Пошукі будучыні
Шрифт:
— Бог дасць, нейк выкідалася.
— Як!? Пакінуў адну ўжо колькі год таму! Дзіця горкае!
— Пройдзем далей адгэтуль. Прыйдуць дзеўкі — дадуць табе гарачага есці, тады будзеш спаць да раніцы. Дарога яшчэ табе вялікая.
Удвух яны ўвайшлі ў карчомную хату. Карчмар сеў на лаву, а Нявада прыпёрся плячыма да печы грэцца. Ён змагаўся з дрымотаю. Соннымі вачыма ён аглядаў здаўных знаёмыя яму сцены. Ён разбіраў там надпісы, некаторыя былі размашыста напісаны ці выразаны нажом. Каб хутчэй перабыць чаканне, ён прачытваў іх моцным шэптам. Адзін надпіс быў вось які: «Памажы мне, Божа, знайсці дзверы ў маю будучыню. Граф Паліводскі». Нічога гэты надпіс Нявадавай душы не сказаў, і на твары яго нічога жывога не адлюстравалася. Трагедыя нейкага невядомага Паліводскага, які не мог знайсці дзвярэй у сваю будучыню, была вельмі далёкая ад розуму і сэрца гэтага чалавека, які праз каторы ўжо год сам таіў у сабе ўласную трагедыю і цяпер, варочаючыся да свае Волечкі, баяўся, што знойдзе там можа нават сляды цяжкай драмы. Як бы там ні было, ён холадна прачытаў
— Цяпер, кажуць, Сумлічы разбудоўвацца пачалі панскімі лясамі. О, колькі такіх, як гэты Паліводскі, за гэтыя часы бралася гасцінцам на Нясвіж праз маю карчму, ратуючыся ад рэвалюцыі!
— А што гэта за Паліводскі такі?
— Я не вінават, што ты не чуў пра яго. Я табе скажу, ты чалавек запечны, ты ціха жыў век у Сумлічах, пакуль на вайну не пайшоў. Я хоць таксама жыў запечнікам, але яшчэ мой дзед, пакуль не прыехаў сюды, расказваў, бывала, мне малому пра паноў і князёў, і графоў. Яны нават давалі яму ў сховань грошы, ён быў павяроным у іх. Дык і графа Паліводскага ўспамінаў. Той быў дзед гэтага, што тут на сцяне пісаў. Той дзед дастаў сабе тытул графа, бо мець гэтулькі маёнткаў і быць без тытула — гэта не работа. А маёнткі яго былі — і за Воршай, у бок Дуброўны, і ў Віцебскім краі, і на Смаленшчыне, і каля Міра, пад Карэлічы, але гэты Мірскі маёнтак ужо гэты, што пісаў тут на сцяне, унук таго дзеда, прагуляў у карты, спадзеючыся на ўсе астатнія маёнткі, з якіх ён браў чысты прыбытак, а сам ніколі там не быў. Сам ён вельмі малады, тонкі, высокі і афіцэр яшчэ царскай арміі, а цяпер афіцэр польскай арміі. Яму не пашанцавала. Рэвалюцыя пайшла яму на згубу і вайна таксама. Бо некаторыя, такога калена як ён, на вайне нажыліся. З нажыткам у кішэні яны мінулі маю карчму, з усходу на захад і па той бок мае прызбы сталі смелыя ад рэвалюцыі. А гэты павінен, каб жыць, служыць палякам, як той казаў, не для Езуса, а для хлеба куса. Які ён там быў ваяка на нямецкай вайне — хто яго ведае, мусіць не сказаць, каб вельмі, бо на вайне трэба навучыцца спаць у балоце, а ён вазіў з сабою пяць лёкаяў, пераадзетых за дзеншчыкоў. А шосты дзяншчык быў казённы. Хто ведае, дзе былі тыя шэсць дзеншчыкоў, калі на вайне куля ўрэзалася яму ў рэбры. Ён зваліўся з каня, свайго ўласнага, за якога адзін з блізкіх да цара генералаў даваў яму пяць паўсотняў звыш дваццаці пяці тысяч… Хэ-хэ, да дваццаці пяці тысяч прыткнулі пяць паўсотняў і за іх таргаваліся, як мы за паўрубля. І граф, і царскі генерал, а з таго ж цеста… Конь паімчаўся немаведама куды, а Паліводскі сыходзіў крывёй, лежачы ў вадзе і гразі, скрыты ад людскога вока асакой і аерам. Каля яго і расейцы хадзілі, і немцы хадзілі, і ніхто яго не ўбачыў. Тым часам ён ачомаўся ўночы і сеў. Ён быў рад, што ўсюды ціха. Абсмактаў свае мокрыя пальцы і памацнеў. Да дня ён выпаўз на палявую дарогу і сеў, а пасля лёг чакаць збавення. К канцу дня нейкі чалавек у лапцях і з мяшком за плячыма ўзышоў з поля на дарогу. Гэты абарванец з цвёрдымі, як косці, мазалямі на руках і даў яму збавенне. Што ж, граф Паліводскі, які праз усё сваё жыццё ўмеў толькі крычаць на людзей, пачаў енчыць і прасіць гэтага чалавека:
— Галубчык ты мой, вазьмі мяне да сябе, знайдзі доктара, памажы мне дайсці да здароўя, век будзеш панаваць. Я табе дам золата многа з дарагімі каменнямі і нават зніму з шыі залаты з каменнямі фамільны крыж і аддам табе, і апішу адзін з сваіх маёнткаў, я — граф Паліводскі.
Чалавек паклаў на зямлю боты з нямецкіх, мусіць мёртвых, ног. Боты разам з пустым мяшком былі ў яго за плячыма. Ён сказаў:
— Які ты к чорту граф, калі ты ў крыві і няшчасны. І князь, і цар, і міністар, кожны той, хто камандуе людзьмі, хто мае права ў руках, каб саджаць іх у турмы і там рабіць з імі што сам захоча, кожны, хто стаіць над людзьмі, толькі датуль граф, пакуль у яго з парэбрын кроў не ідзе. Ну, давай плечы, апірайся на мяне, хадзем. Тут недалёка. Гэта я, каб ты ведаў, хадзіў туды пад рэчку. Босы хаджу, а там немцы ў ботах ляжаць, зараз гніць пачнуць. На чорта, думаю сабе, мёртваму боты, калі жывы босы ходзіць… Стой, адпачні, перадыхні. Унь пры ляску хата.
Босы абарванец давалок Паліводскага да свае трухлявай хаціны і паклаў на паправу. І лекара дастаў, не за грошы, а за добрае сэрца. Яшчэ толькі лёгшы на пасцель, Паліводскі пачаў абмацвацца і заныў душой: пакуль ён ляжаў ледзьве жывы ў балоце, нехта абчысціў яго пазухі і кішэні так старанна, што ўжо не было чым аддзячыць абарванаму збавіцелю. Тым часам пайшлі тыдні і месяцы. Больш за год Паліводскі то лежачы, то седзячы, то спацыруючы па лесе пражыў у свайго збавіцеля, які дзяліў з ім напалам усё, што сам меў. Паліводскі зноў стаў здаровы і спрытны, як і быў раней. Страшная думка тачыла яго: ужо ў яго не было больш золата з каменнямі. Хоць з рэбраў кроў ужо і не ішла, але і графам ён ужо не быў. Бо ўжо адбылася рэвалюцыя і маёнткі ўжо былі не яго. Ён стаў зусім голы. Згалеў адразу. Яму ўжо не было дзе дзецца, і ён сядзеў у свайго абарванца-збавіцеля. Праўда, абарванец абуў ужо добрыя боты і вопратку, узяў панскай зямлі і з панскага лесу паставіў сабе хату і стаў повен свайго шчасця. Паліводскі і рабіць нічога не ўмеў. Змалку і да гэтага часу ён мог толькі гатовае праядаць. Аж душа яго рвалася на кавалкі. Тым часам збавіцель раз і кажа яму:
— Таварыш,
— Хам! — закрычаў ён на свайго збавіцеля. — Перад кім ты стаіш! Шапку знімі!
— Я цябе выратаваў, я даў табе жыццё, — адказаў чалавек. — Не за золата і маёнткі, якія ты мне абяцаў, а ад таго, што я мог зрабіць табе дабро. Я думаў, што ты ў душы будзеш удзячан мне, ажно ж ты горнешся да таго, каб мець толькі маёнткі, а не душу. Ты мяне называеш хамам? За тое, што я зрабіў табе — я чалавек, а за тое, як ты са мной абышоўся — ты хам!
Што было далей, мне невядома, а вядома толькі, Паліводскі выхапіў рэвальвер, каб аддзячыць свайму збавіцелю за хамства, а той хапіў качаргу і аперазаў Паліводскага па спіне і выгнаў вон з хаты, ён яшчэ не ведаў, што на захадзе тутэйшай зямлі рэвалюцыі прыйшоў канец, а ўсё гэта было на захад ад мае карчмы. Там ужо рыхтавалася да свайго ўстанаўлення Польшча, і ўсе паны, каторыя яшчэ ліпелі дзе на ўсходзе, рынуліся туды. Паліводскі неўзабаве стаў афіцэрам польскага войска і добра ваяваў з бальшавікамі, а пасля міру, калі ўжо тут граніцу пачалі вызначаць, стаў афіцэрам у пагранічным войску. Божа мой, які бліскучы шык! Хоць у кішэні ні капейкі, але затое зверху! Увесь блішчыць.
— Ну добра, адкуль жа ты ўсё гэта ведаеш?
— На тым тыдні ён ехаў уздоўж граніцы з сваімі жаўнерамі і цэлую ноч з другім афіцэрам праседзеў тут, чакаючы, пакуль аціхне вецер і пакіне засыпаць вочы мёрзлым снегам. Той другі афіцэр быў стары і ўсё енчыў па сваіх маёнтках, якія таксама, як і ў Паліводскага, асталіся на бальшавіцкай старане. Так яны цэлую ноч і праспавядаліся адзін аднаму, а я з бакоўкі слухаў. Але Паліводскі не ныў па сваіх маёнтках, а прагаварыўся таму старому плаксуну, што ў яго галаве спеюць шырокія планы, так што ён нават і тое золата, якое нехта невядомы ўкраў у яго, у сто столак верне. Што гэта за планы — ён, аднак, не сказаў. Толькі ён сказаў, што мае падазрэнне, што яго абчысціў той самы яго збавіцель, калі яшчэ ён ляжаў слабы на дарозе або калі яны ішлі, прыціснуўшыся адзін да аднаго. Можа яно і праўда, з людзьмі не разбярэш. Ну, як толькі развіднела, яны з карчмы і паехалі. Вось і ўсё, чалавеча. Усё бедавалі аб тым, што прыйшлося службай зарабляць, каб пражыць.
— А каторы можа з іх успамінаў пра што такое, чаго ад душы не адарваць, ці ўсё толькі пра маёмасць гаварылі, як гэты ж Паліводскі, які, добра кажа, ні разу тае зямлі і не бачыў, з якое ён прыбыткі меў.
— Бойся Бога, чалавеча, ты ўсё на свой капыл гнеш. Ты з куста травы пражывеш, як верабей, дык табе і міл той куст. А яны — паўсвету ў думках маюць. Дзе ў іх там што мілае будзе! Хэ-хэ! — карчмар усміхнуўся пагардліва да Нявады.
— Што табе за смех! Гэта праўда, што мне міл куст травы. Мне ўжо сорак год зараз будзе. А як быў я малы, разростаўся тады збоку ад гасцінца пад Сумлічамі куст шыпшыны. А калі я ішоў на вайну, куст быў ужо цэлым зараснікам. Божа мой, я ж, пакутуючы душой у той праклятай Нямеччыне, толькі і думаў што пра Волечку і пра тую шыпшыну. Без Волечкі і без шыпшыны няма для мяне і роднай бацькаўшчыны. Для мяне будзе радасць, калі я прайду паўз той зараснік, уваходзячы ў Сумлічы. Як жа гэта так жыць, каб чалавеку на свеце не было за што душой зачапіцца. А гэты Паліводскі што? Ён і не нюхаў роднай зямлі, толькі жыў з яе. Хіба ён дзе на ёй хату паставіў, ці дом, ці дрэва пасадзіў? Як на мой розум — дык толькі той чалавек, што калі яго вырвуць з роднага месца, дык ён, пакуль жыў, будзе рвацца туды. А калі дарвецца і ўбачыць, што там усё спустошана, дык ён другі раз жыць пачне: дрэвы пасадзіць і дом паставіць. А будуць яго зноў ірваць з месца, дык ён зямлю грызе, а не даецца або галаву адарве таму, хто становіцца ў яго над душой. Бо няма мне жыцця там, дзе не расце тая шыпшына, што ў маім маленстве цешыла мне вочы. Лепш грызці зямлю ў родным кутку, чым каб цябе ліхім ветрам кідала па чужым свеце.
— Ну, адзін любіць родную зямлю грызці, а другі на чужой старане пірагі есці.
— Чужая старана пірагамі не накорміць, калі ёй свае душы не аддасі. А я сваю душу магу аддаць толькі таму, хто мяне на свет пусціў. Я гэта ведаю, бо даволі перахварэў па ўсім тым, чаго ад сэрца не адарвеш… Калі я жыць буду ў родным месцы, дык я не дапушчу, каб на ім было гола і пуста… А Божа мой…
Карчмар даўно ўжо драмаў седзячы, пасля выйшаў у бакоўку, а Нявада ўсё яшчэ гаварыў пра родны кут, пра Волечку, пра шыпшыну. Гаворка яго скончылася шэптам і дрымотай, пасля яго паклікалі есці, а пасля ён спаў на ляжанцы і мусіць вельмі доўга, бо калі ён прахапіўся ад вялікага смутку па малой Волечцы, было цёмна і ціха, толькі роўна шумеў за вокнамі на гасцінцы вецер. Праз вокны відны былі на небе рэдкія зоры.
— Божа мой… Волечка… — прагаварыў сам сабе гэты змучаны і душой і целам чалавек, азіраючыся па карчомнай хаце, — і зоры свецяць, і вецер на гасцінцы спявае… і мусіць сярпок месяца яшчэ ёсць… А каб не вецер — на гасцінцы ціхата была б. Ну, у дарогу!
Ох, як даўно ўжо гэты чалавек не глядзеў на зоры над сваёй роднай зямлёй! Сэрца яго білася моцна, калі ён усцягваў на сябе сваю сабраную з усяго свету адзежу, пасля хадзіў у кухню мыцца, пасля выціраўся тым, што было ўчора павязана ў яго на галаве пад шапкай. Ён у ціхім парыве рухава збіраўся ў дарогу. І сапраўды серп месяца паднімаўся над бярозай, за гасцінцам. У бакоўцы Нявада сунуў руку пад коўдру соннаму карчмару і пайшоў да дзвярэй.