Чтение онлайн

на главную

Жанры

Воўчая зграя

Быкаў Васіль

Шрифт:

З Колабавым на спіне ён ледзьве давалокся да азёрнага берага, пралез трыснёг, яшчэ разы два праваліўся, але не так глыбока, як першы раз, і не да самай вады. Зрэшты, цяпер, мабыць, было ўсё роўна, можна было ісці і па вадзе — да каленяў яго ногі былі ўшчэнт мокрыя і мерзлі. Асабліва нясцерпна стала на лёдзе, з якога вецер месцамі паздзімаў снег, Ляўчук застукаў цвёрдымі валёнкамі, паслізнуўся, ледзьве не ўпаў. Ён прайшоў нямнога, але адчуў, што павінен спыніцца, інакш упадзе разам з Колабавым. Тады ён асцярожна апусціўся каленямі на прысыпаны снегам лёд і асцярожна паклаў побач Колабава.

Нейкі час ваўкі яшчэ беглі ленаю рыссю следам за важаком з адтапыраным вухам; але спыніўся важак — і спыніліся ўсе астатнія.

Яны чакалі, і Ляўчук раптам страціў цярпенне. Ад усіх гэтых бед, што сёння адна за адной сыпаліся на яго галаву, цяжка было стрымацца, ён гучна і злосна вылаяўся, даўшы выйсце сваёй роспачы. Страляць было нельга, бегчы таксама — няўжо ім прыйдзецца загінуць на гэтым праклятым возеры ў паўкіламетры ад гарнізона, поўнага немцаў і паліцыі?

Мусіць, ваўкі адчулі бездапаможнасць людзей і зрабіліся больш смелыя і нават нахабныя. Пакуль Ляўчук з Колабавым нерухома ляжалі на лёдзе, яны абышлі іх паўколам і закрылі дарогу наперад. З гэтага іх паўкола заставаўся толькі выхад назад, зноў у лес, дзе ў ваўчыным парадку быў разрыў крокаў на дваццаць. Тры іншыя бакі яны занялі, шырока разышоўшыся па лёдзе, і, не падыходзячы, аднак, бліжэй, насцярожана пазіралі на людзей.

— Сашка, ты бачыш? Ты зірні, што робіцца! — узбуджана сказаў Ляўчук да знямоглага Колабава, і той на момант прыўзняў галаву.

— Ладна, ты ідзі,— сказаў ён.

— Як? Яны ж цябе тут…

— Ідзі. Дай аўтамат і ідзі.

— А калі яны… На мяне?

— Не. Я ж застануся… Ты прыгані каня. «Сапраўды!» — мільганула ў галаве ў Леўчука. Гэта было выйсце. Ён паспрабуе вырвацца з гэтага кола, дабяжыць да вёскі, прыгоніць каня. I прывядзе людзей. Калі толькі Колабаў дажыве да таго часу. I калі ваўкі выпусцяць яго, Леўчука. I калі ён у вёсцы не налезе на немцаў. I калі немцы раней часу не налезуць на Колабава… Надта ўжо шмат назбіралася гэтых «калі», але іншага ў іх не заставалася.

Ляўчук з натугай падняўся на ногі, якія яшчэ слухаліся яго, схапіў вінтоўку і памарожанымі рукамі ледзьве ўправіўся з тугаватым затворам, пакуль даслаў патрон у патроннік. Глытаючы даўкі камяк у горле, ён кінуўся да самай сярэдзіны воўчай зграі, добра разумеючы, што яны могуць не выпусціць яго і разарваць на кавалкі. Вінтоўкай ён мог абараняцца толькі як палкай, страляць з яе ён не мог: першы стрэл, мусіць, стаў бы для абодвух пагібеллю. I так яшчэ добра, калі немцы з Зароўя не згледзелі іх. Мусіць, выручалі самаробныя маскхалаты, спецыяльна надзетыя імі на гэта заданне.

Ад усяго перажытага Ляўчук перастаў адчуваць сябе і без усякага страху, адчайна шыбануў на зграю. Ён бачыў перад сабой толькі бліжэйшага ваўка, які падцяў пруткі хвост і ўзіраўся ў яго, мусіць, не чакаючы такой смеласці ад знямоглага чалавека. Але Ляўчук кіраваў прама на яго, зараджаную на ўсякі выпадак вінтоўку трымаў у руках нібы палку, гатовы выцяць ёю ваўка, калі той не саступіць з ягонай дарогі. I воўк саступіў. Ашчэрыўся, прысеў на пярэднія лапы, нібы перад скачком, але, зразумеўшы, пэўна, рашучасць чалавека, не скочыў і не пабег, а незадаволена адышоўся ўбок, да суседа. Ляўчук, не збаўляючы кроку і нават не азірнуўшыся, толькі косячы вокам, прашыбаваў яшчэ дзесяць крокаў і выйшаў з іх кола.

Яны за ім не пагналіся і нават не збіраліся рабіць гэта — яны таропка замкнулі за ім сваё кола і падаліся да сярэдзіны. Ляўчук, які кінуўся быў подбегам, на секунду спыніўся — адсюль яму ўжо кепска быў відаць Колабаў у яго маскіровачным убранні, затое ён добра бачыў ваўкоў. Яны патрохі сціскалі кола, і з ім сціскалася Леўчукова сэрца. Страціўшы над сабою ўладу, ён праз хвіліну кінуўся назад да Колабава, затым, зразумеўшы, што так не паможа яму, з усёй сілы пабег па возеры.

Ён бег, баючыся азірнуцца; паслізнуўшыся на абмерзлых валёнках, упаў, балюча выцягнуўся сцягном, ускочыў, тады азірнуўся — некалькі невыразных плямак ледзьве шарэлі ў працьмелай далечы.

Ні крыку, ні стрэлаў яшчэ не было, і ён кінуўся яшчэ хутчэй. Бегучы, аднак, пачаў адчуваць, што не паспее, што ваўкі, мабыць, управяцца з Колабавым хутчэй, чым ён дабяжыць да вёскі, якая была чорт ведае дзе.

Усё ж ён бег, зноў абліваючыся потам, да гарачай задухі ў грудзях, штораз азіраўся і слухаў. Ён чакаў стрэлаў, можа, ваўчынага выцця і напружана глядзеў наперад — калі ж тая вёска? Ногі на бягу адубелі—ці сагрэліся, ці можа ўжо змерзлі, ён перастаў адчуваць іх і думаў, што трэба як найхутчэй расцерці іх снегам і пераабуцца, інакш прападуць ногі. А без ног прападзе і сам.

Калі начную цішу ззаду разарвала грымотная чарга, ён стаў, нібы ўкопаны, і перастаў дыхаць. Здалося: гэта не вытрымаў Колабаў. Але праз хвілю ўдарыла яшчэ і яшчэ — над возерам далёка пакацілася чулае начное рэха. Нешта дужа ўжо гучна, падумаў Ляўчук, мусіць, аўтамат так гучна страляць не можа. Нібы пацвярджаючы яго здагадку, зараз жа забахалі вінтоўкі, пачуліся крыкі, і ён зусім разгубіўся.

Ён адчуваў, што сталася горш, чым калі б на Колабава напалі ваўкі; мабыць, ваўкі ўжо тут ні пры чым, гэта немцы. Але адкуль яны?

Ці, можа, на слых паляць па возеры, ці ўжо згледзелі Колабава? Адчуваючы, аднак, што той гіне, Ляўчук сарваўся з месца і што было сілы пабег назад.

Пакуль ён знямогла трухаў у сваіх абмерзлых валёнках, на возеры яшчэ стралялі, чуліся крыкі, і ён не ведаў, што зробіць, калі прыбяжыць туды. Але ўсё роўна ён бег. У яго была спраўная вінтоўка і сотня патронаў у сумцы, было дзве лімонкі ў кішэнях, абы толькі Колабаў быў жывы. Толькі б застаць жывога! Праўда, неяк падазрона не было чуваць яго аўтамата: страляў кулямёт, вінтоўкі, аўтамат жа ўпарта маўчаў. Гэта кепскім прадчуваннем душыла Леўчука, і ўсё роўна ён бег, мусіць, насустрач сваёй пагібелі, бо шанцы адбіць Колабава былі ў яго мізэрныя.

А можа ён паспее да яго раней, чым прыбягуць немцы?

Гэтая думка прымусіла яго бегчы шпарчэй і надала трохі сілы, тым болей што страляніна сціхла, разы два ён пачуў крыкі дзесьці ля вёскі і падумаў, што, можа, гэта немцы спускаюцца з гары да возера, калі б яны толькі яшчэ спускаліся, дык ён, мусіць, паспеў бы…

Ляўчук, аднак, памыліўся — яны не спускаліся, яны ўжо падымаліся ад возера, дзе заместа ваўкоў учынілі ваўчыную расправу.

Ён зразумеў гэта, калі ўбачыў непадалёк той самы трыснёг, ля якога праваліўся ў ваду і ля якога пакінуў Колабава. Пазнаў і тое месца на снезе. Яно было цяпер вытаптана мноствам людскіх і ваўчыных слядоў, сярод якіх цямнелі плямы крыві. Ваўкоў нідзе не было, Колабава таксама. Вецер памалу здзьмуваў са снегу клочча цёмнай поўсці — мусіць, перапала і ваўкам. На секунду Леўчуку стала шкода гэтых спаважных, нерашучых і, мусіць, згаладнелых істот, якіх ён нядаўна яшчэ ненавідзеў. Шырокі след-баразна ў снезе, прарэзаны целам Колабава, вёў у той бок, дзе была вёска і адкуль яшчэ даляталі прыглушаныя далечынёй галасы, смех, знаёмая злосная лаянка.

Ледзьве стрымліваючыся, каб не заплакаць, Ляўчук пастаяў яшчэ, патаптаўся на снезе і подбегам пусціўся па возеры.

Трэба было ратаваць ногі.

14

Праз некалькі хвілін ён ачнуўся, нібы і не спаў, сеў — ява яго працягвалася і найперш дайшла да ягонай свядомасці грукатам стрэлаў дзесьці далёка, можа, на той самай грэблі. Абапіраючыся рукой на імшарнік, ён пасядзеў, паслухаў, не адразу расплюшчыўшы вочы, а калі і расплюшчыў, дык усё роўна нічога не ўбачыў — была ноч. Галава яго была цяжкая і тупая, нібы з пахмелля, дужа хацелася зноў упасці на дол і ляжаць. Але ён прыслухаўся да страляніны і вызначыў, што яна грымела трохі ў баку ад таго месца, дзе была іх грэбля, падобна, у Крукоўскім урочышчы. Значыць, дайшла чарга ўступаць у бой і першамайцам, дабраліся і да іх карнікі.

Поделиться:
Популярные книги

Калибр Личности 1

Голд Джон
1. Калибр Личности
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Калибр Личности 1

Третий. Том 3

INDIGO
Вселенная EVE Online
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Третий. Том 3

Действуй, дядя Доктор!

Юнина Наталья
Любовные романы:
короткие любовные романы
6.83
рейтинг книги
Действуй, дядя Доктор!

Дарующая счастье

Рем Терин
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.96
рейтинг книги
Дарующая счастье

Охота на эмиссара

Катрин Селина
1. Федерация Объединённых Миров
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Охота на эмиссара

Боги, пиво и дурак. Том 3

Горина Юлия Николаевна
3. Боги, пиво и дурак
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Боги, пиво и дурак. Том 3

Кровь и Пламя

Михайлов Дем Алексеевич
7. Изгой
Фантастика:
фэнтези
8.95
рейтинг книги
Кровь и Пламя

Идущий в тени 4

Амврелий Марк
4. Идущий в тени
Фантастика:
боевая фантастика
6.58
рейтинг книги
Идущий в тени 4

Сумеречный стрелок 7

Карелин Сергей Витальевич
7. Сумеречный стрелок
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Сумеречный стрелок 7

Титан империи 5

Артемов Александр Александрович
5. Титан Империи
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Титан империи 5

Подаренная чёрному дракону

Лунёва Мария
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.07
рейтинг книги
Подаренная чёрному дракону

Бальмануг. (Не) Любовница 2

Лашина Полина
4. Мир Десяти
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Бальмануг. (Не) Любовница 2

Восход. Солнцев. Книга IV

Скабер Артемий
4. Голос Бога
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Восход. Солнцев. Книга IV

Измена. Мой непрощённый

Соль Мари
2. Самойловы
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Мой непрощённый