Стары чалавек i мора (на белорусском языке)
Шрифт:
"Калi б яны не шыбалi гэтак хутка, я iх не ўпусцiў бы", - думаў стары чалавек, назiраючы, як чарада запеньвае ваду, а птушка падае каменем унiз, акунаючыся i хапаючы дробную рыбу, што выплыла ў панiцы на паверхню.
– Птах - добры памочнiк, - сказаў стары чалавек. Якраз тады шнур, што быў злучаны пятлёю з колцам нiта ў карме, напяўся пад яго нагой, якою ён прыцiскаў пятлю, ён выпусцiў вёслы i, моцна ўзяўшыся за шнур i адчуўшы вагу невялiкага тунца, што тузаўся ды торгаўся, стаў выбiраць той у лодку. Рыба торгалася з усё большай зацятасцю, калi ён выцягваў шнур, i стары чалавек мог бачыць у вадзе блакiтную спiну тунца i золата бакоў, перш як ён рыўком падцягнуў яго да борта i шпурнуў у
– Альбакор*, - услых вымавiў ён.
– З яго будзе цудоўная прынада. Ён заважыць дзесяць фунтаў.
* Даўгапёры тунец.
Стары чалавек не памятаў, калi ўпершыню пачаў думаць уголас, як быў сам-насам з сабою. Ён спяваў на адзiноце, а часам напяваў уночы, у самоце несучы вахту на смэках* або на "чарапашых лодках".
* Смэк - невялiкае аднамачтавае рыбалоўнае судна, звычайна, шлюп або тэндар.
Вiдаць, ён пачаў размаўляць услых адзiн, як хлопчык пайшоў ад яго. Але дакладна ён не памятаў. Ловячы рыбу разам, яны перамаўлялiся з хлопчыкам звычайна толькi наконт сама неабходнага. Гутарылi ж яны ўночы альбо калi дрэннае надвор'е затрымлiвала iх на беразе. Уважалася за вартасць не размаўляць у моры без патрэбы, i стары чалавек заўжды лiчыў якраз так i шанаваў гэты закон. Але зараз ён выказваў свае думкi ўголас шмат разоў, бо не было побач нiводнае жывое душы, каб яны маглi каго раздражняць.
– Калi б хто пачуў, як я вось так гучна размаўляю, залiчыў бы мяне ў вар'яты, - вымавiў ён услых.
– Але ж я не вар'ят, i таму гэта мяне зусiм не турбуе. I апрача таго, багацейшыя маюць радыёпрыймачы, якiя гутараць з iмi ў iхнiх лодках i расказваюць iм пра бейсбол.
"Цяпер не час займаць галаву бейсболам, - падумаў ён.
– Цяпер трэба рупiцца пра адну-адзiную рэч. Тую, дзеля якой я нарадзiўся. Магчыма, акурат паблiзу гэтай чарады ёсць вялiкая рыбiна. Я падабраў усяго толькi блуднiка, што адбiўся ад альбакораў, якiя тут кормяцца. Але яны; жывячыся, рухаюцца далёка i хутка. Усё, што паказваецца сёння на паверхнi, шыбуе вельмi хутка i на паўночны ўсход. Можа, зараз гэткая пара дня? А магчыма, гэта нейкая прыкмета, звязаная з надвор'ем, якой я не ведаю?"
Ён не мог цяпер бачыць зелянiны берага, адно толькi вяршынi блакiтных узгоркаў, што выглядалi цяпер белымi, як быццам былi пакрытыя снегам, ды аблокi, нiбы высокiя снежныя горы над iмi. Мора было вельмi цёмнае, i сонечнае праменне праламлялася ў вадзе, як у прызме. Мiрыяды плямак планктону былi раптоўна знiшчаны высокiм сонцам, i толькi вялiзныя глыбокiя прызмы ў сiняй вадзе бачыў стары чалавек, пiльнуючы шнуры, што беззаганна проста iшлi ў ваду глыбiнёю ў мiлю.
Тунцы, а рыбакi ўсiх гэткiх рыб звалi тунцамi i толькi тады прыгадвалi iхнiя назовы, калi даходзiла да продажу або калi абменьвалi тых на прынады, зноў сышлi ў глыбiню. Сонца было гарачае, старому чалавеку моцна грэла ў патылiцу, i той адчуваў, вяслуючы, што па спiне ў яго сочыцца пот. "Я мог бы проста дазволiць плынi несцi мяне, - падумаў ён, - ды спаць, накiнуўшы пятлю шнура на палец нагi, каб абудзiцца. Але сёння мiнае восемдзесят пяць дзён, i я павiнен рыбачыць кожны дзень як след".
Якраз у гэты момант, паглядзеўшы на шнуры, ён убачыў: адзiн са свежавыразаных прутоў рэзка пацягнула ўнiз.
– Але, - сказаў ён.
– Але, - i нячутна склаў вёслы ў лодку. Ён пацягнуўся па шнур i вось ужо лагодна трымаў яго памiж вялiкiм i ўказальным пальцамi правай рукi. Ён не адчуваў нi напругi, нi вагi, трымаў шнур без высiлку. Потым рыба пацягнула зноў. Цяпер торганне было як бы пробнае, не моцнае i не цяжкое, i ён ведаў дакладна, што гэта. На глыбiнi ста сажняў марлiн* церабiў сардзiны, што пакрывалi вастрыё i стрыжань кручка там, дзе кручок ручной коўкi вытыркаўся з галавы малога тунца.
* Марлiн - уласна марлiн, рыба, роднасная меч-рыбе; меч-рыба.
Стары чалавек, далiкатна трымаючы шнур, мякка, левай рукой адвязаў яго ад прута. Зараз ён мог дазволiць яму бегчы памiж пальцаў гэтак, што рыба не адчувала нiякай напругi.
"Так далёка ад берага ён павiнен быць вялiзны ў гэтым месяцы, - падумаў стары чалавек.
– Еш iх, рыба. Еш iх. Прашу цябе, еш iх. Якiя свяжуткiя яны! А ты, там, унiзе, на глыбiнi шасцiсот футаў у гэтай халоднай вадзе, у цемрадзi. Павярнiся яшчэ раз у гэтай цемрадзi ды зноў за iх бярыся".
Ён адчуў лёгкае асцярожнае тузанне, а пасля мацнейшае, гэта калi патрэбны быў пэўны высiлак, каб сарваць галаву сардзiны з кручка. Потым не было нiчога.
– Давай, давай, - услых сказаў стары чалавек.
– Павярнiся яшчэ раз. Толькi панюхай iх. Праўда, цудоўныя? Паеш iх напоўнiцу зараз, а тады возьмешся за тунца. Цвёрды, халодны, прыемны на смак. Будзь смялейшая, рыба. Еш iх.
Ён чакаў са шнуром памiж вялiкiм i ўказальным пальцамi, назiраючы за iм, а таксама, адначасна, i за iншымi шнурамi, бо рыба магла шуснуць угару або ўнiз. Потым паўтарылася тое асцярожнае тузанне.
– Ён возьме яго, - уголас вымавiў стары чалавек.
– Божа, дапамажы яму ўзяць яго.
Але ён не ўзяў. Ён знiк, стары чалавек не адчуў больш анiчога.
– Ён не мог пайсцi. Ён паварочваецца. Магчыма, ён ужо трапляў на кручок i штосьцi памятае пра гэта.
Раптам ён адчуў лагодны дотык да шнура i моцна ўсцешыўся.
– Ён проста паварочваўся. Ён возьме яго.
Стары чалавек узрадаваўся, адчуўшы мяккае тузанне, а пасля - штосьцi моцнае i неверагодна цяжкае. Гэта быў цяжар рыбы, i ён усё вызваляў i вызваляў шнур, адмотваючы першы з рэзервовых скруткаў. Той спаўзаў унiз, лёгка слiзгаў памiж пальцамi старога чалавека, i ён услед адчуваў, якi ў рыбы вялiзны цяжар, хоць ледзь прытрымлiваў шнур вялiкiм i ўказальным пальцамi.
– Вось дык рыбiна, - сказаў ён.
– Схапiла тунца, кручок якраз збоку ў ейным роце, ды iмкнецца з гэтым уцячы.
"Але марлiн павернецца i праглыне тунца", - падумаў ён. Ён не вымавiў гэтага, бо ведаў, што калi скажаш пра нешта добрае, яно можа не здарыцца. Ён разумеў, якая гэта вялiзная рыбiна, i нiбыта бачыў, як яна iмкне ў цемры з тунцом упоперак рота. У гэты мiг ён адзначыў, што марлiн спынiўся, але, як i раней, стары чалавек адчуваў ягоную вагу. Пасля цяжар павялiчыўся, i ён папусцiў шнур. На нейкi момант ён мацней сцiснуў яго вялiкiм i ўказальным пальцамi, i цяжар яшчэ пабольшаў ды пацягнуў шнур унiз.
– Ён узяў тунца, - сказаў стары чалавек.
– Цяпер я дам яму як след наесцiся.
Шнур, выслабаняючыся, слiзгаў памiж ягонымi пальцамi, а тым часам ён, працягнуўшы ўнiз левую руку, прымацаваў вольны канец двух запасных маткоў да пятлi пары маткоў наступнага шнура. Зараз ён быў гатовы. Ён меў у запасе тры маткi шнура па сорак сажняў даўжынёю апроч таго, якi ён выкарыстоўваў.
– З'еш трохi больш, - сказаў ён.
– Паеш напоўнiцу. Паеш гэтак, каб вастрыё кручка трапiла табе ў сэрца i забiла цябе. Усплывi добранька на паверхню, каб я ўсадзiў у цябе гарпун. Так. Ты гатовы? Ты дастаткова доўга быў ля стала? Пара!
– гучна вымавiў ён ды, моцна тузануўшы абедзвюма рукамi за шнур, падоўжыў яго на ярд, а тады падсякаў яшчэ i яшчэ раз, тузаючы шнур напераменку кожнай рукой з усёй сiлаю рук i цела з ягонаю вагою.