Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
– Ты будзеш адчуваць сябе зусiм добра. Як усе здаровыя людзi. Можаш паверыць мне.
– Я сто разоў памiрала... I, бачыце, не памерла... Бо хачу жыць. Я веру вам.
Яна так вымавiла "хачу жыць" - з працягам, з нацiскам, што Яраш скалануўся. Дзiўна, але менавiта ў гэтых словах ён нарэшце адчуў характар той Зосi. Сапраўды, дзiўна. Тая Зося нiколi не сказала б такiх слоў.
Тая сказала: "Калi яны ўсё-такi ўварвуцца сюды, вы будзеце страляць?"
"Буду".
"У шафе ў Грота стаiць аўтамат".
I хоць бы задрыжаў голас. Нiбы паведамiла, што ў шафе стаiць варэнне.
Незразумела, чаму ў памяцi Яраша блiснуў гэты эпiзод i гэтыя словы. I
Яна спытала:
– Вы таксама дзяжурыце?
– Не. Я працаваў.
– Аперацыя?
– Не. Я рамантаваў адзiн прыбор.
– Сам?
– З электраманцёрамi.
– Вы ўсё ўмееце!
– I, о дзiва, захапленне ў яе вачах ён убачыў таксама ўжо другое, амаль такое ж, што i тады, калi яна даведалася, хто ён.
– Усё ўмець у наш час немагчыма.
– А я нiчога не ўмею, - уздыхнула яна.
– Вам здаецца так. Пражыць такое жыццё...
– Хiба я жыла!
– Прафесiю можна набыць.
– У трыццаць шэсць год?
– Хiба гэта многа?
– Я ўмею трохi шыць. Там я шыла. Але не люблю. Гэта цяжка i нецiкава. Каб вы ведалi, якая пакутлiвая работа - прыёмшчыца кравецкай арцелi. Людзi жорсткiя i грубыя.
– Людзей кепска абслугоўваюць. Я не думаю, што ў вашым атэлье добра шылi.
– Дрэнна. Але падымаць крык з-за няправiльна прышытага гузiка.
– Гузiк можа сапсаваць чалавеку настрой.
Яна крыва ўсмiхнулася.
– Тады, - ён зразумеў сам - у падполлi, - вам мог сапсаваць настрой гузiк?
– Кожны час мае свае законы i нормы.
– Людзi пачынаюць патрабаваць замнога ўвагi...
– Па-мойму, гэта натуральна. Бяда ў iншым, што яе мала яшчэ ў нас, узаемнай увагi. У грамадстве, дзе чалавек чалавеку брат...
– Брат?
– Зося, як бы спалохаўшыся, сцерла хусцiнкай з вуснаў скептычную ўсмешку i сказала мякка, ласкава: - У вас добрае сэрца, Антон Кузьмiч, пэўна, каб такiм чынам скончыць гэтую маленькую фiласофскую спрэчку.
Яраш разумеў яе. Занадта многа людзi прынеслi ёй гора i пакут. Яе шчасце, што яна зусiм не страцiла веры ў жыццё i ў людзей, верыць яшчэ, што побач са злоснымi ёсць людзi добрыя.
Нейкi момант яны маўчалi. Яраш, магчыма, упершыню за ўсю сваю практыку адчуў некаторую няёмкасць каля ложка хворай. Можа, таму, што без пэўнай мэты ён нiколi так доўга не заседжваўся. У яго i цяпер была мэта, але зусiм не прафесiйная.
Даследаваннi i здагадкi Шыковiча, нечаканая сустрэча з Зосяй не толькi распалiлi i яго цiкавасць да справы доктара Савiча, больш таго - ён адчуў сябе вiнаватым, што нiчога не зрабiў дагэтуль. Цяпер яму хацелася ўсяляк дапамагчы Кiрылу. Той, нецярплiвы, гарачы ў рабоце, дамагаўся сустрэчы з Зосяй. Ён, Яраш, як хiрург i як псiхолаг, ашчаджаў хворае сэрца пацыенткi i асцерагаў яе ад цяжкiх успамiнаў. Таму i цяпер яму нялёгка было падвесцi размову да ўспамiнаў пра яе бацьку.
Зося, напэўна, сама адчула няёмкасць зацяглай паўзы. Яна сказала:
– Ад мяне толькi што пайшла Маша. Мы доўга гутарылi.
– Я рады, што вы пасябравалi.
– Яна цiкавая. Спачатку мне здалося, што яна iграе... А ў жыццi нельга iграць! Некалi, яшчэ ў школе, я хацела стаць актрысай. I таксама iграла выдуманую ролю. Дома, на вулiцы, у гасцях - усюды... Смешна i наiўна.
– Чаму смешна? Маладыя ўсе рамантыкi. Вунь мае дзецi, Тарас, Вiця... Якiя ў iх мары i жаданнi! I я не сказаў бы, што гэта iгра.
– Дзе ён быў тады, Тарас?
– Яго схавалi добрыя людзi. Суседзi.
– Я шукала яго.
– Я ведаю. Мне казала цётка Люба.
– Яна не паверыла мне.
– Не крыўдуйце на яе. Яна была залаты чалавек i найлепшая
– Яна загiнула?
– Не, памерла год назад.
Зося памаўчала, як бы ўшаноўваючы памяць чалавека, з якiм лёс звёў яе на кароткi мiг.
– Як мне хацелася знайсцi яго, гэтага хлопчыка! Я не проста помнiла вашу просьбу. Я доўга жыла ёй. Для мяне гэта было першае баявое заданне падпольшчыкаў. I мне хацелася хутчэй выканаць яго. Але бацька... Вы ведаеце, як ён асцерагаў мяне. Навошта ён так асцерагаў? Дзiўны чалавек!.. Употай ад яго я пайшла да цёткi Любы. Сказала пароль. Усё, як вы гаварылi. Яна адказала не зусiм так, але пусцiла ў дом. Я сказала, што вы прасiлi даведацца, цi вядома ёй што-небудзь пра сына Паўла Ганчарова. Яна адказала дзiўна i незразумела: "Перадайце Вiцю, што дзядзька Рыгор запрашае на заручыны Веты. У суботу пад вечар". Я сказала, што перадаць нiчога не магу, бо вас пераправiлi ў лес. "Да каго?" - спытала цётка Люба. Я не ведала, да каго. Тады, вiдаць, у яе ўзнiкла падазронасць. Яна больш нiчога не спытала пра вас. Але калi я зноў паўтарыла сваё пытанне пра Тараса, яна адказала, што нiчога невядома. Мяне пакрыўдзiла, што яна такая абыякавая i да лёсу дзiцяцi i наогул... Хаця б пацiкавiлася, хто я i што я. Не, нiшто, здавалася, яе не цiкавiла. Праўда, паводзiла я сябе неразумна i няўмела. Цётка Люба ўсё-такi спытала, як маё iмя. Я адказала, што Вольга. Чаму Вольга i навошта мне было падпольнае iмя - сама не разумею. Мабыць, ад жадання сыграць ролю падпольшчыцы.
На другi дзень я пайшла на Каштанавую, дзе жыў Павел. Там я таксама надзiвачыла. Ведаеце, што зрабiла? Я - сястра Паўлавай жонкi, шукала iх, жывых. Людзi, якiя жылi ў тым доме, збянтэжана пацiскалi плячамi: яны тут нядаўна i нiкога не ведаюць. Заплаканая, я паказвала пiсьмо, якое сама напiсала: "Яны жылi тут, вось адрас. Што ж мне рабiць? Я прыехала ажно з Харкава". Хадзiла па суседзях. Адны рабiлi выгляд, што нiчога не ведаюць. Другiя не таiлi сваю падазронасць. Але потым дзве старыя жанчыны, мабыць, паверылi мне i сказалi страшную праўду. Я плакала шчыра. "А хлопчык? Дзе хлопчык? Тарасiк".
– "Кажуць людзi, у нямецкiм дзiцячым доме", - паведамiлi старыя. У той вечар я спытала ў бацькi, цi ёсць у горадзе дзiцячыя дамы. "Навошта табе?" Я расказала яму пра вашу просьбу i як я шукала малога. Бацьку гэта спалохала. Ён сярдзiта сказаў, што я загублю i сябе i яго сваiмi неразумнымi ўчынкамi. Тады я сказала яму, што больш не буду вартаваць дом i смажыць Гроту трусяцiну. "Трэба жыць i змагацца, як ён", - кiўнула я ўгору, маючы на ўвазе вас, Антон Кузьмiч. "Ён салдат, - сказаў бацька, - а мы з табой цывiльныя людзi, я - стары лекар, ты - дзяўчынка, дзiця". Я сказала яму тады многа тых слоў, якiя пачула ад вас. Бацька мусiў здацца. Толькi папрасiў, каб я нiчога сама не рабiла, пра ўсё даведаецца ён.
Праз тыдзень, можа, не помню, бацька сказаў, што я магу наведаць дзiцячы дом у Высокай Будзе, гэта кiламетраў пятнаццаць ад горада.
– Я ведаю. Там i цяпер дзiцячы дом, - кiўнуў Яраш.
– Жонка бургамiстра Цiшчанкi, старая набожная баба, замольваючы грахi свайго мужа, займалася дабрачыннасцю - апекавала сiрот. Мы паехалi з ёй на машыне бургамiстра. Дзень, помню, быў халодны, дажджлiвы. Гэта ж была ўжо позняя восень. А яны, дзецi, худыя, сiнiя, амаль усе без верхняй вопраткi, у адных падраных сарочачках, абступiлi нашу машыну. Маленькая дзяўчынка адразу пацягнула мяне за рукаў i папрасiла: "Цётачка, дайце кавалачак хлеба". У мяне не было хлеба, я нiчога не ўзяла, бо не думала, што дзецi там такiя галодныя. У дзiцячым доме! Яна, бургамiстарша, прывезла нейкiя пернiкi, нейкае адзенне, магчыма, нарабаванае ў другiх такiх жа дзяцей.