Слова сапраўднага лад
Шрифт:
Вёў ці, як сёння прынята на больш высокай хвалі пазначаць, курыраваў ён у выдавецтве паэзію і крытыку. Многа чытаў, многа памятаў, не браў нічога напавер — правяраў сябе і другіх. На людзях выступаў някідка, але прадумана, талкова, дасціпна. Ці не адным з апошніх яго выступленняў быў садаклад па паэзіі на пленуме СП БССР 1985 года. Ён лёгка, хлапечай хадой, выйшаў да трыбуны, пачаў гаварыць — не гледзячы на паперкі. І што зрабіла асаблівае ўражанне — цытуючы па памяці (!) вершы: Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Рыгора Барадуліна, Анатоля Вярцінскага, многіх з маладзейшых паэтаў. Вельмі многа — з Аляксандра Твардоўскага. Да яго Бечык ставіўся з асобай пашанай. Ці па куляшоўска-бярозкінскай традыцыі (памятаеце ў Р. Бярозкіна сталую лінію ў яго творчасці — Куляшоў і Твардоўскі). Ці па нейкіх
Паэзію Варлен Бечык разумеў тонка і ведаў не па-дылетанцку, не «што-небудзь і як-небудзь». «Нa слуху» ў яго былі і канкрэтныя вершы, строфы, радкі рускіх і беларускіх паэтаў, ён дакладна і не ў азбучнай інтэрпрэтацыі быў знаёмы з працамі даследчыкаў тыпу В. Жырмунскага, Ю. Тынянава, А. Весялоўскага, Б. Тамашэўскага і М. Бахціна. Не любіў Бечык асветніцка-снабісцкага флёру, але пэўна ведаў, пра што вёў гаворку ў свой час, скажам, А. Белы па тэорыі паэтычнай мовы ці В. Шклоўскі па тэорыі прозы, альбо што прапанавала ў тэорыі школа Б. Эйхенбаўма. Багаж у яго быў багаты і трывалы. І ношка не здавалася яму цяжкай. Варлен Бечык чытаў кожны рукапіс у выдавецтве. Сачыў за кніжнымі навінкамі. Часопіснымі. Не помню выпадку, каб у «Новом мире», «Нашем современнике», «Октябре», «Вопросах литературы», «Литературном обозрении», «Литературной газете», «Полымі», «Маладосці», «Літаратуры і мастацтве» з'явілася нейкая значная публікацыя і ён не паспеў прачытаць яе. Чытаў — не праз год ці паўгода, адразу пасля выхаду ў свет, чытаў не похапкам, памятаў усё, многае даслоўна: асобныя сказы, фразы. І меў сваю думку. Даводзіў яе далікатна, не педаліруючы, але з той пераконанасцю, якую можна было аспрэчыць толькі неабвержнымі і доказнымі аргументамі.
Як намеснік галоўнага (начальнік!), чытаў ён заўсёды не партытурна, не па дыяганалі, а прыцэльна, умеючы абавязкова выйсці на слабае і спрэчнае. Сваю думку не навязваў. Пераконваў. Ці гаварыў — глядзіце, на вашу думку, але вось мне падалося.
Аграмадная эрудыцыя, густ, тактоўнасць, надзвычайная абаяльнасць, непадробнае адчуванне гумару — усё было ў яго. І яшчэ — чалавечая спагадлівасць, няўменне адмовіць, калі трэба дапамагчы. Гэтым няўзнак злоўжывалі, мабыць, усе. Сябры, калегі, шматлікія наведвальнікі. Аўтары. І наведвальніцы. Аўтаркі. Ён ніколі начальсцвенна не сеў, калі перад ім была жанчына. А жанчыны былі і настырныя. Хадзілі з дня ў дзень, тлумілі галаву гадзінамі. Чытаючы вершы, скардзячыся на рэдактараў, расказваючы свае біяграфіі. Ён усіх слухаў, сумленна шукаў выйсця. А як яго знайсці — калі перад ім, скажам, кабета і сапраўды няшчасная. Ажно няшчасце не замяняе талент. І не дорыць яго. Калі талент ёсць, ён загартоўваецца ў выпрабаваннях. Але колькі выпрабаванняў не пасылай графаману, здольнасці не з'явяцца. Хоць плач. А і плакалі. Паспрабуйце сказаць цвёрдае «не» спакутаванай жанчыне, якая шчодра (і шчыра!) абліваецца слязьмі. Варлен Бечык, добры, мяккі, далікатны — умеў. Далікатна, мякка адказаць — «не». Аднак магу сабе ўявіць, якіх душэўных пакут яму гэта каштавала.
А і мужчыны-аўтары часам яшчэ як умеюць выціснуць з сябе ці з рэдактара слязу. І таксама вельмі часта не без падстаў. З выяўнічым графаманам таксама складана — паспрабуйце адбіцца ад яго рукапісаў і скаргаў. Ажно тут цвёрдасць вымагае цвёрдасці. Калі ж апеліруюць да чалавечнасці — так цяжка не паддацца спачувальнай спакусе. Помніць — а кніга гаротніка ад бядот гэтых лепшай не стала.
Варлен Бечык цяжка перажываў кожны такі візіт. Не мог ахвяраваць сумленнем чэснага літаратара. І пакутаваў — як кожны чалавек, што бачыць боль і не можа дапамагчы.
Аднак як Варлен умеў заўважыць нават драбнюсенькую ўдачу! Не памятаю, каб ён прамінуў хаця больш-менш удалы твор ці нават артыкул або нявелькую нататку. Абавязкова скажа, абавязкова не праміне добрае слова кінуць. Сябрам, калегам, знаёмым.
Адчуваў сябе асабіста адказным за тое, каб не забыліся на рана сышоўшы з зямлі талент. Еўдакія Лось, Рыгор Бярозкін, Анатоль Сербантовіч... Перад самай аперацыяй, увечары, дапісваў ён прадмову да кнігі Ігара Хадановіча.
З дзейсным
І адны з самых яркіх і ўражлівых сваіх старонак прысвяціў Генадзю Шупеньку. Таленавітаму літаратару і таленавітаму чалавеку. Добраму свайму сябру. З тых, хто змог не проста пераадолець хваробу, а зрабіць жыццё сваё па-сапраўднаму здзейсненым. Гэта адзін з самых адукаваных і эрудзіраваных нашых крытыкаў, з пяром тэмпераментным, эмацыянальным і вострым, Генадзь Шупенька яшчэ і чалавек вельмі рознабаковы. Які вернісаж 70-х гадоў без яго? Не помню. Хто па абавязку душы знойдзе, выхапіць вечарок для філармоніі? Ён. Каго пабачыш у зале новых паступленняў у Ленінскай бібліятэцы? Яго. Ну, а роўных яму, калі ён возьме ў рукі акардэон ці гармонік, дык і зусім няма. Як і роўных па сіле чалавечай спагады, што даюць перажытае гора і нястрачаная ў пакутах дабрата, яму і зусім няма. Хіба што быў — ён, Бечык.
Пра ўсё гэта хораша, шчыра напісаў у згаданых ужо «Сакавіцкіх пісьмах» Варлен Бечык.
Пісаў ён пра многае і пра многіх. Галоўны і самы крэўны яго клопат — паэзія. Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Пімен Панчанка, Максім Лужанін, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Сцяпан Гаўрусёў, Ніл Гілевіч, больш маладыя пакаленні і генерацыі, тыя, хто толькі ўваходзіць у літаратуру. А раней была і проза В. Быкава, І. Пташнікава, І. Хадановіча, М. Капыловіча, нарысы Я. Сіпакова...
Пісаў Варлен Бечык разумна, не па шаблону, адчуваў і асаблівасці пісьменніцкага светаўспрымання, і манеру пісьма, і вёў гаворку, як сёння прынята гаварыць, у кантэксце іншых літаратур, у суадносінах з іншымі імёнамі. Вёў гаворку, свабодна валодаючы прадметам. Не так, як гэта часам здараецца, калі крытык няўцямна мармыча імёны і шапоча пра літаратурныя з'явы, нагадваючы вучня, што не ведае ўрока і тыцкае ўказкай па карце свету, блытаючы Мадагаскар з Гвадэлупай.
Варлен Бечык умеў быць вышэй унутраных літаратурных адносін, прыхільнасцей і «меркаванняў», быў аднолькава тактоўным і ўважлівым і да славутага майстра, і да пачынаючага паэта. Хаця, канечне, вышыні асабліва прыцягвалі яго. Невыпадкова з'яўленне «Шляху да акіяна», кнігі пра Аркадзя Куляшова, аднаго з самых сур'ёзных і багатых філасофскай думкай нашых паэтаў.
Тут відаць і адчуванне гістарычнай значнасці часу, і веданне фактаў творчай і жыццёвай біяграфіі, і адчуванне істотнага і галоўнага ў творчасці паэта, і напружаны роздум пра жыццё і час, пра месца творцы ў жыцці і ў часе, унутраная раскаванасць і адначасова засяроджанасць. Разуменне значэння паэта, але і адсутнасць піэтэту перад ім. Размова вядзецца дзелавая. Згадаем хаця б вось гэта: «Сапраўдныя вялікія паэты надзелены асаблівай чуйнасцю на новае ў жыцці і часе. Яны ўмеюць настройваць сябе на гэта новае... Але сама гэта настройка — справа нялёгкая, а часам (і без гэтага сапраўдная творчасць не была б творчасцю) надзвычай трудная, пакутлівая, непадуладная нават самаму настойліваму аўтарскаму намаганню.
Многія моманты грамадскага і асабістага парадку нярэдка ўскладняюць і стрымліваюць пераход паэта да новай якасці паэтычнага светаадчування. Занадта моцнай магла быць зараджанасць папярэднімі падзеямі — яны ўсё яшчэ трымаюць у сваім палоне пачуцці і думкі, перажыванні паэта...
Могуць быць і ўнутраныя перашкоды інакшага плана, калі ўсталёўваецца адчуванне вычарпанасці, завершанасці, пэўнага этапа ў творчым развіцці паэта, а выхад да новых ідэйна-творчых абсягаў вымагае назапашання новых уражанняў, збірання і пошуку новых магчымасцей...
Варлен Бечык, як мала хто з нашых крытыкаў, умеў быць і па-філасофску засяроджаным, і аналітычна-разважлівым, і па-грамадзянску тэмпераментным, і лірычна-зварушлівым.
Зноў пра той любімы ім сакавік. Пачатак артыкула пра Еўдакію Лось, як лірычная мініяцюра: «Вось і дачакалася наша зямля першага сакавіцкага дня. У душы — светлае, веснавое. Вольна і сонечна зноў пачынаецца жыццёвае абуджэнне: варухнуўся снег, закапалі ледзяшы, забліскацелі ў праталінах струменьчыкі, весялей зачырыкалі вераб'і... І нешта звонкае, добрае пачулася ў вышыні, ад чаго не аднаму чалавеку захочацца сёння спяваць і радавацца: Вясна! Вяс-на...»