Чтение онлайн

на главную

Жанры

Пошукі будучыні

Чорны Кузьма

Шрифт:

— Слухай, Ракуцька, — сказаў ён. — Ты паспеў ужо з чужога лесу і на чужой зямлі новую хату паставіць? Ну нічога, не ты адзін так, калі была рэвалюцыя. Але давай так, каб мы з табою больш не спатыкаліся. Аддай тое, што ты ў мяне забраў, і ты мяне больш тут не ўбачыш.

— Што я ў вас, пане, такое забраў?

— Золата! Ты абчысціў мае кішэні, пакуль я ляжаў хворы!

— Бойцеся Бога! Я вам сваё аддаваў, што меў!

— З каменнямі крыжык, пярсцёнкі, імянны гадзіннік і яшчэ два гадзіннікі, якія былі пры мне!

— Бойцеся Бога! Бойцеся Бога!

Разгневаны Паліводскі замахнуўся, каб даць у твар Ракуцьку. Не менш разгневаны Ракуцька стаў на ўвесь рост перад Паліводскім і прагаварыў, як абухам стукаў у бервяно:

— Я, пане, выратаваў вас і вярнуў вам жыццё, а вы замест падзякі стралялі ў мяне, а цяпер робіце мяне злодзеем. Гэта ж вы самі ў мяне худую кабылу ўкралі. Дык хто з нас злодзей?

Паліводскі адумаўся і сказаў:

— Я прашу ў цябе толькі маё золата.

— Я яго і ў вочы не бачыў!

— Лжэш! Лжэш!

Паліводскі выйшаў. Слуга падвёў яму каня, і ён махнуў ходу і знік. Аднак жа Ракуцька паспеў заўважыць, што, перад тым як прыняць ад слугі каня, Паліводскі ні то пастаяў у кароткай задуме, ні то нават можа і памаліўся. Ракуцька падумаў: «А можа я яго чым пакрыўдзіў». Калі ён выказаў гэтую думку жонцы, яна, даволі такі энергічная жанчына, адказала яму, што гэтага Паліводскага варта было б кіем змясіць на калатушу, але найлепш быць ціхім, бо ён

мае сілу, а наконт крыўды, дык яго ні крыўдаю, ні праўдаю, нават жалезным шворнам не проймеш. Такім парадкам Ракуцька стаў спакоен душой. Але ненадоўга. У тым жа самым годзе, пад сярэдзіну восені, ён атрымаў позву ў гміну. Ён так і ведаў чаго: ён жа жыве на чужой зямлі і з чужога дрэва хату паставіў! Ён жа не мог пайсці супроць дзяржаўнага закона і першымі замаразкамі выбраўся ў тую самую старую жончыну хату. А новаю яго сялібай заўладаў маёнтак. Жонка яго чакала трэцяга дзіцяці, ён жа стаў, як сугней, угнуў галаву і ўсё маўчаў, маўчаў. Колькі год працы загінула марна! А разам пайшлі ў нябыт і надзеі. Ні ў якую будучыню сваім дзецям ён ужо не верыў. Лягчэй памерці, чым астацца навек без надзеі і веры! Сымон Ракуцька пачаў змагацца з бязвер’ем і безнадзейнасцю. Ён пачаў шукаць, каб на чым пэўным спыніцца думкаю. У гэты якраз час і нагадзілася яму злая прыгода. Жонцы прыйшоў час раджаць. Дзіця радзілася нежывым, і жанчына асталася на некалькі месяцаў ляжаць у хваробе. Ён высах каля яе і каля дзяцей. Пасля пайшоў па свеце шукаць спосабу, каб жыць. Ён абышоў, можа, з паўдзяржавы і нічога не знайшоў, але затое наслухаўся ад людзей усялякіх чутак аб жыцці па той бок граніцы. Больш як паўгода ён думаў, і меркаваў у думках. І нічога іншага вымеркаваць не мог. Так ужо ім апанавала цвёрдая думка. «Гэта ж не жарты! Там зямлі бяры! Там жыві сабе!» І нарэшце настаў момант. Перш за ўсё ён, як перад каменнай сцяной, стаў перад неабходнасцю вырашыць вялікую задачу: ён жа не адзін! З гэтага часу і найшло на яго вялікае ўтрапенне. Раней ён быў спакойны і цягавіты. Цяпер, праўда, трапяткім ён не стаў, але спакой свой, як рысу натуры, страціў. Ён выбраў цёмную ноч, ні зор, ні месяца. Ён назаўсёды пакінуў тую гнілую хату, якая дала яму прытулак у цяжкія часы яго маладосці. Апошні раз ён зірнуў на сваю новую сялібу, у якой думаў гадаваць дзяцей і якой цяпер заўладаў нехта чужы. Малы Тамаш ішоў подбегам, трымаючыся за бацькаву руку. Яна, спадарожніца яго жыцця, несла на руках малую Лізавету. За дзве ночы яны дайшлі да граніцы. Больш тыдня яны чакалі ў лесе навальнічнай ночы. Перад самым змрокам, выбіраючы зручнейшае месца, каб з яго рушыць у гэтую страшную дарогу, усе яны ўбачылі чалавечыя ногі. Ракуцька пабялеў і прыгледзеўся. Ужо тхнула адтуль трупным духам. Мярцвяк ляжаў увесь пад накідам моху. Самога яго не відно было. Малады ён ці стары? І хто ён? Можа шпіён, які ішоў туды і быў падстрэлен чужой ці сваёй куляй? А ці стаў ён шпіёнам ад гадаўскай прыроды свае, ці няшчасце яго павяло па гэтай дарозе, ці стопудовае зло, якому патрэбны граніцы і шпіёны, прыкавала яго навек да гэтага месца? Ці можа гэта проста няшчасны чалавек тутэйшай зямлі, каля ціхай хаты якога лягла тая граніца і, як пякельная жудасць, заўсёды была перад яго бяззлобнымі вачыма? Ракуцька анямеў ад жаху, што такі лёс можа спасцігнуць і яго з усімі тымі, хто дораг і люб яго сэрцу. Аднак жа хутка і ноч настала. Такое ночы ён толькі і чакаў. Пярун ляскаў кожны момант. Ліло, як з бяздоннага мора. Змучаны Тамаш трымаўся за бацьку і ішоў, як святы на пакуту. Пасля двухгадзінных блуканняў яны пачулі, што недзе тут поблізу страляюць. І гэтаму канца няма. Душа яго апала. Яна шапнула яму:

— Назад. У сваю гнілую хату! Лепш там памерці з голаду, чым тут валяцца непахаванаму.

Пошапкам яны дайшлі да згоды. Яна з дзецьмі пойдзе назад першая, а ён следам, каб было незаўважней, бо маланка штохвіліну і натоўп вялікі. Ён стаў пад дрэвам тварам ад таго боку, у які ішоў і сям’ю вёў. За кожнай маланкай ён акідаў вачыма мясцовасць. Іх няма. Але нарэшце — радасць, радасць! На самай той дарозе, якою проста дойдзеш да той старой хаты, стаялі яны. Яна, любая, родная, разважлівая, працавітая, верная яго сяброўка, Тамаш, босы, малы, падкасаны. І маленькая Лізавета ў яе на руках, маленькая, кірпаценькая, птушанё… Гэта яны, якіх ён вёў у будучыню. Што яны стаялі на патрэбнай дарозе, ён ведаў з таго, што над імі гойдала веццем знаёмае яму сагнутае дрэва. Яшчэ адна маланка, і ён убачыў, як яны ішлі далей дарогай. Яны ўжо далёка ад страшнага месца. Зараз і ён рушыць за імі. Зноў маланка і крык пагранічніка ў зялёнай шапцы. Ён стаяў на другім баку. Падкасаныя худыя Тамашовы ногі назаўсёды асталіся ўваччу яго. А першыя Лізавеціны ўсмешкі! Смутак наваліўся на яго душу. Якая чакае і іх і яго будучыня? Дзе ім суджана знайсці яе? Але трэба ісці, пагранічнік грозіць, што будзе страляць. Па калені ў вадзе і ўвесь мокры, ён замаршыраваў перад пагранічнікам. Сцяна, глухая і бязлітасная, як вечнасць, замкнулася паміж імі. Бывай, верная сяброўка! Бывайце, дзеці! А можа, адбудзецца цуд? Можа, міне вас лёс без будучыні? Але лепш ні аб чым не думаць, бо навала смутку забівае душу.

Сымон Ракуцька быў пад арыштам доўга. Пакуль у яго руках апынулася даведка, што ён мае права жыць усюды, толькі не ў пагранічных з Польшчай раёнах, ён больш за год усё даводзіў як мог, што ён не шпіён, а проста чалавек з той зямлі, па якой прайшла граніца. А тым часам вялікі ўпарадкавальнік усялякіх хібаў і непарадкаў — час — абтрос і абгладзіў усё, што было не на сваім месцы, і шмат што забылася, шмат прытупілася, а сам чалавек знайшоў сабе месца, і лягчэй яму стала. Але час не меў сілы перад тупым смуткам па малым Тамашу, па першых Лізавеціных усмешках і па ёй, вернай сяброўцы. Гэты смутак, здавалася, апанаваў чалавека назаўсёды. Яму не было адхлання, і ад яго не было ратунку.

Сымону Ракуцьку спачатку здавалася, што варта яму толькі зноў звіць сабе гняздо, як ён скіне з душы цяжар свой. Тым часам ужо і хата ў яго была новая, зноў новая, вокнамі на дарогу, і ціха і спакойна ўсё тут было, і зямлі было на чатыры душы, і не трэба стала з жахам заглядваць у заўтрае, а спакой у душу не варочаўся. «А Тамаш, а Лізавета!» Сымон Ракуцька наладзіў сваё жыццё так, як жадала яго натура. Яго ціхманую працавітасць льга было ставіць паўсвету ў прыклад, калі лічыць яе за дабрачыннасць. І дзіўна было. Ён адзін, а ўпраўляўся з полем і з домам. І яшчэ кожны дзень меў часіну сядзець на калодзе і босы пасярод свайго двара. Ці то прывычка, ці то ашчаджанне абутку, але ён цяплом ніколі абуты не хадзіў. Ён яшчэ людзям і колы рабіў, і драбіны з панарадамі майстраваў. Жыў сам-насам. У той меры, у якой ішоў час, смутак яго ператвараўся ў вялікую мару. Гэтая мара заўладала ім, ён ёю жыў і служыў ёй. А пачалі нарэшце прыходзіць моманты, калі і вера, і надзея, хоць здалёк, паказвалі яму свае ясныя твары. Гэты новы час у яго жыцці пачаўся з таго, калі яму прыйшла ў галаву такая думка: яна тады з дзецьмі вярнулася ў тую старую хату. Хто ведае, можа, і цяпер яны жывуць там? А кажуць жа людзі, што поштай можна з Польшчы сюды пісаць, а адсюль у Польшчу. Як страсянула яго гэтая думка! Ён не меў ні сну, ні спакою, пакуль не паслаў пісьма на адрас той старой хаты. Ён дакладна выпісаў і цяперашні свой адрас. Паведаміў аб той мясціне, у якой цяпер жыў. Яно ж магло быць і так, што і адтуль сюды прыйдзе пісьмо. Цяпер яго жыццё стала чаканнем перш за ўсё пісьма, пасля — нейкага невядомага лёсу. «Адтуль прыйдзе вестка. Яны жывыя і здаровыя, і можа нават не галодныя. А хіба хто можа сказаць цвёрда, што на свеце можа быць, а чаго можа не быць? Нават такое магло здарыцца, што граф Паліводскі прасіў

ласкі сярод дарогі ў абарванага хлопца. А можа лёс прывядзе іх сюды. Але што такое лёс? Ён сам дойдзе да думкі, што зрабіць. Ён будзе думаць, ён будзе раіцца з людзьмі, ён будзе слухаць па свеце. Слухаць па свеце!» Самае далёкае, дзе ён бываў — гэта яго поле. Але практыка з самага маленства і інстынкт падказвалі яму, што яшчэ многае наперадзе, што яшчэ многа дзе прыйдзецца быць, многае нанава рабіць, многае бачыць і чуць і за многае нечаканае брацца. Мара, чаканне, надзея, упартасць думкі і фантазіі! Гэтым ён цяпер і жыў. Колькі яму аднаму трэба было? Ён задавольваўся самай простай ядой. Улетку ён палуднаваў халодным квасам з зялёнай цыбуляй. Старанна вырабленае поле радзіла ў яго лепш, як у каго тут. У яго пачалі заводзіцца грошы. «Божа мой, вось быў бы спосаб Тамашу!» Нават не маючы намеру купляць што, ён пачаў хадзіць у кааперацыю і прыглядацца да тавараў. Аднойчы ён купіў з сіняга сукна ватоўку, хлопцу гадоў на пятнаццаць. «Калі ж небудзь Тамаш будзе такі, што яму якраз прыйдзецца гэтая вопратка». А толькі невядома, у якія годы з Тамашом суджана спаткацца бацьку. Такім парадкам за доўгі час у Тамаша стала многа ўсялякай адзежы на ўсялякія ўзросты: і на дзесяць год, і на дванаццаць, і на пятнаццаць, і на васемнаццаць, і на дваццаць. Усё купляў бацька. Віселі на вешале ў клеці парамі боты, нагавіцы, вопраткі. Былі плацці для Лізаветы і хустачкі, чаравікі і панчохі… Часамі ж на яго находзіла прасвятленне. Ён як бы адпіхаў ад сябе гэты пусты занятак і ўпадаў у думку, што рабіць, сапраўднае, вялікае, выразнае і сапраўды патрэбнае, каб убачыць дзяцей. Нарэшце прыйшоў канец яго ціхай цярплівасці. Нават сядня на калодзе сярод двара пакінула яму быць прыемнай. Ён нейк пацягнуўся да людзей і як бы затрапятаўся. Яго ўжо бачылі ў навакольных мястэчках на кірмашах, каля цэркваў і касцёлаў на фэстах, у сельсавеце ён бываў часта і без прычыны. Ён пытаўся і раіўся. У тую старую хату ён цяпер слаў пісьмы бадай што цераз дзень.

Усім пачало здавацца, што ён рабіўся больш гаваркім, і панурасць сыходзіла з яго. Аднак жа ніхто не ведаў, што ён сябе пачуваў так, быццам кожны дзень піў атруту. І дзіўная рэч. Хоць час ішоў, нават ужо год за годам, з яго вачэй не сыходзілі босыя Тамашовы ногі, калі ён, у тую навальнічную ноч, асветлены маланкай, стаяў на дарозе пад сагнутым дрэвам. Яго ўяўленне рысавала яму Тамаша толькі малога і Лізавету толькі ў маці на руках. Па-сапраўднаму ён ніколі не задумаўся аб тым, што годы ідуць. Сам ён пачаў сталець так шпарка, што часамі ўжо льга было ў ім заўважыць першыя рысы далёкай яшчэ старасці. Гэта была празмерная на яго гады сталасць. Апошняя бачаная ім усмешка малой Лізаветы! Маланка, і свет уздрыгануўся ад грому. Тамаш стаіць мокры, вада. Босыя ногі яго! Постаць худзенькага хлопчыка! Ён жа вёў свайго Тамаша ў будучыню! На добрае, на шчаслівае! Нехта злы і чорствы, нехта той, што і яму самому праз увесь век не дае спакою, загарадзіў малому Тамашу дарогу ў будучыню. Не туманныя прывіды, а выразна ява: гром і маланка, навальніца разрывае зямлю і, здаецца, крышыць на ёй усё. І ўсё ахоплена страшным сваім утрапеннем. Пад громам і агнём, пасярод дарогі, постаць худзенькага хлопчыка.

Аднойчы ён, як і часта цяпер, цёрся сярод людзей у местачковай кааперацыі. Там прадаваліся люстэркі. Адно вісела на сцяне. Сымон Ракуцька глянуў у люстэрка і сумеўся: ён такі даўно не бачыў сябе і не ведаў, што каля вушэй у яго спрэс сівыя валасы. «Божа мой, дык я ж ужо не малады! Няўжо гэта прайшло гэтулькі год?! А колькі? Мусіць, многа?! Як жа гэта я ніколі не лічыў гадоў?» Увесь той дзень ён правёў у одуме і суме. Каму расказаць? З чаго пачаць, каб не ішло далей жыццё так, як яму не хацелася? Ён хацеў не толькі есці хлеб, але каб разам з ім елі яго і Тамаш, і Лізавета. Каб не мучыць самога сябе, ён больш ужо ніколі не глядзеўся ў люстэрка.

IV

У тысяча дзевяцьсот трыццаць дзевятым годзе Сымон Ракуцька даехаў па чыгунцы да горада Слуцка і выйшаў адтуль пешкам у дарогу на захад па старой Варшаўска-Маскоўскай шашы. Была глыбокая восень. Толькі што мінулася пара безупынных дажджоў. Паабапал шашы стаяла вада на полі. Не кранутая яшчэ марозам трава была зялёная, і, калі сонца высвечвала з-за высокіх хмар, адзінокі падарожны, як здзіўленае дзіця, прыглядаўся да яснай зеляніны, і твар яго свяціўся, як і шырокі свет у той момант. Ён усё ішоў і ішоў шпарка. За адзін дзень ён дайшоў да Піліпавіч, дзе тырчэлі каля шашы яшчэ некаторыя адзнакі былой граніцы. Да гэтага месца ён ішоў яшчэ, як бы раздумваючы і сам сабе не верачы. Тут жа ён увесь змяніўся. Каб чалавек, які добра ведаў яго дагэтуль, бачыў яго ў гэты момант, калі ён, мінуўшы Піліпавічы, спыніўся на палявой дарозе, кожны заўважыў бы як адразу Сымон Ракуцька [скінуў] пячаць таго шматгодняга чакання, якое ўжо часамі ператваралася ў свядомасці, як бы нейкай асуджанасці навек. Магло б здавацца, што ён зараз скажа: «Яно было. А вы хіба хочаце, каб ніколі ніякай прыкрасці не было? Затое цяпер!» Уся яго пастава і выраз твару былі ў часе гэтага падарожжа рухавымі вельмі. На станцыі Гарадзеі ён сеў у поезд і праз паўдня выйшаў з вагона на нейкім занадта ўжо ціхім паўстанку. Доўгі рад старых і высокіх дрэў — ліп, дубоў, бяроз, явараў і вязаў — ішоў ад паўстанка проста ў чыстае поле і там канчаўся. Лісцё пад дрэвамі ляжала яшчэ жоўтае, і, здавалася, чалавечая нага яшчэ не ступала на яго. Сымон Ракуцька мінуў дрэвы і пасля нядоўгіх пошукаў знайшоў у полі вялікі камень. На абымшэлай яго паверхні аставаліся сляды таго, што тут начавалі птушкі. І гэта як бы ўзрадавала гэтага чалавека. З усмешкай ён абгледзеў камень і стаў кіравацца ад яго да вузкай і доўгай грады лесу. Добра ўтаптаная сцяжынка вілася паміж і навокал кустоў шыпшыны і паўз удзірванелыя межы. Пасля яна выбілася ў той дубняк. Якая была восень! Ахоплены радасным узбуджэннем, чалавек як бы думаў, што другой такой восені ніколі не было і не будзе. Рудымі жалудамі была засыпана спрэс уся зямля. Крушыннік густа стаяў над сваім уласным лісцём, ядловец быў повен чорных ягад, дзюбастая птушка кінулася ў куст, драбнюткае лісце, як жоўты дождж, сыпанулася з дрэва, чэзлая кветка на высокім сцябле звесіла жоўтую галаву. «Божа, як яна так захавалася аж дагэтуль!?» А неба! Сонца ў той дзень не было, але на небе адлюстроўвалася яго блізасць. Недзе тут блізка ідзе ціхае асенняе сонца! Хіба на свеце няма дзеля чаго берагчы знойдзеную радасць і шукаць і дамагацца яе вечна!? Якое неба над нашай зямлёй бывае ўвосень!

Сымон Ракуцька ўжо даўно мінуў дубняк, а сцежка ўсё ішла і вяла яго далей, праз поле, праз некалькі хвойных лясоў і купістых паплавоў. Доўга, вельмі доўга ішоў Сымон Ракуцька, дзівячыся, як жа гэта праз гэтулькі год тая самая сцежка вядзе яго, як быццам бы тут усё застыла на вечную нерухомасць. Ён прайшоў сцежкай да самага змяркання. Начаваў у людзей і вельмі многа расказваў пра сябе, так што, пакуль у хаце патушылі агонь і паснулі, ужо ўсе ведалі яго гісторыю. Назаўтра ён сабраўся далей у дарогу яшчэ зацемна. Нават яшчэ зоры свяцілі. Тут ужо недалёка, толькі зоры сыдуць з неба, як ён будзе на месцы. Зноў тая самая сцежка! Тут яна пайшла зялёнай азімінай. Свежая рунь дрыжала пад ветрам, і ў нізінах стаяла чыстая, як сляза, вада. Сонца пачало ўзыходзіць чыста, і вышыня неба пабольшала. Усё заззяла, і прасторы сталі неабдымнымі. Тут, у гэтай яснай шырыні, ужо зусім блізка! Вельмі хутка ён дойдзе. Ужо не было ў яго ні смутку, ні радасці. Хваляванне ўсёй яго істоты і нават нецярплівасць. Цяпер, калі ўжо так блізка перад ім была яго мэта, ён чамусьці як бы зноў апанураў з постаці. Яго заўсёды такім рабіла шпаркая хада. Ён улёг у хаду і ўжо не заўважаў гэтае адзінае на ўсе часы восені. Але чаму сцежка такая доўгая? Тут ужо ёй канец павінен быць. Яшчэ два дрэвы над палявым каменем, і там тады пачыналася выезджаная сялянскімі калясьмі дарога. І ўсё. Чубок лесу будзе з-пад каменя і дрэў перад вачыма.

Поделиться:
Популярные книги

На границе тучи ходят хмуро...

Кулаков Алексей Иванович
1. Александр Агренев
Фантастика:
альтернативная история
9.28
рейтинг книги
На границе тучи ходят хмуро...

Кодекс Охотника. Книга III

Винокуров Юрий
3. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
7.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга III

Последний попаданец 11. Финал. Часть 1

Зубов Константин
11. Последний попаданец
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
рпг
5.00
рейтинг книги
Последний попаданец 11. Финал. Часть 1

Книга пяти колец

Зайцев Константин
1. Книга пяти колец
Фантастика:
фэнтези
6.00
рейтинг книги
Книга пяти колец

Поступь Империи

Ланцов Михаил Алексеевич
7. Сын Петра
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Поступь Империи

Купидон с топором

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
7.67
рейтинг книги
Купидон с топором

Наследник в Зеркальной Маске

Тарс Элиан
8. Десять Принцев Российской Империи
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Наследник в Зеркальной Маске

Совок 5

Агарев Вадим
5. Совок
Фантастика:
детективная фантастика
попаданцы
альтернативная история
6.20
рейтинг книги
Совок 5

Аномальный наследник. Том 1 и Том 2

Тарс Элиан
1. Аномальный наследник
Фантастика:
боевая фантастика
альтернативная история
8.50
рейтинг книги
Аномальный наследник. Том 1 и Том 2

Теневой путь. Шаг в тень

Мазуров Дмитрий
1. Теневой путь
Фантастика:
фэнтези
6.71
рейтинг книги
Теневой путь. Шаг в тень

Попаданка в академии драконов 2

Свадьбина Любовь
2. Попаданка в академии драконов
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.95
рейтинг книги
Попаданка в академии драконов 2

Гром над Империей. Часть 2

Машуков Тимур
6. Гром над миром
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.25
рейтинг книги
Гром над Империей. Часть 2

Ритуал для призыва профессора

Лунёва Мария
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.00
рейтинг книги
Ритуал для призыва профессора

Измена. Осколки чувств

Верди Алиса
2. Измены
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Осколки чувств