Слова сапраўднага лад
Шрифт:
І безумоўна патрэбная і своечасовая гэтая аповесць — «Паляванне на Апошняга Жураўля». Прыкметная з'ява ў нашай сённяшняй беларускай літаратуры.
А дзе ж заўвагі? Гэтыя ж эмацыянальныя крытыкі! Ну, калі паставіць такую мэту і ў нечым не згадзіцца з аўтарам, дык, натуральна, можна знайсці тое, што шукаеш. Напрыклад, ці так ужо варта было прымусіць шафёра Мішу абавязкова правесці ноч у дзяўчат. А паміж іншым і дзяўчат акрэсліць-перакрэсліць адной-адзінай фразай: «...дзяўчатам было па дваццаць пяць, і на жыццё яны глядзелі проста». Ці так усё проста — асабліва для такога пісьменніка, як Алесь Жук. Або, скажам, ці не праглядваецца зададзенасць у шматразовым супадзенні абставін — са Сцяпанам, Цыганковым, яго шафёрам?
Але — учытаешся ў тэкст і неяк не ўзнікае ахвоты вышукваць недахопы. Вось як піша гэты пісьменнік: «За крыніцамі даверліва прыпадае да зямлі вёска, а за ёй устае лес. Нягледзячы на ўсе санітарныя высечкі, ён набірае сваю цёмную высокую сілу, якая пачынае ўжо гаманіць
Факт не падуладны знікненню. Ён — бясспрэчная рэальнасць. У гэтым яго сіла. І — надзвычай важна, што гэты факт адбыўся. Не проста факт — з'ява ў нашым літаратурным жыцці. Ці можа быць такое? Няскончаны твор. Ці не наслоіліся эмоцыі, што абавязкова прысутнічаюць у такім выпадку,— раптоўна пайшоў з жыцця таленавіты малады чалавек. Лепш за ўсё гэтую выснову пацвердзіць сама аповесць Рыгора Семашкевіча «Ясень». Якой дадало кароткае, але ёмістае і пранікнёнае слова Яўгена Лецкі. Самую публікацыю рупліва падрыхтавала Наталля Семашкевіч, жонка паэта, яго дарадчыца, сябар і памочніца. Чалавек далікатны, дасведчаны і надзвычай сціплы.
Аповесць чытаюць. Будуць чытаць. Такую. Няскончаную. Але важную думкамі сваімі. Настроем. Узнятымі праблемамі. Пранізлівай чысцінёй маральных высноў. Абвостраным адчуваннем справядлівасці. Тонкай паэтычнасцю і важкасцю філасофскіх разваг. Роздумам, які ўзводзіцца ў катэгорыю эстэтычную, эмацыянальную, этычную.
Прыём пабудовы аповесці не выдае новым. Пра кампазіцыю, архітэктоніку і фабульную структуру гаворка, зразумела, не вядзецца: твор не закончаны. Але структура сюжэтная, акрэсленасць ідэйнай праблематыкі праглядваецца і ў такім варыянце. Галоўны герой аповесці Сяргей знаходзіцца ў тым стане адначасовай напружанасці — расслабленасці, якая так уласціва сучаснаму чалавеку. У прыватнасці, тут — інтэлігенту. Чалавеку гарадскому. Учарашняму вяскоўцу. Псіхалагічна тып як быццам знаёмы. Па творах М. Стральцова хаця б. Апошнім часам — у нейкіх сваіх выяўленнях — на персанажах А. Жука і В. Гігевіча. І ў гэтым стане пошуку духоўнай раўнавагі (але не стабільнасці, не!) Сяргею ўсё часцей згадваецца родны кут, больш за ўсё ў снах — таксама па трывалай літаратурнай традыцыі. І ў снах тых у асноўным мроіцца маленства, якая-небудзь, скажам, прадвесняя раніца, што «гадоў дваццаць таму была звычайнай, а цяпер здавалася святам». Прыём нярэдкі — і зразумела чаму. У дзяцінстве чалавек заўсёды бывае самім сабою, у тую пару фарміруюцца яго адносіны са светам, са светапарадкам, яго свядомасць і самаўсведамленне. Акрэсліваюцца яго ўзаемаадносіны з усім дальнім і блізкім прыродным і сацыяльным атачэннем. Нездарма ў сучаснай літаратуры праштэмпелевалася шматлікім, але і шматзначным паўторам «я родам з маленства» А. Сент-Экзюперы, таму наш сучаснік так пільна ўчытваецца ў аўтабіяграфічныя творы Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага, падвяргае аналітычным штудыям «Словы» Ж.-П. Сартра. Чалавек хоча даведацца, адкуль — пазней — прасветленая відушчасць і заблуджэнні.
Недарэмна згадваецца дзяцінства і герою аповесці Рыгора Семашкевіча. Яму якраз неабходна ўсвядоміць сваю сувязь з быццём, сваю існасць у чалавецтве і сваю сувязь з родным краем, з карэннем жыцця свайго. Якраз зараз маці яго наважылася прадаць хату, цяжка ёй адной, у добрых гадах, парадкаваць гаспадарку. І невясёлы одум бярэ Сяргея — так можна пазбыцца ўсяго — некалі, яшчэ ў дзяцінстве ягоным, выкапалі ясень, што рос каля іх хаты, пасадзілі яго ў горадзе. Вось і думаецца нявесела Сяргею, што ж гэта: «учора ясень, заўтра хату, а пазаўтраму што прадаваць будзем?» Зноў жа тэма, якая атрымала мастацкае ўвасабленне ў сённяшняй літаратуры. І ў рускай, і ў беларускай.
Але ідзе яе ўвасабленне ў аповесці сваімі шляхамі — у непасрэдных дачыненнях да розных праяў рэчаіснасці, непасрэдна і апасродкавана датычных гэтай праблемы, а — галоўнае — таго асноўнага пошуку героя, што ўгадваецца ў аповесці,— пошуку сэнсу свайго духоўнага быцця. І тым, між іншым, асабліва прыдатны відавочны аўтабіяграфізм, нават апавядальны аўтабіяграфізм аповесці, што, вырашаючы праблемы ўласнага ўнутранага, духоўнага быцця, пісьменнік выходзіць да праблем, якія датычаць чалавецтва ўвогуле. І справа не ў тым, што ў пісьменнікаў, якія выкарыстоўваюць у творчасці гэты прынцып аўтабіяграфізму, «ёсць спакуса паведаміць людзям пра сваё жыццё, нібыта яно ўяўляе сабой агульны інтэрас, а таму, што на саміх сабе яны ўсведамляюць сэнс чалавечага быцця» (Б. Бурсаў). Тут, мабыць, Рыгор Семашкевіч бліжэй за ўсё ў сваёй аповесці, калі мець на ўвазе беларускую літаратуру, да Я. Брыля і М. Стральцова. Хаця блізкасць гэтая зусім не сведчыць пра перайманне ці тым больш запазычанне. Напісанае Р. Семашкевічам, узнятыя ім праблемы
Рыгор Семашкевіч — розны. Толькі здасца, што ён увесь у ружанцы вясновых мрояў дзяцінства, як ён прамалюе, не баючыся, што яго папракнуць у эклектыцы, гуллівы, іранічны віток усмешлівага такога, зусім не летуценнага колеру. І выявіцца, што гэтых імгненняў, калі «глыбокі начны сон расхмарваўся, і ў лёгкі ранішні змрок аднекуль здалёк наплывала не то музыка, не то спеўны гул», калі Сяргей «быццам плыў у сваім любімым — ліловым — колеры», як ён раптам возьме ды і выпусціць на авансцэну такога нечакана нерамантычнага персанажа, як кот Мур-Мур, з разумнай і добрай усмешлівасцю заўважыць, што завёўся кот у кватэры не з абы-якой несур'ёзнай нагоды, а выключна дзеля прышчаплення вялікіх прынцыпаў, бо «адзін паважаны стары чалавек... сказаў, што любоў і прыхільнасць дзяцей да жывога вельмі ўплывае на развіццё іх гуманных схільнасцей». І, дадась аўтар, з такой ласкавай і хітраватай усмешачкай, «у кватэры пачалося развіццё гуманізму». З непадробным гумарам, адчуваннем каларыту сітуацый раскажа Рыгор Семашкевіч пра рознага кшталту праявы сённяшняга і асабліва таго даўняга, дадарослага жыцця, дзе не менш, чым школа, вучыла дарога ў школу і назад... «Цюкат сякер, звон піл, смольны дух ачасаных бярвенняў кружылі галаву». Усё ў жыцці было неразгаданай — а светлай — таямніцай: прыезд цыган, з іх незразумелымі, але таму асабліва магічна ваблівымі спевамі, заняткі суседа, які займаў некалі пасаду (хлопцу і не вымавіць — каптэнармуса, і песня пра невядомую краіну Трансваль. Хаця ў тую празрыстую светлату дзяцінства ўжо ўварвалася страшэнная навалач вайны: забойствы, пакуты, пажары. І яе бязлітаснае рэха: выбухі мін, на якіх падрываліся цікаўныя падлеткі. Пра гэта расказвае — цяжка сказаць, як яно было б у закончаным творы — ці то ўстаўная навела, ці то адна з сюжэтных ліній.
Сур'ёзнасць апавядання пісьменніка пра сваю вёску будзе ўвесь час прабліскваць шматлікімі ўсмешкамі (такое жыццё), а філасофскае разважанне пракінецца жорсткай іранічнай сентэнцыяй накшталт: «Свет заўсёды кампенсуе пажаданнямі тое, чаго век не хапае...» Затое не ведае пяро Рыгора Семашкевіча ніякіх апраўдальных вердыктаў, ніякай добразычлівай і незласлівай іроніі, калі гаворка ідзе пра з'явы, цалкам пісьменнікам непрымальныя, варожыя яго чалавечаму і пісьменніцкаму сумленню.
Ён робіцца непрымірымым, з'едлівым, ваяўніча злосным. Здаецца, мешчанін не злодзей. Здаецца. У яго свой кодэкс каштоўнасцей. Свая мера вызначэння сумленнасці. І такая вось таксама. Толькі Настачка, знаёмячы яго з адным госцем — не то прарабам, не то майстрам,— шчыра пахваліла таго: «Ён добры чалавек: казённае пацягне, а ў суседа — ніколі». Свая мараль. Тут, праўда, межы яе магчымасцей вызначаны крымінальным кодэксам. І сам учынак досыць ясна пазначаецца — крадзеж. А вось такі маральны стрыптыз ні пад які параграф не падвядзеш. Не інкрымінуеш састаў злачынства. Хаваюць сваячку, якая «раптоўна, толькі перажыўшы сорак», «пайшла ў цёмнач, пакінуўшы беламу свету гора горкае — трох сірот». А цётка Сяргея ў жалобе — прыйшоўшы хаваць жонку пляменніка, «ціха захоўвае сваю логіку». «Мая Настачка як у вянку жыве», «Настачка як купіла машыну, то такая радая была...» Гэтая цётка не рабавала, чужога, здаецца, не брала, але яе і яе мужа апанаваў проста нейкі комплекс уласнага дабрабыту, хранічная глухата да не свайго (не чужога, між іншым, гора — сваякі). Нават калі ўжо труну выносяць і па ўсіх маральных высновах і традыцыях нельга не мець павагі да адыходу жыцця ў нябыт, гэтая пара не можа ўстрымацца ад проста ўжо кашчуннага мармытання: «Харошая машына... выберам час — пад'едзем... а так жа добра, мякка...»
Рыгор Семашкевіч надзвычай востра адчуваў дэфіцыт у нашым жыцці высакародства і хараства. Браў урокі жыцця, не спакушаючыся лёгкім духоўным набыткам. І сёння з нейкім асаблівым і незалежным ад нас, жывых, адчуваннем віны перад тымі, каго ўжо няма, чытаем: «Для нас даўно ўжо школьныя ўрокі заменены ўрокамі жыцця, сярод якіх самы жорсткі — урок свежых магіл». І зусім не містычнае прадбачанне, а чалавечая відушчасць і адвечнае пытанне чалавека ў яго словах: «...няхай сабе не вечны ты, але няўжо ўсё, што любіў — іскрыстую сінечу любімых вачэй, захопленую ўсмешку дзіцяці, цёплы поціск друга,— няўжо і гэта паглыне прорва часу?»
Аповесць можа падацца напісанай у рэчышчы так званай плыні жыцця, гэткая вольная стыхія. Але ў гэтай волі ёсць цвёрдая дысцыпліна адбору, а калі ёсць стыхія, дык гэта стыхія дакладнасці. Адпаведна аўтарскаму бачанню, уяўленням Рыгора Семашкевіча. Адпаведна яго ўспрыняццю свету. Дзе няма рэалій вышэйшых і ніжэйшых. Ёсць адбор, патрэбны аўтарскай задуме.
Аповесць прымусіла пра многае падумаць. Перажыць славуты катарсіс. Згадалася даўняе, пісанае паэтам Рыгорам Семашкевічам: «Як у дыханні сонечным замру...», успомнілася ягонае: «...як чысціня... агню...» Канечне, балюча думаць, што гэтая таленавітая рука нічога больш не напіша. А набіралася такое творчае дыханне.