Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
Будучы чалавекам нецярплiвым, Шыковiч адразу ж з архiва накiраваўся ў гарсавет. У прыёмнай Гукана, як заўсёды, было многа людзей. Гарадскiя работнiкi. Усе па неадкладных справах. Большасць Шыковiча ведалi, прывiталiся ветлiва, але кожны ў душы стаiў незадавальненне яго прыходам: пiсьменнiк, якi дапамог Гукану напiсаць кнiжку, работнiк рэдакцыi, ён меў маральнае права пайсцi без чаргi. Яны не пярэчылi супраць гэтага яго права, але нiкому не хацелася сядзець у прыёмнай. Шыковiч i меўся з ходу праскочыць у кабiнет, але новая сакратарка затрымала яго:
– У Сямёна
– Ух, гэтыя гандляры! Толькi бясконца засядаюць. А гандляваць не ўмеюць.
Супраць гандляроў, якiя занадта доўга радзiлiся, настроены былi ўсе. Нехта прыгадаў фельетон Шыковiча аб адным старшынi райспажыўсаюза. Дырэктар пiўзавода пачаў падкiдваць фельетанiсту факты. Але Кiрылу гэта не цiкавiла, ён жыў вобразамi падпольшчыкаў, людзьмi, якiя паўсталi з дакументаў.
Дзяўчо, што сядзела на варце дзвярэй, было зусiм маладзенькае. Новенькая. Шыковiч падумаў пра яе з непрыяззю: "Прымасцiлася, каб адпрацаваць свае два гады. На завод не пайшла, чортава лялька".
I сярдзiта спытаў:
– Колькi iх там?
– Каго? Таварышаў з упраўлення гандлю? Трое.
– Дык якая гэта нарада! Iдзi ты, галубка, спытай у мэра, доўга нам чакаць? Скажы, Шыковiч пытае.
Пачуўшы знаёмае прозвiшча, дзяўчынка з цiкавасцю паглядзела на Кiрылу i паслухмяна нырнула ў будку: кабiнет, каб не пранiкаў гук, адгароджаны ад прыёмнай адмысловым збудаваннем, якое нагадвае кабiну на мiжгародняй тэлефоннай станцыi.
Неўзабаве адзiн за адным, усе з тоўстымi папкамi, з будкi гэтай вывалiлiся кiраўнiкi гарадскога гандлю. Следам за iмi з'явiўся сам Гукан. Стаў у дзвярах, высокi, у ботах, галiфэ, але ў добра скроеным пiнжаку, пры гальштуку. Наведвальнiкi паднялiся: цi не думае старшыня iсцi куды?
– Кiрыла Васiльевiч, у цябе доўгая справа? А то бачыш, колькi народу чакае.
– Ды я хацеў параiцца па адным пытаннi.
Гукан быў упэўнены, што Шыковiч прыйшоў з-за сына, хоць не разумеў, чым ён мог памагчы. Вызвалiць з-пад арышту - не яго кампетэнцыя. Ага, параiцца хоча. Было б несумленна ў такi час адмовiць яму ў сяброўскай парадзе цi прымусiць чакаць, пакуль ён, Гукан, будзе займацца справамi горада.
– Ну што ж, давай заходзь. Прабачце, таварышы, - звярнуўся старшыня да iншых.
– Калi ласка, Сямён Парфёнавiч, - адказаў за ўсiх адзiн.
Каб надаць гутарцы сяброўска-iнтымны характар, Гукан сеў не за свой рабочы стол, а з краю доўгага стала для пасяджэнняў, насупраць адчыненага акна, за якiм ласкава шапталiся каштаны. Яго адразу насцярожыў выгляд Шыковiча. Не падобны чалавек на засмучанага, расстроенага бацьку. Неяк зусiм iнакш узрушаны, ажно вочы блiшчаць.
Кiрыла выцягнуў з бакавой кiшэнi паперкi - копii, якiя спiсаў з архiўных дакументаў, разгладзiў iх на стале i, яшчэ нават не прысеўшы, спытаў:
– Сямён Парфёнавiч, вы добра ведалi Вараву?
Гукан адчуў нешта накшталт таго, што адчувае пасажыр, калi самалёт правальваецца ў паветраную яму.
"Што гэта ён? Заходзiць здалёк?"
– Якога? Таго?
– А хiба ёсць яшчэ якi Варава?
–
– Цiкавы чалавек быў. Праўда?
Цяпер усю ўвагу Гукана прыцягвалi паперкi, якiя Шыковiч усё яшчэ асцярожна разгладжваў. Не, гэта не старыя дакументы. Чысцюткая, дабротная папера, стандартныя аркушы, на якiх пiшуць у рэдакцыю.
– Цiкавы. Ты што, забыў? Я ж расказваў табе, калi...
Ён хацеў сказаць: "Калi мы пiсалi кнiгу" - i чамусьцi не сказаў, асекся.
– У вайну вы сустракалiся з iм?
– Аднойчы. На пасяджэннi абкома.
– Але пасля вы былi камiсарам брыгады, якая вырасла з атрада Чапаева...
– У брыгаду ўвайшло чатыры атрады i спецгрупа.
– Але штаб брыгады павiнен быў ведаць пра тыя сувязi, якiя наладжвалi атрады. Сямён Парфёнавiч, што вы можаце сказаць пра гэтыя вось дакументы? Я знайшоў iх у партархiве. Арыгiналы напiсаны Варавам.
Гукан узяў паперы, i яны затрымцелi ў яго руцэ.
"Хвалюецца стары", - адзначыў Шыковiч з павагай да чалавека, якога ўсхваляваў напамiнак пра загiнуўшага таварыша. Гукан падняўся i пайшоў да рабочага стала. Узяў там акуляры. Вярнуўся, сеў i доўга чытаў тры кароткiя запiскi.
– Хто такiя Доктар, "Хiрург", Маруся, Насця? Вось што мяне цiкавiць. Шыковiч iшоў, збiраючыся перадаць расказ Яраша, асаблiва тую частку, што тычылася Савiча. Сказаць, што жывая дачка доктара.
Гукан адарваўся ад папер, пранiклiва паглядзеў на пiсьменнiка праз акуляры, потым паверх iх. Пакачаў галавой, уздыхнуў.
– Не помню, брат. Марусь сувязных у нас быў добры дзесятак. Каторая з iх? Бачыш, што я табе скажу, Кiрыла Васiльевiч. Варава быў цiкавы чалавек. Але ў яго было многа дзiвацтваў. Не ў дакор нябожчыку. Была ў яго схiльнасць да розных прыгод, часам проста-такi авантурнага характару. Помню, яго на абкоме яшчэ прабiралi за нейкую рызыкоўную аперацыю. Ён стварыў такую заблытаную агентуру, навыдумляў столькi самадзейных кодаў i шыфровак, што пасля мы не маглi разабрацца, што да чаго. I разам з тым, я табе скажу, быў даверлiвы, як дзiця. Яго агенты потым правальвалi нашых людзей. Ды i сам ён загiнуў праз гэтую сваю залiшнюю даверлiвасць. Хацеў прыручыць ваўка. Пайшоў на сустрэчу з начальнiкам палiцыi. А той гад замест трох чалавек аховы, як дамовiлiся, узяў трыццаць. Зрабiў засаду. Яны ўжо сышлiся, пачалi гутарыць, як iх абкружылi. I Пракоп, каб не трапiць у iх лапы, узарваў гранату. У кiшэнi. Самога насмерць. Начальнiку палiцыi адарвала нагу...
Пра гэта Шыковiч ведаў. I пiсаў. Нiчога новага i нiчога такога... зняважлiвага для кагосьцi Гукан не сказаў. Аб'ектыўная спакойная ацэнка людзей i фактаў, якiя сталi ўжо гiсторыяй. Але, вiдаць, менавiта праз тое, што Гукан гаварыў пра Вараву, пра невядомых падпольшчыкаў i сувязных, як пра нейкiх далёкiх гiстарычных асоб, а ён, Кiрыла, апошнi тыдзень жыў з iмi, як з блiзкiмi i дарагiмi людзьмi, Шыковiчу расхацелася расказваць пра Савiча i Зосю. Забiраючы ад Сямёна Парфёнавiча паперы, ён таксама ўздыхнуў: