Трывожнае шчасце
Шрифт:
Цераз мост прайшоў грузавік і, збочыўшы ў кусты, спыніўся. З кузава выскачылі чырвонаармейцы, панеслі да моста скрыню, замітусіліся.
«Узарваць мост хочуць», — зразумеў Данік i пачаў з дзіцячай цікаўнасцю i нецярплівасцю чакаць выбуху, разважаючы, ці можа даляцець асколак да яго, аднак не думаючы пакідаць свой назіральны пункт на грушы. Раптам за мостам застракатала, i з-за павароту шашы выскачылі матацыклісты. Данік зразумеў, што гэта немцы, толькі тады, калі двое першых, якія амаль дасягнулі ўжо моста, неяк дзіўна кульнуліся, a адзін матацыкл па насыпе скаціўся ў рэчку i там, на мелі, прадаўжалі круціцца яго колы, ганяючы кругамі ваду. Данік куляй зляцеў з грушы, крыкнуў у сховішча:
— Немцы! — i зноў на грушу.
Ён пачуў, як ускрыкнула Саша. З дзіцем
Поля i суседка ўчапіліся за яе i не пускалі. Заплакалі дзеці.
— Куды ты цяпер уцячэш? Куды ты пабяжыш? Хочаш, каб застрэлілі?
Ці то само гэтае страшнае слова, ці частыя стрэлы, якія пачуліся цяпер даволі выразна, прымусілі Сашу змяніць свой намер: яна зноў забілася ў куток. Калоцячыся ўсім целам, прыціснулася да вільготнай зямлі. Яна бачыла перад сабой ix, немцаў. Перад яе вачамі зноў, як неаднойчы ўжо, стаў той, што вёў ix на расстрэл. У яе памяць урэзалася кожная рыса яго твару. Малады, нават прыгожы, з ветлівай усмешкай… Цяпер, калі яна ведае, штоён вёў ix на расстрэл, ад гэтай усмешкі ледзянее кроў… Як ён можа так усміхацца! А за ім стаіць той, другі, што сказаў: «Курт, айн зойглінг канет ду ніхт эршысен…» Цяпер Саша дакладна ведае переклад гэтых слоў: «Курт, дзіця можаш не страляць». I вось ён зноў стаіць, ён зноў вымаўляе гэтыя страшныя словы, паказвае пальцам на Ленку i хавае свой твар… Сашы страшна, але ёй вельмі хочацца ўбачыць яго твар… Яна напружана ўглядаецца перад сабой. Яе хвораму ўяўленню здаецца, што твар яго нечалавечы, пачварны, аброс дзікай шчэццю… У часе кароткіх прыступаў гэтай незвычайнай хваробы, якяя цягнецца амаль месяц, перад ёй ніколі не з'яўляўся трэці немец — той, што выйшаў з лесу першы i што пабялеў, калі «гер лейтэнант» загадаў расстраляць ix… Гэтага яна ўспамінала тады, калі ў галаве было ясна ці калі расказвала камунебудзь аб жудасным здарэнні ў лесе. Тады ўспаміналася ўсё да драбніц. Толькі твару таго, што сказаў: «Дзіця можаш не страляць», Саша ніколі не магла ўспомніць, таму ў часе прыступаў ён стаяў перад ёй безаблічны i здаваўся вельмі страшным. Вось i цяпер ёй здалося, што яго нечалавечая, кашлатая рука цягнецца да Ленкі. Саша заплюшчыла вочы i закрычала:
— Во ён! Ратуйце Ленку! Поля!.. Данік!
Поля абняла яе.
— Саша, родная мая! — шаптала яна. — Нікога няма. Адны мы тут… Паглядзі… Маня, дзеці яе. Там — Данік… Данік! — гучна паклікала яна.
Але ў адказ пачула яшчэ больш частую i, здалося, больш блізкую страляніну. Старэйшая сястра, якая дзесяць год была ім, малодшым, за маці, адышла ад Сашы i высунула галаву са сховішча, шукаючы брата.
— Вось жа задам я гэтаму хлопцу! Лезе пад самыя кулі! Даніла! Зараз жа ідзі сюды!
Але хлопца нідзе не было, дарэмна яна клікала. Даніла ў гэты момант штосілы бег уздоўж ручая да моста, дзе грымеў бой. З вышыні ён убачыў, што другая група матацыклістаў выехала па лясной дарозе на заходні канец вёскі, да пясчанага броду. Ён убачыў, як яны пачалі перацягваць цераз рэчку свае матацыклы, i адразу зразумеў ix намер: зайсці ў тыл групе байцоў, што вядзе бой каля моста. Доўга не думаючы, ён памчаў, каб папярэдзіць ix.
Калі поўз ад ручая цераз пустку, яго, напэўна, засеклі, бо кулі ціўкалі навокал, ссякалі лазу. Але ён не зважаў. Яго мэта — паўразбураны цагляны хлеў былой дарожнай станцыі, адкуль біў наш кулямёт.
Ён дабраўся да гэтага хлява i ўбачыў там трох байцоў. Адзін ляжаў за ручным кулямётам i кароткімі чэргамі страляў за раку, прыгаворваючы:
— Што, з'елі, гады?
Другі моўчкі набіваў дыскі i падаваў кулямётчыку. Трэці стаяў за цагляным слупам, пільна сачыў за мостам, зрэдку страляў з вінтоўкі i нешта камандаваў. Убачыўшы Даніка, які прапоўз у хлеў праз дзірку ў сцяне, ён здзіўлена спытаў:
— Ты што робіш тут?
— Дзядзечка, яны перапраўляюцца там, — хлопец паказаў рукой — дзе. — Яны хочуць акружыць вас.
— Нічога, хлопчык, нічога, — супакоіў яго баец. — Хутка мы ўсё скончым… — I, уздыхнуўшы, прамовіў прачула: — Эх, таварыш камандзір! На смерць пайшоў! Лажыся, хлопчык! Бі ix, ірадаў, Сцяпан!
Кулямёт ударыў доўгай чаргой. I
— Помні, хлопчык! — ціха i ўрачыста сказаў баец. — Каб узарваць мост, пайшоў на смерць наш камандзір — Аляксей Кошалеў. Запомні гэта прозвішча — Кошалеў! А цяпер асцярожна прабірайся да маці… А мы, таварышы, пакуль дым ды пыл, сіганём на той бок, а там — у лес! За мной! — I ён кінуўся ў пралом сцяны, за ім следам — кулямётчыкі.
Даніла перапоўз у лазняк i адтуль убачыў, што асталося ад моста.
Палавіна яго была зруйнавана зусім; нават драўляныя палі, вельмі густа набітыя i пераплеценыя паміж сабой падпорамі так, што любімай гульнёй хлапчукоў было лазіць пад мостам, былі патрушчаны выбухам. Па каламутнай вадзе плавалі кавалкі дрэва i бліскала паглушаная рыба. Данік падумаў, што ў іншы час пры такой сітуацыі можна было б добра пажывіцца рыбай. Але цяпер яго ўвагу прыцягвалі немцы на тым баку ракі. Яны туляліся па сасонніку, але высоўвацца баяліся i стралялі рэдка, бо не бачылі, у каго страляць. Толькі калі з другога боку шашы ў хмызняку шуганула ўгору высокае полымя (Данік здагадаўся, што гэта чырвонаармейцы падпалілі свой грузавік), немцы пачалі шалёную страляніну.
З-за павароткі шашы вылез танк, спыніўся i ўдарыў у полымя з гарматы.
«Біце, дурні, у белы свет, як у капейку!» — зларадна падумаў хлопец i спрытна папоўз да вёскі: недарэмна вучылі ix поўзаць па-пластунску. Дабраўшыся да саду дзеда Андрэя — суседа насупраць, ён устаў на ўвесь рост i пайшоў. Яму не хацелася, каб вяскоўцы бачылі, што ён паўзе ці ідзе, схіліўшы галаву, тым больш што страляніна сціхла. У яго нават з'явілася гарэзлівая думка пажартаваць: падкрасціся да сховішча, дзе, ён ведаў, сядзяць дзед-дзівак i яго нявестка Аксана, i гукнуць па-нямецку якое-небудзь «хендэ хох!». Але ён разумеў, што людзям не да жартаў, i пайшоў далей дваром. Адчыніў брамку i… аслупянеў. Па вуліцы ішлі немцы ў касках. Яны ішлі моўчкі ланцугом пасярод вуліцы, накіраваўшы дулы аўтаматаў на двары: баяліся засады. Данік адразу скеміў, што ўцякаць нельга — пачнуць страляць, i астаўся стаяць. Убачыўшы яго, немцы жвава загаманілі, некаторыя нават апусцілі аўтаматы i парушылі свой роўны ланцуг. Адзін, малады, бадзёры, падбег да Даніка, спытаў, паказваючы на двары:
— Русіш зольдат?
Данік паківаў галавой: няма.
Немец засмяяўся.
— О, гут, — i тут жа дастаў губны гармонік, сыграў перад самым тварам ашаломленага Даніка знаёмы матыў «Из-за острова на стрежень». Зноў засмяяўся, паказваючы белыя здаровыя зубы. Потым дастаў з нагруднай кішэні плітку шакаладу i працягнуў хлопцу. Данік узяў шакаладку, i немец, задаволены сабой i становішчам навокал, паляпаў яго па плячы i рушыў даганяць сваіх. Данік глядзеў ім услед, i сэрца яго ўсё мацней i мацней сціскалася ад нейкай невядомай дагэтуль балючай крыўды. Было крыўдна за незнаёмага Аляксея Кошалева, які загінуў, узрываючы мост. Навошта была яго смерць, калі гэта ні на хвіліну не затрымала ворага? Было крыўдна за сваю рэчку, якую ён любіў з маленства, за тое, што. яна такая мелкая i ў ёй так шмат бродаў… За сваю зямлю… За Сашу, якая так напалохана i дрыжыць у сховішчы. I за сябе. Як маленькаму, як блазнюку, сунулі яму шакаладку… А магчыма, тэты немец самы злосны i хітры фашыст.
Ён зайшоў у свой двор i шпурнуў шакаладку ў лужыну, затаптаў босымі нагамі. Сеў на ганак i заплакаў, не ўголас, a па-мужчынску ціха i пакутліва. У сэрцы яго не было яшчэ той усвядомленай нянавісці да прышэльцаў, якая з'явілася пазней. Але пагарда да ix, агіда да ix гармоніка, недарэчнай ігры, шакаладкі ўжо з'явіліся. А самае галоўнае — знік страх перад імі. Напалоханы Сашыным расказам, яе хваробай, ён хоць i трымаўся i не паказваў выгляду, але ў душы вельмі баяўся ix прыходу. Цяпер жа, калі ўбачыў ix, сустрэўся тварам у твар, страх гэты знік.