Пошукі будучыні
Шрифт:
— Ну што, забраў адзежыну?
— Ага, забраў.
— Ну дык ідзі спаць.
— Пайду спаць, — шпарка адказаў Нявада, не могучы пазбавіцца свае трывогі.
— Такі і праўда пойдзеш спаць? Хіба ў цябе нікога не забралі? — абазваўся паліцыянт.
— Ат, я сабе так, — мармытнуў Нявада, нічога не разумеючы і жадаючы хутчэй адзіноты. Быццам вылупцаваны дзеля чужой забаўкі перад усімі людзьмі, ён дайшоў, унурыўшыся, да свае старое хаты і ўбачыў там Вольку ў смутку і адчаі. Толькі цяпер ён дазнаўся, што было ў гэты дзень у мястэчку. У гэты дзень забралі ўсіх маладых дзяўчат і хлопцаў, якія трапляліся на вочы. На вочы трапілася і Ліза. І ўсіх павезлі на грузавіках кудысьці брукаваным выездам да шашы. Волька выбегла следам за мястэчка і, пакуль не зніклі машыны, бачыла, як вецер ірве хусцінку на Лізінай галаве. Машыны зніклі за ўзгоркам, Волька вярнулася ў старую хату і ўпала тварам на стол.
— Я буду думаць, што рабіць, — нясмелым голасам сказаў Нявада.
— Што ж ты прыдумаеш?! Машына з Лізаю ўжо за сотні вёрст.
— Я прыдумаю, — упарта яшчэ сказаў Нявада, адчуваючы сябе, як смертнік у камеры перад канцом сваім, і чуючы дрыжанне сэрца і ўзбуджанне ад адной толькі думкі, якая фармавалася ў яго галаве. «Божа, памажы мне, каб усё так
— А самога Костуся ты бачыла?
— Я была з ім разам.
— А сам ён прыйдзе дадому?
— Не, я да яго пайду.
— Ну то не чакайце мяне хутка. Я пайду ў дарогу. Можа, гэтая мая дарога будзе не меншая, як тая, што я некалі з нямецкага палону варочаўся, не нагамі я гэтую дарогу мераць буду, а душою. (Вочы яго пачырванелі, і ён дакрануўся да канца носа нацягнутым на кулак рукавом.)
— А куды ж ты гэта пойдзеш?
— Дык чаго ж ты так грозна пытаеш мяне? Ты і сама была малая і звалася Волечка. Я толькі пра цябе такую і думаю. Ці ты верыш, што чалавек не вытрымае, каб вечна быць зверам? Вырві ты з чалавека сэрца і ўстаў на яго месца звярынае, дык у чалавечых грудзях і звярынае сэрца стане чалавечым.
— Звер лагаднейшы за чалавека, ён, калі не галодны, — тады ён, як дробная птушка. А гэтаму двуногаму чорту вечна ўнімку няма.
— Каб адно пайшлося добра, я выратую Лізу і ўхаваю яе да лепшай часіны. Бывай, Волечка.
Твар яго ўздрыгваў. Ён узяў тонкі кіёк і выйшаў з хаты. Волька таксама выйшла з хаты, замкнула дзверы, вальней распусціла на галаве хустку і праз некалькі хвілін ішла ўжо сцежкаю ў полі.
II
Часамі днём позняга лета пачынае хмурнець дзень, і гэта не збіраецца на дождж, а незаўважна падплылі павевы восені. Лёгкая плынь ветру зноў заціхне, і дзень зноў зіхаціць сонцам, але ўжо астаецца пячаць летняга адцвітання. У поўнай сіле сваёй цвітуць летнія кветкі, і трава адростае пасля касы, а сэрца чуе, што не так ужо гудзе пчала над жоўтым малачайнікам, і вада ў рэчцы плыве, здаецца, цішэй. Яшчэ ў пачатку ліпеня бывае зжаўцее адзін-адзінюткі лісток на бярозе, і так ён сярод пышнай зеляніны трымаецца доўга. А ў гэты дзень ён адарвецца і кружыцца ў паветры, пакуль ляжа ў траву. К вечару пакідае звінець неабдымная шырыня летняга дня, і кладзецца цішыня на зямлю. Жоўты лісток з бярозы ляжыць у траве і відзён здалёку, і без яго, здаецца, не пахнуў бы так чабор, не такі прывабны здаваўся б верас і не было б такога вялікага шчасця ў душы бачыць траву і дрэвы, сіратлівы куст шыпшыны і вяршаліну высокай хвоі, на якой ціха ляжыць праменне блізкага да заходу сонца.
К вечару вецер сціх. І бязлюдная лясная дарога была зусім ціхая. У нізкіх месцах на ёй стаяла вада. Велічэзная бяроза ўзнімалася і над дарогай і, здавалася, над усім лесам. Жоўты лісток з бярозы заблытаўся ў траве і вісеў у ёй. Многа было верасу, выносістыя хвоі ішлі ўгару, сонца ляжала на іх вяршалінах. Блізка быў вечар. Пры самай дарозе, у густым зарасніку ядлоўцу і крушыны, на паваленым навальніцаю і ўжо струхлелым дрэве сядзеў Сымон Ракуцька, еў хлеб і глядзеў на жоўты бярозавы лісток у траве. Ён быў нейкі нерухомы. Твар задумёны, маўклівы, жаваў ён павольна, як бы смакуючы або да чаго прыслухоўваючыся. Ці можа жоўты ліст абудзіў у ім журботны сум. Вечарэла. Час ад часу Ракуцька паднімаўся, вытыкаўся на дарогу, акідаў яе позіркам у два бакі і зноў адыходзіўся ў гушчар сядзець, жаваць хлеб і глядзець на жоўты лісток. Калі пачало змяркацца, ён узнепакоіўся: стаў часцей выглядаць на дарогу, схаваў у торбу недаедзены хлеб, скінуў боты, перакруціў на нагах анучы і зноў абуўся. Твар яго меў нахіл быць даўгаватым. Тыдняў два няголеная барада ўжо густа адростала. Ужо добра ўмеркла, ужо і лісток ледзь відзён стаў, а чалавек трымаў сябе на гэтым месцы ўсё так жа. Ён быў як прывязан тут. Некалькі разоў засаб ён уздыхнуў. «Божа мой, Божа мой». Здавалася, што яму цяжка тут чакаць таго, чаго ён чакае. Нарэшце, калі ўжо зусім сцямнела, ён выйшаў на дарогу і стаў у нерухомасці, прыпершыся плечуком да вялікай бярозы. Ён не ўглядаўся, а толькі прыслухоўваўся. Над лесам засвяціліся зоры, а ён усё стаяў. І так, можа, некалькі гадзін. Ужо і зоры ночы позняга лета
— Стой, хто? — рашуча сказаў Сымон Ракуцька і толькі цяпер заўважыў, што адзежа на маладым незнаёмцу ўся матляецца шматкамі, зіхаціць дзірамі і што голае цела паблісквае праз дзіры. І ніводная дзіра нідзе не латалася, і ўсе гэтыя транты вывалены ў зямлі і выфарбаваны ў колеры зяленіва і лясной цвілі.
Невядомы ўздрыгануўся, але адразу ж ізноў унурыўся і спыніўся перад Ракуцькам.
— Куды ты ідзеш, і хто ты такі? — даволі-такі мякка сказаў Ракуцька.
Невядомы маўчаў, як бы мову яму зацяло. Ракуцька бачыў: некалькі разоў ён праглынуў сліну і язык яго не варочаецца, каб сказаць што-небудзь. Ён быў падобен на вельмі хворага чалавека. Сэрца ў Ракуцькі зашчымела. Ён дакрануўся да рукава незнаёмага абарванца і бадай што шэптам прагаварыў:
— Дык што ты? Захварэў ідучы?
Незнаёмец шпарка перавёў вочы з зямлі на Ракуцькаў твар. Здавалася, што ён як бы ўстрапянуўся. І гэта, напэўна, так і было. Не дзіва: калі ў пустэльні загучыць чалавечы голас ад сэрца, то, здаецца, ён можа падняць на ногі мёртвага.
— Ці няма тут дзе поблізу, каб мясціны прымятае: паляжаць.
— Унь! — ткнуў Ракуцька пальцам у гушчар. Невядомы з такім выглядам, як бы ён быў тут адзін, адразу сунуўся туды і адразу лёг пры паваленым дрэве на ўмятую ў зямлю траву. Гэта было тое месца, дзе ўночы спаў Ракуцька. Малады абарванец заснуў адразу, як толькі заплюшчыў вочы. Ракуцька паглядзеў на яго, уздыхнуў і зноў выткнуўся на дарогу, каб наглядаць яе. Учарашняга жоўтага лістка ўжо не было, а на яго месцы ляжалі два свежыя, і трэці круціўся ў паветры.
— І восень падкралася, Божа мой найвышшы, — уздыхнуў Ракуцька і пільным вокам акінуў дарогу ў два бакі. На дарозе было пуста, але ўзнімаўся вецер, і ў дрэвах загуло і зашапталася. Ракуцька пачаў часцей вытыкацца на дарогу. Надвечар надвор’е схмурнела і вецер аціх. Малады абарванец ужо сядзеў і вяла вадзіў навокал сябе вачыма. Ракуцька, здавалася, забыўся пра яго: стаў неспакойны і не сыходзіў з дарогі. Нават раз ён шаптаў сам сабе: «Дзесяты дзень, жартачкі! І няма». І вось зноў настаў момант: нехта шпарка і шумна ішоў дарогаю. Ракуцька застыў на месцы. Расчырвонены і спацелы падарожнік неўзабаве быў тут. Ракуцька шпарка рушыў яму насустрач, і яны імкліва абняліся. Гэта быў Тамаш. Ён быў у ботах і пінжаку паверх рубашкі, і торба з хлебам вісела на яго левай руцэ.
— Я дзесяць дзён усё стаю на гэтым месцы, — сказаў Ракуцька. — А цябе доўга не было.
— Бо мне было нялёгка дабіцца пад Перабродскую Злыбяду. Там густа нямецкія гарнізоны стаяць і на дарогах варты многа, дык я такога даваў кругу, што ўтройчы дарога мая пабольшылася.
— Ну што, як там?
— Гэта праўда, што там лагер для забраных немцы зрабілі. Кажуць, што ў лагеры пяць тысяч людзей, але цяпер менш, бо нядаўна, можа, больш як палавіну пагналі недзе на работу. А хіба льга дазнацца — асталася яна ў лагеры ці на рабоце? Я падбіраўся пад самы лагер. Уночы я ляжаў у траве і глядзеў на калючую загарадзь. Калі ісці з поўдня, то льга праз купісты торф падысці ціхом, і ніхто не заўважыць. Там бадзяюцца людзі: у таго жонка, а ў тае муж у лагеры. Ну добра. Я туды зноў вярнуся, мяне чакаюць. Я ім расхваліў удачу, калі толькі гэта праўда, што з гэтага боку варушацца людзі. Ты, мусіць, тут дзесяць дзён сядзеў і нічога не дазнаўся?
— Як гэта не! Я, праўда, сам не быў там, пад Сумлічамі, але гэта праўда, што там людзі варушыцца пачалі. Праўда і тое, што на шашы, ці недзе там ля Вялікага скрыжавання, яны дзве машыны з арыштаванымі ад немцаў адбілі. Я нават больш дазнаўся. Гэта там сабраў іх усіх сумлічанін Кастусь Лукашэвіч, а ў гэтага Лукашэвіча дачка, малая яшчэ, у лагеры сядзіць. Цяпер там, пад Сумлічамі, немцы салдат больш наслалі і вынюхваюць усе норы, каб напасці на след. Дык яны, тыя сумлічане, сюды падбіраюцца, тут быццам вальней. Вось і раскідай розумам як хочаш. Яны далі мне так ведаць. Калі я захачу яшчэ з імі пагаварыць, то на Вялікім скрыжаванні трэба толькі знак ім падаць, а знак такі: трэба там пад вялікім дрэвам тры разы засаб зрабіць што-небудзь такое, чаго сталы чалавек ніколі не робіць, і чакаць, пакуль хто-небудзь ад іх абзавецца. Але мне сказалі: пасябруюцца яны з намі толькі тады, калі ў нас кулакі здаровыя знойдуцца. А так, калі толькі каб пабедаваць — дык яны і гаварыць не будуць.