Воўчая зграя
Шрифт:
Затым ён услухаўся — немцы, чуваць было, гойсалі зводдаль, ён думаў, зноў вернуцца, але яны пакуль што не вярталіся, мабыць, яны стараліся знайсці яго след. Хвіліну чуваць быў іх гоман, ці то яны аб чымсь там спрачаліся, а можа, камандзір аддаваў новы загад. Даляцеў яго зычны голас-каманда, і хтосьці адгукнуўся на яе зусім блізка, ледзь не на самым беразе. Ляўчук зноў затаіўся, ён перастаў разумець, што яны ўздумалі, і зноў затрывожыўся.
Ён пачаў азірацца, шукаючы нейкае выйсце, і падумаў, ці не рызыкнуць усё ж перабрацца за той куст лазняку, а можа, і далей, пакуль іх няма паблізу і пакуль яны не знайшлі яго след. Але толькі ён падумаў аб гэтым, як убачыў насупраць немца: павесіўшы на шыю боты, той лез басанож у балота,
— Forw"arts, dort ist es nich tief! [1]
— Hier ist eine Kluft [2] — незадаволена бурчаў босы, сунучы нагамі ў вадзе.
Ляўчук зноў вялікім пальцам перавёў засцерагальнік і паклаў ствол пісталета на ніжнюю галінку алешыны. Ён рашыў падпусціць немца не далей як да акна з разбоўтаным покрывам раскі і стрэліць. Адсюль ужо ён не вылезе са сваімі ботамі; пасля той, з берага, мабыць, расстраляе яго. А можа, ён паспее зняць і таго…
1
Наперад, там не глыбока! (ням.)
2
Тут прорва (ням.)
Ну, во і ўсё… А столькі было страху і перажыванняў, калі ўсё канчаецца так проста, звычайна і амаль недарэчна…
Як заўжды ў хвіліны безнадзейнасці ад яго адлятаў страх, тым болей спалох, мозг яго пачынаў працаваць цвяроза і дакладна, рука рабілася дужай і цвёрдай. У такі момант ён не прамахнецца. Немец, аднак, не спяшаўся, лез асцярожна, высока перастаўляючы ў вадзе белыя худыя ногі з падкасанымі вышай калена калошынамі. Калі ён нагінаўся, боты біліся галоўкамі па жываце, там жа боўтаўся аўтамат, які ён падтрымліваў правай рукой. Зрэдку толькі ён кідаў наперад кароткія позіркі з-пад казырка свае шапкі, а так усё глядзеў пад самыя ногі, шукаючы, куды лепей ступіць.
«Ну што ж, можа так і лепей! Ідзі, ідзі, гад!»
I ён ішоў, несучы яму смерць і сабе, напэўна. таксама. Пагрузшы вышай каленяў у багне, ён падышоў да крушынавага кусціка, ухапіўся за галінку рукой і раптам, мабыць, паслізнуўся на дне — бокам шуснуў у ваду па грудзі. Спрабуючы падняцца, праваліўся яшчэ глыбей, збіў локцем шапку, якая паволі паплыла ад яго, хутка асядаючы пад ваду. Ускаламуціўшы вакол багну і ўжо не разбіраючы дарогі, кінуўся назад, на мяльчэйшае, і раззлавана загергетаў да таго, што стаяў на беразе і рагатаў, выкрыкваючы штосьці жартоўнае.
Мокры, аблеплены тванню немец выбраўся з балота і, усё нешта гергечучы там, знімаў з сябе кіцель, штаны і ўсё іншае, пакуль не застаўся голы. Удвух яны там доўга выкручвалі яго абмундзіроўку, з якой цурком лілася балотная вада. Ляўчук зусім адранцвеў ад холаду, яго пачынала біць ліхаманка, — ён не мог дачакацца, калі ж яны ўрэшце скончаць галэндацца і гэты апранецца. Вось ён ужо нацягнуў штаны, сятчастую блакітную майку, пачаў абувацца. Той, другі, даўганогі і, мабыць, маладзейшы, з ліхтарыкам на грудзях, штось гэйкнуў у хмызняк, яму адказаў здалёку другі голас, і Ляўчук пачуў, як на беразе лязгнуў затвор. Гэта яго зноў насцярожыла — што будзе?
Але гэты раз чакаць давялося нядоўга, воддаль затрашчала аўтаматная чарга, над балотам разгоніста, з віскам панесліся кулі. Ляўчук не зразумеў — куды гэта яны? Здаецца, апроч яго, тут не было нікога, але ж яго яны быццам яшчэ не ўбачылі. Ды і стралялі не ў яго, а недзе ўбаку, куды пабеглі тыя, з сабакамі. А можа, там яшчэ хто, можа, там партызаны? Гэтыя два немцы таксама пабеглі на стрэлы; задні таропка, на бягу надзяваў кіцель, перахопліваючы з рукі ў руку аўтамат.
Ляўчук рашыў уцякаць далей у балота
Неўзабаве яму стала відаць, што адбывалася — яны зноў выстраіліся на беразе воўчаю зграяй і, паволі ідучы ля балота, расстрэльвалі яго з аўтаматаў.
Трошкі ўжо абнадзеены, Ляўчук зноў апанурыўся — не адно, дык другое. Не ўзялі сабакамі, ацалеў ад немца, дык расстраляюць за купінай сляпою чаргой, і ён ціха апусціцца пад ваду, згіне ў твані. Не самая лепшая доля з усіх магчымых, вызначаных яму вайной. Добра, калі разам заб'юць малога, а раптам застанецца?..
Мабыць, расстрывожаны стралянінай, малы зусім ужо занепакоіўся і пачаў ціхенька скуголіць у пінжаку. Ляўчук тужэй захінуў полы пінжака — што будзе, калі яны ўчуюць плач? Асабліва сабакі, якія адразу ж, як толькі пачалася страляніна, таксама падалі свае пагрозлівыя галасы і брахалі, скавыталі, аж захліпаліся, — мусіць, ірваліся ў балота. Але гэтае траскоцце дзесятка аўтаматаў, вядома, найперш аглушыла саміх стралкоў, і тыя пакуль што не маглі чуць далёкага слабенькага плачу малога.
Страціўшы ўсе надзеі, Ляўчук самотна глядзеў, як гонкія трасірныя струмені куль набліжаліся да яго купіны. Немцы не шкадавалі патронаў і расстрэльвалі кожную купіну, кожны бугорчык моху, кожны куст і кожнае дрэўца ў балоце. Тысячамі пырскаў кіпела, вірыла, перамешвалася з гразёй вада, ляцела ў паветра лісце, галлё, асака, паднятая з пырскамі вады зялёная раска. Абабітыя кулямі вольхі то тут, то там засвяціліся белымі плямамі на чорнай кары. Агонь быў такі, якога Ляўчук не чуў ужо даўно, хіба што на фронце, у сорак першым пад Кобрынам; уцалець у ім было, відаць, марнай надзеяй.
Ён скурчыўся за купінай, як можна глыбей асеў у ваду. Шкада, нельга было пад ваду схаваць малога, які ўвесь быў наверсе, трохі захінуты імшарынай. Мусіць, яму дастанецца першаму. Але тая чарга, што прыкончыць яго, не міне і Леўчука, так што аднолькава дастанецца абодвум.
— Ах, гады, гады!..
Усё на тым жа голым краёчку берага ён зноў убачыў таго самага даўганогага немца з ліхтарыкам на жываце, які, выйшаўшы з зарасніку, упёр адкідны прыклад аўтамата ў плячо і запусціў у балота чаргу. Дзесятак куль, сярод якіх былі і трасірныя, паднялі ў паветра мох з бліжэйшай ад берага купіны, затым паляцела альховае лісце з суседняй. Чарга няўхільна набліжалася да яго. Малы пад рукамі, нібы прадчуваючы хуткі канец, заплакаў мацней, але ў траскоцці і водгуллі чэргаў Ляўчук ужо сам не надта чуў гэты плач. Ён сачыў за кулямі, каб у час адзначыць для сябе апошняе сваё імгненне і датрываць да яго. Далей трываць ужо не давядзецца.
Тым часам на беразе іх стала ўжо трое. Пярэдні перабег далей, затое два іншых разам прыклаліся да аўтаматаў, і струмень куляў са свістам пранёсся каля ягонай алешыны. Аднекуль зверху плюхнулася ў ваду збітае кулямі маленькае травяное гняздзечка; у паветры паплыў белы пух, і некалькі пер'яў асела на яго купіну. Ляўчук затуліў малога рукой, уціскаючы яго як мага ніжай у мох, другой накіраваў пісталет на бераг. Ён збіраўся стрэліць у таго, што, змяніўшы магазін, прымерваўся для трэцяй чаргі. Праўда, для пісталетнага стрэлу было далекавата, ад напружання і дрыготкі яму было цяжка зладзіць з рукой. Усё ж ён прыцэліўся. Але нечакана новая думка з'явілася ў яго галаве, калі ён адчуў, што б'юць яны чамусь па-над купінай, быццам паверсе; іхнія чэргі ідуць па-над яго галавой і далей. Ён асцярожна азірнуўся і ўбачыў, як густа ляцела ў паветра лістота з лазовага куста, у які ён нядаўна яшчэ хацеў улезці. I тады ён сцяміў, што яны, пэўна, бачаць там найбольш падазронае месца і таму так старанна абстрэльваюць яго.