Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)
Шрифт:
– Давайце паходзiм, - прапанавала дзяўчына, - мне холадна.
– Вам не спiцца?
– Не магу заснуць пасля пераезду цераз Ла-Манш. Надта замерзла. Дый яшчэ гэты мярзотнiк увесь час лапае мае ногi.
– Чаму вы не дадзiце яму аплявуху?
– Мы ж яшчэ да Кёльна не даехалi? Навошта мне ўвязвацца ў скандал? Нам яшчэ ехаць разам да Будапешта.
– Вы туды едзеце?
– Гэта ён туды едзе. Я еду да канца.
– Я гэтаксама. Па справах.
– Ну, нiхто з нас не падарожнiчае дзеля забавы, праўда?
– сказала яна, крыху спахмурнеўшы.
– Я звярнула на вас увагу, калi цягнiк адыходзiў. Мне здалося, што я вас некалi ведала.
–
– Адкуль я ведаю? Я не запамiнаю прозвiшчаў выпадковых знаёмых. На пошце iх ведаюць пад другiм прозвiшчам.
Майет адчуў спакойную ўпартасць i рашучасць у тым, як яна з маўклiвай пакорлiвасцю аднеслася да падману. Дзяўчына прыцiснулася да акна тварам, злёгку пасiнелым ад холаду. Яна была падобная на хлапчука, якi зайздросна разглядвае розныя цiкавыя рэчы ў краме: сцiзорыкi з мноствам лёзаў, цацкi з сакрэтамi, бомбы, якiя ўзрываюцца смуродам, булачкi, якiя пiшчаць, - але перад яе вачыма была толькi цемра i адлюстраванне iх твараў.
– Як вы лiчыце, у вагоне пацяплее: мы ж едзем на поўдзень?
– спытала яна, нiбыта думала, што мы наблiжаемся да краiн з трапiчным клiматам.
– Мы едзем не так далёка на поўдзень, каб адчуць якую-небудзь iстотную рознiцу ў тэмпературы паветра. Я памятаю, як у Канстанцiнопалi ў красавiку iшоў снег. У Басфоры дзьмуць вятры з Чорнага мора. Яны ўтвараюць завiхрэннi вакол рагоў вулiц. А ўвесь гэты горад - адны вуглы.
– Спадзяюся, што ў грымёрных цёпла. На сцэну даводзiцца выходзiць амаль голай - спасу няма ад холаду. Мне б хацелася выпiць чаго-небудзь гарачага! Яна крыху прысела i прыцiснулася збялелым тварам да акна.
– Мы пад'язджаем да Кёльна. Як будзе па-нямецку "кава"?
Выраз яе твару ўстрывожыў Майета. Ён пабег уздоўж вагона i зачынiў адзiнае адчыненае акно ў калiдоры.
– Што з вамi? Вам дрэнна?
Яна адказала павольна, вочы ў яе былi прыплюшчаныя:
– Зараз лепей. Вы зачынiлi акно, i стала душна. Але зараз мне зусiм добра. Дакранiцеся да мяне.
– Корал падняла руку, ён дакрануўся да яе сваёй шчакой, i яго ўразiла, якая яна гарачая.
– Паслухайце, вяртайцеся ў сваё купэ, а я пайду i прынясу вам каньяку. Вы захварэлi.
– Уся бяда ў тым, што я не магу сагрэцца. Мне было горача, а цяпер iзноў стала холадна. Я не хачу вяртацца туды. Застануся лепей тут.
– Вазьмiце маё футра, - неахвотна сказаў Майет, але не паспеў ён абмежаваць гэтую зробленую супраць волi прапанову словамi накшталт "часова" цi "пакуль не сагрэецеся", як яна асунулася на падлогу.
Ён узяў яе рукi i пачаў расцiраць, з бездапаможнай трывогай углядаючыся ў яе твар. I раптоўна адчуў пiльную неабходнасць дапамагчы ёй. Сачыць, як яна танцуе на сцэне, цi чакаць яе на ярка асветленай вулiцы каля тэатральнага пад'езда, - там яна была б яму толькi цацка ў любоўнай гульнi, але тут, у калiдоры вагона, ён адчуў да яе, бездапаможнай i хворай, пакутлiвы жаль. Яна не скардзiлася на холад, а проста нагадала пра яго як пра непазбежнае лiха. I раптоўна ён зразумеў, з якой безлiчы непазбежных бед складаецца ўсё яе жыццё. Тут ён пачуў мерныя крокi - ён i раней заўважыў, што незнаёмы хадзiў туды-сюды па калiдоры мiма свайго купэ, - i пайшоў яму насустрач.
– Вы доктар? Тут дзяўчына самлела.
Незнаёмы спынiўся i спытаў абыякава:
– Дзе яна?
Глянуўшы цераз плячо Майета, незнаёмы ўбачыў дзяўчыну. Яго абыякавасць раззлавала Майета.
– Яна сапраўды вельмi хворая, - настойлiва папярэдзiў ён.
– Добра, я зараз пагляджу яе.
Здавалася, што ён рыхтуецца да нейкага цяжкага выпрабавання. Аднак яго нерашучасць
– Хто вы?
– спытала дзяўчына, намагаючыся прыпомнiць, як так здарылася, што ёй давялося дапамагаць яму. "Нiколi не бачыла, каб каму-небудзь так патрэбна была мая дапамога", - падумала яна.
– Доктар.
Корал разгублена глянула на яго i тут усё адразу зразумела: гэта яна ляжыць на падлозе, на калiдоры, а незнаёмы схiлiўся над ёю.
– Я самлела? Мне было так холадна.
Яна ясна адчула, як павольна i цяжка рухаецца цягнiк. Праз вокны промнi святла слiзгалi па твары доктара i асвятлялi за iм маладога жыда. "Майет. Мяў". I задаволеная, раптам усмiхнулася сабе. Здавалася, што на iмгненне ўсю адказнасць за тое, што здарылася, яна пераклала на плечы другога. Цягнiк здрыгануўся i спынiўся, i Майета адкiнула ўбок, да сценкi. Доктар не рушыў з месца - яго толькi пагойдвала ў такт з рухам экспрэса. Ён углядаўся ў твар дзяўчыны, пальцам правяраючы пульс, i сачыў за ёй з трывогай, ледзь стрымлiваючы свае пачуццi, але яна разумела, што яго пачуццi не датычацца яе, i ён да яе ставiцца абыякава. У думках яна выказала гэта наступнымi словамi: "Калi б у мяне былi нават такiя ножкi, як у Мiстангет, ён i на iх не звярнуў бы анiякай увагi".
– Што са мною?
– спытала яна, але гучныя галасы, якiя даносiлiся з платформы, i тупат людзей у блакiтнай форме не дазволiлi ёй пачуць поўнасцю яго адказу, акрамя апошнiх слоў: "...гэта быў проста мой чалавечы i ўрачэбны абавязак".
– Падрыхтуйце пашпарты i багаж, - загадаў голас з акцэнтам.
Майет узяў у яе сумачку, сказаўшы:
– Я дагледжу вашы рэчы.
Яна аддала сваю сумачку i з дапамогай доктара села на адкiдное месца каля сценкi.
– Ваш пашпарт?
Доктар адказаў павольна, падбiраючы словы, i яна ўпершыню звярнула ўвагу на яго акцэнт.
– Мой багаж у першым класе. Я не магу пакiнуць гэту даму. Я доктар.
– У вас ангельскi пашпарт?
– Так.
– Добра.
Да iх падышоў яшчэ адзiн мытнiк:
– Багаж?
– Прад'яўляць мытнi няма чаго.
Мытнiк пайшоў далей. Корал Маскер усмiхнулася:
– Гэта i ёсць гранiца? Ну, у такiм разе тут можна правезцi кантрабандай усё, што хочаш. Багаж зусiм не правяраюць.
– Усё, што хочаш, - сказаў доктар, - але толькi з ангельскiм пашпартам.
Ён сачыў за мытнiкам, пакуль той не знiк, i не вымавiў болей нi слова, пакуль не вярнуўся Майет.
– Бадай што, зараз я магу пайсцi ў сваё купэ, - сказала яна.
– Вы ў спальным вагоне?
– Не.
– Вам выходзiць у Кёльне?
– Я еду да канца.
Ён параiў ёй тое самае, што i памочнiк капiтана:
– Вам трэба было б ехаць у спальным вагоне.
Марнасць гэтай парады ўзлавала яе i прымусiла на хвiлiнку забыцца на павагу да яго ўзросту i на ўдзячнасць за тое, што ён зрабiў для яе.
– Хiба ж я магу дазволiць сабе ехаць у спальным вагоне? Я артыстка кардэбалета.