Слова сапраўднага лад
Шрифт:
У В. Шпіпа пазначаецца важная для паэта якасць — выводзіць прыватнае назіранне да абагуленага роздуму. Хаця, магчыма, занатоўвае ён пакуль тую асацыяцыю, што ўзнікае адразу, не заглыбляючыся думкай у сутнасць з'явы.
Ідзе гадзіннік — Цік-так, цік-тук... А мне думаецца — Няўмольны час Забівае дзверы У наша мінулае.У вершы Шніпа «Зайшла усмешка у купэ...» са знаёмымі паэтычнымі атрыбутамі: цягнік — сённяшняя рэалія, сімвалічны край свету — асвячоны традыцыяй паэтычны ландшафт. Узнікае асабістае, паэтава, адчутае: «Я моўчкі п'ю халодны чай,/ Балюча апякаю губы». Практычная несуадноснасць, супярэчныя факты — і мастацкая апраўданасць вобраза.
Мабыць, яшчэ неўсвядомлена, але адчувае паэт існаванне ў першую чаргу як хараство быцця, як падставу радавацца прысутнасці
Нездарма зборнік В. Шніпа прыцягнуў увагу Рыгора Барадуліна, і той са шчодрасцю і добразычлівасцю сапраўднага таленту знаёміў гледачоў тэлебачання з паэтам. Заахвочана, ярка, шумліва знаёміў. Так яно і павінна быць. Калі прадстаўляеш паэта чытаючаму грамадству. Ну, а калі весці дзелавую гаворку — нельга не заўважыць і самапаўторы, і не толькі тыя, пра якія вялася гаворка, і не заўсёды строгі адбор вершаў, і яшчэ павярхоўны, не засяроджаны,— не погляд, а позірк на з'явы, рэчы, праявы.
Знарок адкладвалася слова пра Леаніда Дранько-Майсюка. Не таму, што ён менш дастойны ўвагі. Яго кніга — адна, можа, з самых цікавых заявак сённяшняга маладога «прызыву». Дранько-Майсюк прыцягвае ўвагу тым, што спрабуе працаваць у некалькі іншым творчым кірунку. Хаця, здавалася б, усе рэаліі звычнага пісьма навідавоку: геаграфія — роднае Палессе, тыя ж лясы, азёры, пагоркі, ёсць і поўная зборня сямейнікаў — жонка, сын-мацачок, а ў сына дзве бабулі і два дзяды. Але ўсё гэта — у хітрасплеценым атачэнні асацыяцый, кодаў, шыфраў, у атачэнні, наўмысна створаным добра выштукаванай фантазіяй паэта. Фантазіяй з літаратурным ухілам. Але пра яго вершы не скажаш — штампы, паўторы. Калі яны і ёсць, дык не ў цытатным выяўленні.
Паэтычная рэальнасць Леаніда Дранько-Майсюка мройлівая, час як катэгорыя існавання ў яго, мабыць, самы размыты з усяе гэтай кагорты, канкрэтныя гістарычныя рэаліі ён выключае са свайго паэтычнага ўжытку, пакідаючы агульныя паняцці, прасторавую канкрэтыку. У яго вершах прыкмячаюць перазовы з Ю. Кузняцовым. Але ні кузняцоўскага эпатажу, ні ягонага сарказму нават у адносінах да калег па цэху («шифровальщики пустот и общих мест дрозды») — у Дранько-Майсюка няма. Праўда, няма і кузняцоўскага эмацыянальнага напору, узрушанай, нервовай пластыкі пісьма. Але ёсць, як і ў рускага паэта, абавязковая нацэленасць на рух у эмпірэях паэтычнай прасторы, там, дзе, як у палёце сучаснага лайнера, забяспечваецца абавязковая вышыня. І знікаюць у канкрэтным зроку асобныя, адзінкавыя рэчы, мясціны, нават зямля. Застаецца яркі, чысты, высозны блакіт у халодным ззянні дзённага свяціла і амаль іррэальныя абрысы аблокаў унізе, і за імі толькі намаганнем розуму, але не зроку, угадваецца зямля. Усё глядзіцца з гэтай астральнай адлегласці. Тут можна разважаць пра ўсё, што можа быць мэтай гаворкі ў паэзіі. Канечне, і пра самую паэзію. Для Галубовіча гэта рэальныя «боль» і «жар», і сімвалічныя «рай» і «рой думак», і нават рай вельмі канкрэтны — «толькі геніі парой жылі часова гэтым раем». Дранько-Майсюк прапануе незашыфраваны сюжэтны ход. З'яўляецца ў вершы жанчына — ці то муза, ці то багіня, ці то проста сімвал паэзіі. І адразу гэта жанчына «знікае ў хаце — глухім будане». І як у старой казцы, шукае яе герой, хаця гавораць яму добрыя людзі: «Абыдзі вёску гэтую сёмай дарогай...» І — урэшце — пад заслону — знаходзіць жанчыну: «Выйшла з хаты глухой — будана,/ Да каровы бабуля сівая». Сэнс, безумоўна, празрыста ўгадваецца — паэзіі прагнуць усё жыццё, і яна ніколі не бывае сініцай у руцэ. Прыблізна так – але, як кажуць, магчымы варыянты. Паэт, мне здаецца, разумее гэта і шырэй — не толькі ўсё жыццё шукаць, у тэксце і «стагоддзі пад столлю сышліся». Толькі ў спалучэнні часоў разумее паэт пошук творчы. Не інакш — сённяшняе, мінулае, вечнае. Так і патрактавана ў Дранько-Майсюка яго стаўленне да паэзіі, да прадмета яго: у сутыкненні рэальнага і нерэальнага, міфалагічна-казачнага і канкрэтнага, у поцягу да філасофскіх разваг і спроб уявіць рэчаіснасць як адчужанае ад звычаёвасці быццё і адухоўлены побыт.
Ты мне што-небудзь раскажы... І я расказваю што-небудзь, І так спакойна на мяжы Зямлі і ранішняга неба.Ці яшчэ:
Там дзесьці дуб зусім сухі, Там бусел-зух кубло майструе І рассыпае па імхі Свой клёкат, толькі дуб не чуе. І там бабулька ў кошык свой Той клёкат з долу сабірае, І на здзіўлены вокліч твой «Дзяньдобры»,— вымавіць старая.Аднак не пара тут для падрахункаў, нават і самых папярэдніх. І не хацелася б рабіць шарэнгу — першы, другі, трэці... Бясспрэчна, што здзейсніў сябе як паэт Галубовіч, і ад таго яму як нікому іншаму будзе складана з другой кнігай — усе будуць чакаць новай вышыні. І бясспрэчна — сваім, няпростым, і не падобным да іншых шляхам спрабуе ісці Дранько-Майсюк, шляхам, дзе так лёгка спраставаць да суцэльнай зашыфраванасці, калі паэт становіцца творцам для вузкага кола супрычасных асоб, але і шлях, які адкрывае магчымасці выпрабаваць сябе ў варунках неардынарных, паспытаць на трываласць свой узровень прафесійнасці.
Дарэчы — аб прафесійнасці. Вельмі важна, што ў пазначаных кнігах ёсць пэўны ўзровень пісьменнасці і адукаванасці.
Праўда — яшчэ раз — у кожным зборніку ёсць добрыя вершы, але цэласнае ўражанне пакідае толькі «Таемнасць агню» Л. Галубовіча. Аднак кожны добры верш — спадзяванне на добры працяг. «Пазнаўшы пачатак — не знаем канца...» (Л. Галубовіч). Адчуваюцца магчымасці паэтычнага тэмпераменту Алеся Пісьмянкова, і не вельмі верыцца ў яго абвяшчэнні тыпу: «І так здзіўляцца ўжо не ўмею, і так смяяцца — не магу». Думаецца, яшчэ і здзівіцца неадноечы паэт і не міне магчымасці здзівіць іншых сваім словам. Пэўна, будуць вастрыць сваё пяро Алесь Жыгуноў, Віктар Шніп, Іван Рубін. Адказны гэта тытул — малады. А жыццё багатае на сюрпрызы. Бывае, праз некалькі гадоў, насуперак усім прагнозам, з'явіцца таленавітая другая кніга — ажно зусім не таго, каму прадракалі найпрасветлены шлях.
Адным словам, хай набіраюць для песні вышыню.
«А ХАЦЕЛАСЯ В СЛОВА НЕ МАРНАГА...
Плён «гармонических затей» (А. Пушкін) у іх высокім, абстрагавана-канкрэтным сэнсе выяўляюць старонкі многіх выданняў 1985 года. Сур'ёзная, а часам і зацятая гаворка на старонках «Литературной газеты», «Вопросов литературы», нашай «Літаратуры і мастацтва» і г. д. Маю на ўвазе дыскусію «Праўда і праўдападабенства» (ЛГ), перманентна-шматгранную размову пра шляхі развіцця «вясковай» прозы, спрэчку аб пакаленні «саракагадовых», нечаканыя ракурсы праблем у сучаснай «вясковай» публіцыстыцы (ВЛ), меркаванні аўтараў нашага «ЛіМа» пад адказным грыфам «Сучаснасць і сучасная літаратура». Гэта зразумела: час абавязвае — пярэдадзень партыйнага і пісьменніцкіх з'ездаў, канец чарговай пяцігодкі. Па сутнасці, сучаснасць і сучасная літаратура — пра гэта гаворка ва ўсіх выданнях, хаця праблематыка акрэсліваецца па-рознаму. (Не абыходзіць гэтых тэм і друк іншых саюзных рэспублік, але «ахапіць неабдымнае» немагчыма, і трымаць іх у полі зроку не будзем.)
Калі ж параўнаць наш літаратурны клопат з агульнасаюзным, дык пэўна будуць відавочныя і многія агульныя моманты, і свае, толькі нашы, турботы.
Агульныя — асэнсаванне сучаснай прозай народных характараў, гістарычных шляхоў народа, філасофскае ўзбуйненне і выяўленне сацыяльных і маральна-этычных праблем. Як і ў рускай літаратуры, мабыць, у першую чаргу, «ваеннай» і «вясковай» прозай. Але не толькі. Хіба змесціш у гэтыя няпэўныя тэматычныя межы створанае многімі нашымі празаікамі старэйшага і сярэдняга пакаленняў, што зрабілі непараўнана многа для сучаснага беларускага прыгожага пісьменства. Іван Мележ, Янка Брыль, Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Алена Васілевіч, Мікола Лобан, Васіль Вітка, Ян Скрыган, Аркадзь Марціновіч, Алесь Адамовіч, Уладзімір Караткевіч, Іван Чыгрынаў, Вячаслаў Адамчык, Іван Пташнікаў, Міхась Стральцоў, Віктар Карамазаў, Барыс Сачанка, Анатоль Кудравец, Віктар Казько, Алесь Жук... Агульнае — публіцыстыка (Карамазаў, Будзінас, Казловіч) больш пільна ўзіраецца ў праблемы сённяшняга сяла, проза ж надае мастацкую ўвагу праблемам больш шырокага, «стратэгічнага» дыяпазону. Агульнае — небагата рабочай тэматыкі, эстэтычны ж яе ўзровень далёкі ад тых дасягненняў, што маюць творы «ваеннай» і «вясковай» прозы. На маю думку, яркі ўзор гэтага не сёння напісаная, але надрукаваная ў свой час у «Новом мире» аповесць рускамоўнага пісьменніка з Беларусі А. Каштанава «Заводскі раён». Дзе збольшага рэальная вытворчая калізія лакальнага значэння аздоблена млявым адзюльтэрам. Вытворчы побыт, памножаны на побыт хатні, і хатняга ж маштабу пачуцці, акаймаваныя межамі ўтульнай кватэркі Антаніны Брагінай. Адным словам, той самы выпадак, калі «адлюстроўваючыя» бытавікі не асвяжаюць літаратуры і нічога не даюць побыту...» (Ю. Тынянаў).
А ўвогуле стыхія побыту, як і стыхія другаснасці ўладна прысутнічаюць і ў нас. Праўда, больш у «вясковай» і ў «ваеннай» прозе. Існуе некалькі варыянтаў сюжэтаў, якія вандруюць з твора ў твор, у розных пісьменнікаў розных пакаленняў. Пра гэтыя вандроўныя сюжэты: ўжо згадвалася ў дыскусіі: самотныя бацькі ці адзін з іх у вёсцы, дзеці — найчасцей няўдзячныя і нядбалыя — у горадзе, «налёты» на вясковыя ласункі дзяцей і недарэчныя падарожжы бацькоў у горад. І галоўныя героі сапраўды, нават у маладых, больш дзяды і бабулі (У. Навумовіч, «ЛІМ»). Ёсць некалькі найбольш распаўсюджаных варыяцый «ваеннай» тэмы. І, як адзначаў А. Пяткевіч («ЛІМ»), гэта абумоўлена рэчаіснасцю, уваходзіць у мастацкую рэальнасць тое, што многія адмоўныя героі — яшчэ з тых часоў, часоў вайны, нават у маладых. Дарэчы сказаць, побач з варыяцыямі «ваеннай» тэмы, ёсць і відавочныя мастацкія здзяйсненні, у тым ліку і ў маладзейшых літаратараў, у тых, хто не ведаў асабіста вайны. У першую чаргу «Радавыя» А. Дударава. Няпростую сувязь з ваеннай парой можна прасачыць у аповесці П. Лецкі «Па цаліку», у няскончанай аповесці Р. Семашкевіча «Ясень».