Вясна ўвосень
Шрифт:
– Так ісці нецікава, - кажа мужык, - давай лепей адзін на другім па чарзе будзем ехаць. Ты сядай мне на шыю і датуль будзеш ехаць, пакуль усіх спеваў, якія ведаеш, не прапяеш, а потым я табе на шыю сяду, і ты мне будзеш везці, пакуль я ўсіх сваіх не прапяю.
– Добра, - кажа дзіва, - я першы палезу.
І з гэтым - скок яму на горб, сам цёплы, гарачы нават, як кот на прыпечку, мяккі. Вось мярзота!
Пачало дзіва аднавокае спяваць, але ж калі патрэбна нешта прыпомніць -яно не прыйдзе ў галаву. Так і тут, не йдуць песні на язык. Няма чаго рабіць, злез, не праехаўшы нават вярсты. А мужык, як толькі ўскочыў дзіву на горб,
Ехалі, ехалі, дзіва хвалявацца пачало, што гэта, кажа, за песня гэткая бясконцая.
– Ого, - адпавядае мужык, - калі б ты ў маё становішча патрапіла - і не тое б заспяваў.
Агеньчыкі вёскі заміргалі. Як жа ж гэта ад дзівы аднавокага пазбыцца, -думае мужык.
– Хопіць, прыехалі, - кажа дзіва, - абдурыў ты мяне, мужык.
– Гм, - кажа той, - а ты, дзіва, чараваць можаш?
– Эге.
– Ну дык давай мы з табой вып’ем.
Дзіва, слова не кажучы, села на мужыковую шапку, а калі ўстала - там бутэлька гарэлкі ляжала і розная страва Выпілі ўдвох, мужык і кажа:
– Залезці туды зможаш?
Дзіва падскочыла - і туды “шчупачком”.
А мужык коркам бутэльку запхнуў і кажа: “Ведай, як з сялянствам размаўляць, падла”.
І пайшоў да вёскі, а дзіва ў бутэльцы варухаецца, каравыя лапкі выпускае, як хрушч з сернічковай скрынкі. Мужык у вёску ўвайшоў, а ўсё прыадчыніць корак і запіхне назад лапку. А дзіва лямантуе:
– Я ўсё адно адсюль па кавалачках выдрапаюся.
І пачало сыпацца стуль кавалачкамі. Мужык давай гэтыя кавалкі лавіць і зноў на месца піхаць. А сам мармыча:
– Вось дзіва! Вось дзіва дык дзіва. Вачыма не бачыў, вушыма не чуў.
А ў вёсцы рух, прыбегла нейкая баба да суседкі і крычыць ёй:
– Хрысцінка, твой мужык па вуліцы йдзе п’яны-расп’яны і на чарцей
палюе.
Выглянула тая, і сапраўды бачыць такое: стаіць яе муж на вулцы, разгойдваецца, твар п’яны, вочы без усякага сэнсу.
Трымае ў руцэ пустую бутэльку, а другою нешта ў паветры ловіць і запіхвае ў рыльца, асцярожна прыадчыняючы корак. А сам мармыча:
– Вось дзіва дык дзіва. Вачыма не бачыў, вушыма не чуў.
Рыбін цар
Глыбока на дне возера ляжыць рыбін цар. Ніхто яго не бачыў з людзей, а таму й не ведае: рыба ён ці яшчэ хто. Ляжыць ён на дне, раслінамі вадзянымі, як коўдрай, абгарнуўся і носам сапе. А на паверхню ад яго сапа бурбалкі выскакваюць.
Вясною людзі спусцяцца на ваду, затрубяць - хлыне каламутная вада патокам. Прачнецца рыбін цар на дне ракі і пачне расчэсваць зялёную барадзішчу. Зашавеляцца водараслі зялёныя, заскачуць па іх срэбныя маляты - старому і гожа!
Часам сонца прыпячэ - і тады яшчэ тлум цару выпаўзаюць русалкі грэцца ў затоку, а зноў у ваду патрапіць не здольны. Вядома, дзеці! Плавае ён ля берагоў цалюткі дзень і за ногі іх стуль валочыць. Дасць пару разоў шасціпалай ручышчай па мяккаму месцу, а потым, каб непатрэбнага рову не было, пачастуе рачым вокам, альбо скрыдлышкам мухі.
Потым лета настае, і рыбін цар, каб людзей не пудзіць, яшчэ глыбачэй у ваду заточваецца. Ляжа ў віры і ляжыць.
Улетку русалкі на зямлю выходзяць і лезуць на дрэвы, каб грэцца на месячным святле. Сумна без іх дзеду, падплывае да млына, высуне галаву з вады, і разбягуцца па ёй, цёплай, як сырадой, колы.
Шмат летам працы рыбінаму цару: павінуючыся яго загадам, пераплывае рыба з аднаго возера ў другое, з гэтай ракі - у іншую. Харчуецца. Усім трэба харч і месца для ікрамёту. Але любіць рыбін цар і дурэць: то жабу ўцісне ў нерат замест рыбы - весяліся, рыбак, то туды ж сікоў напіхае. А то кароў, якія, бызнуўшы, стаяць у вадзе, выдаіць да апошняй кроплі. Але ўсё гэта не ад злосці. Наадварот, калі галадэча - выкіне ён на бераг груды рыбы, як гэта ў Нарачы калісь здарылася...
Восень ціха крочыць. Ляжыць рыбін цар у віры, а дождж барабаніць па вадзе, як па даху. Прытульна, цёпла. Засынаюць азёры. Зрэдку праплыве лебедзь і пакіне за сабою дарожку святла Праз яе бачна шэрае, плакучае неба. Вось і апошні жораў пратрубіў над рэкамі, і тады пачынае цар сваіх рыб у віры зганяць, тванню накрываць. Цёпла ім, добра! А потым пачынае ў апошні раз абыходзіць свае масткі. Ідзе пад вадою: шэрая вада, расліны вадзяныя холад пасцінаў, рыб няма, ракі ў сваіх пячорах зазімавалі. Высуне “надворак” галаву: касабочыцца над грэбляю шэрая павільгатнеўшая млынарня, ляжаць сярод абшараў зялёныя рэдкія чатырохкутнікі, грукоча дзесь малацілка.
Усё схавалі скнары-людзі, сцягнулі ў пуні і клуні, абдзёрлі чыста палі і сады. Нясуцца па нізкім небе шэрыя хмары. Глядзіць рыбін цар на сонныя абшары, а з нябёсаў шэры дождж льецца.
– Бр-р-р, гэтак і змякнуць можна, - і ныр зноў на дно.
Ляжыць у віры і сумуе. Памерлі палі, памерла рака!
А на яго падаюць бурыя лісты, твань зацягвае.
Добрай зімы!
Пан тванны, шляхціч багняны
Балота! Качкарнік пакрыты рудай сухой травою, а паміж ім чарнее масляністая вада. Крапае дробны, дужа цёплы дожджык, і грэюцца пад ім жабкі. Тырчыць па ўскраі калючая асака, жорсткі белавус, сітняг. Жабак ніхто не пудзіць, і яны нават крэкчуць ад задавальнення.
Але што гэта? Закалыхалася ў адным месцы асака і высунулася стуль хітрая мордачка. Вусны яе смяюцца, нос піпкаю і пад ілбом задзірыстыя рожкі. Гэта балотны чорцік. Ускочыў на купіну, рукі ў бокі.
– А ну, жабкі, хто я такі?
Адна маладая, не бачыўшая свету жабка кажа:
– Чорцік балотны.
– Зноў за сваё, - абурыўся той.
– Я гэтаму балоту вялікі гасудар, і вы павінны мне павагу выказваць. Тытул мой поўны ведаеце? Забылі, гады падкалодныя! Паўтарайце за мною: цар балотны, вялікі князь німярэчны, князь межыточны, магнат тванны, шляхціч багняны, альховы і сітняговы, кароль вужыны і водаблышыны, усіх вялікіх, малых і белых пацукоў уладар.
Складна прыдумаў, але жабкам гэта ўсё запомніць нельга; у іх мозаку амаль няма. Супыняюцца, блытаюцца. Раззлаваўся тыран, схапіў адну жабку, уставіў сцябліну ёй і пачаў дзьмухаць без суда і следства. Тая ўжо зусім як барабан зрабілася. Жабкі трывалі, трывалі, а потым пачалі бясчынствуючага гасудара лупіць.
Зароў той, пакінуў жабкам палову хваста і ўцёк зноў у асаку. Запароўся глыбей, сеў і пачаў слёзы махнатым кулаком выціраць.
Па справах і пакуты!