Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Воўчая зграя

Быкаў Васіль

Шрифт:

Тое, што здарылася за дзень, гарачым тлумам плыло ў яго памяці, але, мабыць, трэба быў час, каб прыгадаць усе перажытыя ім падрабязнасці і разабрацца ў іх. Найперш для яго было пэўна, што ён уратаваўся — не згарэў і вывернуўся ад кулі, уцёк у лес і цяпер мог пайсці куды хочаш. Толькі радасці ад таго ён не адчуваў ніякай, у свядомасці яго жыло, заглушаючы сабой усе іншыя пачуцці, адчуванне вялікай бяды, ад якой не было паратунку. Як ведала-адчувала ягонае сэрца, калі мінулаю ноччу ён не хацеў ісці на гэта заданне, што не будзе тут яму ўдачы. Але тады яго непакоіла іншае, а таго, што здарылася, ён не мог прадбачыць. Сапраўды, ён жа выпраўляўся ў ціхую і бяспечную зону Першамайскай брыгады, а не на прарыў, не ў самае пекла блакады. Але, мусіць, вялікая бяда менавіта там

і падпільноўвае чалавека, дзе ён яе меней за ўсё чакае.

Ляўчук сеў раўней і прыслухаўся. Паблізу было ціха, як можа быць ціха толькі пагоднаю ноччу ў бязлюдным лесе. Праўда, да чуйнага яго слыху з усіх бакоў даляталі ўсякія невыразныя гукі і шолахі, але за шмат месяцаў партызанскай вайны ён добра ўжо звыкся з лесам і ведаў, што ноччу слых ловіць залішне многа, а большая частка лесавых гукаў толькі здаецца. Калі дзе ёсць сапраўды падазронае, дык услухоўвацца ў яго не трэба, — яно адразу заявіць само пра сябе. Свежыя пошумы ветру ў вяршаллі, падзенне перасохлай галінкі, соннае лапаценне крылаў птушынай драбноты ў галлі — другіх гукаў паблізу не чулася. I ён, ачухаўшыся спакваля ад свае санлявай дурноты, хвіліну паслухаў далёкую страляніну і рашыў, што трэба прабірацца ў Першамайскую. Мусіць, толькі ноччу і можна туды дабрацца, удзень ён зноў налезе на карнікаў.

Хіснуўшыся, ён падняўся на ногі, пасунуў з жывата на бок парабелум. Навярэджанае ў сне плячо балела куды больш, чым учора: можа, трэба было паправіць павязку, але ён рашыў, што зробіць гэта заўтра, калі развіднее. У лесе было зусім цёмна, каб не налезці на што, ён выцягнуў наперад руку і ўгнуў галаву. Праўда, лес тут быў рэдкі і голы, хвоі стаялі амаль без падлеску. Ён трохі памятаў дарогу, па якой бег сюды гадзіну ці дзве назад, — трэба было зноў выйсці да балацявіны, павярнуць ля ўзлесся. Далей ён не дужа ведаў, якая будзе мясцовасць, але спадзяваўся, што, арыентуючыся на стрэлы і зоркі, не дужа заблудзіць. Абы-толькі не наскочыць на немцаў.

Ён доўга брыў у лясной цемры, нібы сляпы, выцягнуўшы руку і навобмацак мінаючы дрэвы, чуйна мацаючы нагамі дол з безліччу пнёў, патарчакаў, зараснікаў, жорсткіх, нібы драцяных, сцяблоў папараці. Найперш яму трэба было выйсці з лесу, думалася, што край яго недзе тут, блізка, потым ён пайшоў бы і шпарчэй. Часам ён прыслухоўваўся да страляніны, якая то болынала, то чамусь глухла, а болей быў заняты хадой, і з галавы яго не выходзіў ток. Ён нічога не ведаў — ні пра тое, што сталася з Клавай, ні пра лёс Грыбаеда. Зрэшты, Грыбаед хутчэй за ўсё там і застаўся, бо ці ён мог выскачыць у тыя дзверы? А куды падзелася Клава? Як выпаўзла з тока, дык нібы праз зямлю правалілася — нідзе ён яе так і не згледзеў.

Неяк схамянуўшыся, ён заўважыў, што ідзе не на гукі стрэлаў, а па сваім учарашнім шляху, што страляніна даўно ўжо засталася для яго злева. Але ён не стаў паварочваць, — ён толькі цяпер зразумеў, што яму трэба менавіта туды, да гумна. Ён не мог адсюль нікуды болей пайсці, не завітаўшы на гумно.

Выразна зразумеўшы гэта, ён адчуў у сябе нецярплівасць, аж нешта затрымцела ўнутры, няўрымсліва і жаласна, і ён перастаў зважаць на кусты і патарчакі ў доле, а пашыбаваў, як толькі мог, каб не ўпасці, туды, дзе, на яго думку, павінен быў быць страшны іх ток. Ён але калаціўся ўвесь ад узрушэння, нанова востра перажываючы ўчарашняе. Тое, што яшчэ гадзіну назад было для яго ўдачай, цяпер здалося бядой, ён ужо думаў, што не павінен быў пакідаць Грыбаеда і Клаву, мусіць, трэба было зрабіць неяк інакш. Праўда, ні тады, ні цяпер ён не ведаў, як; здавалася, ён ратаваў яе, Грыбаеда, сябе таксама. Спазнелае адчуванне памылкі мацнела ў ім; пэўна, ён зрабіў нешта не так, бо наўрад ці каму ўдалося выскачыць з таго пекла, у якім ён сам ледзьве не лёг касцьмі. Менавіта таму яму зноў трэба было на гумно, нібыта ўсё тое можна было яшчэ перайначыць, зрабіць лепш. Ён разумеў, вядома, што цяпер ужо нічога не зробіш, усё, што можна было зрабіць, напэўна, зрабілі немцы. Але ўсё роўна яго цягнула туды, як злачынцу цягне на месца злачынства.

Ён вылез з кустоўя недзе непадалёк ад таго месца, дзе надвячоркам увайшоў у яго. Адразу стала відней, над ахутанай

змрокам летняй зямлёй ляжала святлявае неба з рэдкімі зоркамі расцярушанай палосай зорнага чумацкага шляху. У лузе верашчалі конікі, і наперадзе шарэла, мабыць, тое самае жыта, у якім ён ледзь не знайшоў свой канец. Недзе тут, паблізу, павінна туліцца і гумно.

На нейкі час ён спыніўся, перастаў дыхаць і ўслухаўся. Але, мусіць, немцы паехалі, зрабіўшы сваю, як заўжды, страшную справу, наўрад ці яны засталіся чакаць яго тут. Усё ж, каб быць гатовым да ўсякай нагоды, ён ціха дастаў з кабуры парабелум і, паклаўшы вялікі палец на засцерагальнік, пайшоў каля ўзлеску.

Ён чакаў убачыць агонь (не магло быць, каб гумно так хутка згарэла датла), але наперадзе быў толькі затуманены палявы паўзмрок, і колькі ён ні ўглядаўся, нічога нідзе згледзець не мог. Тады ён падумаў: няўжо так далёка адбегся ўчора па жыце? А можа, ён цяпер выйшаў не туды і наогул ішоў не ў тым кірунку? Але ж там была дарога, якой ён яшчэ не пераходзіў? Значыць, гумно і вёска ўсё ж недзе наперадзе.

Разважыўшы так, ён пайшоў болей упэўнена, усё ўглядаючыся наперад; знянацку шаснуў у нейкую яміну і ледзьве не ўпаў, а калі выкараскаўся з яе, дык з-за нейкага бухматага куста ўбачыў слабенькае блісканне агню. Здалося, гэта далекавата, бо агеньчык, амаль не свецячы, толькі дробна чырванеў над жытам, і ён прыціх, нават прысеў ля куста. Не, здаецца, нідзе не было нікога, конікі ўсё стракаталі сабе ў траве і ў жыце, ды за лесам бахала і гуло ад страляніны. Але страляніна была далёка і не шмат шкодзіла навакольнай цішыні ночы.

Паціхеньку, кароткімі пераходамі, ён пачаў красціся да пагарэлішча. Крокаў дзесяць — пятнаццаць пройдзе і стоіцца, прысядзе, азірне ўскраек неба: ці не маячыць хто на светлаватым начным небасхіле. Але ўсё, мабыць, тут было ціха, і ён, выткнуўшыся з-за жыта, неяк нечакана апынуўся ля тых самых агнёў.

Ён не адразу пазнаў перад сабой учарашні ток — абгарэлы, без страхі, напалову ніжэйшы, бо верхнія вянцы згарэлі зусім, засталося толькі ніжняе абгарэлае бярвенне, на якім дзе-нідзе смылеў жар, мусіць, дыміла, бо дым і горкі смурод атручвалі паветра наўкол. Калі ён выйшаў з-за хаты, дык убачыў у цемры бліжэйшы канец з асеццю, у якім было болей жару і дыму, а нават дзе-нідзе трапяталі на ветры невялічкія каснічкі полымя, якія трохі асвятлялі жытнюю ніву і чорнае абпаленае лісце яблыні. Але да гумна ён выйшаў з боку алешніку, трэба было зайсці па той бок і зазірнуць праз дзверы, дзе ён учора пакінуў Грыбаеда і адкуль выскачыла Клава.

Ад дарогі ён не пайшоў, ён пабойваўся дарогі, а паціху ўлез у жыта і пайшоў па самым яго краёчку, каб не нарабіць шуму, высока паднімаючы ногі. Тут да тока аказалася далей, чым яму здавалася ўчора, калі ён пазіраў праз шчыліну, і ён прыпыніўся, прысеў, паслухаў. Пасля ўстаў і, стараючыся не дужа шастаць ботамі ў жыце, воддаль абышоў асець. Ён чакаў дзе-небудзь убачыць Клаву; мусіць бы, ён заўважыў яе ў гэтым падсветленым доле, але тут яе не было. Зрэшты, наўрад ці яна і магла быць, падумаў ён, мусіць, яны забралі яе жывую ці мёртвую і павезлі ў мястэчка. Ды і Грыбаеда таксама. Але ён хацеў сваімі вачамі ўпэўніцца, што іх тут няма, і тады ўжо ісці ў Першамайскую.

Ад яблыні стаў відаць увесь той падворак, дзе ён варыў бульбу, нават прыкметна была чорная плямка вогнішча на шэрай траве. Насупраць былі дзверы-вароты ў ток. Адна абгарэлая, густа падзёўбаная кулямі палавіна іх коса вісела на ніжняй завесіне, другая, адарваная, валялася ў доле. I раптам ён згледзеў там штось падобнае на чалавечае цела і не стрымаўся. Стараючыся не грукаць ботамі, ён падбег да дзвярэй, прысеў — ад бярвення і папялішча патыхала смярдзючым жарам, але ўжо можна было трываць, не тое што ўчора. Ляўчук бокам працягнуў левую руку, лапнуў раз, другі і, натрапіўшы на штось мокрае і ліпкае, тузануў руку назад. Адварочваючыся ад гарачыні, ён, аднак, намацаў касмылявы твар Грыбаеда, яго абгарэлую вопратку і ўстаў. Смурод пагарэлішча і чадны дым ад галавешак усё ж забівалі дыханне. Перадыхнуўшы трохі, ён зноў сагнуўся, памацаў паблізу рукой, шукаючы Грыбаедаву вінтоўку, але намацаў толькі ягоную шапку-кучомку.

Поделиться:
Популярные книги

Сумеречный стрелок 8

Карелин Сергей Витальевич
8. Сумеречный стрелок
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Сумеречный стрелок 8

Мимик нового Мира 13

Северный Лис
12. Мимик!
Фантастика:
боевая фантастика
юмористическая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Мимик нового Мира 13

Отмороженный 10.0

Гарцевич Евгений Александрович
10. Отмороженный
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Отмороженный 10.0

Бывший муж

Рузанова Ольга
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Бывший муж

Безнадежно влип

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Безнадежно влип

Гром над Академией Часть 3

Машуков Тимур
4. Гром над миром
Фантастика:
фэнтези
5.25
рейтинг книги
Гром над Академией Часть 3

Убийца

Бубела Олег Николаевич
3. Совсем не герой
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
9.26
рейтинг книги
Убийца

По осколкам твоего сердца

Джейн Анна
2. Хулиган и новенькая
Любовные романы:
современные любовные романы
5.56
рейтинг книги
По осколкам твоего сердца

Жена фаворита королевы. Посмешище двора

Семина Дия
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Жена фаворита королевы. Посмешище двора

Последняя Арена 7

Греков Сергей
7. Последняя Арена
Фантастика:
рпг
постапокалипсис
5.00
рейтинг книги
Последняя Арена 7

Возвращение Безумного Бога 4

Тесленок Кирилл Геннадьевич
4. Возвращение Безумного Бога
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвращение Безумного Бога 4

Варлорд

Астахов Евгений Евгеньевич
3. Сопряжение
Фантастика:
боевая фантастика
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Варлорд

Авиатор: назад в СССР

Дорин Михаил
1. Авиатор
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.25
рейтинг книги
Авиатор: назад в СССР

Кодекс Охотника. Книга III

Винокуров Юрий
3. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
7.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга III