Трывожнае шчасце
Шрифт:
…Сапраўды, калгасны каваль Аляксей Сафронавіч Кавалёў меў славу дзівака. Некалі ён служыў дыяканам. Але ў годзе трыццатым адмовіўся ад гэтай непрацоўнай прафесіі i пайшоў на завод кавалём. Тлумачыў свой пераход ён заўсёды жартам: «За голас мой i імя — «Аляксей — чалавек Божы» — бацька, паслухаўшыся папа, паслаў мяне вучыцца на «святога айца», спадзяваўся, што я мітрапалітам стану. Але ўратавала мяне ад духоўнага сану мае прозвішча, яно падказвала, што месца мае не ў царкве, a ў кузні».
Голас ён меў сапраўды моцны i прыгожы, акрамя таго, каваль быў добры музыка — граў на гармоніку i скрыпцы. А таму ўсё наваколле ведала
Жонка, з якой ён жыў, як казалі, «душа ў душу», ніколі не пярэчыла, i гэты грузны мужчына, якому падбіралася пад пяцьдзесят, са спрытам юнака бег на спеў, каб «адвесці душу». За гэтае дзівацтва некаторыя лічылі, што ў каваля «не ўсе дома». Збівала яго з «нармальнага тропу» яшчэ адна «хвароба», якая, як ён сам тлумачыў, i прывяла яго з горада ў прырэчную вёску, — быў ён надзіва заядлы рыбалоў. За гэта i за вясёлы характар асабліва любілі каваля дзеці, яны заўсёды былі яго лепшымі сябрамі. Здаралася, што ў прыпар ламалася жняярка ці малатарня, прылятаў коннік у кузню, а каваля няма. Але кожны з вяскоўцаў ведаў, дзе i як яго шукаць — каля рэчкі, па галасах дзяцей.
…Каваль адчыніў дзверы ў хату і, замест звычайнага прывітання, грымнуў так, што ажно калыхнулася полымя на прыпечку:
— Раждзя-яство-о тва-аё-о, Хрысце-е, Бо-о-жа на-аш!..
Саша са смехам заціснула вушы; яна любіла гэтага
вясёлага чалавека, ведала, які ён жартаўнік.
— Дзядзька Аляксей, дачку разбудзіце.
Ён заціснуў далоняй рот.
— Прабачай, атракавіца. Забыўся. Мір дому сяму. — Зняў шапку, угледзеўся ў паўзмрок. — Кажуць людзі, добрага чалавека ты сабе прыдбала?
— Чалавек як чалавек, — усміхнулася Саша.
— Кажуць, песні ведае?
— Спявае часам. Пеця! — паклікала яна.
Зарыпеў ложак, стукнула мыліца — Лялькевіч выйшаў з-за грубкі на святло.
Каваль варухнуў рудымі кашлатымі брывамі, якія ранен у яго заўсёды был i падпаленыя, а цяпер адраслі, бо працы ў кузні не было, i неяк выпрастаўся, ад чаго здаўся яшчэ больш высокім.
— Вось ён які, твой чалавек! — Пачціва схіліўшы галаву, павітаўся выразна, па-руску: — Здравствуйте. Я тутэйшы каваль. Зайшоў пазнаёміцца.
Лялькевіч з цёплай усмешкай на твары працягнуў руку, як добраму знаёмаму:
— Добры вечар, Аляксей Сафронавіч.
Каваль кінуў на Сашу вясёлы позірк, імкліва схапіў руку камісара, моцна сціснуў, накрыў шырокай, як лапата, далоняй левай рукі i радасна пачаў трэсці.
— Рады, дарагі Уладзімір Іванавіч, што бачу вас паздаравелым. Дзякуй табе, Хведараўна, што выхадзіла чалавека.
Саша ад здзіўлення разявіла рот.
Павітаўшыся, яны адразу схаваліся за грубку, каб не было відаць з вокнаў, хоць заглянуць з вуліцы ў хату ніхто не мог: шыбы пакрыліся тоўстым пластом намаразі. Аднак лішняя асцярожнасць не шкодзіла. Саша ўсё яшчэ нічога не разумела.
Лялькевіч, злавіўшы яе неўразуменны позірк, растлумачыў:
— Гэта той, Аляксандра Фёдараўна, каго хлопцы завуць Старым.
— Мне варта было б пакрыўдзіцца! Які я стары! — пажартаваў Аляксей Сафронавіч i, панізіўшы голас амаль да шэпту, пачаў дакладваць аб справе: — Значыцца,
— Добра. Няхай арганізуюцца вашы сябры. Будзеце трымаць з імі сувязь… Пасля звяжам ix непасрэдна з атрадам. З такіх груп мы павінны стварыць у горадзе моцную баявую арганізацыю. Такое ўказанне партыі. Добра, Аляксей Сафронавіч. Дзякую за ўсё.
— Няма завошта, Уладзімір Іванавіч. Усе служым трудавому народу.
Саша стаяла каля прыпечка, як на варце, падкладала ў агонь трэскі, здымала з варыва пену i слухала ix ціхую размову. У душы яе расло нейкае ўрачыстае захапленне: відаць, ад таго, што разам з імі такі чалавек, як каваль, i, напэўна, яшчэ ад таго, што камісар даверыў ёй тое, што хлопцы чамусьці хавалі, даверыў нават больш — надзвычай сакрэтныя планы. У вогуле з яго прыходам Саша адразу зразумела, сэрцам адчула, які велізарны размах набывае барацьба супраць ворага, як шырока яна разгортваецца. I гэта, нягледзячы на ўсе яе асабістыя перажыванні, радасна акрыляла, быццам яна паднялася высока-высока i ўбачыла шырокія прасторы, на якіх разгараўся агонь змагання. Мацнела яе вера ў блізкую перамогу. Вера гартавала волю, надавала мужнасці. Цяпер кожны факт, які сведчыў пра разгортванне барацьбы, прыносіў ёй радасць. «Вы хацелі скарыць нас, паставіць на калені, дык вось вам — атрымлівайце!» — з нянавісцю думала яна пра акупантаў. Каваль-падпольшчык чамусьці ўзрадаваў яе.
Ён сядзеў на ляжанцы і, нахіліўшыся да Лялькевіча, які прымасціўся ніжэй, на ўслончыку, глуха бубніў (гаварыць шэптам ён не ўмеў):
— Думалі мы з хлопцамі, як вы раілі, каго яшчэ можна ўцягнуць у арганізацыю. Безумоўна, людзей добрых многа. Але я за асцярогу. Покуль што прапаную двух хлопцаў: Паўліка Катуха i Лёню Давыдзенку. Аляксандра ведае ix, — кіўнуў ён на Сашу. — За гэтых хлопцаў я ручаюся. Рыбаловы!
Лялькевіч прыглушана засмяяўся:
— Рыбалоў — найвышэйшая атэстацыя?
— Рыбаловы — мае лепшыя сябры. A сяброў сваіх я ведаю, Уладзімір Іванавіч.
— Добра. Прымайце. Але дамовімся так: пра тое, што ў арганізацыі Аляксандра Фёдараўна i Даніла, няхай новыя не ведаюць… Пакуль што.
— Данілу схаваць нельга.
— Трэба, пакуль не праверым людзей у баі. А што да Аляксандры Фёдараўны, то пра яе наогул, думаю, не трэба гаварыць усім членам арганізацыі.
— Значыцца, мне наканавана ўвесь час ад сваіх хавацца? — спытала Саша як бы ў жарт, але з прыкметнай ноткаи крыўды ў голасе.
— Ад немцаў, Аляксандра, — прагудзеў у адказ каваль. — Ад паліцаяў. А свае будуць ведаць. Не цяпер — пасля даведаюцца. Берагчы цябе мыбудзем, як вока… Не забывай, што ў тваіх руках — не адно тваё жыццё… I без таго ты робіш вялікую справу.
— Што я там раблю!
— Не кажы! Выратаваць, вылечыць, схаваць аднаго радавога савецкага байца — гэта ўжо, брат ты мой, подзвіг. А Уладзімір Іванавіч…
Саша ўбачыла, як Лялькевіч сціснуў калена каваля, i той змоўк.