды. Абое яны стаялі моўчкі каля свае хаты і як бы слухалі цішыню. Калі яго рука злавіла яе плячо, яна хістанулася да яго, як бы цвёрда ведаючы, што вызначанага не пераступіш і што ёй не можна быць далёка ад яго. І абодвум ім жыццё стала вялікім шчасцем.

II

Зіма ў тысяча дзевяцьсот дваццатым годзе пачыналася вельмі рана. Ужо ў пачатку лістапада станавіўся сухі холад, а пад сярэдзіну таго ж месяца нападаў змёрзлы і сцёрты ветрам на муку снег. Сухія вятры дзьмулі да канца лістапада. Скрозь у полі снег пазганяла ў лагчыны і прыдарожныя рыштокі. Поле асталося голае, толькі дзе-нідзе прыснежанае, скрозь тырчэла пачарнелае ржышча і месцамі нават з крохкім зяленівам не з’едзенай жывёлай і высушанай марозам травы. Дзіўная пачыналася зіма ў гэтых месцах. Бярозавы гасцінец, што ішоў цераз Сумлічы з усходу на захад, ляжаў пад снегам, але на два крокі ў бок ад яго былі голыя палявыя прасторы з іржэўем і раллёй і жоўтыя з зеленаватым адценнем паплавы. Рэчкі цяклі пад чыстым лёдам, і праз яго свіцілася жвірыстае дно і багавінне з вечным сваім павольным рухам. Сонца свяціла цэлымі днямі, і водбліск яго на голым полі будзіў успаміны аб былым зіхаценні летніх дзён. Ад Сумліч на захад гасцінец праходзіў праз дробны горад Нясвіж. Паміж Сумлічамі і Нясвіжам па гасцінцы ёсць яшчэ некалькі мястэчак, і апошняе з іх к Нясвіжу — Цімкавічы. На сярэдзіне ж дарогі паміж гэтым мястэчкам і Нясвіжам стаяла тады старая карчма, як і належыць ёй, з стадолай і прасторнай хатай на падлозе і з бакоўкамі.

Карчма стаяла пры самым гасцінцы на ўездзе ў сяло Кукавічы і называлася «Кукавіцкая карчма». У першыя месяцы пасля міру з Польшчай (зімою 1920 і 1921 гг.), пакуль не вызначана была і не адзначана цвёрдая лінія граніцы з Польшчай, гэтая карчма была тым пунктам, на які арыентаваўся кожны, хто хацеў цвёрда дазнацца, дзе Савецкая зямля, а дзе ўладанні Польскай дзяржавы. Калі па гасцінцы ты ступіш ад карчмы крок на захад, дык апынішся ў Польскай дзяржаве, а крок на ўсход — будзеш на Савецкай зямлі. Тады не было яшчэ ні пагранічнікаў, ні пагранічных заставаў і можа нават і цвёрда вызначанай дзяржаўнымі планамі засылкі шпіёнаў. Хто ведае з нас, простых людзей. Можа тады аб гэтым толькі пачыналі думаць у міністэрскіх кабінетах. А ўрэшце — за факты не паручуся, чаго не ведаю, таго не скажу. Такія словы як «шпіён», «дыверсант», «кантрабандыст» тады яшчэ ў гэтай мясцовасці не ўбіліся ў вушы народа. Што ж наогул да эўрапейскіх народаў, то гарадскія малатабойцы і сталявары, механікі і слесары, шаўцы і пекары, і сельскія земляробы ў той час або з радасцю варочаліся дадому, або яшчэ марылі аб гэтым. У нашы дні спрабавала забытаваць пропаведзь, што кожны народ любіць вайну. Горкая практыка паказала, што ваяўнічае геройства народа нараджаецца і выпрацоўваецца не ад замілаванасці да рэк крыві на полі вайны, а ад неабходнасці сцерці з твару зямлі такую погань, якая ў нашы дні ў вобразе Гітлера заявіла, што нармальны стан мужчыны вечна быць у вайне. Гэтая пропаведзь спазнілася на мільёны год. Што ж да скопішча тых валасатых нашых продкаў, якія яшчэ мелі пляскаты лоб і вечна ваявалі адзін з адным, каб адзін аднаго есці нават без перцу і солі, то нават далучыўшы да іх усё гітлераўскае войска, наўрад ці льга назваць усё гэтае зборышча народам. Гэтая развага мела б у тыя часы да Кукавіцкай карчмы тое дачыненне, што ў ёй тады часта падначоўвалі людзі, ваяўнічы дух якіх абмяжоўваўся радасцю аб тым, што скончылася вялікая вайна, якая займала паўсвету, паканчаліся меншыя войны, а ў гэтых вайна з Польшчай, а на адной шостай часціне зямлі прагучэла на ўвесь свет «Мір народам». Можа нарэшце хоць спакойна дыхаць льга стане! Хтосьці, начуючы ў Кукавіцкай карчме, напісаў у ёй на сцяне, як бы на ўспамін тутэйшым людзям, сваё прозвішча і слова радасці, што варочаецца ў родны кут да блізкіх і родных. З гэтага прыкладу пайшлі і больш тут пісаць на карчомных сценах. За шэсць год вайны і за дзве акупацыі на гэтай бітай дарозе перавярнулася бездань людзей. А кажуць жа, што кожны чалавек — гэта цэлы свет. Як толькі маглі ўмясціць на сабе гэтулькі надпісаў сцены гэтай старой будыніны! Апошнімі днямі лістапада месяца тысяча дзевяцьсот дваццатага года, калі сухі скавыш ламаў на гасцінцы бярозавае голле, змятаў з поля апошні снег і скавытаў у коміне Кукавіцкай карчмы, перад самым вечарам нейкі падарожны з такім змучаным тварам, што на ім ужо страцілася пячаць чалавечага вобліку, роўнай хадой ішоў гасцінцам з захаду на ўсход. У тыя хвіліны, калі сонца вісела над самым лесам, ужо гатовае спусціцца за яго, чалавек падышоў да самай карчмы і абышоў яе навокал. Уваход у карчму і ўезд у стадолу былі проста з гасцінца. За задняй карчомнай сцяной было выгараджана жэрдкамі месца, падобнае і на двор, і на агарод. Чалавек успёрся локцямі на гэтую агароджу і так стаяў у задуме. Рыжая карова траслася з холаду і тыцкалася пысай у мерзлыя грады, дзе яшчэ аставаліся рэшткі скарэжанага на марозе капусніку і бурачніку. Карова шукала яды. Чалавек доўга глядзеў на яе і ўсё стаяў. Магло здавацца, што яму вельмі соладка стаяць на холадзе. Яно і можа быць, бо кожны яго рух сведчыў, што ён быў такі змучаны, што яму соладка было стаяць у нерухомасці. Можа чалавек крыху адпачыў стоячы, бо праз нейкі час вочы яго як бы ажывіліся, і, як бы развясельваючы сам сябе, ён сказаў:

— Усё на тым самым месцы, і карова тая самая. Дай жа Божа, каб і дома ўсё было ў шчасці і радасці. Ах, Божа мой, Божа, колькі было бадзяння і пакуты. Жартачкі — цэлыя гады! — Ён уздрыгануўся, адарваўся ад плота і рушыў у карчму праз чорны, ці задні, ход з агарода. Здавалася, што ў гэтым чалавеку няма і кроплі крыві. Твар худы і выцягнуты нос. Здавалася, што скура на твары хутка стане празрыстая, як шкло, і праз яе льга будзе ўбачыць чалавека ў сярэдзіне. Кароткае шчацінне выстрыжанай барады тырчэла ва ўсе бакі, а адзежа — адкуль толькі ён мог і назбіраць яе?! На нагах падшытыя кавалкамі скурата лапці. Нагавіцы нямецкія, салдацкія і вылатаныя дзесяткамі рознакаляровых кавалачкаў. Кароткая вопратка, можа нават і на ваце, цывільная, з плеч простага чалавека, якога-небудзь рабочага або панскага парабка, міжнацыянальнага і разам — няпэўнага выгляду, падпяразаная вяроўкай. А шапка — рэшткі польскай канфедэраткі: без казырка, з адарванымі рагамі і залатанымі дзірамі на месцы іх. Пад гэтым падабенствам галаўнога ўбрання на галаву была закручана і закрывала вушы ні то хустка, ні то ручнік, брудны і дзіравы. Усё гэта тырчэла гузамі і камякамі на чалавечай галаве.

Гэты чалавек увайшоў у карчомную кухеньку, дзе ў адзіноце сядзеў за сталом, у адных сподніках і чорнай камізэльцы, стары карчмар, падобны да Майсея. Ён браў з талеркі вывараныя косці і абсмоктваў іх. Чалавек згроб з галавы канфедэратку з дзіравым ручніком, пацёр вушы і прывітаўся з карчмаром:

— Здароў, Шымха! Жывеш? Можа і пазнаеш мяне. Не пазнаеш? З Сумліч. Бывала, калі вязу што або каго ў Нясвіж, дык заўсёды начаваў або папасваўся ў цябе. Не пазнаў?

— Чаму не! Сумліцкі Нявада. Але ж вайна з цябе і штуку вырабіла! Ні да кога і сам да сябе ты цяпер не падобен. Адкуль жа ты і куды ідзеш?

— А ты як жыў?

— Як жыў! Усяго бывала. Тут жа і немцы былі, і палякі былі… А кожны ж прышэлец ідзе на чужую зямлю не на тое, каб што-небудзь прынесці ёй, а каб сабе з яе ўварваць. А цяпер жа не канец яшчэ. Я апынуўся ў шчыліне паміж дзвюма дзяржавамі. Стадола і хата стаяць на савецкай старане, а града з рэдзькаю пры хаце і прызба пад вокнамі — гэта Польшча. Я яшчэ чакаю, што хлеў, дзе стаіць карова, будзе абвешчан нямецкім, а унь тая бяроза на гасцінцы ангельскай. Я табе зайздрошчу. Адкуль бы ты ні ішоў, то ты ідзеш у свае Сумлічы. А калі нават твая там хата і згніла дарэшты, ты ўсё роўна ідзеш дадому. А мне трэба адсюль выбірацца. Цяпер жа рэвалюцыя. Ты набярэш зямлі і паставіш хату. Ты адпакутаваў на вайне, але тваё шчасце прыйшло да цябе. А я праз усё жыццё збіраўся ехаць за мора ў Амерыку, а цяпер позна… Адкуль ты ідзеш?

— Іду з нямецкага палону.

— Што ж ты так запазніўся? Унь адзін кукавіцкі даўно ўжо як дома.

— Мала што, той можа з прычыны мірнага дагавору, а я з лагера ўцёк яшчэ да міру з немцамі. Да Польшчы дабраўся, а з Польшчы ледзь выбраўся. У лагерах цяжка было выжыць, але і палякі такія заядлыя, што разоў некалькі ў турму саджалі, калі лавілі на дарозе. Лічылі мяне за нейкага такога, хто хоча згубіць іх уваскрослую дзяржаву. Так усё і дапытвалі мяне — а ці не маю я намераў пусціць на паветра цэлую дзяржаву! А Божа мой! Нашто мне Польская дзяржава?! Яна мне патрэбна не больш, як Англія разам з Францыяй, Амерыкай і Турэччынай у прыдачу. Бойцеся, кажу, Бога! Пазбірайце вы, кажу, золата з усяго свету, зрабіце з яго трон, пасадзіце на яго мяне кіраваць паўсветам, а каб увесь свет выхваляў мяне, дык я перад вамі буду прасіцца і маліцца: пусціце, калі ласка, дайце мне шчасце спаўзці з гэтага трона: я колькі год жыта не сеяў, кала нават не зачасаў, у кузні каня не каваў, у млыне мукі не малоў, раллі не нюхаў, ботаў не мазаў, капусты не сёрбаў, не наслухаўся ўволю, як пеўні спяваюць, як людзі па-людску гавораць. (Вочы яго пачырванелі.) А ў мяне ж у Сумлічах асталася адна як ёсць малая Волечка. Што яе ўжо на свеце даўно няма — гэта ўжо няма чаго і казаць.

Поделиться:
Популярные книги

Мир-о-творец

Ланцов Михаил Алексеевич
8. Помещик
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Мир-о-творец

Виконт. Книга 4. Колонист

Юллем Евгений
Псевдоним `Испанец`
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
7.50
рейтинг книги
Виконт. Книга 4. Колонист

Титан империи

Артемов Александр Александрович
1. Титан Империи
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Титан империи

Запретный Мир

Каменистый Артем
1. Запретный Мир
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
8.94
рейтинг книги
Запретный Мир

Ты предал нашу семью

Рей Полина
2. Предатели
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Ты предал нашу семью

Цеховик. Книга 2. Движение к цели

Ромов Дмитрий
2. Цеховик
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Цеховик. Книга 2. Движение к цели

Сила рода. Том 3

Вяч Павел
2. Претендент
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
6.17
рейтинг книги
Сила рода. Том 3

Проданная невеста

Wolf Lita
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.80
рейтинг книги
Проданная невеста

Волк 7: Лихие 90-е

Киров Никита
7. Волков
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Волк 7: Лихие 90-е

Падение Твердыни

Распопов Дмитрий Викторович
6. Венецианский купец
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.33
рейтинг книги
Падение Твердыни

Приручитель женщин-монстров. Том 9

Дорничев Дмитрий
9. Покемоны? Какие покемоны?
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Приручитель женщин-монстров. Том 9

Ночь со зверем

Владимирова Анна
3. Оборотни-медведи
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.25
рейтинг книги
Ночь со зверем

Я – Орк. Том 6

Лисицин Евгений
6. Я — Орк
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я – Орк. Том 6

Совок-8

Агарев Вадим
8. Совок
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Совок-8