Вясна ўвосень
Шрифт:
І зноў усё змоўкла, толькі пры апошніх словах яго пырснуў у чорную прорву балот першы за шматлікія гады сонечны прамень, яскравы і чысты. Дзеці выбеглі з замка, цягнуць да яго, да сонца рукі. І раптам прамень зноў згас.
Зразумела ўсё Яліна, падняла дагары рукі і крыкнула дзецям:
– Дык станьце ж вы тым, кім у жыцці былі. Хто моцны быў - той хай такім і будзе, слабы - хай так і застанецца слабым. І я з вамі разам, як маці, стану.
Плача Яліна над мёртвым прынцам, варушыць вецер яе валасы, раскідвае ўшыр, і - о, цуд!
– становяцца зялёнымі залатыя яе касмылькі, стала моршчыцца вопратка, драўлянець рукі. Заспявалі
Апошнім позіркам глядзіць яна на дзяцей, а тыя ўжо таксама зніклі. На месцы старэйшага сына стаіць каржакаваты, магутны дуб - не гнецца, не ламаецца, глядзіць у вочы навальніцам; на месцы дачкі старэйшай - бяроза расце, усю яе сонцам прасвечвае, грае на ёй кожны лісток радасцю да жыцця, а кожная галіна -цвёрдасцю. Воддаль ад іх стаіць асінка, слабае дрэўца - націснуў - яно й захрупцела.
Пранеслася над імі навальніца, зноў упаў сонечны прамень на балоты, і заквітнелі яны пад цёплым подыхам яго.
Чуеш, хлопча, як за вокнамі гудуць дрэвы?..
А на краі балота стаіць усімі клятая асіна. Ніякае дрэва не плача так, калі апынецца ў печы. Шчэ далёка дні восені і халады, а яна ўжо ўся чырванее, загадзя перад усім схіляецца А калі ўжо загадзя схіляецца - значыцца, поскудзь - дрэва.
Стаіць яна, здаецца, і ветру няма, а яна дрыжма дрыжыць усім лісцем, жаліцца. На локаць падымецца ад зямлі - дрыжыць, вырастае - дрыжыць і памрэ -дрыжэць будзе.
А ты падумаў, чаму гэта так? Іншыя людзі вось не разумеюць, а ты цяпер ведаеш. Гэткія вось справы.
Аўтух-дамоўнік
У старога Васіля жыў за печкаю дамоўнік, які быў падобны на маленькага чалавечка. Нішто сабе, ціхмяны быў, падлоты вялікай не рабіў.
Удзень ён ціха спаў на ложку з попелу, а ўначы пачынаў сваю нячутную тупатню па хаце і піў з сподачка малако, як вожык. Аўтухом клікалі гэтага дамоўніка. Спаў ён таксама ўсю зіму, і толькі калі пачынала страляць печка, рассыпаючы вакол залатыя іскрачкі і глытаючы ротам чурак за чураком, выпаўзаў адтуль і сядаў насупраць, саграваючы скалелыя пальцы. Гаспадыні замінае, тая яго і штурхне іншы раз, але ўзімку ён ставаў вялым і не крыўдзіўся. Затое ўлетку нават і ўдзень шпацыраваў, спаў мала, і ўжо тады не было ад яго спакою нікому. Забярэцца на стайню, выцягне стуль Варанога і гарцуе на ім да світанку. Ранкам конь увесь у мыле, дрыжыць як асінавы ліст. А Аўтух забраўся ў пуню на сена, сапе носам - і чхаў на ўсё. Стары Васіль таму сыну, што на стайні начаваў, аплявух надае: чаму не даглядаў. Вось сын і раззлаваўся на Аўтуха, вырашыўшы яму як-небудзь адплаціць.
Аднойчы бачыць: сядзіць Аўтух на верхняй перакладзіне лесвіцы, якую да плота паставілі, шчыпле з бузіны чырвоныя гроны і ўплятае са смакам, напіхвае за абедзве шчакі.
Старэйшы сын падкраўся ззаду і адпіхнуў лесвіцу ад яго. Тая ў паветры зрабіла паўкруг. Аўтух наверсе вісіць, верашчыць, нагамі дрыгае: вельмі спудзіўся.
М-м-мяк-к!
Ляснуўся аб зямлю, лесвіцай яго зверху прыціснула, варочаецца і крэкча.
А справа была за камяніцаю, вакол дурнап’ян, крапіва проста гаем расце, злосная, як сабака. А Аўтух жа голы, варочаўся, круціўся, неяк выпаўз - і бегчы, не памятаючы сябе. Бег, бег і знянацку ўскочыў у дзежку з гнаёваю
Вось увечары гаспадыня прыйшла і калі ўвайшла ў пакой - там ляжаў Аўтух на белых узгалоўях.
Ляжыць, з боку на бок перакочваецца з насалодаю. Як вылез з дзежкі, дык і пайшоў лёг.
Адпомсціў!
Казка пра Пятра-разбойніка
Валэндаецца па зямлі пракляты Пётр-разбойнік. Твар у яго чарнейшы за зямлю, не можа ён вачыма людзям у вочы глядзець.
Шмат часу хадзіў ён на жыр і людзей рэзаў. Пакуль паноў забіваў - усё яму даравалася, а калі ўзяўся за простых - напала на яго чорная хвароба: твар зрабіўся такім, што сітам не накрыеш, каўтун галаву пакрыў, абляпілі цела скуллі, уцякаюць ад яго людзі, баючыся заразы.
Рэжа ён дзень і ноч без просыпу, ды сумлення ні ў якой крыві не затопіш. Забівае ён дзядоў, немаўлят за ногі вешае, толькі пачаў адчуваць кожны раз, што лепш бы ў сябе нож уватхнуць, чымсьці ў другога.
Ішоў ён аднойчы ўноч некуды і стаў на раскрыжаванні шляхоў страшна яму зрабілася. Насупраць, над шляхам, працягнулася галінаю сухое дрэва, а на ім пугач сядзіць і вогненнымі вачыма глядзіць.
І зразумеў Пётр-разбойнік - няма яму даравання ад простых людзей, няма і не будзе ніколі.
– Скажы, зямля, - пытаецца Пётр-разбойнік, - як мне ў цябе дараванне заслужыць?
Цяжка ўздыхнула зямля:
– Не, Пётр-разбойнік, не будзе табе даравання. Толькі што... вунь ля разбуранага млына ляжаць на зямлі трохпудовыя жорны. Уздзень іх сабе на шыю і пакуль не сатрэш іх уласнаю шыяю на порах, пакуль не луснуць яны і не разваляцца на тваіх рамёнах - не быць табе дараванаму.
Цяжка ўздыхнуў Пётр-разбойнік, нахіліўся, ускінуў на шыю жорны і пайшоў. І што ён толькі з той пары не рабіў: і зямлю розным бедакам араў, і лясы карчаваў, і паміраючых ратаваў, і гарады будаваў - ні крышачкі не сцёрліся жорны. Няма даравання таму, хто кроў сялян піў, вісіць яна цяжарам вялікім на ім да сканчэння веку.
Зноў прывалокся Пётр-разбойнік пад сухое дрэва, згубіўшы ўсялякую надзею на выратаванне. Плакаў там тыдзень - маўчыць зямля. Пустэча. Прайшлі гады, а наперадзе тая ж цемра. Няма даравання!
Толькі падняўся ён, аж раптам, бачыць, сядзіць нейкі чалавек і на магілу мацеры плюе і зямлю родную лае.
– Гэ-эх, - зітхнуў Пётр-разбойнік, - ну й падла. Забіваў я шмат людзей, дык няўжо яшчэ за гэткую гніду мне на душы граху пабольшыцца. Дай яму напрач сальнік выпушчу, бо, дзякаваць чорту, нож заўсёды пры мне.
Падышоў ззаду да таго, хто на матчыну магілу пляваў і зямлю родную лаяў, ды й пярэснуў яго навотліў нажом. І толькі ён зрабіў гэта, як раптам паліў цёплы дождж і змыў з яго каўтун і балячкі.
Навальніца пачалася, сіняй стралою бліскаўка палахнула, і за громам не пачуў Пётр-разбойнік, як з гулам луснуў камень і жорны на яго рамёнах распаліся на дзве паловы і рассыпаліся ў порах.
І ўпаў тут Пётр-разбойнік на зямлю і заплакаў, бо лепей за ўсё - не быць адшчапенцам мацеры-зямлі і калі трэба - пусціць за яе ў ход нож. І плакаў Пётр-разбойнік, а вакол пасля дажджу блішчэлі лісты і звонка падалі на зямлю празрыстыя кроплі, быццам уся зямля плакала ад шчасця разам з ім.