Яго батальён
Шрифт:
Байцы ўсталі з-пад сцяны, павярнуліся да выхаду, але Кабакоў, які быў першы, раптам спыніўся.
— Я гэта… таварыш камбат, кашляю.
— Да? I здорава?
— Як калі. Часам калі нойдзе…
Баец з перабольшаным стараннем пракашляўся.
Валошын зірнуў у яго вочы і ўбачыў там неадольную боязь — занадта знаёмае на вайне пачуццё, толькі згле-дзеўшы якое, усё станавілася простым да абурэння. Цяпер, аднак, камбат пастараўся быць стрыманым.
— Тады адставіць, — сказаў ён рашуча. — Вашу канды-датуру адставіць. Замест вас пойдзе старшы сяржант
— Ёсць! — сказаў Нагорны і запытаў, счакаўшы: — Дазвольце выконваць?
— Выконвайце, — сказаў камбат. — Вернецеся — адразу ка мне.
Нагорны з Драздом вылезлі, напусціўшы сцюжы. Кабакоў паныла апусціў галаву.
— Баіцёся? — запытаў камбат, ва ўпор разглядваючы байца і як заўжды ў такіх выпадках чакаючы апраўдання і хлусні. Але Кабакоў ціха пацвердзіў:
— Баюся.
I яшчэ ніжэй нагнуў галаву. Канец провада дагарэў да самае палкі, пачаў дымна хліпаць. Вера прыўстала на ногі і з запасам пацягнула яго з-пад столі.
— Лейтэнант Самохін, ён што — заўжды труса святкуе?
— Ды не быццам. Не замячалася.
— Даўно на фронце?
— Чатыры месяцы.
— Адкуль сам?
— 3 Пензенскай вобласці.
— Хто дома?
— Маці. I тры сястронкі.
— Старшыя?
— Меншыя. У школу ходзяць.
— А бацька?
— Няма. У сорак першым з-пад Кіева прыслаў адно пісьмо, і ўсё.
Стала ціха. Вераценнікава гаротна, перарывіста ўздыхнула. Знадворку пачулася страляніна — кулямётная чарга недзе на ўчастку суседзяў.
— Значыць, баішся? — з'едліва запытаў Самохін. — За сваю шкуру дрыжыш?
— Усе баяцца. Каму паміраць хочацца?
— Ах, вось як? Яшчэ філасофію разводзіш? Разгільдзяй, я табе пакажу зараз! Ану, знімай дзягу.
Ротны ўстаў і, угнуўшы голаў, рашуча ступіў да байца.
— Ціха, таварыш лейтэнант! — сказаў камбат. — Хай ідзе. Ідзіце на месца, Кабакоў.
Баец нязграбна вылез з бліндажа. Самохін нагой адкінуў парожні кацялок.
— Ну і дарма! Трэба было з Нагорным спецыяльна паслаць! Ад трусасці палячыць.
Камбат палез у кішэнь па закурку.
— Не варта, Самохін.
— А-а, таму, што прызнаўся, так? На гэта зважылі? Лейтэнант пераставаў стрымліваць сябе, быў гатовы сарвацца, як таго патрабавала ў ім усё перажытае за сённяшні вечар. Але камбат разумеў гэта і не мог дазволіць такой вольнасці ротнаму, якога чакалі справы куды болей нервовыя і важныя.
— Так, зважыў,— спакойна сказаў ён. — Памятаеце талстоўскую прытчу: за разбіты кубак — дзякуй. Бо не схлусіў.
— Прытча! — сказаў Самохін, аднак спакайнеючы. — Яму прытча, а Дрозд што — камень? Да? Не баіцца? Вось шарахне — і ашмоцце адно застанецца. А гэты жыць будзе. Праўдзівец!
5
Першы з выкліканых камандзіраў прыбег малодшы лейтэнант Ярашчук — камандзір прыдацзенага батальёна ўзвода буйнакалі-берных кулямётаў ДШК. Самы малодшы па званню ён быў самы стары сярод камандзіраў па ўзросту — гадоў пад сорак дзядзька, былы сельпоўскі работнік з Пензеншчыны, якому некалі перад звальненнем з тэрміновай службы прысвоілі званне малодшага лейтэнан-та запасу. Далей гэтае званне на ягоных плячах не расло, што, аднак, мала непакоіла Ярашчука — чалавека прасцецкага, не надта пісьменнага і надта цывільнага. Ён упіхнуў у бліндаж сваё зусім не камандзірскага выгляду, шчуплае, як-колечы захінутае ў чырвонаармейскі шынелак цела і загаманіў хрыплаватым спрасоння голасам:
— Маразец, хай на яго, усё цісне. Не хапіла за зіму прамярзалаўкі…
Ярашчук, напэўна, не адразу заўважыў, што ў бліндажы ўсе маўчалі, мала ўспрымаючы бесклапотную добрасць яго настрою. Стоячы на каленях, ён ажыўлена пацёр азяблыя рукі, амаль з дзіцячым прастадушшам паглядваючы на прысутных. Камбат скупа кінуў:
— Сядайце, таварыш Ярашчук.
— Ну што ж, можна і сесці, калі не прагоніце. А я гэта ў акопчыку пад брызентам кімарнуў крыху. Ды замёрз, як шчанюк… Ці няма закурыць, лейтэнант? — звярнуўся ён да Самохіна. Той дастаў з кішэні шчапоць махоркі і моўчкі працяг яе малодшаму лейтэнанту.
— А паперкі няма? Ну то знойдзем. Дзесь быў у мяне кавалачак…
Другім неўзабаве з'явіўся камандзір восьмай лейтэнант Муратаў. Ладна апярэзаны рамянямі, у акуратна прышытых роўненькіх пагонах на плячах, з планшэткай на баку і трафейным ліхтарыкам на гузіку, ён спрытна праслізнуў у бліндаж і, трохі ўгнуўшы голаў, прывычнай скорагаворкай з акцэнтам далажыў:
— Таварыш капітан, лейтэнант Муратаў па вашаму загаду прыбыў.
Камандзіра дзевятай давялося чакаць даўжэй. Валошын ужо хацеў другі раз пасылаць за ім, калі ў траншэі пачуліся крокі, кашаль і, урэшце, на праходзе заіпорхала палатка. Кізевіч, вялікі і худы, у непадперазаным паўшубку з абвіслымі без пагонаў плячамі нязграбна ўлез у бліндаж і, зрабіўшы лёгкі намёк-жэст рукою да шапкі, буркнуў замест дакладу як аб чымсь само па сабе вядомым:
— Старпгы лейтэнант Кізевіч…
Камбат нерухома сядзеў, прысланіўшыся спіной да сцяны і адзначаючы позіркам уваход кожнага. Ён амаль не рэагаваў на некаторыя вольнасці дакладаў падначаленых, але, мусіць, яны нешта адчувалі ў яго знешняй стрыманасці і са сціплай зважлівасцю прыладжваліся ў доле, побач з Ярашчуком.
— Ну што ж, — сказаў Валошын і адхінуўся ад сцяны. — Здаецца, усе. Прашу далажыць аб колькасна-баявым стане падраздзяленняў. Камандзір сёмай!
Самохін, які дагэтуль, трохі схіліўшыся набок, з заклапочаным выглядам на ладным бялявым твары сядзеў ля Веры, сеў раўней, падабраў ногі і ўзяў з долу саломіну.
— У мяне ў страі дваццаць чатыры чалавекі. 3 іх сярэдніх камандзіраў адзін. Сяржантаў два. Кулямётаў: РГІД — два, «Гарунова» — адзін.
Хуценька прагаварыўшы гэта, ён змоўк, нібы згадваючы, што яшчэ можна дадаць да сказанага. Камбат напомніў:
— Боепрыпасы?
— Боепрыпасы? На вінтоўку па шэсцьдзесят патронаў, РПД — па тры дыскі. У «Гарунова» дзве каробкі стужак. Праўда, сёння набівалі яшчэ. I ў запасе адзінаццаць цынак. Ось і ўсё.
— Гранаты?
— Гранат не лічыў. У старшыны няма. Толькі тыя, што на руках.