Яго батальён
Шрифт:
— Не больш чым па гранаце, — уставіў ад увахода старшына Грак. — Усяго штук пятнаццаць будзе.
— Не багата, — сказаў камбат. Паклаўшы на калені палявую сумку, ён расшпіліў яе і выцягнуў блакнот з алоўкам. Самохін змоўк, пальцы яго ўсё круцілі ў руках саломіну. Камбат варухнуў брывом і перавёў позірк на лейтэнанта Муратава.
— Камандзір восьмай.
Муратаў цепнуў плячыма, нібы распраўляючы іх пад рамянямі, і, увесь падабраўшыся, прыстаў на каленях.
— Восьмая рота імеется васемнадцаць байцоў, тры сяржант, адын
Кароценькі яго даклад быў скончаны скорагаворкай, і ўсе памаўчалі, назіраючы, як Валошын нешта памячае ў блакноце. Дымны смярдзючы паўзмрок на даваў згледзець за метр. Старшына Грак, уключыўшы ліхтарык, пасвяціў камбату ў блакнот.
— Дзякуй. Што ж, малавата, таварыш лейтэнант. I людзей і боепрыпасаў. Берагчы трэба, Муратаў.
— Как можна берагчы, таварыш камбат? Я камандую: кароткімі чэргамі! Кароткімі чэргамі! Палучается многа кароткіх чэргаў — адна длінны чарга. Расход балшой.
Усе засмяяліся.
— Трышкін каптан, — сур'ёзна сказаў Самохін. — Як ні нацягвай — калі мала, дык будзе не хапаць.
Увогуле гэта было зразумела і без слоў, і тым не менш восьмая ў батальёне аказалася самай слабай. Часткова таму, што наступала ўвесь час у сярэдзіне батальёна і болыпую частку агню праціўніка брала на сябе. Але і камандзір — малады, гарачы, вельмі старанны лейтэнант Муратаў не дужа ўсё ж дбаў пра тое, каб зберагчы байцоў — у баі лез у самае пекла, падстаўляў сябе і роту пад самы агонь. Вось і засталіся васемнаццаць байцоў. А два тыдні назад, памятае камбат, было нешта каля васьмідзесяці.
Аднак пры ўсім тым Муратаў быў надзіва часталюбівы і крыўдлівы камандзір. Камбат заўжды папракаў яго асцярожна, намёкамі і цяпер сказаў:
— А я на васьмую спадзяваўся. Болей за іншых. Муратаў адразу ўсё зразумеў, смуглявы чарнабровы яго твар успыхнуў на скулах. Ён памкнуўся нанерад, але тут жа асеў і змоўчаў.
— Вось так! — сказаў Валошын. — Старшы лейтэнант Кізевіч.
Кізевіч неяк напаўсур'ёзна паглядзеў у дымную столь і махнуў рукой.
— Ат, тое самае. Што дакладваць!
— А іменна?
— Ну што: трыццаць тры чалавекі. Два «максімы». Слёзы, а не рота.
— Боепрыпасы?
— Боепрыпасы? — перапытаў Кізевіч і ўважліва па-глядзеў у цёмны кут бліндажа, дзе нерухома сядзела Вера. — Мусіць, патронаў па пяцьдзесят будзе.
— А калі канкрэтна?
Камандзір дзевятай зноў паглядзеў у падстолле. Па ягоным худым твары з прытоенымі пад брывамі маленькімі вочкамі трымцеў адбітак нейкае пакутнае думкі.
— Канкрэтна — па шэсцьдзесят пяць штук.
— А да трафейнага «кольта»?
Ураз спыніўшы на камбату позірк, старшы лейтэнант недаўменна цепнуў вачмі.
— А што трафейны? Ён так.
— Як гэта так?
— На падводзе ляжыць. Што, я з яго страляць буду?
— Чаму вы? У вас ёсць для таго кулямётчык.
— Камандзір узвода ДШК.
— Узвод ДШК пакуль што хліпае. Трое паранены, а так усе дома. Два разлікі, два кулямёты, адна фурманка, два кані.
— I ўсё?
— Ну.
— А патроны?
— Ёсць пакуль. Пакуль хопіць, — лёгка запэўніў Ярашчук. Валошын з некаторым недаверам паглядзеў на яго. Мусіць, у словах малодшага лейтэнанта было нешта такое, што прымушала ўсумніцца, але ўзвод ДШК нядаўна ўвайшоў у батальён, Ярашчук быў «чужы» камандзір, падначалены яму толькі на час наступлення, і камбат, падумаўшы, не стаў да яго прыдзірацца.
Зболыпага даклады былі скончаны, камбат падбіў у блакноце невялічкі рахунак, і баявыя магчымасці батальёна сталі яму зразумелыя да дробязей. Што і казаць, магчымасці гэтыя аказаліся дужа сціплыя. Грак выключыў ліхтарык. У бліндажы стала куды цямней. Провад аднастайна і смярдзюча дыміў у падстоллі.
— Таварышы камандзіры. Мяркуючы па ўсім, заўтра давядзецца браць вышыню. Загаду яшчэ няма, але, я думаю, будзе. Так што, не губляючы часу, давайце рыхтавацца да атакі.
Зрабілася зусім ціха. Так ціха, што было чутно, як у кішэні камбата цікае гадзіннік. Самохін шпурнуў у дол саломіну, якую ўсё ламаў у пальцах. Муратаў напружана ўгледзеўся ў камбата, Ярашчук згорбіўся, сцяўся і стаў зусім непрыкметным у змроку. Кізевіч са здзіўленым вытлядам выцягнуў з каўняра паўшубка сваю доўгую кадыкастую шыю.
— Калі дывізіёны два папрацуюць, дык возьмем, — сказаў ён.
Камбату гэтыя словы не спадабаліся, і ён нахмурыўся.
— Наконт двух дывізіёнаў сумняваюся. Баюся, як бы не давялося абысціся адной батарэяй Іванова.
Кізевіч здзіўлена чмыхнуў.
— Іванова? Ды яна ж без снарадаў. Уранку мой старшына хадзіў, кажа, сядзяць гаўбічнікі, а між станін па адной скрынцы. Хоць страляй, хоць палохай!
Валошын не перабіваў яго, выслухаў са стрыманай увагай старэйшага і спакойна зазначыў:
— Снарады падвязуць. А вы забяспечце людзей гранатамі. Спатрэбяцца. Старшына Грак?
Ля парога страпянулася цьмяная постаць Грака.
— Я вас слухаю.
— У вас была скрынка з КС. Раздзяліце яе паміж ротамі.
— Ёсць!
— А ў вас, старшы лейтэнант Кізевіч, трафейны «кольт», значыць, на возе?
— На возе. А што?
— Перадайце яго Муратаву. Ён знойдзе яму лепшае нрымяненне.
Кізевіч пакутна напружыў свой вузкі са згорбленым но-сам твар.
— Гэта за якія заслугі?