Вясна ўвосень
Шрифт:
– Ну што?
– Пазыч мне, суседзе, меру ячменю ды меру фасолі. Я табе за гэта вясной
адраблю.
– Адро-обе. Вясно-ою. Вясной усё наваколле адрабляць прыйдзе. А ты да таго часу ледзь ногі цягаць будзеш, а шчанюкі твае, можа, і не пацягнуць зусім. А можа, ты і ўдава цяпер. То й ён не адробіць. Не дам.
Рабіць няма чаго. Прыйшла бедная жанчына ў сваю халупу і, не запаліўшы нават лучынкі, упала на ўслон.
Цёмна. Цёмна за акном. Цёмна. Нізкія чорныя хмары і выхаду няма.
Да
– Матухна!
– Зязюленька!
– Пакармі нас!
– Хлебца дай!
– Аклаец !
Што рабіць беднай Мар’і. Вырашыла яна дзяцей падмануць.
– Вы ляжыце зараз. Засніце. А я пайду бабоў назбіраю. Навару ды буду вас
карміць.
Дзеці не засынаюць. Тады пайшла кабета, назбірала на полі дробных каменьчыкаў (а іх было сапраўды як бобу), высыпала ў кацёл і паставіла на агонь. Настолькі бедная была хата, што і печкі няма.
Варацца каменьчыкі. Паснулі дзеці. Супакоіліся. Разбудзіць матка -наядуцца. Варацца каменьчыкі - да канца свету ім варыцца. Да канца свету плакаць матцы.
Ажно ўваходзіць у хату нейкі чалавек. Сам доўгі, кашчавы, з кіем, торбай, адкуль нейкія травы тырчаць. І вочы пранізлівыя:
– Добры вечар у хату. Пусціце абагрэцца.
– Грэйся, добры чалавек. Толькі пачаставаць цябе няма чым.
– А што ж у катле варыш?
– Гэта, добры чалавек, каб дзяцей прысыпіць да заўтра, - і прыўзняла крышку катла.
– Гэт-та што такое?
– Камні. Муж у войску - можа, й забілі. Прасіла ў суседа чагосьці - не даў. Толькі й засталося на гэтай зямлі беднаму чалавеку каменьчыкі есці.
– Што ж ён?! Дзецям не даў?! Проста дзецям?!
– Не даў.
– Д-добра, - сказаў незнаёмы.
– Бяры кацёл. Пайшлі.
Прыйшлі на надзел. Незнаёмы паставіў кацёл, азірнуўся: ля хаты Ігнат стаіць. Цікуе. А што гэта яны там робяць? Чаго кацёл прынеслі?
А незнаёмы той быў Вялікі Чараўнік. Толькі чараваць яму ў жыцці дадзена было тысячу разоў і засталіся лічаныя разы. І нічога ён тым сваім чараўніцтвам не дабіўся. Як дагэтуль ішло, так і пасля.
“Але тут, - думае, - здужаю”.
Узяў ён з катла жменю каменьчыкаў і са свістам, як з сявенькі, сыпануў па раллі. І яшчэ, і яшчэ, і яшчэ.
– Што ж ты, - паскардзілася Мар’я.
– Так загон благі, а ты яшчэ й каменьчыкамі, што сабрала, падсяваеш.
– Маўчы, - сказаў той.
– Глядзі, што будзе.
– Так ёй, - сказаў Ігнат.
– Таксама мне, дзеці. Ва ўсіх дзеці. Муж на вайне. Гм, таксама мне, страшная
А незнаёмы сыпе і сыпе. Увесь загон каменьчыкамі засеяў. Россып. Дзецца
няма дзе.
Мар’я плача. Ігнат смяецца. Балаган на кірмашы, і толькі.
— Глядзі, жанчына, - сказаў незнаёмы.
Тая зірнула - і вачам не паверыла: растуць каменьчыкі. Вунь ужо камяні сталі. Памерам з два кулакі.
– Збяры частку, пакладзі ў кацёл, - сказаў незнаёмы.
– Пастаў варыць
дзецям.
У Ігната вочы на лоб палезлі. А жанчына панесла кацёл з каменнямі ў хату. Прыйшла - камяні яшчэ падраслі.
– Глядзі, жанчына, за адзін дзень я табе ўсё пакажу. Заўтра будзеш капаць. А ва ўсе наступныя разы будзе гэта цягнуцца цэлае лета. Глядзі.
І тут камяні пачалі зарывацца ў зямлю. Як ружовыя, жоўтыя і белыя парсючкі. Ігнат аж счумеў. Вачыма толькі водзіць, нібы ў чужы гарох залез, а яго, злодзея, заспелі.
Пачакалі яны крыху - з’явіліся з зямлі парасткі, гусцець пачалі.
— Прынясі, кабета, матыку, - сказаў незнаёмы.
Тая прынесла. Расточкі ўжо ў кусцікі ператварыліся.
– Пацяпай вось так. Загарні ім ножкі ў кажушок... І яшчэ раз загарні.
А кусцікі ўжо амаль кусты.
І вось ужо на кустах заззяла мора кветак. Белыя, ружовыя, лілаватыя, ружова-белыя зорачкі. І ўсе з жоўтым сэрцайкам.
— Вось цяпер можаш яе памацаць на выбар, - сказаў незнаёмы.
– Гэта як дзеці галодныя.
І выняў два камяні з-пад куста.
Пасля засумавалі кусты, паблякла іх лакіравана-шурпатая, зялёная зверху і матавая спадыспаду паверхня, пасохла гікаўё.
– Ну вось, заўтра будзеш капаць. На ўсю зіму хопіць, - сказаў незнаёмы.
– І з суседзямі падзяліся.
– Ясна, - сказала Мар’я, бо ўжо далятаў з хаты сыты, некаменны дух.
– З суседзямі найперш.
– Мне! Мне!
– кінуўся Ігнат.
– Мне перш за ўсё! Мне! Я іх кармлю-паю!
– І на работу наймаеш?
– спытаў незнаёмы. Выняў адзін камень, і той закурэў у ягоных руках, а чалавек разламаў яго, пасаліў і стаў есці.
– І не адмовіў ім у ежы, калі галадалі?
– Мне! Мне! Наймаю, кармлю.
– Добра, - сказаў незнаёмы.
– Набяры мне кацёл каменьчыкаў са свайго поля. Ды хутчэй.
Ігнат чуйдух прыляцеў з катлом. Самых буйных, з кулак, камянёў нацягаў.
– Во! Во! У мяне ж і каменьчыкі. Во ў мяне, дык камні з кулак. А гэтыя ж лайдакі, хіба ў іх камні. Слёзы, а не камні.
– Слёзы, - сказаў незнаёмы.
– Дык хочаш, каб у цябе яшчэ больш стала? Усё ж ёсць. Што даў - такі і плод.
– Мне! Мне! У мяне і камні.
– Глядзі-і, - сказаў незнаёмы і сыпануў камяні па Ігнатавым полі. І яшчэ. І яшчэ. Засеяў усё поле.