Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка ў сусьветную вайну
Шрифт:
Вахмістр з перапою стаў гарадзіць далей усялякае глупства:
„З паказаньняў арыштаванага з бясспрэчнай відавочнасьцю вынікае, што толькі тое, што ён ня мае пры сабе апарата, перашкодзіла яму фотографаваць чыгуначныя будынкі і мясцовасьць, якая мае стратэгічнае значэньне. Бясспрэчна ён-бы выканаў свой намер, каб вышэйазначаны схаваны ім апарат быў у яго пад рукою. Таксама, толькі дзякуючы тэй акалічнасьці, што апарата пры ім ня было, ніякіх здымкаў у яго ня знойдзена“.
— Хопіць, — сказаў вахмістр і падпісаўся.
Застаўшыся вельмі здаволеным сваім творам, ён з гонарам, прачытаў яго свайму памоцніку.
— Удалы даклад, — сказаў ён. — Бачыце, вось як трэба складаць данясеньні.
— Дык вось унтэр-афіцэр завядзе вас у Акруговую жандарскую ўправу ў Пісэк, — сказаў ён паважна Швэйку. — Паводле прадпісаньня належыць адправіць вас з кайданамі на руках, але з прычыны таго, што вы, як мне здаецца, чалавек паважны, кайданоў мы на вас не надзенем. Я ўпэўнены, што і ў дарозе вы не паспрабуеце ўцякаць. — Вахмістр, як відаць, расчулены выглядам швэйкаўскага дабратлівага аблічча, дадаў: — і ня гневайцеся на мяне. Завядзеце яго, унтэр, вось вам маё данясеньне.
— Бывайце здаровы, — мякка сказаў Швэйк. — Дзякую Вам, пан вахмістр, за ўсё, што вы для мяне зрабілі. Пры выпадку напішу вам ліст. Калі пападу ў ваш край, абавязкова зайду да вас у госьці.
Швэйк з унтэрам вышлі на дарогу, і кожны, хто-бы ні спаткаўся, бачачы іх захопленымі сяброўскай гутаркай, палічыў-бы іх за даўно знаёмых, якія ідуць разам у горад, скажам, — у касьцёл.
— Ніколі ня думаў, — казаў Швэйк, — што па адрасе ў Будэйовіцы будзе так шмат перашкод. Гэта нагадвае мне выпадак з разьніком Хаўрой з Кабыліц. Трапіў ён раз да помніка Палацкому на Морані [22] і хадзіў наўкол яго да самай раніцы, бо яму здавалася, што ён ідзе ўздож сьцяны, якой і канца няма. Пад раніцу, спрэс змардаваны, адчаяўся і закрычаў „ратуйце“, а калі прыбеглі паліцэйскія, ён у іх запытаўся, як яму прайсьці дадому ў Кабыліцы, бо, кажа, ніяк сьцяны прайсьці ня можа, ідзе, кажа, уздоўж яе пяць гадзін, а ёй канца-краю няма. Паліцэйскія яго забралі, а ён ім там у часьці ўсё раскідаў і паразьбіваў.
22
Вуліца ў Празе.
Унтэр не сказаў ні слова і падумаў: „Куды гне? Зноў пачынае арапа запускаць наконт Будэйовіц“.
Яны ішлі паўз сажалку і Швэйк пацікавіўся, ці шмат у іх раёне рыбакоў, якія ловяць без дазволу рыбу.
— Толькі такія і ёсьць, — адказаў унтэр. — Ранейшага вахмістра ўтапіць хацелі. Стораж каля сажалкі страляе ім у задніцы нарэзаным шчаціньнем, але нічога не памагае. Яны носяць у штанох кусок бляхі.
I ўнтэр з большага закрануў тэму пра прогрэс, пра тое, да чаго людзі дайшлі, і як адзін другога ашуквае, і потым разьвіў новую тэорыю пра тое, што вайна — вялікае дабро для ўсяго чалавецтва, бо разам з паважнымі людзьмі перастраляюць і шмат жулікаў ды шэльмаў.
— І так на сьвеце вельмі шмат народу, — сказаў ён глыбокадумна. — Усім стала цесна, людзей разьвялося да чорта!
Яны падходзілі да карчмы.
— Сягоньня чартоўскі мяце, — сказаў унтэр. — Я думаю, не пашкодзіла-б прапусьціць па чарачцы. He кажэце там нікому, што я вас вяду ў Пісэк. Гэта дзяржаўная тайна.
У галаве ўнтэра мільганула інструкцыя з цэнтру пра падазроных асоб і пра абавязкі кожнага жандарскага аддзяленьня: „Ізоляваць гэтых асоб ад мясцовага насельніцтва і адпраўляючы іх па далейшых інстанцыях, старацца ўсімі спосабамі не даваць прычын для распаўсюджаньня лішніх гутарак сярод насельніцтва“.
— Ня ўздумайце прагаварыцца, што вы за птушка, — сказаў ён. — Да гэтага нікому справы няма. He давайце прычын для распаўсюджаньня панікі. Паніка ў ваенны час страшная рэч. Хто-небудзь ляпне — і пойдзе па ўсёй акрузе. Разумееце?
— Я панікі распаўсюджваць ня буду, — сказаў Швэйк і трымаўся паводле свайго абяцаньня.
Калі шынкар з ім разгаварыўся, Швэйк сказаў:
— Вось брат кажа, што за гадзіну дойдзем да Пісэку.
— Дык, значыць, брат ваш у адпуску? — Запытаўся цікаўны шынкар у ўнтэра.
Той, ня міргнуўшы вокам, адказаў:
— Сягодня ў яго водпуск канчаецца.
Калі шынкар адышоўся ў бок, унтэр, падміргнуўшы Швэйку сказаў:
— Хвацка мы яго падманулі! Галоўнае: не падымаць панікі — час ваенны.
Сказаўшы перад тым, як зайсьці ў шынок, што чарачка пашкодзіць ня можа, унтэр паддаўся надмернаму оптымізму, бо, ня ўзяў пад увагу колькасьці гэтых чарачак. Пасьля дванаццаці чарак ён моцна і рашуча заявіў, што да трох гадзін начальнік Акруговай жандарскай управы абедае і бескарысна прыходзіць туды раней, тым больш, што паднялася мяцеліца. Калі яны прыдуць у Пісэк у чатыры гадзіны, часу застанецца аж занадта. I к шасьці яны ня спозьняцца. Прыдзецца ісьці папацёмку, па пагодзе відаць, але гэта ўсёроўна. Розьніцы ніякай: ісьці цяпер ці пазьней — Пісэк ад іх не ўцячэ.
— Мы павінны радавацца таму, што сядзім у цяпле, — скончыў ён. — У такую халадэчу ў акопах, — гэта табе не на печы грэцца.
Вялікая старая кахляная печ жухала гарачынёю, і ўнтэр констатаваў, што вонкавае цяпло з посьпехам можна ўраўнаважыць нутраным пры дапамозе розных гатункаў настоек. А ў гаспадара іх было восем гатункаў, і імі ён разганяў нудоту карчмы, расьпіваючы ўсе гатункі па чарзе пад гукі мяцеліцы, якая гула за кожным вуглам яго доміка.
Унтэр увесь час падганяў шынкара, каб той ад яго не аставаўся, і піў, абвінавачваючы яго, што ён мала п‘е. Гэта было відавочным паклёпам, бо шынкар ужо ледзь стаяў на нагах, увесь час даводзячы, што трэба згуляць у фэрбл [23] і заяўляў, што мінулай ноччу ён чуў з усходу канонаду. Унтэр ікнуў у адказ:
23
Гульня ў карты.
— Гэта ты кіны He падымай панікі! Ёсьць інструкцыя… і пачаў тлумачыць, што інструкцыя гэта збор паасобных распараджэньняў.
У якасьці прыкладу ён працытаваў некалькі сакрэтных цыркуляраў. Шынкар ужо мала што разумеў. Адно, што ён мог прамармытаць, было тое, што аднымі інструкцыямі вайны ня выграеш.
Ужо сьцямнела, калі ўнтэр сабраўся ў дарогу. За мяцеліцаю ў двух кроках нічога нельга было ўбачыць:
— Валі ўвесь час проста да самага Пісэку.
Але хутка яго голас прагучэў не з дарогі, а зьнізу, з рова, куды ён скаціўся па сьнезе. Памагаючы сабе вінтоўкаю, ён насілу вылез на дарогу. Швэйк пачуў яго прыглушаны сьмех: Усёроўна як на коўзанцы». Праз хвіліну ён зьехаў зноў у роў, загарлаўшы так, што перакрычаў сьвіст ветру:
— Кінуся, паніка!
Унтэр-афіцэр падобен быў на мурашку, якая, адкуль-небудзь зваліўшыся, упарта лезе зноў наверх. Ён паўтарыў пяць разоў гэта практыкаваньне і, вылезшы нарэшце да Швэйка, маркотна сказаў:
— Я мог-бы вас лёгка згубіць.
— Ня турбуйцеся, калі ласка, пан унтэр, — сказаў Швэйк, — Самае лепшае, што мы можам зрабіць, гэта прывязаць сябе аднаго да другога, такім чынам мы адзін аднаго ня згубім. Ручныя кайданы пры вас ёсьць?
— Кожнаму жандару належыць насіць з сабою ручныя кайданы, — паважна сказаў унтэр і спатыкнуўся. — I эта-ж наш хлеб.