Трывожнае шчасце
Шрифт:
— Супакойся, Аксана. Такі наш лес жаночы.
— Ксана, — звярнулася да яе Поля, — ты пазычыш мне?.. — Яна не сказала — чаго. — Госця сустрэць. Можа, калі-небудзь разжывёмся…
— Полечка, родная, про што ты кажаш! Усё, што ёсць у маёй хаце! Усё! Разам жыць — разам гора перажыць…
Поля i Аксана хутка выйшлі.
Данік хітра ўсміхнуўся камісару:
— «Полечка, родная, пра што ты кажаш!» Усё, чым мы сустракаем госця.
Яны асталіся адны, калі не лічыць Ленку. Хвіліну маўчалі.
«Чаму ён маўчыць?» — нервавалася
— Аляксандра Фёдараўна, дайце, калі ласка, вады.
Яна глянула i ахнула:
— Вам нядобра?..
Ён піў, i зубы яго стукалі аб конаўку. Цяпер яна стаяла побач, уважлівая, чулая, забыўшыся на свае пачуцці.
— Можа, ляжаце?
— Не, нічога. Прайшло. — Ён вінавата ўсміхнуўся. — Аляксандра Фёдараўна, я хачу, каб вы паверылі, што я нічога не ведаў… Для мяне гэта вельмі важна.
— Уладзімір Іванавіч, навошта вы так? Чаму вы думаеце, што я не веру вам? Вы як бы засцерагаеце мяне ад нечага, i выходзіць, што вы самі не верыце мне. Зразумейце, для мяне гэта задание арганізацыі, ваша…
— Толькі не мае…
— Партызан! А вы ix камандзір. Глядзіце на мяне як на партызанку, якая выконвае ваша задание. Так мне лягчэй будзе. Вы — камандзір, я — ваш баец. Аб усім іншым я сама буду думаць. Аб сваёй дачцэ, аб сваім мужу…
Ён схіліу галаву:
— Я разумею вас. Дзякую вам.
Саша нахмурылася.
— Завошта дзякаваць? Я нічога яшчэ не зрабіла. — I, жадаючы перавесці размову на іншую тэму, яна спытала: — Даўно вас ранілі?
— На свята. Мы вырашылі паднесці ім «святочны сюрпрыз». Наляцелі на Зубраўку, там у ix склад боепрыпасаў. Склад мы запалілі… Але на станцыі чамусьці апынуліся танкі. Гітлераўцы кінулі ix наўздагон нам. Танкі білі з гармат. I мяне — асколкамі…
— Скажыце, многа ў вас там людзей, у лесе?
— Многа. — У ягокарых вачах успыхнула ледзьпрыкметная ўсмешка. — Вы маеце на ўвазе наш атрад? Але хіба наш атрад адзін? Атрады ўсюды, у кожным раёне, у кожным лесе. Яны растуць, як грыбы.
Саша даверліва наблізілася:
— Вось добра! Трэба, каб пра гэта ведал i людзі. А то мы сядзелі тут, што ў цемры. Нічога не ведалі, нічога не бачылі. Пакуль хлопцы не звязаліся з вамі. Вы не ўяўляеце, як гэта страшна. Якія цяжкія думкі з'яўляюцца.
Вочы камісара раптам загарэліся дзіўным агнём, ён азірнуўся на вокны i схапіў Сашу за руку. Яна хацела адняць руку, але ён цягнуў яе да сябе.
— Слухайце, Аляксандра Фёдараўна! Вам… вам першай… я скажу навіну… Шчаслівую навіну. Пазаўчора па радыё прынялі…
Пачуўшы гэта, Саша паслухмяна села на лаву, побач з ім, не аднімаючы больш рукі, якую ён сціскаў усё мацней i мацней.
—
Нехта застукаў у сенцах. Яны спынілі размову, i Саша хутка адышла да калыскі. Радасна ўсхваляваная навіной, яна падумала, што чалавек гэты прыйшоў сюды не толькі дзеля таго, каб залячыць свае раны, але i каб працягваць барацьбу, кіраваць імі, маладымі падпольшчыкамі.
Праз гадзіну-паўтары, калі добра ўжо сцямнела, у хаце сабраліся Аксана, дзядзька Раман з жонкай, сусед Хвядос, які месяцы два таму назад прыйшоў, ранены, з акружэння, дзве суседкі-бабулі. Жанчынам хацелася пабачыць Сашынага мужа, мужчынам — чалавека, які вярнуўся з лагера палонных. На стале, засланым святочным абрусам, тым, што ткала яшчэ нябожчыца маці ў пасаг дочкам, стаялі талеркі ca скрылькамі сала, міскі з гуркамі, капустай, бульбай, ад якой да самай столі падымалася пахучая пара, дзве пляшкі самагонкі, закаркаваныя кавалкамі кіяха.
Спачатку ўсе паводзілі сябе стрымана, паважна, як належыць у такіх выпадках. Мужчыны, увайшоўшы ў хату, віталіся з «Пецем» за руку, цёткі цалаваліся з Сашай i пла», калі. У тыя чорныя дні ў жанчын хапала прычын, каб паплакаць.
За стол селі не ўсе: суседкі ад запрашэння ветліва адмовіліся i прымасціліся на лаве. Дзядзька Раман, чалавек дасціпны, бывалы, узяў сабе ролю гаспадара, па вясковых законах у яго на гэта было маральнае права: Саша — яго хросніца. Шклянак было ўсяго дзве, i дзядзька Раман наліў у першую чаргу сабе i «Пецю».
— Ну, сынок, за тое, каб нам жыць i жыць, на злосць супастатам. Не гаруй, што без нагі… Кажуць, чаму бываць, таго не мінаваць. Судзьба. Я вось з пятнаццатага года на дзеравяшцы… Таксама ад ix снарада. — Ён кіўнуў галавой у акно.
Саша, якая насцярожана сачыла за ўсім, убачыла, як уздрыгнулі ў Лялькевіча бровы i задрыжала рука. «Навошта дзядзька суцяшае? Каму легка ў дваццаць пяць год аставацца калекам? Навошта пра гэта напамінаць?»
А дзядзька не сунімаўся:
— Але нічога, брат, як бачыш, жыву. Была б галава на плячах. A ў цябе яна ёсць. Чалавек ты вучоны. Тэхнік. Мы з табой яшчэ не адну дарогу пабудуем, на злосць супастатам. Дык будзьма ж!..
Саша не садзілася. Поля ўступіла ёй абавязкі гаспадыні, i яна завіхалася па хаце, шукаючы сабе работы i стараючыся менш быць на святле — над сталом гарэла Аксаніна лямпа. Саша калыхала дачку, падавала капусту, падкідвала дровы ў печ, дзе варыўся другі чыгун бульбы. Калі выпілі ўсе, хто сядзеў за сталом, Саша паднесла пачастунак суседкам. Бабулі хрысціліся i казалі аднолькавае пажаданне:
— Няхай табе Бог шчасця дае. Каб шчасліва жылося вам…
Прыгублівалі для прыліку, выціралі рагамі хустак вусны i адмаўляліся ад закускі.