Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому
Шрифт:
Я сказаў слова і гіну ў імя яго: так хоча вечны лёс мой — я гіну як прадвеснік!
Настаў час, калі кожны, хто гіне і ідзе да схілу свайго, дабрасловіць сам сябе. Так канчаецца захад Заратустры»…
Сказаўшы гэтыя словы, звяры замоўклі і чакалі адказу Заратустры: але ён не заўважыў, што спыніліся іх прамовы. Нібы ў сне, ціха ляжаў ён з заплюшчанымі вачыма, хоць і не спаў, — бо ён гутарыў са сваёю душою. І тады змяя і арол, бачачы, што ахінула яго маўчанне, ушанавалі вялікую цішыню,
Пра вялікае тамленне
«О душа мая, я навучыў цябе гаварыць «Сёння», і «Колісь», і «Раней», і навучыў карагодзіць над усімі «Тут», «Туды», і «Там».
О душа мая, з усіх закуткаў я вывеў цябе і ачысціў ад пылу, павуціны і мораку.
О душа мая, я змыў з цябе дробны сорам і загуменную цноту і пераканаў стаяць голай пад позіркам сонца.
Бурай, імя якой — дух, бушаваў я над расхваляваным морам тваім; усе хмары я разагнаў над табою і задушыў душагуба, які называецца «Грэх».
О душа мая, я даў табе права казаць «Не», як кажа гэтая бура, і казаць «Так», як адкрытае чыстае неба: ты спакойная цяпер, быццам святло, і праходзіш праз усе буры адмаўлення.
О душа мая, я вярнуў табе свабоду над усім створаным і няствораным: і хто ведае, як ведаеш ты, асалоду будучыні.
О душа мая, я навучыў цябе пагардзе, але не той, што прыходзіць, нібы чарвівасць, а вялікай пагардзе, якая любіць, якая тады любіць больш за ўсё, калі больш за ўсё пагарджае.
О душа мая, я навучыў цябе пераконваць так, што пераконваеш ты і самыя асновы: падобна сонцу, якое пераконвае мора падняцца да сваіх вышыняў.
О душа мая, я зняў з цябе ўсякае паслушэнства, кленчанне і падуладнасць, я даў табе імя «Пагарда бедаў» і «Лёс».
О душа мая, я даў табе новыя імёны і цацкі і назваў цябе: «Лёс», «Кола колаў», «Пупавіна часу» і «Блакітны звон».
О душа мая, твайму царству зямному даў я адпіць усякае мудрасці, усіх новых вінаў, а таксама ўсіх незабыўна-старых вінаў мудрасці.
О душа мая, святло многіх сонцаў выліў я на цябе, цемру кожнай ночы, і ўсякую тугу і маўчанне: і вось — вырасла ты ў мяне, быццам лаза вінаградная.
О душа мая, цяжкая плодам сваім, быццам лаза вінаградная, стаіш ты перада мною, з набрынялымі саскамі і цёмнымі, густа навіслымі залацістымі гронкамі:
— збянтэжаная і прыгнечаная шчасцем, поўная чакання ў надмеры сваім і ў сораме ад гэтага чакання.
О душа мая, нідзе няма і не было падобнай да цябе, з большай любоўю, шырокай і ўсеахопнай! Дзе будучыня і мінуўшчына сыходзіліся б бліжэй, чым у табе?
О душа мая, я ўсё аддаў табе, і дзеля цябе апусцелі рукі мае. І вось! Цяпер ты гаворыш мне з усмешкай, поўная смутку: «Хто ж з нас павінен дзякаваць:
— ці павінен дзякаваць дарыльнік, што ўзяў у яго той, хто бярэ? Дарыць — ці
О душа мая, я разумею ўсмешку смутку твайго: цяпер плод твой сам цягне журботныя рукі!
Паўната твая пазірае на шумнае мора, шукае і чакае; туга ад надмеру глядзіць праз неба вачэй тваіх!
І сапраўды, о душа мая! Хто, бачачы ўсмешку тваю, не сплываў бы слязьмі? Самі анёлы лілі б слёзы перад мілатою ўсмешкі тваёй!
Твая даброць і твая звышдабрыня не хочуць скардзіцца і плакаць: але самая ўсмешка твая сплывае жаданнем слёз, і дрыготкія вусны — прагаю галашэння.
«Усякі плач ці не ёсць скарга? І ўсякая скарга ці не ёсць абвінавачанне?» — так ты кажаш сабе, і лепей усміхаешся, чым слязьмі выліваеш цярпенні свае:
— патокамі слёз выліць твае цярпенні ад твайго надмеру і тамлення вінаграднай лазы па вінаградары з ягоным нажом!
Але калі не хочаш галасіць, не хочаш выплакаць пурпуровую скруху, табе дадзена будзе спяваць, о душа мая! Глядзі, я ўсміхаюся сам, прадвяшчаючы табе гэта:
— табе дадзена будзе спяваць песню цярпенняў, пакуль моры не аціхнуць, прыслухоўваючыся да тамлення твайго,
— пакуль на ціхай змаркочанай роўнядзі мора не паявіцца човен, залаты цуд, вакол золата якога кружляцьме ўсё добрае, благое і нябачнае;
— і мноства звяроў, вялікіх і малых, і ўсе цудоўнае, легканогае, будзе бегаць па блакітных сцежках,
— туды да залатога цуду, да вольнага чоўна і ягонага гаспадара — да вінаградара, які чакацьме з алмазным сваім нажом,
— да твайго вялікага збаўцы, о душа мая, — пакуль яшчэ безназоўнага; толькі песні будучыні знойдуць яму імя! І сапраўды, ужо водарыць дыханне тваё гэтымі песнямі;
— ужо палаеш і мроіш ты, ужо п'еш суцяшэнне з усіх глыбокіх, звонкіх крыніц, ужо адпачывае туга твая ў шчасці будучых песень!
О душа мая, цяпер я аддаў табе ўсё, нават сваё апошняе, і дзеля цябе апусцелі мае рукі: я загадаў табе спяваць — вось маё апошняе!
Я загадаў табе спяваць, дык скажы мне, скажы: хто з нас павінен дзякаваць? — Зрэшты, не, лепей спявай мне, спявай, о душа мая! І дазволь мне дзякаваць табе!»
Так сказаў Заратустра.
Другая скочная песня
«У вочы твае я заглянуў нядаўна, о Жыццё: блішчала золата ў начы тваіх вачэй — і змоўкла маё сэрца перад палкім жаданнем:
— я ж бачыў, як залаты човен блішчаў на цёмнай вадзе, як знікаў і як зноў паяўляўся, ныраў, вынырваў і да сябе вабіў, залаты човен-гушкалка!
На мае ногі, што парываюцца ў скокі, ты кінула позірк — смяшлівы, пытальны, гарачы, п'янкі.