Чтение онлайн

на главную

Жанры

Воўчая зграя

Быкаў Васіль

Шрифт:

З гэтай шапкай у руках ён адступіў на крок у падворак і спыніўся, усё ўзіраючыся ў абгарэлыя рэшткі чалавека, якога ведаў даўно і які цяпер, пасля свае смерці, выклікаў у ім нешта спачувальнае і жаласлівае. Шапка была пашыта з кавалка старой аўчыны, без завязак на вушах. Грыбаед насіў яе ўсё лета — баяўся, каб сонца не напякло галаву, яму гэта было шкодна. Бядак надта турбаваўся за сваю аднойчы ўжо прастрэленую галаву, баяўся нават перагрэць яе на сонцы. Ляўчук успомніў цяпер пра той жахлівы расстрэл Грыбаеда і пра яго ўваскрасенне на Чарналескіх выжарынах, дзе яны ў тую ноч разам з санітарам Верхаўцом грэліся каля вогнішча. Гаваркі Верхавец расказаў, што днём хлопцы прывезлі з Выселак расстралянага немцамі Грыбаеда, які немаведама як апынуўся ля сваёй апусцелай сядзібы і трапіў у лапы жандараў.

Невядома, ці яны пільнавалі яго, ці можа засталі выпадкам, але яны спалілі нарэшце Грыбаедаву сядзібу, а яго самога старшы жандар паставіў ля вербы і з пісталета стрэліў у патыліцу. Ноччу на яго наткнуліся хлопцы з разведкі і, пазнаўшы старога, прывезлі ў атрад. Доктар Пайкін спрабаваў нешта зрабіць, але, мусіць, нічога ўжо зрабіць было нельга, Верхавец выцягнуў яго з будана і паклаў пад хваіну на салому, каб заўтра разам з яшчэ адным забітым пахаваць на грудку. Седзячы ля вогнішча ў тую ноч, яны пабедавалі крыху над жорсткім нават для вайны лёсам старога і перавялі гаворку на іншае. Яны не азірнуліся нават, калі ззаду да іх нехта падышоў і моўчкі пачаў месціцца каля цяпельца, паціраючы рукі і нягучна кажучы нібы між іншым:

«Пагрэюся ў вас. А то скалеў, халера…»

Учуўшы знаёмы голас, Верхавец ледзь не падскочыў ад здзіўлення, павярнуўся і толькі прамовіў:

«Грыбаед, ты што?..»

«Ды скалеў, кажу. Ватоўку нехта забраў…»

Яны абодва ўтрапёна ўставіліся на Грыбаеда, які, безуважны да іх спалоху, спакойна грэў сабе выстаўленыя да вогнішча рукі, ні слова не кажучы пра сваё дзівоснае вяртанне амаль з таго свету, і яны не адважыліся яму нагадаць пра тое. Уранку яго яшчэ раз агледзеў доктар, таксама здзівіўся; пару тыдняў Грыбаед паляжаў у санчасці, а затым застаўся ў ёй пры конях. Рана на галаве загаілася, асаблівага болю ён не адчуваў, толькі амаль зусім перастаў спаць і клапатліва аберагаў ад спёкі прастрэленую галаву.

Ды не ўбярог — мабыць, прастрэлілі і другі раз. Цяпер ужо канчаткова.

Разважыўшы так, Ляўчук падумаў, што, мусіць, трэба выцягнуць яго абгарэлае цела з гэтага тока і пахаваць дзе ў лесе. Бо што ж ён будзе ляжаць так і смылець — мала яму было пакут пры жыцці?

Усё прыслухоўваючыся да сцішанага наваколля, ён сунуў пісталет у кабуру, зашпіліў яе і зноў ступіў да варотаў. Але толькі ён нагнуўся над Грыбаедам, як дзесь зводдаль шалёна забрахаў сабака, і з боку ад вёскі пырхнула ўгору ракета. Захоплены знянацку, Ляўчук здрыгануўся, згорбіўся ў дзвярах, асветлены яе зыркім імклівым агнём, а затым адскочыў назад і схаваўся за яблыню. Ракета агняным шнуром у небе шыбанула ледзь не да самага гумна, трохі, аднак, не даляцеўшы да яго, ударылася аб зямлю, падскочыла і дагарала, ярка адбіўшы перад сабой нейкі чорны курганок ці зараснік, цень ад якога накрыў падворак. Як толькі сцямнела, Ляўчук падаўся назад у жыта, апанылы ад думкі, што яго заўважылі, і чакаў стрэлу ці другой ракеты. Аднак стрэлаў больш не было, а другая ракета з'явілася ў небе зусім з другога боку, ад дарогі і лесу — яна ярка заззяла ў вышыні над пагарэлым гумном і жытам, бязлітасна зырка асвяціўшы іх сваім ненатуральна яркім міготкім святлом. Але ён ужо быў да яе гатовы і жвава прысеў у жыце, тут яго не так проста было заўважыць. Ракет ён не баяўся — баяўся стрэлаў і яшчэ болей сабак. Той басавіты брэх у спаленай вёсцы быў яму дужа знаёмы і болей за ўсё іншае скрабянуў па яго пачуццях.

Калі і гэтая ракета згарэла, ён шыбануў праз жыта да алешнічку, ды раптам спыніўся, прысеў. Здалося, пачуўся голас, нават нібыта далёкі дзіцячы плач, і ён аціх, затрымаў дыханне, услухаўся. Ці не здані завяліся ў гэтым жыце, дзівячыся, падумаў ён, як зноў зусім выразна данёсся аднекуль ціхі, поўны жальбы плач зусім яшчэ малой істоты, і ён, жахнуўшыся, кінуўся далей у жыта.

Ён, мусіць, і ўцёк бы ў лес, калі б у той час амаль перад ягоным тварам не разанула цемру трасірная чарга. Блізкія разрывы куль у алешніку, нібы рэха, з абсалютнай дакладнасцю паўтарылі яе далёкі імклівы трэск, і ён зноў распластаўся на мулкіх грудах жытняе нівы. Цяпер ён ужо ведаў пэўна, што яго заўважылі і што стралялі па ім з дарогі і ад вёскі; значыць, ратавацца трэба ўсё тым жа ўчарашнім шляхам у лес. Калі чарга сціхла, ён тут жа ўскочыў, але, перш чым пабегчы, завярнуў па жыце

ўбок, трохі нават назад, прыпыніўся, услухаўся і ўбачыў непадалёк белую плямку ля самай зямлі. З нечаканай надзеяй ён кінуўся да гэтае плямкі, ужо пэўна ведаючы, што гэта, падхапіў цёплы жывы камячок на рукі і, прытуліўшы да грудзей, аббег трохі шырэйшае кола па жыце. Гэта было і дзіўна, і зусім недарэчна: ён думаў, што дзесь тут павінна ляжаць і Клава, забітая ці жывая. Але Клавы не было. Адчуваючы тлумнае замяшанне ў галаве, Ляўчук пабег упоперак нівы да алешніку.

— Ух, гады! Ух, гады! — роспачна казаў ён сабе, слухаючы, як недзе паблізу гаўкалі, скавыталі сабакі. Але ўжо побач быў лес, і ён разам з малым на руках неўзабаве ўбег у алешнік. У той самы момант ззаду стрэлілі новай ракетай, і па алешніку прайшла доўгая чарга. Яркае святло, перамешанае з дзівоснай блытанінай ценяў, рынулася на яго ззаду, некалькі трас блізка прашылі начны хмызняк, абдаўшы яго трэскам разрыўных куль і абабітым галлём. Ён упаў на адно калена, жахнуўшыся, што так не ўцячэ, што бегчы па лесе з малым немагчыма. Але па полі ён не ўцячэ тым болей, там яго дастануць першай чаргой. I ён пабрыў у цемры навобмацак, левым плячом рассоўваючы голле, захінуўшы крысом пінжака малога, які трохі неяк аціх і толькі перабіраў ножкамі ў мокрай пялёнцы.

15

Першы нясмелы ранак напаткаў яго ўскрай балота, у рэдкім куп'істым алешніку.

Пачынала віднець, далёкім нетутэйшым святлом займаўся шырокі ўскраек неба, навокал сталі відаць кусты і травяністы дол пад нагамі. Ляўчук зусім не ведаў, куды вёў яго лесавы шлях, але ўсё бег, ішоў, брыў па нейкіх альховых зарасніках і расцяробах; перайшоў мокры травяністы лужок і зноў зашыўся ў лісцвяны гушчар. У малады шчыльны ельнік ён не палез, а абышоў яго збоку і ўсё слухаў, хоць і без таго было чутна — яго даганялі. Усю ноч ззаду то цішэй, то мацней пагрозліва брахалі сабакі. Мусіць, у цемры яны адсталі ад яго, але ягоны след яны не гублялі. Значыць, як мае быць возьмуцца даганяць уранку.

З нязвыклай асцярогай ен нёс за пазухай маленькае цёплае цельца і думаў: хоць бы дзе напаткаць вёску, хутар, жанчын ці наогул людзей і аддаць ім малога. Сам ён, як бы ні стараўся, не мог уратаваць гэта жыццё. Да таго ж ён адчуваў, што немцы ад яго не адвяжуцца. Учора іх было сем, з вінтоўкамі, уночы з'явіўся кулямёт, а таксама ракеты і сабакі — значыць, у гэтым кірунку яны задумваюць нешта сур'ёзнае і маюць для таго сілу. А ён, дурань, наважыўся тут прабівацца ў Першамайскую, знайшоў месца…

Ён хутка ішоў ускрайкам парослага алешнікам балота і не мог рашыць, абыходзіць яго вакол ці лезці ў багну. Без крайняй патрэбы лезці ў сцюдзёную ваду дужа не хацелася, думалася: недзе ж яно скончыцца ўрэшце, і ён яго абыдзе. Але, мяркуючы па ўсім, балота было немалое і цягнулася здалёку, ён брыў ля яго гадзіну, а яно не канчалася. Начная страляніна гучала цяпер дзесьці справа, але бахалі таксама і ззаду, і злева, — няйначай, баі ішлі ў розных кірунках. Ён жа трапіў у невядомы лясны закутак і брыў у той бок, куды гнала яго пагоня.

Малы за пазухай часам неспакойна тузаўся, выгінаўся, але, добра захутаны ў шаўковай пялёнцы, пакуль што маўчаў, і Ляўчук з вострым непакоем падумаў, што будзе, калі ён расплачыцца? Мусіць, яго трэба было даўно пакарміць, і таму ён так непакоіцца. Хіба ён разумее, што калі ім не падвернецца які шчаслівы выпадак, дык вельмі хутка абое яны распластаюцца ў зарасніку, пасечаныя аўтаматнымі чэргамі ці разарваныя аўчаркамі. Калі толькі пашэнціць. А то яшчэ могуць схапіць, вывесці на шашу і павесіць пашчэнкамі на круку ізалятара, каб канаў доўга і пакутна, як некалі Трафім Дыла, сувязны іхняга атрада ў Чарнушчыцах.

Ляўчук, аднак, спадзяваўся, што, можа, раней, чым немцы дагоняць яго, ён наткнецца на добрых людзей ці вёску і спярша ўратуе малога. Самому яму было б лепш, сам бы ён асабліва не туляўся ад іх, а можа б, нават падпільнаваў гэтых гадаў і яшчэ памераўся б з імі сілай. Праўда, для таго патрэбны быў кулямёт ці хоць бы аўтамат, але і з пісталета ён страляў няблага, навучыўся ў разведцы. З малым жа ён не мог дазволіць сабе падобнай рызыкі, бо не быў упэўнены ва ўдачу, а дарма выпрабоўваць лёс не хацеў. I ён усё ішоў, бег, прадзіраўся праз зараснікі, пакуль не ўпёрся ў гэтае балота.

Поделиться:
Популярные книги

Фиктивная жена

Шагаева Наталья
1. Братья Вертинские
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Фиктивная жена

Прометей: каменный век

Рави Ивар
1. Прометей
Фантастика:
альтернативная история
6.82
рейтинг книги
Прометей: каменный век

Сердце Дракона. Предпоследний том. Часть 1

Клеванский Кирилл Сергеевич
Сердце дракона
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Сердце Дракона. Предпоследний том. Часть 1

Дайте поспать! Том III

Матисов Павел
3. Вечный Сон
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Дайте поспать! Том III

Охота на эмиссара

Катрин Селина
1. Федерация Объединённых Миров
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Охота на эмиссара

Боги, пиво и дурак. Том 3

Горина Юлия Николаевна
3. Боги, пиво и дурак
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Боги, пиво и дурак. Том 3

Целитель

Первухин Андрей Евгеньевич
1. Целитель
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Целитель

"Фантастика 2023-123". Компиляция. Книги 1-25

Харников Александр Петрович
Фантастика 2023. Компиляция
Фантастика:
боевая фантастика
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Фантастика 2023-123. Компиляция. Книги 1-25

Мужчина моей судьбы

Ардова Алиса
2. Мужчина не моей мечты
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
8.03
рейтинг книги
Мужчина моей судьбы

Измена. Возвращение любви!

Леманн Анастасия
3. Измены
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Возвращение любви!

Нефилим

Демиров Леонид
4. Мания крафта
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
рпг
7.64
рейтинг книги
Нефилим

Ваше Сиятельство 6

Моури Эрли
6. Ваше Сиятельство
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Ваше Сиятельство 6

Магия чистых душ 2

Шах Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.56
рейтинг книги
Магия чистых душ 2

Чиновникъ Особых поручений

Кулаков Алексей Иванович
6. Александр Агренев
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Чиновникъ Особых поручений