Сэрца мармуровага анёла
Шрифт:
Неданясенне на змоўшчыкаў… Падлягае арышту… Вобыск… Канфіскацыя маёмасці…»
Пан Леанард задумліва перабірае пышны чырвоны кутас на канцы свайго пояса… Што ж, госці прыехалі дакладна ў час…
— Мой дом і я ў вашым распараджэнні… Дазвольце толькі хвораму чалавеку застацца ў крэсле…
Тонкая рука зноў бярэ кніжку. Паручнік крыкліва аддае загады — аж голас зрываецца на хлапечы дыскант ад неўсвядомленай злосці на вытанчанага арыстакрата, які ўсё жыццё піў вунь з тых пераліўчатых парцэлянавых кубкаў — паручнік бачыў такія толькі ў тых сямействах, дзе на яго ніколі не глядзелі як на магчымага жаніха… Кволая на выгляд рука ў пярсцёнках сціскала гэтую стрэльбу з цудоўнай срэбнай гравіроўкай, і каралеўская здабыча — зубр — падыхала ля ног,
«Усё будзе маё!»— з'яўляецца з падсвядомасці радасная думка, і паручнік зноў набывае ранейшую ўпэўненасць і, пакінуўшы жандараў сцерагчы арыштаванага, ідзе камандаваць дзеяннямі астатняй часткі атрада.
У бібліятэку разам з сабачым скавытаннем пачынае далятаць гук разбітага посуду і жаночы віск.
Цямнее. У маёнтку запальваюць свечкі. Паручнік, спяшаючыся, складае пратакол вобыску. Заўтра зноў гразкія вераснёўскія дарогі, тужлівыя крыкі балотных птушак і на кожнай развілцы — страшны драўляны Ісус, раскрыжаваны на пахіленым негабляваным крыжы… А сёння ёсць нарэшце магчымасць пераначаваць у людскіх умовах, на пуховай пярыне, у велізарным панскім ложку пад казачным балдахінам… Пан Леанард сказаў, што праседзіць да раніцы ў бібліятэцы — з улюбёнымі кніжкамі… інтэлігентны чалавек. Дастаткова аднаго вартавога перад дзвярыма і двух — пад вокнамі…
Прынамсі, кухня тут вышэй ухвалы… Кухара ні ў якім разе не трэба звальняць.
Пан Леанард сядзіць у сваім утульным крэсле. За вокнамі хістаюцца цёмныя постаці соснаў. Калі вецер узмацняецца, яны сутыкаюцца не толькі галлём, але і стваламі, і тады чуваць сухое пастукванне дрэва аб дрэва. Раптам да звыклага паху старых кніжак далучаюцца тысячы розных пахаў і іх адценняў, нібыта да аднаго нягучнага інструмента — цэлы аркестр. Пан Варгун улоўлівае нават горкі пах пажарышча на месцы суседняга маёнтка.
Амаль адразу ж абвастраецца гукавое ўспрыняцце — мільёны гукаў — шоргаты, драпанні, стогны, шэпты, крокі — урываюцца ў адвыклы мозг, так што патрабуецца нейкі час, каб зноў авалодаць свядомасцю…
Пара… Пан Леанард бязгучна ўстае і дзьме на свечкі, што гараць на круглым мармуровым століку. Запаноўвае цемра, але вочы набываюць нечаканую вастрыню зроку — усё навакольнае бачна зусім выразна, быццам у нейкай шэрай падсветцы. Цяпер пачынае страшэнна свярбець скура. Пан, спяшаючыся, развязвае пояс і скідае халат. Чырвоны колер аксаміту выклікае неадольнае раздражненне, і Варгун запіхвае скінутую адзежу ў ніжнюю шуфляду шафы.
Цела працінаюць нябачныя струмені энергіі, якая, здаецца, зыходзіць з поўні, што зазірае ў акно. Уся істота чалавека вібрыруе, напаўняецца моцай і вясёлым шалам. Неадольна хочацца ўстаць на карачкі… Магутны звярыны рык ірвецца скрозь сціснутыя зубы — ці іклы? Шыбы акна ціха разыходзяцца, упускаючы ноч. Унізе, у зарасніку язміну, відаць дзве ненавісныя белыя фуражкі…
З акна другога паверха маёнтка Варгуны на зямлю, укрытую кілімам першага лістабою, бязгучна саскоквае вялізны воўк з шэрымі вачыма, у цэнтры якіх гараць два жоўтыя агеньчыкі — як пялёсткі свечак…
Жудасна выюць сабакі, на стайні рвуць аброці ўспененыя коні, дворныя людзі, не кажучы ні слова, устаюць з ложкаў, пазяхаючы, вешаюць на дзверы і вокны сваіх пакояў звязкі часнаку і чартапалоху — цяпер ні ведзьма, ні ваўкалак не ўвойдзе; жагнаюцца і зноў кладуцца спаць, забабонныя, цёмныя, спакойныя…
На раніцу прыслуга доўга прыбірае дом, зусім не дзівячыся начному знікненню прыхадняў.
У бібліятэцы, ва ўтульным вальтэр'янскім крэсле, сядзіць пан Леанард Варгун. Чырвоны аксамітны халат перавязаны поясам з вялікімі бухматымі кутасамі, вытанчаная рука ў пярсцёнках перагортвае старонкі томіка лацінскіх вершаў, а за акном хістаюцца, пагойдваюцца сосны, што ідуць да маёнтка і ніяк не наблізяцца да яго ўшчыльную…
— Грынь, рыхтуй сабак! Сёння ідзём на паляванне!
Гайвароны
У парку вакол маёнтка Гайвароны даўно не гняздзіліся тыя крыклівыя чорныя птушкі, што калісь далі назву і маёнтку і навакольнай вёсцы.
Расказвалі, што колішні ўладар маёнтка, знелюбіўшы крылатых вяшчунак няшчасця, учыніў на іх такое спусташальнае паляванне, што нават іхнія нашчадкі захавалі насцярогу да праклятага месца.
Невядома, ці так яно было, бо пані, якой належаў маёнтак цяпер, не магла б пакрыўдзіць птушку.
Яна забараніла нават знішчаць кратоў — гэтых агідных сляпых звяркоў, што здольныя папсаваць найпрыгажэйшую клумбу, а яе — у форме складанага вензеля, падобную на кошык з кветкамі — так доўга ладзіў перад уваходам у дом стары немец-садоўнік. І доўга лаяўся на сваёй гергецкай мове, калі пані не дала спатоліць справядлівую прагу помсты. Падумаеш, «стварэнні божыя»!
Праўда, і клумба тая была не зусім дарэчы ў парку, па змрочных прысадах якога даўно не прахаджваліся вясёлыя госці, а цёмныя ліпы былі такімі старымі, што здавалася, вось-вось са стогнам сагнуцца, абапіраючыся аб чорную зямлю нязграбна выцягнутымі лапамі. Галене, дачцэ гаспадыні, часам думалася, што вароны не селяцца на гэтых дрэвах менавіта таму, што пабойваюцца ненадзейнасці такога апірышча для гнёздаў. Але не — безумоўна, усе знакі бяды былі звязаныя з тым днём, калі прыйшла страшная вестка пра братоў…
Галене было тады дзесяць год. Яна мала што памятала — галасы чужых людзей, гучныя, як удары пугай. Строгі твар маці, такі збялелы — што здаваўся незнаёмым. Нават голас — не пазнаць:
— Мужчыны ў нашым родзе не баяцца паміраць за радзіму. І самавіты мужчына з чорнымі бакенбардамі, у ваенным мундзіры, вельмі важны і сярдзіты, чамусьці апускае вочы.
О, Галена ганарыцца сваёй маці! Самы яркі ўспамін — як яны разам апускаюцца на калені перед маленькім столікам з палаючымі свечкамі ў колішнім бацькавым кабінеце, і маці, паказваючы дагератыпы, гаворыць:
— Твой брат Генусь Вайтылаў… Харунжы… Расстраляны. Твой брат Янук Вайтылаў… Забіты ў бойцы пад Варкавічамі. Твой брат Алесь Вайтылаў… — Тут голас маці заўсёды ледзь адчувальна ўздрыгвае. — Сасланы ў Сібір, знік без вестак… Ніколі не забывай, яны — героі.
Так, і заўсёды дадавала пра бацьку — хаця памёр у сваім ложку, ад сардэчнай хваробы, каб меў найменшую магчымасць — таксама пайшоў бы ў бойку за сынамі.
Маці здавалася ў гэтыя моманты Галене незвычайна прыгожай. Сетка дробных зморшчын скрадваецца прыцемкам, і вочы таямнічыя, бы дно студні, у якую ўпала зорка. Яркія маленькія вусны горка падцятыя, бровы як зламаныя крылы… Смуглявая скура, дасканалы авал твару, цёмныя, перавітыя сівізной, быццам вытанчаным упрыгожаннем, валасы гладка зачасаныя пад чорны каптур… Сама Галена была зусім не такой. Праўда, цемнавокая і стройная, як маці, але… Нават прыслуга лічыла ейны загад як бы не канчатковым, пакуль не пацвердзіць пані. Галене споўнілася ўжо дваццаць чатыры — па мясцовых паняццях старая дзеўка. Нібыта маці і не была супраць таго, каб дачка займела сям'ю, — сама ж бясконца гаварыла пра Галеніных будучых дзяцей, якія мусяць захаваць памяць роду. Але і нічога дзеля ўладкавання лёсу дачкі не рабіла — здавалася, у маёнтку Гайвароны ўсталяваўся час, незалежны ад знешняга, і паважаліся толькі свае законы і свае прывіды. Абедзве гаспадыні хадзілі выключна ў жалобе. Вядома, што баляванняў — неабходных у доме з паненкай на выданне — і не прадбачылася. Дый і сціплыя сродкі не надта гэта дазвалялі. Шчасце, не канфіскавалі сам маёнтак і стары парк. У глыбіні душы Галена была перакананая, што прычынай гэткай паблажлівасці — павага, якую маці выклікала нават у заклятых ворагаў. Не, госці ў доме бывалі — але яны таксама жылі мінулым. Будучае ўвязвалася толькі з надзеяй на справядлівую помсту.