Праз Люстэрка і што там убачыла Аліса
Шрифт:
– Не магу,- шпарка адказала Аліса,- але ж...
– Адымаць, таксама,- сказала Белая.- А як з дзяленнем? Падзялі булку на нож!
– Я думаю...- пачала дзяўчынка, але Чорная Каралева адказала за яе
– Зразумела ж бутэрброды,- прамовіла яна.- Паспрабуем яшчэ задачу з адыманнем. Адымі костку ў сабакі, што застанецца?
– Ну, не костка дакладна,- паразважаўшы адказала Аліса,- а што застанецца: злы ды галодны сабака, які, хутчэй за усё, пабяжыць за мной, каб мяне кусіць, таму я таксама я не застануся.
–
– Так, лічу што так!
– І як заўжды адказ не верны,- заўважыла Каралева,- застанецца сабакава самавалоданне!
– Не разумею, вас!
– Гэта ж зусім проста,- ускрыкнула Каралева.- сабака ж пабяжыць за табой, згубіўшы самавалоданне, ці не так?
– Магчыма,- асцярожна адказала дзяўчынка.
– То бок, калі сабака пабяжыць, згубіўшы яго, самавалоданне застанецца на месцы!- Каралева трыўмфавала.
– Яно таксама можа куды небуць збегчы,- самым сур’ёзным чынам сказала Аліса, пра сябе падумаўшы,- Гэтая размова - лухцень на лухцені.
– Аніякага разумення ў ЛІКУ,- разам адказалі Каралевы, зрабіўшы націск на апошнім слове.
– А хіба ў вас яно ёсць?- нечакана акрысілася Аліса ў бок Белай Каралевы, бо вельмі не любіла, калі ёй гэткім чынам ўказвалі на памылкі.
– Складаць я канечне магу,- задыхаючыся і заплюшчыўшы вочы прамовіла тая,- калі ёсць шмат часу... але ж толькі не адняць, ніколі ў жыцці!
– Спадзяюся, хаця б Абэцэду ты ведаеш?- спыталася Чорная Каралева.
– Зразумела ж,- адказала Аліса.
– Аёечку, я таксама,- прашапатала Белая,- будзем паўтараць яе разам. Больш таго, адкрыю табе страшэнную таямніцу... Я нават умею чытаць словы з адной літары! Ці ж не выдатна гэта?! Але не хвалюйся. У свой час ты і сама гэтаму навучышся.
– Паглядзім, як у цябе з ведамі аб Хатняй Гаспадарцы,- праз колькі часу спыталася Чорная.- Ці ведаеш ты, з чаго трэба рабіць хлеб?
– Зразумела, ведаю,- шпарка ўскрыкнула дзяўчынка.- Спачатку бярэцца мука...
– Бярэшся за быка?- спытала Белая Каралева.- Хіба ж ты не ведаеш, што гэта вельмі небяспечна?
– Не быка, а муку, яе робяць з пшаніцы,- патлумачыла Аліса,- а пшаніца расце на зямлі...
– Для гэтага трэба зямля? Колькі сотак?- сказала Белая Каралева.- Не забывайся, трэба улічваць усе ўмовы.
– Памашы на яе,- напалохана перарвала размову Чорная.- Яна так шмат думала, што ў яе можа падскочыць тэмпература!
Каралевы зараз жа прыняліся абмахваць дзяўчо галінкамі, пакуль Аліса не папрасіла іх кінуць, ці яны ўшчэнт растрэплюць яе валасы.
– Думаю, цяпер з ёй ужо ўсё добра,- прамовіла Чорная Каралева.- Як у цябе з замежнымі мовамі, мае дзіця? Перакладзі на французкую мову: “Люлі-лялі-лей”
– Няма такіх слоў
– А хіба трэба, каб былі?- спытала Каралева.
– Калі вы,- папыталася знайсці выйсце з гэткага цяжкога становішча Аліса.- перакладзеце “Люлі-лялі-лей” на ангельскую мову, я са здавальненнем зраблю пераклад на французкую!- трыўмфуючы скончыла яна.
– Каралевы не йдуць на падобныя пагадненні,- яўна пакрыўдзіўшыся заявіла Чорная.
– Лепей бы яны не задавалі дурных пытанняў,- падумала Аліса.
– Кідайце ўжо спрачацца,- занепакоена сказала Белая.- З чаго атрымліваецца маланка?
– Маланка,- рашуча адказала Аліса, упэўненная ў сваім адказе,- з грымотаў... ці не,- шпарка паправіла яна сябе.- Я мела на ўвазе, што гэта грымоты робяцца з маланкі.
– Папраўляцца запозна,- прамовіла Чорная,- што было сказана аднойчы, было сказана назаўжды і ты павінна памятаць аб гэтым, бо тут тоіцца моцная небяспека!
– Вой, я адразу ж прыпомніла,- падняўшы вочы долу і нервова выкручваючы рукі прамовіла Белая Каралева,- якія жахлівыя грымоты былі ў мінулы аўторак... дакладней у мінулыя аўторкі!
– А ў нас,- здзіўлена заўважыла Аліса,- больш за аднаго аўторка разам не бывае.
– Як убога,- прамовіла Чорная.- У нас звычайна па два-тры аўторкі (і іншых дзён тыдня) адначасова, а ў зімку ў нас бывае адначасова пяць начэй... так цяплей.
– Толькі таму, што пяць начэй цяплей за адну?- рызыкнула спытацца дзяўчынка.
– Зразумела ж!
– Але яны адпаведна і халадней упяцёра разоў...
– Натуральна!- ускрыкнула Каралева.- Упяцёра цяплей ды ўпяцёра халадней... А я ўпяцёра багацей ды разумней за цябе!
– Гэта падобна да загадкі без адказу!- вырашыла Аліса, цяжка ўздыхнуўшы і вырашыўшы кінуўць далейшую спрэчку.
– Ханьці-Данці таксама гэтак ліцыць,- ціхусенька прамовіла Белая Каралева, быццам звярталася сама да сябе.- Аднойчы ён прыйшоў да нас са штопарам у руках...
– І чаго хацеў?- спытала Чорная.
– Ён крыкнуў гэта, калі грукатаў у дзверы,- адказала Белая,- Казаў, што яму трэба гіпапатама. Але ж нічога падобнага ў нас тым ранкам не было.
– А што калі-некалі бывае?- здзівіўшыся спытала Аліса.
– Толькі ў чацвяргі,- прамовіла Каралева.
– А я ведаю, навошта ён прыходзіў,- заўважыла Аліса,- ён хацеў пакараць рыб, бо...
– А якія ж былі грымоты,- зноў пачала енчыць Белая Каралева,- уявіць немагчыма (“У яе ўсё жыццё гэта не атрымліваецца,”- заўважыла Чорная.),- Палову даху адарвала і грымоты рынуліся ў хату... пакаціліся па ўсіх пакоях вялізнымі камлыгамі... перакульваючы сталы, крэслы, іншую мэблю, а я настолькі спужалася, што не магла прыпомніць свае ўласнае імя!