Закрываўленае сонца
Шрифт:
Увесь цяжар наладжаньня паховiнаў падаў на Косьцiка Сабакевiча, каторы пасьля такой нефартуннай ранiцы ля брамы не хацеў у хаўтурную грамаду паказвацца, ды сам за ўсiх камунiстаў вачмi сьвяцiць. Ён настойваў, каб сваiх верхаводаў параiцца, ды рабiць што загадаюць.
– Знаеце што, дзяцюкi? Давайце пойдзiм па чарцы пiракулiм, а там можа праясьнiцца трохi, - запрапанаваў Лявон.
– Добрая думка, - згадзiўся Хвёдар.
– Чаму-ж не, - падтрымаў Косьцiк.
– Матка, яечню пячы!
– гукнуў Лявон, дзьвярмi скрыпнуўшы. Руплiвай Шпуньцiсе паўтараць ня трэба было. Дзяцюкi раскашэлiлiся на ўслонах ля стала. Неўзабаве прыемна засквiрчэлi на патэльнi скваркi. Лявон нарэзаў хлеба й выцягнуў пляшку першаку. Сiвуха прыемна забулькала ў вялiкiх чарках.
– Сынок, а чаму-ж-бы не памагчы табе?
– ўбiлася ў гутарку Шпуньцiха. Бабы-ж самыя, радачкi нi дадуць...
– А ты, мацi, маўчы! Нi касаiцца цябе тутака!
– гаркнуў пачырванелы Лявон i на падмацаваньне свайго аргуманту кулаком па стале трахнуў.
– Добра, пушчай так i будзiць, - фiнальным тонам заключыў Косьцiк. Мутнымi вачмi ўважна сваiх субяседнiкаў зьмерыў: уважайце, маўляў, цяпер "уласьць" прамаўляе.
– Калi на тое пашло, дык так i зробiм, - пачаў Сабакевiчаў аўтарытэтны голас.
– Вы падскочце ў Гацi i ўсё дзела Саладуху расталкуйце. Што ён скажыць, тоя й будзiць. Я-ж сам да Макатуноў падамся. Бабы, верна, нi маюць з чаго дамавiны зрабiць. Дык от, значыцца... у бацькi дошак папрашу. Дзяўчына-ж на харошую дамавiну заслужыла, хэ-хэ, - спрабаваў Косьцiк гаворку жартам закончыць i твар ягоны грымасай скрывiўся.
– Цяперака ты, братка, падзелавому гаворыш. Адразу-бы так, - апрабаваў Косьцiкаву пастанову Павалiцкi Хвёдар. Вялiкiм размахам рукi выцер засаленыя вусны й вусiкi.
Калi апусьцела патэльня й лiтроўка. дзяцюкi ўсталi з-за стала й навет Шпуньцiсе не падзякаваўшы, за дзьверы накiравалiся. Лявон з Хвёдарам на самакатах у Гацi выехалi, а Косьцiк праз хрыбет Гараваткi йшоў да Макатунiшынай хаты. Ступаў паволi, на свае зьбiтыя хромавыя боцiкi пазiраў. Даўно-даўненька халявы скрыпець перасталi, гэтак наскрыпелi-абрыдлi iм швэнданьнi пад уладай панскай. Прыгадаў, што пры першай нагодзе трэба было-б бацьку падаiць, каб даў тавару на новыя боты, якiя, як вядома-ж, шавец Пiлiп яму, начальнiку паважнаму, хутка й хлёстка пашые.
Ацяжэла адурманеная самагонкай i бяссоньнiцай галава. Цягнула прылегчы, пару гадзiнаў добрага сну адкацiць. Адылi розныя думкi назойлiвым роем у галаве гудзелi, вайстрылi падношаную дзяцюкову энэргiю. Спасьцярог, што ногi ягоныя на Архiпа накiрунак трымалi. Спынiўся, працёр заспаныя вочы. У iх засьвяцiлi злыя самалюбныя аганькi.
Ня чуў нiколi Косьцiк пра Бальзаковага студэнта Растыньяка, што з пажадальным уздыханьнем мерыў з узвышша Сталiцу Сьвятла й мяркаваў як пакарыць яе. У студэнтавых думках маячылася неасягальнае багацьце й прынадныя прыгажунi ў раскошных спальнях, а ў Сабакевiчавых - улада, помста й собская нажыва. Ласкi прыгажунь былi далёка ззаду. Адылi й Растыньяковы й Косьцiкавы пажаданьнi вырасьлi з аднаго карэньня. Розьнiца была ў этапе працэсу самаго пакарэньня, ды ў абыймах мэтаў. Малады студэнтадно марыў i плянаваў, а Ромлкаў гаспадар ужо на вяршынi з усей сiлы пялiўся.
"Алi яны гэтага яшчо нi знаюць" - думаў Сабакевiч.
Яны - гэта Сявенькi й Бахмачы, Зянькевiчы й Кмiты, Юшкевiчы й Пятухi, Брунiськi й Захарукi, ды iншыя. Ён - iхны заўтрашнi, дый цяперашнi ўжо начальнiк. Так, чаму-ж не цяперашнi? Пры першай нагодзе падраўняе зухаватаму солтысу Паўлоўскаму ягоны фанабэрысты капялюш на русай галаве. Дзе - цiкава ведаць - дзяржыць цяперака пан шляхцiц сваю патрапаную, задрыпаную тэчку? Што сам парабляе? Можа "цяркi" па далiкатнай шляхоцкай скуры бегаюць? Гэ-гэ-гэ! Чаму-б не паказаць iм ужо сягоньнiка, хто ў лiтоўскiх начоўках уласьць маiць? Вунь хаця-б пры тых паховiнах... Паховiны - маленькая, нягеглая калода, каторую ён, Косьцiк, з-пад ног неўзабаве адкiнiць. А там... тамака трэба будзiць нi на жартачкi ўзяцца. Вось тады... Як соладка й прыемна будзiць заглянуць Амэрыканцу Сявеньку ў ягоны прышчаваты, з бульбападобным носам i рыбiнымi вачмi, твар
Косьцiкавы мутныя вочы ўпёрлiся ў вясёлы, сьветла-блакiтны шчыт Сявенькавай хаты, а ззаду - гумно з фанабэрыстым казырком. Ня толькi купiў Амэрыканiц найбольш урадлiвы клiн зямлi вясковай, а яшчо якi кусок за зялезнай дарогай ад зьбяднелых галавацкiх шляхцюкоў адкацiў. I бацьку ягонаму, знацца й яму, як наўмысна, што скула пад бокам... Здалося Сабакевiчу, што навет Сявенькавы будынкi кпiлi зь яго, выклiкалi. У дзярэўнi старыя, трухлявыя, гарбатыя стрэхi, а ў гэтага вунь якiя харомiны, з-пад тапара й склюта нiдаўна...
Ля самага лiтоўскага балота Буракова гаспадарка прытаiлася. Хату засланiлi дзьве пышныя рабiны, што быццам вартаўнiкi ля варот службу трымалi. Ззаду - хлявы й гумно, збоку - высокi журавель калодзезя, што цяперака вераб'i абселi. На скрыжаваньнi дарог, мiж Сявенькавым i бацькавым хутарамi - лiтоўская школа. Быццам сiрата, - калi ня лiчыць будкi патрэбнiка, - сьвяцiла яна бляшанай страхой.
Косьцiк кашлянуў, працёр ацяжэлыя сонныя павекi, рукой адгроб назад валосы, ды вочы ягоныя пабеглi далей па будучым уладаньнi, а думкi - сьледам за iмi. У галаве адурманенай адбыўся падлiк: што, каму й за што... Вазьмi хаця-б гэтага недарэку-боўдзiла Бахмача. Нашто ўжо чалавек, здаецца галаву меў на плячох, некалi ў Пiцеры пiсарам, цi што, працаваў. А што зь яго? Панскi легiянер Бжончэк яму бабу прыхлопнуў, так ужо паны - яцi ух растакую, - дасалiлi, а гэты як быў ёлупам, так i астаўся, анi-нi нi паразумнеў. Гэта-ж табе такiм, як Косьцiк, у руку прыяць, дык дзе там... Я-ж табе й за Ромку, i за сябе адгаджуся, нi жывацей ты! Мала яшчэ панская палiцыя косьцi табе падраўняла!
Сьцiснулiся Косьцiкавы кулакi. Зрок ягоны прылiп да ўпаўшых бакоў (згаладалая карова), парослай зялёным мохам i сабачымi грыбамi страхi Пракопавай хаты, пасьля перапоўз на высокую, сагнутую ўверсе, лекараву радыё-антэну. "Доктар балбатун, iцi яго маць, - разважаў у думках Косьцiк, алi можа й няшкодны балбатун. Радзiва зь Мiнску людзi ў яго слухалi... з другой стараны бiларускую каталiчаска-буржуазную пiчаць зь Вiльнi выпiсваў, польскай палiцыi рукi грэў. Над гэтым падумаць трэба, а цяперака як жыдоўскi кручкаваты нос, вапрасiцельны знак паставiць... от как!"
Ад Зянькевiчавай хаты Косьцiкаў зрок пералез на дзьве вялiкiя сасны на могiльнiку, але там ня спынiўся лiчыць нi варон, нi груганоў, а павандраваў аж да малых Брунiськавых будынкаў, што на вясковай мяжы пад панскi лес схавалiся. "Грыбнiкi, такую вашу маць, у лесе сiдзяць! Людзi свае, здаецца, навiт разу пунi далi пiраначаваць, калi зiмля пад нагамi гарэла. Ды чорт вас, панскiх рымскiх каталiкоў, знаiць... сiрмяжнiкi-ж, здаецца, бiда, як тое сала ў Шпуньцiхi на скаварадзе, сквiрчыць, а iх да панскай айчызны цягнiць... Будзь разумным, разьбiрайся. Ды нiчога, народная ўласьць разьбярэцца..."
Прыгадаўшы ўладу, выпрасталася Косьцiкава ацяжэлая галава, падбадзёрылiся падношанае, ранiцай так зьняважанае пры браме, гэна гэройскае "я".
Трэба-ж шпiёнаў. як тых клапоў, са шчэлак павыкалупваць, ды папрыхлопваць каторых. Можа ад гэтай мэнды - дзiравага шляхцiца пачаць. Ды там недзiка лiста..."
Саладзiў Косьцiкава сэрца водгалас вайсковае калёны з гасьцiнцу. "Вось для чаго жыў i змагаўся," - думаў дзяцюк. Моцна засьвярбела галава. Сабакевiч пакалупаў у сваiх буйных, растрэпаных валосах, ды з-пад чорнага ногця выкiнуў на карэлую даланю вялiзную шэрую, зь цёмным хрыбтом, вош.