Сэрца мармуровага анёла
Шрифт:
Галена не задумвалася пра свой лёс. Вядома, калі так здарыцца, што трэба будзе пакінуць Гайвароны — прычынай гэтаму стане толькі герой і пакутнік. Такі ж, як яе браты. А пакуль спраў хапала. Хаця б — клапаціцца пра тых, у каго няма нават абрабаванага маёнтка. У Гайвароны, не баючыся, заходзіў і сляпы лірнік, і гаманлівая цыганская чарада, і паломнікі, што крочылі па святых мясцінах, знаходзілі тут начлег і хлеб. Вось і цяпер… Дзяўчына заспяшалася да дома па цёмнай прысадзе, раскідваючы лёгкімі крокамі апалую лістоту, ужо не залатую, а ржавую, быццам высахлая кроў,— перад ганкам бачыліся дзве шэрыя постаці, і нават здалёк у іх адчувалася асаблівае смірэнне, уласцівае
Маці ўжо стаяла на ганку. Дакорліва зірнула на дачку. Чаму Галена так і не перастала адчуваць ад такіх позіркаў пякучую хвалю сораму — рыхтык як у дзяцінстве, нават калі правіна была зусім нязначная?
Паломнікі ішлі з Жыровічаў, ад цудатворнага абраза Маці Божае. Сівенькі дзядок увесь свяціўся нядаўнім далучэннем да цуда — здавалася, што кавенька ў яго руцэ дрыжыць таксама ад узрушэння. Стары бясконца прамаўляў словы ўдзячнасці і малітвы слабым, бы кепска нацягнутая струна, голасам, і здавалася, нібыта ён размаўляе на птушынай мове. Дзед Галене спадабаўся — у яго смірэнні не было ні прыніжанасці, ні сялянскай хітрынкі. Не было іх і ў другога госця. Галена вырашыла чамусьці, што той былы жаўнер — нават жахлівая худзізна не папсавала дарэшты высокую плячыстую паставу, а праз левую палову твару цягнуўся пачварны шнар — падобна, што ад шаблі, ад чаго куточак вока быў адцягнуты ўніз. І рукі ў яго былі не сялянскія — з тонкімі пальцамі. Хоць паломнік яшчэ малады, але доўгія валасы і барада напалову сівыя. Вочы цёмныя, але гэткія ж празрыстыя, дабрэнныя, як у дзеда. Як і належыць паломнікам, абодва ўвешаныя абразкамі і ладанкамі. Маладзейшы госць маўчаў. Толькі калі сядаў за стол у пакоі для чэлядзі, пад яго вопраткай нешта грукнула… Зброя?! Але ворат кашулі трохі расхінуўся, Галена ўбачыла ланцуг, цёмныя шнары… І зразумела, што госць носіць вярыгі. Чамусьці ёй зрабілася непрыемна ад гэтага адкрыцця, і дзяўчына сышла ў свой пакой.
Восеньскія цёмныя вечары цягнуцца доўга, вельмі доўга… Нават калі запаліць камін і разгарнуць дасланы з апошняй поштай раман — шчымлівае пачуццё закінутасці, загубленасці ў бясконцай восеньскай цемры апаноўвае душу невымоўным жалем. І калі ў доме запальвалі свечкі, маці запрашала ў свой пакой гасцей — кім бы яны ні былі… І ўважліва выслухоўвала сто разоў чутыя навіны ці малітоўныя песняспевы… Так, і яшчэ абавязкова пыталася, што госці ведаюць пра братоў Вайтылавых. Звычайна пахаджане былі папярэджаныя пра такі інтарэс і адказвалі нешта накшталт «О, гэта героі! Волаты!», і пані ўцірала шчаслівую слязу. Калі ж нехта не ведаў пра братоў-герояў, гаспадыня сурова падціскала вусны і траціла інтарэс да прыхадня. І ейная маўклівая пагарда была горшай за крык ці аплявуху.
Высокае грувасткае крэсла, у якім сядзела пані Вайтылава, належала яшчэ іх продку, легендарнаму Вайтылу, мечніку князя Вітаўта, які і заснаваў маёнтак на землях, падараваных за верную службу. Дрэва ад часу зрабілася зусім чорнае, абіўку мянялі некалькі разоў — цяпер гэта быў зеленкавата-залацісты габелен. Але мядзведжая галава, частка герба Вайтылавых, усё гэтак жа пагрозна шчэрылася са спінкі. Сённяшнія госці стаялі нават не на сярэдзіне пакоя, а ў парозе — недарэчныя постаці ў шэрым радне на фоне паліраваных драўляных панеляў сцен. «А маці пастарэла…» — нечакана падумала Галена, якая сядзела справа ад матчынага крэсла на зэдліку са сваім вышываннем, — чырвоныя гронкі арабіны на залацістым шоўку. Так, маці пастарэла — дадалося сівізны, і авал твару ўжо не такі дасканалы, і паглыбіліся горкія зморшчыны ад крылля носа да куточкаў вуснаў.
Старэйшы з гасцей прамаўляў менавіта так, як чакала гаспадыня.
— Прытулі, Госпадзі, чыстыя душачкі загінулых воінаў у сваіх лепшых церамах завоблачных, бо былі яны воямі магутнымі і жыцця не шкадавалі дзеля бліжніх сваіх… І кроў іхняя на святым-белым Алатыр-камені, а слава іхняя на ўсіх пляцах звонам-гудам…
Другі госць упарта маўчаў, і Галене рабілася ўсё больш і больш няёмка ад позіркаў яго цёмных, глыбокіх, як студня, вачэй. Праўда, збольшага паломнік глядзеў у старанна наваскаваную, як было прынята ў гэтым доме на працягу стагоддзяў, падлогу.
— А ты, чалавеча, што можаш сказаць пра вояў з гэтага дома?
Паломнік падняў галаву:
— Вашы сыны верылі ў тое, за што змагаліся. Вера многае выкупляе.
Пані неўразумела прыўзняла бровы:
— Выкупляе? Што ты вярзеш, мужык?
Госць, аднак, не апусціў вачэй і працягваў тым жа спакойным, нават адсланёным голасам:
— Калі вядзецца вайна, гінуць не толькі воі… І не толькі вінаватыя. Той, хто ўзяў меч, мусіць быць гатовы адказваць за пралітую кроў. Асабліва калі гінуць тыя, хто верыў табе.
Голас пані быў халаднейшы за мокры вецер, які стукаўся ў шыбы.
— Якое права маеш ты гаварыць такое? Паломнік нахіліў галаву.
— Я ваяваў.
Голас пані памякчэў.
— Ты, відаць, моцна пакутаваў. Але хіба ты збіраўся аддаць жыццё за нешта благое? Або цябе гвалтам прымусілі ўзяць зброю?
Паломнік ледзь заўважна ўсміхнуўся ў бараду.
— Ніхто не змог бы прымусіць мяне стаць воем, як нельга прымусіць пакахаць. Я верыў у тое, за што пайшоў на смерць. Але я занадта мала ведаў пра жыццё і смерць. І нічога не ведаў пра Таго, хто ўладарыць над жыццём і смерцю, бо Яго не было ў маім сэрцы, апантаным юнацкай прагай славы.
— Цяпер ты паразумнеў? — у пытанні была не шкадоба, а лёгкая пагарда.
Вочы госця былі зусім ясныя.
— Розум — ненадзейны правадыр таму, хто шукае шлях да Госпада. Гэта гардыня, ланцуг, які прывязвае чалавека да ягоных мерцвякоў і не дае ўзыходзіць любові да ўсяго Божага свету. У Бібліі сказана — няхай мёртвыя хароняць сваіх мерцвякоў. Малітва мацней ведаў і зброі. Я проста навучыўся маліцца. За памерлых герояў. І за ворагаў.
Пані амаль зласліва адвярнулася.
— Як хрысціянка, я не магу адпрэчыць сілу малітвы. Галена адчула, што патрэбна ўмяшацца, — маці магла зазлаваць усур'ёз.
— Раскажыце пра свае падарожжы.
Дзядок удзячна пачаў гаманіць пра святыя мясціны, дзе давялося пабываць, пра добрых людзей, што паспрыялі ў дарозе, як і яе мосць пані Вайтылава. Вось мінулай ноччу іх прытулілі ў доме шаноўнага пана Гаеўскага, што за некалькі вёрст адсюль, і дачка пана Гаеўскага перадала ахвяру на свечку да абраза Смаленскай Маці Божае, і, вядома, яны гэтую свечку паставяць і памоляцца за маленькага паніча, які пакутуе на хваробу горла…
Пані, не слухаючы далей, узнялася і моўчкі пайшла ў апачывальню.
Пакаёўка, скіроўваючыся за гаспадыняй, злосна прашыпела паломнікам:
— Гэць адгэтуль. Разбалабоніліся. Ідзіце ў гасцявую, і каб раніцай духу вашага не было, гіцлі.
Дзядок разгублена пераступіў з нагі на нагу, не разумеючы, з чаго ўгневалася пані, перахрысціўся і сышоў. Малады паломнік нейкі час глядзеў на дзверы, за якімі знікла гаспадыня, потым зноў неяк асабліва ўсміхнуўся і, не выказваючы ні здзіўлення, ні прыкрасці, таксама павярнуўся, каб сысці.
— Пачакайце!
Галена чамусьці сказала гэта па-французску. Але госць спыніўся, на імгненне застыў у дзвярах, нахіліўшы галаву. Потым зірнуў у твар дзяўчыне.