Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому
Шрифт:
Калі свайго часу мой гнеў разбураў магілы, перастаўляў пагранічныя камяні і скідаў у прорвы старыя разбітыя скрыжалі;
калі кпіны мае, быццам бура, змяталі парахно сатлелых слоў, і быў я памялом усім павукам-крыжакам і ачышчальным ветрам старым задушлівым скляпам:
— калі я сядзеў, радуючыся, каля мясцінаў супакаення старых божышчаў, дабраслаўляючы і любячы свет каля помнікаў былым паклёпнікам на яго:
— бо люблю я нават цэрквы і магілы божышчаў, калі праз разбураныя купалы глядзіць сонца
— о, як не імкнуцца мне палымяна да Вечнасці і да шлюбнага пярсцёнка над усімі пярсцёнкамі — да Пярсцёнка Вяртання!
Ніколі яшчэ не сустракаў я жанчыны, ад якое хацеў бы дзяцей, акрамя той, якую кахаю: бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Калі раней да мяне прыходзіла натхненне, якое брала пачатак ад таго жыватворнага дыхання, ад той нябеснай неабходнасці, што нават выпадковасці прымушае зорна карагодзіцца;
калі я смяяўся калісьці смехам стваральнай маланкі, за якою грозна, але непакорліва ідзе гром дзеяў;
калі колісь сядзеў з божышчамі за гульнёвым сталом зямлі і гуляў з імі ў косці, так што зямля дрыжала і пакрывалася шчылінамі, вырыгаючы ў прастору патокі агню:
— бо зямля — гэта стол божышчаў, які ўздрыгвае ад іх гульнёвых касцей і новых творчых размоваў:
— о, як не імкнуцца мне палымяна да Вечнасці і да шлюбнага пярсцёнка над усімі пярсцёнкамі — да Пярсцёнка Вяртання!
Ніколі яшчэ не сустракаў я жанчыны, ад якое хацеў бы дзяцей, акрамя той, якую кахаю: бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Калі за адзін глыток выпіваў я калісьці пеністы моцны трунак з кубка, у якім была прыгатаваная сумесь усіх рэчаў:
калі рука мая змешвала разам далёкае і блізкае дадаючы агню ў дух, да цярпенняў — радасць, да благога — добрае;
калі я сам — драбінка той выбаўляльнай солі, чыёй сілай у тым кубку нараджаецца добрая сумесь:
— бо ёсць соль, якая звязвае дабро са злом, і нават самое зло будзе добрай прыправай і шумавіннем лішку, што б'е цераз край:
— о, як не імкнуцца мне палымяна да Вечнасці і да шлюбнага пярсцёнка над усімі пярсцёнкамі — да Пярсцёнка Вяртання!
Ніколі яшчэ не сустракаў я жанчыны, ад якое хацеў бы дзяцей, акрамя той, якую хахаю: бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Калі я люблю мора і ўсё, што роднаснае мору, асабліва калі яно гнеўна супярэчыць мне;
калі ёсць ува мне тая радасць пошуку, што імкне ветразі насустрач нязведанаму, калі ёсць у радасці маёй радасць марака;
калі
— бясконцасць бушуе навокал, дзесьці там, далёка, вабна ззяе прастора і час, наперад! Мацуйся, старое сэрца!»:
— о, як не імкнуцца мне палымяна да Вечнасці і да шлюбнага пярсцёнка над усімі пярсцёнкамі — да Пярсцёнка Вяртання!
Ніколі яшчэ не сустракаў я жанчыны, ад якое хацеў бы дзяцей, акрамя той, якую кахаю: бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Калі дабрачыннасць мая — дабрачыннасць танцора, і я часта абедзвюма нагамі ныраў у залаціста-аксамітны экстаз;
калі злосць мая — злосць смяшлівая, што жыве сярод ружаў і лілеяў;
— а ў смеху ўсё благое адно каля аднога, але асвячонае і апраўданае боскасцю сваёю;
— і калі ў тым альфа і амега мая, каб усё цяжкае зрабілася лёгкім, усякае цела, і танцавала, а дух зрабіўся птушкай: і праўда, гэта і ёсць альфа і амега мая!
— о, як не імкнуцца мне палымяна да Вечнасці і да шлюбнага пярсцёнка над усімі пярсцёнкамі — да Пярсцёнка Вяртання!
Ніколі яшчэ не сустракаў я жанчыны, ад якое хацеў бы дзяцей, акрамя той, якую кахаю: бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Калі колісь я распасціраў над сабою ціхае неба і на сваіх крылах імкнуўся ў свае нябёсы;
— калі, гуляючы, я плаваў у глыбінях святла, і птушка-мудрасць прылятала да свабоды маёй;
— і казала мне так: «Зірні, няма ні верху, ні нізу! Усюды ўзлятай, ці то ўгору, а ці то ўніз — ты ж лёгкі! Спявай! Перастань гаварыць;
— ці ж усе словы створаны не для цяжкіх? Ці ж усе словы не хлусяць лёгкім! Спявай! Перастань гаварыць!»
— о, як не імкнуцца мне палымяна да Вечнасці і да шлюбнага пярсцёнка над усімі пярсцёнкамі — да Пярсцёнка Вяртання!
Ніколі яшчэ не сустракаў я жанчыны, ад якое хацеў бы дзяцей, акрамя той, якую кахаю: бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Частка чацвертая і апошняя
— «О, дзе ў свеце хто нарабіў большага глупства, як мілажальнікі? І што ў свеце спрычыніла болей пакут, чым дурасць мілажальных? Гора тым, якія любяць, але яшчэ не дасягнулі вышыні, якая вышэй за іх мілажаль! Сказаў мне аднаго разу д'ябал: «І ў Бога есць сваё пекла: гэта Ягоная любоў да людзей». А нядаўна я чуў ад яго: «Бог памёр, ад мілажальнасці сваёй да людзей памёр ён».